Павал Баркоўскі. Беларускі пратэст: барацьба з маўклівай большасцю

Відавочнай канстатацыяй для тых, хто назіраў за сацыяльнымі працэсамі ў Беларусі на пачатак 2020 г., было разуменне ахінутасці гэтага сацыяльнага ценям “маўклівай большасці”. Менавіта той, пра якую, як рэпрэзентацыю аморфнай чалавечай масы, пісаў у сваім знакамітым эсэ Жан Бадрыяр. Дробныя выспы сацыяльнага дзеяння, згуртаванага вакол нешматлікіх НДА і рэшткаў палітычных партый і аб’яднанняў, выглядалі асабліва самотнымі на фоне агульнага маўчання мас. Маўчання, пра якое цяжка нават было сказаць: ці з’яўляецца яно ўхваленнем ці адмаўленнем існуючага парадку. Наўрад ці да сярэдзіны гэтага года наогул можна было рабіць хаця якія пэўныя прадказанні пра перавагі ці захапленні гэтай масы, асабліва ў адсутнасці якой-небудзь арганізаванай сацыялогіі ў краіне. З гэтай прычыны шматлікія аналітыкі і эксперты збольшага кіраваліся сваімі адчуваннямі і аналізам медыяпрасторы, якая ўпарта стварала ўласную карціну таго, што большасць гатова была талераваць за рэальнасць.


Пэўныя змяненні наступілі праз пандэмію Covid-19, калі выклік масе быў кінуты менавіта там, дзе яна паводле таго ж Бадрыяра адчувае свой полюс сілы – штодзённаму жыццю з яго дробнымі эканамічнымі, камунікатыўнымі і забаўляльнымі інтарэсамі. Масы людзей даволі рэзка апынуліся ў зоне рызыкі менавіта ў тых абласцях, у якіх яны пераважна ўспрымалі свой бягучы рытм жыцця. Пад самазабарону пачалі трапляць сустрэчы з сябрамі і карпаратывы, паходы ў крамы і кінатэатры. Спачатку неафіцыйную, бо ўлады пайшлі па традыцыйным шляху большасці непразрыстых палітычных сістэм і пачалі праблему ігнараваць. Але масы ў нас звыклыя да несупадзеяння ўласных жыццёвых практык з афіцыйнай рыторыкай, што найбольш сябе выяўляе ў паводзінах сярэдняга абывацеля каля абменнага пункту валют.

Палітызаваная рыторыка і спроба ўладаў фальсіфікаваць звесткі пра пандэмію, выпадкі заражэння і смерцяў, прывялі да ўзрастання трывогі гэтай маўклівай большасці з нагоды таго, што ніхто ўласна яе бяспекай ці здароўем пераймацца не збіраецца. Таму альбо памірай, альбо пачынай неяк варушыцца. І гэты ўдар па інерцыі масаў быў дастаткова адчувальным: ён не засяродзіўся выключна ў эмацыйным полі абурэння дзеяннямі і рыторыкай улады, што абвінавачвала саміх людзей у паніцы і смерцях, але перарос у стыхійны рух самаратавання – валанцёрскія арганізацыі і фонды, што збіралі і размяркоўвалі сродкі індывідуальнай бяспекі, забяспечвалі лякарні неабходным рыштункам, вадой і нават ежай. Гэты ўдар зрабіўся першай кропкай эксплазіі (выбуху сацыяльнага навонкі), які змяніў агульную тэндэнцыю зварочвання сацыяльнага, яго татальнай імплозіі.


