Ігар Бабкоў. Даследаванні рамантызма: Лаўджой, Бэрлін, Татаркевіч

Рамантызм: вытлумачэнні эпохі

У 1923 годзе Артур Лаўджой, амерыканскі філосаф і гісторык ідэяў, выступіў з дакладам на штогадовай сустрэчы Асацыяцыі Сучасных Моваў Амерыкі. Даклад называўся “Аб разрозніванні рамантызмаў” (‘On the Discrimination of Romanticisms’). Ён быў пакладзены ў аснову аднайменнага артыкула, надрукаванага у наступным годзе ў зборніку Асацыяцыі, потым рэгулярна ўзнаўляўся ў зборах самога Лаўджоя, ды ў разнастайных анталогіях і рыдарах /Lovejoy 1923/.
Лаўджой пачынае з вядомага гістарычнага анегдота. Гісторыі двух французаў, паважаных жыхароў мястэчка La-Ferte-sous-Jouarre, спадароў Дзюпуі (Dupuis) і Катанэ (Cotonet), якія ў 1824 годзе вырашылі адказаць для сябе на пытанне “Чым ёсць рамантызм?”. Дзеля гэтага яны пачалі збіраць выказванні і меркаванні вядомых крытыкаў, філосафаў, саміх творцаў. Дванаццаць год напружанай работы прынеслі толькі расчараванні: адказы на пытанне “чым ёсць рамантызм” былі настолькі разнастайныя і несувымерныя, што ніякага адзінага меркавання не паўставала.
У 1837 годзе Альфрэд дэ Мюсэ (Alfred de Musset) надрукаваў справаздачу з гэтага прадпрыемства ў „Revue de Deux Mondes”. У калекцыі адказаў было і „alliance du fou et du serieux”, і „genre allemand”, і „genre historique”, альбо нават „genre intime”. І хаця з сабранага нічога не праяснялася, усё ж такі заставалася спадзяванне на вынік, бо эпоха яшчэ не скончылася.
Калі б праз сто год, дадае Лаўджой, хтосці б вырашыў працягнуць гэтую работу, і звярнуўся да гісторыкаў літаратуры, філосафаў, гісторыкаў ідэі, меркаванні былі б яшчэ больш раскіданыя.
Напрыклад “Для прафесара Кэра рамантызм быў “казачным спосабам пісання”, для містэра Госа ён супярэчыць “трыманню фактаў”, але ўжо для містэра Ф. Й. Эклеса (які наследуе М. Пеліс’е) “рамантычная сістэма ідэй” ёсьць непасрэднай прычынай “памылкі рэалізма”: тэндэнцыі ўспрымаць псіхалогію як “сухое натаванне чыста фізіялагічных фенаменаў” і, такім чынам, звядзенне рамана і драмы да апісання аўтаматызаваных гэстаў чалавека-жывёлы.” (1) / Lovejoy 1960 /
Працягваючы калекцыю кур’ёзаў, Лаўджой ставіць сур’ёзнае пытанне. Чаму менавіта эпоха рамантызма прадукуе такія супярэчлівыя і часам несумесныя вобразы? У чым крыніца гэтай няздольнасці прыйсці да згоды?
Паводле Лаўджоя, немагчымасць знайсці агульную ідэю эпохі, намацаць парадыгму – зусім не выпадковасць. Нааадварот, адсутнасць яснай і вызначанай агульнай ідэі эпохі і ёсць тая самая асаблівасць, якую ўсе шукаюць і не могуць знайсці, якраз таму, што яна ляжыць навідавоку. Такім чынам, каб даць рады з сітуацыяй, Лаўджой прапануе формулу “разрознівання рамантызмаў”, якая асноўваецца на тэзе аб прынцыповым плюралізме рамантычнай эпохі, якая, паводле яго, не можа быць зведзеная да адной ідэі, альбо парадыгмы.
Але гэта зусім не значыць, што інтэлектульнае поле эпохі беднае. Наадварот, праблема палягае на разнастайнасці. І менавіта з разнастайнасцю, адрознасцю эпохі ад сябе самой мы мусім навучыцца даваць рады.
