Хорхэ Луіс Борхэс. Пра класікаў

Рэдкая дысцыпліна выклікае большую цікавасць, чым этымалогія. Гэта вынікае з непрадбачаных зменаў першаснага значэння слоў на працягу часу. Калі ўзяць пад увагу такія змены – а яны могуць знаходзіцца на мяжы парадаксальнага, – то паходжанне слова або ніяк, або зусім крыху паслужыць нам для праяснення самога панятку. Веданне, што “вылічэнне” (cálculo) на лаціне calculus, каменьчык, і што піфагарэйцы карысталіся імі да вынаходжання лікаў, не дазваляе нам авалодаць таямніцамі алгебры. Веданне, што крывадушнік – гэта актор, а персона – маска, аказваецца не дужа каштоўным інструментам, каб вывучаць этыку. Дакладна таксама, каб высветліць, што мы зараз разумеем пад “класічным”, бескарысна ведаць, што гэты прыметнік выводзіцца з лацінскага classis, флот, якое пазней набыло значэнне парадку. (Мімаходзь згадаем тыя самыя звесткі пра “ship-shape”1.)

Што такое класічная кніга цяпер? У мяне пад рукою вызначэнні Эльёта, Арнольда і Сент-Бёва, без сумненняў разумныя і бліскучыя, і мне было б прыемна пагадзіцца з гэтымі выбітнымі аўтарамі, але я не буду з імі раіцца. Мне споўнілася шэсцьдзесяць з лішкам гадоў: у маім узросце супадзенні і вынаходкі значаць менш, чым тое, што лічыцца праўдаю. То я абмяжуюся выкладаннем таго, што сам думаў на гэты конт.

Першым стымулам для мяне зрабілася “Гісторыя кітайскай літаратуры” (1901) Гэрбэрта Алена Джайлза. Там, у другім раздзеле, я прачытаў, што адзін з пяці кананічных тэкстаў, выдадзеных Канфуцыем, гэта “Кніга Зменаў”, або І Цзін, складзеная з шасцідзесяці чатырох гексаграмаў, якія вычэрпваюць усе мажлівыя камбінацыі шасці перарваных і цэльных рысак. Адна са схемаў, напрыклад, складаецца з дзвюх цэльных рысак, адной перарванай і трох цэльных, размешчаных вертыкальна. Нейкі дагістарычны імператар нібыта знайшоў іх на панцыры адной са святарных чарапах. Ляйбніц пабачыў у гексаграмах двайковую сістэму злічэння. Іншыя – загадкавую філасофію. Іншыя, як Вільгельм, інструмент прадказваць будучыню, таму што шэсцьдзесят чатыры фігуры адпавядаюць шасцідзесяці чатыром фазам любой справы ці працэсу. Іншыя – слоўнік пэўнага племені. Іншыя – каляндар. Прыгадваю, што Шуль Салар (Xul Solar) звычайна аднаўляў гэты тэкст з дапамогаю зубачыстак і запалак. Замежнікам Кніга Зменаў можа падацца чыстай chinoiserie2, але тысячы і тысячы гадоў з пакалення ў пакаленне вельмі адукаваныя людзі чыталі і спасылаліся на яе з прыхільнасцю, і будуць чытаць далей. Канфуцый абвясціў сваім вучням, што калі доля падаравала б яму яшчэ сто гадоў жыцця, ён прысвяціў бы палову з іх вывучэнню Зменаў і каментарам да іх, або “крылам”.

Я наўмысна выбраў крайні прыклад, чытво, якое вымагае акту веры. Цяпер я пераходжу да свайго тэзісу. Класічнай аказваецца тая кніга, якую нацыя або група нацыяў на працягу доўгага часу вырашаюць чытаць так, як быццам на яе старонках усё было наўмысным, наканаваным, глыбокім, як космас, і адкрытым да несканчоных вытлумачэнняў. Прадказальна, такія вырашэнні адрозніваюцца. Для немцаў і аўстрыйцаў “Фаўст” – геніяльны твор. Для іншых – адна з самых праславутых формаў нудоты, як другі “Рай” Мілтана або праца Рабле. Такім творам, як “Кніга Ёва”, “Боская камедыя”, “Макбэт” (а для мяне яшчэ і некаторым паўночным сагам) абяцаная працяглая несмяротнасць, але мы нічога не ведаем пра прышласць, акрамя таго, што яна будзе адрознівацца ад цяпершчыны. Любая перавага цалкам можа быць проста забабонамі.

Я не пакліканы быць іканаборцам. Калі мне было трыццаць, я, пад уплывам Масэдоніё Фэрнандэса, верыў, што прыгажосць – прывілегія нямногіх аўтараў. Цяпер я ведаю, што яна паўсюдная і пільнуе нас на выпадковых старонках пасярэдніх кніг і ў вулічных размовах. Гэтак, я зусім неабазнаны ў малайскім ці вугорскім пісьменстве, але ўпэўнены, што, калі час дасць мне нагоду вывучыць іх, то я знайду там усю патрэбную духу спажыву. Апрача моўных, у справу ўмешваюцца яшчэ палітычныя і геаграфічныя бар’еры. Бёрнс – класік у Шатландыі, але на поўнач ад Твіду ім цікавяцца менш, чым Данбарам або Стывэнсанам. У выніку, слава паэта залежыць ад узбуджэння або апатыі безыменных людзей, якія выпрабоўваюць яе ў самоце сваіх бібліятэк.

Эмоцыі, якія выклікае літаратура, мажліва, вечныя, але сродкі мусяць усячасна змяняцца, нават калі найнязначнейшым чынам, каб не страціць сваёй моцы. Яны зношваюцца па меры таго, як чытач іх пазнае. Адсюль небяспечна сцвярджаць, што існуюць класічныя творы і што яны будуць класічнымі заўсёды.

Кожны зняверваецца ў сваім мастацтве і майстэрстве. Я, хто насмеліўся паставіць пад сумненне бясконцае існаванне Вальтэра і Шэкспіра, веру (гэтым вечарам аднаго з апошніх дзён 1965-га году) у вечнасць Шапэнгаўэра і Бэрклі.

Класічнай – паўтараю – аказваецца не тая кніга, якая абавязкова валодае тымі або іншымі вартасцямі. Гэта кніга, якую пакаленні людзей, заахвочаныя разнастайнымі прычынамі, чытаюць з даўнейшым запалам і таямнічай адданасцю.

1 To be in ship-shape (анг.) – быць у парадку, падрыхтаваным да чагосьці.

2 Кітайшчына (фр.)

Пераклад з гішпанскай Яўгена Кунцэвіча.

 

 

You may also like...