Другім фактарам змянення сталася нечаканая ў звыклай дынаміцы надзвычай актыўная палітычная кампанія, якая аказалася часткова падагрэтая апісанай раней эксплазіяй. Маўклівыя масы раптам спарадзілі вялікую колькасць актывістаў, якія дагэтуль амаль не прымалі ніякага ўдзелу ў палітычным жыцці і па іх уласных прызнаннях упершыню вырашылі займацца нечым “палітычным”. Гэты запыт на змену сістэмы і структуры сацыяльных стасункаў быў закінуты маўклівай большасцю знешняму свету, і з неразуменнем і варожасцю ўспрыняты існай палітычнай сістэмай. Зрэшты навучаная рэагаваць на любыя крокі супраць сябе, тая адгукнулася дастаткова імкліва: пасадкамі кандыдатаў і ціскам на палітычных актывістаў. Але гэтыя дзеянні не супалі з звычайным кантэкстам, калі іх эфектыўнасць забяспечвалася малой колькасцю ўцягнутых у палітыку грамадзян і лёгкасцю кантролю рэпрэсіўнай машыны над грамадзянскай супольнасцю.

Пасля фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў вынікі, калі параўнаць, не надта адрозніваліся ад папярэдніх гадоў: паводле афіцыйнай версіі – 83,47% за Лукашэнка А.Р. было ў 2015 г. і 79,65% – у 2010 г. Тут вынікі 2020 г. у 80,1% выглядаюць як медыяна. Аднак цяпер абурэнне пратэстнай масы было куды больш значным, чым у папярэднія гады. І гэта можна патлумачыць менавіта тым, што актывізацыя вялікай колькасці раней дэпалітызаванага насельніцтва, правядзенне першых за апошнія дзесяцігоддзі сапраўды масавых вулічных акцый за кандыдатаў перамен, спарадзілі ў гэтай раптоўна абуджанай масы ўяўленне пра сваю энергію, якая можа тое сацыяльнае пашыраць і змяняць. Несупадзенне гэтых уяўленняў з адказам афіцыйнай палітыкі спарадзіла другі выбух, які вывеў на вуліцы крытычную колькасць людзей, нязгодных з падобнай дыспрапорцыяй.


Трэцім аспектам абуджэння палітычнага ў раней маўклівай бальшыні зрабілася рэакцыя на звышзахады дзяржавы па навядзенні парадку. Адмовіўшыся на час ад свайго звыклага медыяпапулізму і ігнаравання рэальнасці, тая перайшла да жорсткіх мер біяпалітыкі, апетых Дж. Агамбенам: карныя аперацыі і прамы гвалт, забойствы і крымінальны пераслед іншадумцаў – увесь гэты арсенал брутальнай сілы, выкінуты на вуліцы, спарадзіў нечакана моцны адказ з боку традыцыйна інертнай масы. У палітыку зацягнуліся нават тыя, хто раней яе ўсяляк унікаў – медыкі і спартоўцы, пенсіянеры і служачыя дзяржаўных арганізацый.

Паказальным выпадкам тут можна лічыць вулічны перформанс адной дзяўчыны, што выйшла з плакатам “Усё так кепска, што выходзяць нават інтраверты”. Эмацыйнае ўзрушэнне, каталізатарам якога зрабілася персанальная ўцягнутасць (бо нават па афіцыйных звестках у першыя дні пасля выбараў ад вулічнага гвалту сілавых ведамстваў пацярпелі больш за 7 тысяч грамадзян), выбухнула яшчэ большай хваляй сацыяльнай энергіі, скіраванай супраць традыцыйнай імплозіі. Маўклівая большасць, дакладней яе абуджаная частка, па-першае, усвядоміла сябе рэальнай сацыяльнай большасцю, а па-другое, перастала быць маўклівай: яна выгукнула тысячамі пастоў у сацыяльных сетках, валам відэа- і фотаматэрыялаў, публічнымі галасамі пратэсту на рабочых месцах і ў грамадскіх прасторах.


Пасля гэтага трайнога выбуху сацыяльнага агульны яго трэнд развіцця ў Беларусі істотным чынам змяніўся, бо насуперак працэсам імплозіі – сацыяльнага зварочвання і акуклівання, рэй узяў эксплазійны працэс – выхаду масы на вуліцы. Сведкамі чаго апошнія тры месяцы пратэстаў у Беларусі і з’яўляюцца як унутраныя, гэтак і міжнародныя назіральнікі. Але ці азначае тое, што цені маўклівай большасці больш не існуе ці яе негатыўная энергія цалкам адышла ў мінулае? Насамрэч, не. Бо масы ўсё ж такі вельмі інертныя.

