Наталка Харытанюк. Змова Архівістых: пра апошні раман Флэна О’Браяна “Архіў Долкі”

Крыўдна, вядома, калі твой дэбютны тэкст на сайце “Логвінаў. Тэрыторыя словаў” ставяць у дзень фінансавага абвалу – і амаль ніхто яго не чытае. Але куды крыўдней, калі наклад твайго першага рамана падрываецца разам з выдавецтвам, у якое падае бомба. Так судзілася майму любімаму ірландцу Флэну О’Браяну з першым раманам “У “Свім-ту-бёрдз””. Прачытаць кнігу, праўда, паспеў Джэймс Джойс – і нават заявіў, што яна “сапраўды смешная!” О’Браян – у адказ – зрабіў Джойса героем свайго апошняга рамана “Архіў Долкі”.

Зрэшты, усё творчае жыццё Флэна – амаль трыццаць год паміж першым і апошнім раманам – нагадвае фільм Марціна Макдонаха “Six Shooter”: чым далей, тым безнадзейней. Другі раман літаратара тамтэйшы Логвінаў адмовіўся публікаваць, бо йшла вайна і кніга не абяцала ніякага камерцыйнага поспеху. Напісаная ў 1943 годзе п’еса фатальна правісла – цалкам праігнараваная публікай. Літаратуразнаўцы горка жартуюць: уявіце, вы круцейшы за Джойса, а заканчваеце жыццё – усім вядомы, ды нікім не прызнаны. З геніяльнымі артыкуламі, што з’яўляліся ў розных выданнях пад рознымі псеўданімамі і нават на розных мовах (то па-гэльску, то па-ангельску ), ушчэнт спіты, хворы на рак, Флэн памірае ў пяцьдзясят пяць год ад сардэчнага прыступу.

Але гэты тэкст – пра светлае. Ён – пра сусветную змову, што нарадзілася з беспрасветнага лузерства Флэна. Амаль праз дваццаць год пасля смерці літаратара энтузіясты, натхнёныя непаспяховым, але геніяльным “Архівам Долкі”, заснавалі выдавецтва, “Архіў Долкі Прэс”, і пачалі выдаваць вартую літаратуру з розных закуткоў свету, не зважаючы на камерцыйны ўрон.

Каб пабачыць, што гэта за змова і што яднае яе “архівістых”, варта, найперш, зразумець некалькі рэчаў пра сам “Архіў Долкі”. Дакладней, пра яго асалоды. Іх, як заўжды, чатыры.

Робіць, што хоча, сволач

Архіву Долкі” О’Браяна летась споўнілася пяцьдзясят год – чыста, як Ігару Бабкову, такому ж хулігану – які, гаворачы словамі адной няўдзячнай чытачкі, “робіць у кнізе, што хоча”.

Але што гэта за асалода – “рабіць, што хочаш”?

Блытаць усім карты і выдаваць, што ні каліва не спадзяешся на прызнанне – ці гэта па-даросламу? – спытаюць некаторыя маладыя крытыкі.

Ці не мяжуе гэта з культываваннем сваёй ненармальнасці? – пацікавяцца старэйшыя.

Гэта мяжуе з грандыёзнай асалодай “перасунутых гарызонтаў”, – запярэчыць усім Ніцшэ. І засмяецца, па-метафізічнаму неспакойна.

Магчыма, менавіта ад гэтага ціхага, але трывожнага смеху “Архіў” не паддаецца ніякай класіфікацыі. Зрэшты, яго аўтар адразу папярэдзіў, што гэта хутчэй палявыя даследаванні магчымасцяў смеху, а не раман.

Тут ніхто нічога не знаходзіць, ніхто нічога не губляе і ніхто нічога не шукае. Тут вядуцца чатыры абсурдныя размовы, якія пакрысе перастаюць быць такімі ўжо абсурднымі, а напрыканцы кнігі нават і пераплятаюцца ды перагукаюцца. Галоўны герой – Мік – малады хлопец з мястэчка Долкі, што ляжыць усяго за дванаццаць міль на поўдзень ад Дубліна, выпадкова ўблытваецца ў размову з навукоўцам-маньякам Дэ Сілбі, які рыхтуецца знішчыць усё жывое на планеце, знаёміцца пад вадой са святым Аўгусцінам, сустракае непамерлага Джойса, які, унікаючы прызыву ў войска падчас вайны, імітаваў сваю смерць, памяняў імя і вось ужо год дваццаць шыфруецца бармэнам, і, нарэшце, загаворвае з паліцэйскім, апантаным ідэяй малекулярнага абмену між людзьмі і роварамі.