“Нам варта навучыцца ўжываць слова “Рамантызм” у множным ліку. Вядома, гэтак ўжо робяць найбольш асцярожныя і ўважлівыя гісторыкі літаратуры, калі яны прызнаюць, што “Рамантызм” адной краіны можа мець мала агульнага з “Рамантызмам” у іншай і ўвогуле, пры аналізе любых падзеяў трэба пачынаць з пошуку адметнасцяў. Але разрозніванне рамантызмаў, якое я маю на ўвазе, не звязанае выключна альбо пераважна з падзелам на мовы і народы. Трэба, каб любое вывучэнне гэтай тэмы пачыналася з прызнання prima facie множнасці рамантызмаў, як дастаткова адрозных комплексаў ідэяў, некаторыя з якіх могуць праявіцца ў пэўнай краіне. Няма ніякага шанца на тое, што мысленне даследчыка мадэрнай літаратуры будзе ясным, калі, як гэта нажаль неаднаразова рабілася вядомымі творцамі — ён смутна гіпостазуе канцэпт і пачынае з прэзумпцыі, што “Рамантызм” – гэта прызначанае згары абазначэнне асобнага аб’екту ці тыпа аб’ектаў, якое можа быць знойдзена ў прыродзе”. (2) / Lovejoy 1960 /
Спробы гвалтоўна пагадзіць міжсобку розныя ідэі і тэндэнцыі вядуць да таго, што самі тэрміны рамантызм і рамантычны стаюцца настолькі агульнымі і расплывістымі, што перастаюць што-колечы значыць. Ілюструючы гэтую тэзу, Лаўджой звяртаецца да паралеляў між брытанскім і нямецкім разуменнем рамантычнай паэзіі. Ён параўноўвае адну з першых маніфестацый рамантычнай паэзіі ў брытанскай літаратуры – паэму Джозефа Вартана “Энтузіаст: аматар прыроды” (1840 г.) з ідэяй рамантычнай паэзіі, прапанаванай Фрыдрыхам Шлегелем напрыканцы XVIII стагоддзя для літаратуры нямецкай. І хаця на першы пагляд, паводле Лаўджоя, мы бачым пэўныя падабенствы, бо і ў адным і другім выпадку мы заўважаем “формы паўстання супраць неакласічнай эстэтыкі; абодва у пэўнай ступені выкліканыя палымянай захопленасцю Шэкспірам; абодва абвяшчаюць незалежнасць творцы ад правілаў” (3) /Lovejoy, 1960/, але пры больш уважлівым аналізе становяцца яўнымі кантрасты. Перадусім у ўзаемадачыненнях прыроды і паэтычнага майтэрства. Рамантызм Джозэфа Вартана — рамантызм перавагі прыроднага над набытым майстэрствам, натуралізма над творчым геніям, рамантызм спрашчэння, прымітывізма. Рамантызм Шлегеля — дакладна адваротнае. Аўтаномія (і перавага) творчага генія, які стварае і дыктуе, знаходзіць у самім сабе правілы і нормы мастацтва.
Калі мы спрабуем некрытычна аб’яднаць усё гэта ў панятку рамантычнай літаратуры, мы патрапляем ў блытаніну сэнсаў, у якой “Слова “рамантычны” стала азначаць так многа рэчаў, што само ў сабе яно не значыць нічога. Яно перастала выконваць функцыю маўленчага знака”. (4) /Lovejoy, 1960/. Менавіта таму, першая задача даследчыка эпохі, вызначаць гэтыя асобныя выпадкі, разрозніваючы ў іх розныя праграмы і комплексы ідэй, вельмі часта супярэчныя і несумесныя міжсобку.
Тэза аб “разрозніванні рамантызмаў” была прынята амаль усеагульна і далейшыя даследаванні так альбо інакш вызначаліся і ўдакладнялі гэты плюралізм, спрабуючы прапанаваць пэўныя сувязі, выбудоўваць гіерархію, альбо шукаць узаемазалежнасць праграмаў. Асноўная лінія пры гэтым была звязаная з аналізам і параўнаннем нямецкай і брытанскай версій, пры значна меншай увазе да французскай.
Пры гэтым не заўседы даследчыкі звярталі ўвагу на падрабязнасці і спадарожную аргументацыю самога Лаўджоя. Насамрэч плюралізацыя рамантызма ў Лаўджоя тычыцца не толькі тэрыторый, нацыянальных версій і праграмаў. Плюралізацыя тычыцца саміх ідэяў. Ці больш дакладна, унутранай гетэрагеннасці інтэлектуальнага поля эпохі, якое выбудоўваецца такім чынам, каб змясціць у сябе розныя мысліўныя комплексы. Гэтая гетэрагеннасць (а ў выніку, мы б сёння дадалі, – і гетэратапічнасць, бо кожны інтэлектуальны комплекс імкнецца адмежаваць і абмежаваць сябе ў пэўным топасе), кантрастуе з асветніцкай лінейнай і вертыкальнай арганізацыяй веды, грамадства і чалавека, у (пры) якой усё адрознае, супярэчнае, несумеснае, кантраснае, выдаляецца ў прастору ценю і трактуецца як неразумнае. Эпоха рамантызму (як бунт ценю і вяртанне адпаведных ідэй і эмоцый у культурнае поле) – гэта спроба еўрапейскай цывілізацыі трымаць несумеснае (святло і цень) у агульнай прасторы і разглядаць супярэчнасці і канфлікт як крыніцу развіцця, гістарычнай дынамікі, цывілізацыйнага і духовага абнаўлення.
Ідэя інтэлектуальнай гетэрагеннасці і гетэратапічнасці эпохаў (наяўнасць комплексаў ідэй, іх адначасовая прысутнасць у супольнай прасторы) даследавалася Лаўджоем у розных работах і тычылася не толькі рамантызма. Але менавіта артыкул “Аб разрозніванні рамантызмаў” стаўся асноўнай візітоўкай філосафа, стала ўваходзіў ува ўсе бібліяграфіі прадмета і да сёння застаецца асноўным адпраўным пунктам далейшых разглядаў і вывучэнняў эпохі.