Нароўні з беспрэцэдэнтна вялікім узроўнем грамадскага ўзрушэння, які фіксуюць як медыя, так і аналітыкі, кожны можа адначасова назіраць шматлікія прыклады сацыяльнай апатыі. Вялікая колькасць людзей, не гледзячы на ўсе вышэй згаданыя абставіны, застаюцца крытычна пасіўнымі і маўклівымі адносна тых падзей, што разгортваюцца навокал. Менавіта праз іх пасіўнасць і нерыхтоўнасць да дзеяння застаюцца недасяжнымі спосабамі змагання ідэя нацыянальнай забастоўкі ці агульнанацыянальнага мірнага пратэсту. Гэта суседзі па пад’ездзе альбо саслужыўцы на працы, працаўнікі гарадскіх службаў ці сябры шэрагу грамадскіх арганізацый. Яны не надта прыхільна могуць ставіцца да адкрытага гвалту ці кампаніі тэрору ўладаў супраць грамадства, але і не спяшаюцца ўзвысіць свой голас у публічнай прасторы.


Гэтае маўчанне вялікай масы людзей працягвае нерваваць абодва бакі супрацьстаяння. Бо стварае палітычнае ўраўненне з вялікім фактарам невядомасці: куды тое маўчанне можа зрушыць патэнцыйную энергію масы – у бок сацыяльнага, ці ў негатыўны бок звычайнай аморфнасці. Раз-пораз сярод актывістаў пратэстнага руху яшчэ ўздымаюцца галасы тых, хто лічыць неабходным больш тых людзей інфармаваць, маўляў не ўсе яны ведаюць факты гвалту і катаванняў, прыклады несправядлівасці. Але праўда хутчэй у тым, што маўклівая большасць не хоча даваць рады гэтай інфармацыі. Медыйнае поле ўжо настолькі перанасычанае апісаннямі і карцінкамі, што не пабачыць тое і застацца ў няведанні практычна немагчыма. Але, як трапна заўважае Бадрыяр, “бясконцыя маралізатарскія заклікі да інфармавання: гарантаваць масам высокую ступень усведамлення, забяспечыць ім поўную сацыялізацыю, падвысіць іх культурны узровень і т.п. – дыктуюцца выключна логікай вытворчасці здаровага сэнсу. У гэтых закліках, аднак, няма аніякага плёну – рацыянальная камунікацыя і масы несумяшчальныя. Масам даруюць сэнс, а яны чакаюць відовішча. (…)

Масы – гэта тыя, хто аслеплены гульнёй сімвалаў і апанаваны стэрэатыпамі, гэта тыя, хто ўспрыме ўсё, што заўгодна, абы яно аказалася відовішчным”. Таму можна сказаць, што маўклівая большасць дасюль зачаравана сузірае карцінкі, сутаргава назапашвае свой сэнсорны вопыт, але не гатовая ад сузірання пераходзіць да дзеяння: зачараваны вуаерызм масы.


Масавыя пратэсты ў Беларусі сёння відавочна стаяць перад онталагічнай праблемай – што рабіць з гэтай працяглай інерцыяй маўклівай бальшыні? Назапашаная апатычнымі масамі негатыўная энергія ігнаравання ўсялякіх сэнсаў палітычнага, гістарычнага, маральнага і т.п., а таксама іх занурэнне ў свой вельмі прыватны сусвет (“ідыятычная” пазіцыя паводле старажытнагрэцкай тэрміналогіі) і негатоўнасць рабіць выбар, выходзячы ў публічную прастору, стварае пагрозу таму, каб надзённыя сацыяльныя змены зрабіліся рэчаіснасцю.