Ачомаўшыся ў другой трэці кнігі, Мік адчайдушна спрабуе выратавацца ад гэтых інтэлектуальных абстракцый, перамяшаных з метафізічным хосам і жыццёвым абсурдам. Ён ва ўсё ўнікае, ва ўсім зняверваецца, і нарэшце ратуе свет – скіраваўшы звар’яцелыя стыхіі адна на адну і пагасіўшы абсурд абсурдам: агрэгат масавага зніштажэння Дэ Сілбі выкрадаецца рукамі вясёлага паліцэйскага, які ў роварах бачыць людзей, а ў людзях – ровары, Джойс – перадаецца езуітам. Наратыўныя прапорцыі пры гэтым не абгрунтавана скажоныя – але што гэта можа значыць, калі абгрунтаванасць і ўгрунтаванасць ёсць тым, з чаго Флэн смяецца?

Жарты несентыментальных эльфаў

Архіў” цешыць не толькі свавольствам нарацыі і перасоўваннем гарызонтаў, ад якога кружыцца галава. Кніга яшчэ лічыцца ўзорам ірландскага гумару.

Нашы жарты сёння – не гумар. І не вар’яцтва. Гэта ідыятызм,” – піша адзін ірландскі бурчун пра заняпад гумару ў свайго народа. Ён параўноўвае ірландскі смехатып з габрэйскім, з той розніцай, што габрэйскія жарты – смешныя, а з ірландскіх смяюцца толькі самі апавядальнікі. Адзіным выключэннем ён гатовы прызнаць Флэна О’Браяна.

Пра прыроду ірландскіх жартаў я задумалася, калі сама патрапіла ў пастку бязлітасных эльфаў: праязджаючы ірландскія вясковыя краявіды, разгаварылася аднойчы з кіроўцам аўтобуса і пацікавілася, чаму на спінах у некаторых авечак былі намаляваныя блакітныя крэскі. Кіроўца з абсалютна сур’ёзным тварам падрабязна растлумачыў мне, што такім чынам гаспадары даведваюцца, якія авечкі больш не прыдатныя ў гаспадарцы: зранку яны прывязваюць баранам мяшэчкі з блакітнай фарбай на жывот, цэлы дзень бараны апладняюць прывабных авечак, пакідаючы ў іх на спінах сляды блакітнай фарбы, а ўвечары гаспадары выводзяць са статку “непазначаных”, а значыць непрывабных і больш не пладавітых, авечак і здаюць іх на мяса. Схема падалася мне лагічнай – пра тое, што гэта тыповы ірландскі жарт, я даведалася пазней ад сваіх прыяцеляў, якім спрабавала патлумачыць паходжанне блакітных крэсак на іх авечках.

Тады я і паверыла, што ірландскі, як і беларускі, гумар цёмны. Ён паўстаў з прыгнёту. І пераследу. Адсюль – жаданне пакпіць з іншага. І, дарэчы, з саміх сябе. У анекдотах, дзе сустракаюцца ірландзец, шатландзец і ангелец, ідыётам будзе ірландзец. Ну, амаль як і мы са сваім цвіком на крэсле.

Але ў літаратуры – зусім іншая справа. Хто ж не смяяўся светлым радасным смехам, чытаючы і перачытваючы “Ўліса”? А іх сагі!.. Дзе мужныя Феніі, збянтэжаныя няўмелым паляваннем сваіх прыяцеляў, плачуць так, што “не толькі кашуля макрэе наскрозь ад слёз, але і сподні”. Ну, і, вядома, сам Флэн. Вось, як ілюстрацыя яго гумару, маленькі ўрывак з размовы маньяка-навукоўца Дэ Сілбі і святога Аўгусціна:

  • Як для паганца, дык я быў яшчэ не найгоршым выпадкам. Да таго ж, ува мне маглі ўзыграць ірландскія карані.

  • Ірландскія карані?

  • Так. Майго бацьку звалі Патрыкам. І ён быў тым яшчэ засранцам.

  • Вы прызнаяцё, што не зважалі ні на ўзрост, ні на колер жанчын у пытаннях, звязаных з полавым актам?

  • Я нічога не прызнаю. Не забывайце, калі ласка, у мяне быў вельмі кепскі зрок.

І пасля такога самы час спыніцца на балесным пытанні “постмадэрнісцкага неацынізму”. Ды падумаць.

Шчасце ліючайся формы

У адным маленькім кавалку тэксту, дзе Дэ Сілбі вядзе тэалагічныя размовы з Аўгусцінам, адным махам абражаюцца пачуцці ірландцаў, бацькоў і хрысціян! А такіх урыўкаў у Флэна – уся кніга, 204 старонкі. Ён нават пераходзіць апошнюю мяжу цынізму – блюзнерыць з блюзнераў: аддае непамерлага Джойса ў рукі езуітам – цыраваць ім сподні і шкарпэткі! Згадаўшы сямейную трагедыю Джойса – ён адмовіўся прычасціцца, калі яго прасіла аб гэтым, паміраючы, маці, і моцна праз гэта пакутаваў усё жыццё – разумееш, што стаўкі ў блюзнера Флэна мусяць быць вельмі высокімі.