Дзяржаўны тэрор, скіраваны на сацыяльнае – абуджаную частку маўклівай бальшыні, у пэўнай ступені дапамагае замарудзіць працэс далейшага перацякання энергіі масы на сацыяльны бок, падтрымлівае гіперрэальны канфармізм большасці. Гэты тэрор, які ўжо не мае канкрэтнай мэты і лупіць з аднолькавай сілай як па грамадзянскіх актывістах, гэтак і па выпадковых мінаках, успрымае гэту масу таксама як пагрозу сябе. Таму энергічнымі жэстамі дзяржава спрабуе трымаць цяпер гэтую масу ў аддаленні ад палітычнага, зусім так як чалавек спрабуе інтэнсіўным маханнем палкай трымаць ад сябе падалей невядомага сабаку. Бадрыяр, дарэчы, скептычна ставіўся да магчымасці зваротнага рэвалюцыянізавання масы, мяркуючы, што сілы сацыяльнай інерцыі будуць заўжды перамагаць і большасць будзе зноў і зноў занурацца ў прагляд улюбёных серыялаў ці футбольных матчаў, а не ўцягвацца ў перанасычанае стрэсамі палітычнае поле.


Але ператварэнне грамадзян у маўклівыя масы ў агульнаеўрапейскім кантэксце, пра што ўласна пісалі той жа Бадрыяр ці Гі Дэбор, пачынаючы з 60-х гг., можна звязаць з пэўнай стратай даверу да палітычнага, які адбыўся шмат у чым дзякуючы безальтэрнатыўнасці сацыяльнай павесткі: перамогі ліберальных дэмакратыяў (нават з улікам іх заўжды крызіснага стану) над іх сацыялістычнымі супернікамі, узвышэннем эканамічнай логікі над логікай грамадзянскага дзеяння, стомленасці ад бясконцага мноства сацыяльных трансфармацый без пэўнага выніку. У сітуацыі Беларусі расклад сёння іншы. Распад кансэнсусу наконт існавання і ролі дзяржаўных інстытутаў, агульная рэвізія самога паняцця дэмакратыі і правоў чалавека, адмова ад мадэлі развіцця эканомікі стагфляцыі ў абмен на дэпалітызацыю грамадства ставяць перад масамі пытанне агульных прынцыпаў існавання. Гэта той узровень, які знаходзіцца ў дасацыяльным вымярэнні – вымярэнні вызначэння той прасторы, дзе сацыяльнасць адно яшчэ робіцца магчымай.


У Беларусі ў пэўнай ступені адбыўся той працэс, які сам Бадрыяр лічыў неймаверным: імплазійная маса нечакана выбухнула ў зваротным накірунку і выкінула ў прастору сацыяльнага і палітычнага вялікую колькасць грамадзян, што адгукнуліся на рэвалюцыйны покліч. Аднак сілу далейшай інерцыі нельга будзе перамагчы простымі спосабамі інфармавання ці маральнага ціску. Для ператварэння маўклівай большасці ў грамадзян патрэбны будзе рашучы перагляд прынцыпаў кансалідацыі дэмакратычнай супольнасці, істотнае пераасэнсаванне функцый і дачыненняў паміж дзяржаўнымі інстытутамі і грамадскімі формамі жыцця. Без гэтай канструктыўнай прапановы і пераўсведамлення контураў развіцця эканомікі, палітыкі і грамадства наступнае ўцягненне інертнай масы ў сферу сацыяльнага зробіцца наўрад ці магчымым. Гэта тое, што грамадства зараз чакае ад сваіх лідараў меркавання: пазітыўнай павесткі сацыяльна-палітычнай трансфармацыі – ведання не супраць чаго, а дзеля чаго. Палітычнае і сацыяльнае ў надзённай канфігурацыі даўно ўжо не вабіць інертныя масы. Каб маўклівая большасць вярнулася ў палітычную сферу яе трэба спакушаць.

Павел Баркоўскі, к.ф.н., запрошаны навуковы супрацоўнік (Visiting Fellow) праграмы Eurasia in Global Dialogue Інстытута даследаванняў чалавека ў Вене (IWM).

 

You may also like...