Зрэшты, традыцыя дражніць добрапрыстойнае грамадства ў літаратараў даўняя – адзіны Сінг, ірландскі дараматург пачатку ХХ стагоддзя, чаго варты! Паліцыя мусіла ахоўваць яго п’есы ад патрыётаў, раз’юшаных блюзнерствам “Прайдзісвету з Захаду”: па сюжэце п’есы сын забівае бацьку некалькі разоў – а той ніяк не памірае, кожны раз ачомваецца і не дае хлопцу як след нацешыцца славай бацьказабойцы. Легенда пра супрацьстаянне абражанай публікі і тэатру Эбі захавалася на стагоддзе, што забылася – дык гэта трошкі большы кантэкст, які ператварае п’есу з блюзнерскага – хаця і эстэцкага – арта ў трагічны з’едлівы смех з такіх блізкіх і нават мілых, але такіх зацята-хітражопых суайчыннікаў. Сінг – самы вытанчаны, стыльны, музычны (!!!) драматург свайго часу – глыбока перажываў, што ірландцы эканамічна супрацоўнічаюць з каланіяльнай сістэмай, вынішчаючы саміх сябе. П’еса Сінга – у тым ліку – і пра такую калабарацыю. Суайчыннікі гэта адчулі, хаця і не змаглі сфармуляваць сваёй крыўды: таму пракліналі і кідалі памідорамі ў артыстаў.

Трошкі большы кантэкст, у прынцыпе, часта дапамагае. Вырваная цытата дазваляе ўпісаць аўтара ў адну тупую, як корак, і сляпую, як крот, схему – прачытаны твор адкрывае ўвесь краявід цалкам: часам гэты краявід не ратуе – блюзнер застаецца проста блюзнерам, бо не бачыць далей за сваю шыбу і апісвае толькі яе плямы, разводы ці краты за вакном. Але часам ён мяняе вобраз аўтара да непазнавальнасці.

Альгерд Бахарэвіч, узненавідзены сваімі ж за Каяна Лупаку, мог бы падацца монстрам, калі знаёмства з ім спыніць на вытрымках з эсэю пра Купалу. Калі прачытаць эсэй да канца і не ў пераказе – разумееш, што Каян Лупака – гэта і ёсць тая вечна тупая і сляпая схема, якая дратуе аўтара і даводзіць яго аж да блюзнерства. Аксану Забужку злобныя каментатары бэсцілі за сцэну сэксу над здымкамі жаўнераў УПА – на самым пачатку “Музею пакінутых сакрэтаў”. Але гэты раман – самае кранальнае і высокамастацкае, што я чытала пра герояў. Усіх часоў і народаў.

У нашым свеце фэйкавых пазіцый і гібрыдных скандалаў ратуе толькі веда і пільнасць. Ва ўсё цяпер трэба ўглядацца і ўгрызацца. Самім. Бяда ў тым, што на гэта так фатальна не хапае часу.

Яны – блюзнеры з літаратуры – заўсёды паўстанцы. Калі яны “ідуць і сведчаць” – яны не неацынікі. Яны – неарамантыкі. Якія не любяць сытай упэўненасці і прапануюць жыць у беспрасветным неспакоі і сумненні. Часам мне здаецца: каб не зліцца да канца ні з адной маскай ці схемай, каб нагадваць сабе пра пустату і матрыцу – упэўненасці трэба ўнікаць. Але пры гэтым заўжды грукаць у муры фізічнага свету – не губляючы надзеі.

Адзін менскі хуліган кажа, што ў гэтым – сутнасць ранішняй медытацыі дзэн-будыста. Пасля яе мусіць прыйсці час малітвы на стварэнне.

Але я не пра гэта хацела напісаць. Я толькі хацела назваць арыентыры, якімі кіруюцца новыя “архівістыя”, што арганізавалі ва ўмовах вольнарынкавага бэшчання вартага ў літаратуры і падазроных заяў пра амаральнасць закалот пад назвай “Архіў Долкі Прэс”. Парушаныя гарызонты, смех на мяжы з блюзнерствам, уніканне любых, нават самых родных і мілых, але заўжды бязлітасна адназначных схем і нешта яшчэ, для чаго не існуе слоў – такія ў іх асалоды. А вось тут – спіс выдадзеных імі за трыццаць год кніг.

http://www.dalkeyarchive.com/browse-by-author/http://www.dalkeyarchive.com/browse-by-author/

Цікава, ці многіх з іх мы пазнаем? Ці нікога не праклянем?

 

 

You may also like...