Пры гэтым амаль усеагульна артыкул быў расцэнены як інтэлектуальная капітуляцыя. У дачыненні як да пошукаў фармальнага акрэслення і адмежавання эпохі (семантычная капітуляцыя), так і да пошукаў яе ідэі, агульнага зместу, вызначэння рамантызма як інтэлектуальнай фармацыі і падзеі думкі. “Няма аніякага рамантызма ўвогуле, ёсць канкрэтныя рамантычныя рухі ў розных краінах і яны мусяць даследавацца асобна, як асобныя выпадкі”, – вось такім чынам інтэрпрэтавалася і часам інтэрпрэтуецца да сёння канцэптуальная прапазіцыя Лаўджоя.
Гэтая “забарона на пошукі сутнасці” для свайго часу была дастаткова пазітыўным і прадуктыўным крокам. Яна дала дарогу эмпірычным даследаванням адрозных выпадкаў, рабоце з архівам эпохі. З іншага боку, яна ж не дазваляла ўбачыць і размясціць эпоху як цэлае ў шэрагу іншых, эфектных і прадуктыўных мадэляў (Рэнесанс Якаба Бухкарда і Уолтэра Пэйтэра, Барока Вёрфліна, восень Сярэднявечча Хёйзінгі). Нядзіва, што раз пораз паўставалі канцэптуальныя бунты. У гісторыі “рамантычных даследаванняў” аднымі з самых важных спробаў не пагадзіцца з капітуляцыяй былі спробы Рэнэ Вэлека і Ісаі Берліна.
Рэнэ Вэлек, амерыканскі гісторык літаратуры і літаратуразнаўца (чэскага паходжання), адзін са стваральнікаў літаратурнай кампаратывістыкі ў англа-саксонскім свеце, надрукаваў у 1949 годзе работу “Панятак рамантызма ў гісторыі літаратуры” у якой паспрабаваў “паказаць, што асноўныя рамантычныя рухі ўтвараюць адзінства тэорый, філасофій і стылю, і ўсё гэта, у сваю чаргу, фармуе цэласную групу ідэй, кожная з якіх мае пэўную сувязь з іншымі” (5) /Wellek 1960, p.129/. Гэтая еднасць “тэорый, філасофій і стыляў” рэалізуецца ў трох змястоўных тэматычных “блоках” альбо мета-ідэях, у якіх і з якімі, паводле Вэлека, могут быць звязаныя амаль усе інтэлектуальныя падзеі эпохі рамантызма.
Гэта перадусім “улада творчага ўяўлення”, якая прыходзіць за змену наследаванню і мімесісу і ставіць творцу чалавечых рэчаў у адзін шэраг з Творцам.
Далей “ідэя і канцэпт прыроды”, што перастае быць толькі аб’ектам, матэрыялам для перапрацоўкі, пасіўным матэрыяльным носьбітам чалавечага духа, а становіцца суб’ектам.
І нарэшце “сімвалічны і міфалагічны характар літаратурнай творчасці”, якая, з аднаго боку, карыстае з сімвалізма і міфалогіі, што засталіся ў скарбонцы традыцыі, з іншага, сама творыць сімвалы і міфы, працягваючы і звязваючы традыцыю з сучаснасцю і будучыняй.
Гэтыя блокі альбо мета-ідэі выступаюць адмысловымі месцамі зборкі эпохі, дазваляючы групаваць інтэлектуальныя падзеі, тэксты, ідэі пад парасонам асноўнай тэмы. З іншага боку, гэта зусім не адмяняе праграму Лаўджоя “разрознівання рамантызмаў”, уважлівага вывучэння асобных выпадкаў, а хутчэй надбудоўвае на ёй метаўзровень.
Спроба Вэлека даць інтэгральны вобраз эпохі хаця і нарадзіла хвалю наследаванняў, у якіх ад эмпірычнага матэрыялу імкнуцца перайсці да агульнай мадэлі альбо стылю, усё ж такі засталася ў межах пэўнай дысцыплінарнасці: гісторыі літаратуры і параўнальнага літаратуразнаўства. У гісторыі ж ідэй выклік Лаўджоя прыняў Ісая Берлін, брытанскі філосаф габрэйска-інфлянскага паходжання.
Даследаванням эпохі рамантызма, эпохі, якая адначасова навідавоку і хаваецца, была прысвечана значная частка інтэлектуальнай працы Берліна. Гэтая рамантычная прыгода прывяла яго не толькі да фармулявання шмат якіх важных тэзаў, што тычыліся самой эпохі, але і да выяўленне “папярэднікаў” альбо крыпта-рамантыкаў (адзін з самых заўважных ускосных вынікаў – адкрыццё для сябе і для чытачоў постаці Гамана, сябра і крытыка Канта, “мага поўначы”). І хаця сама праца засталася незавершанай (планаваная кніга па рамантызму так і не была напісаная), прамежкавыя вынікі работы – курс лекцый пра рамантызм, прачытаны ў 1965 годзе ў Нацыянальнай мастацкай галерэі ў Вашынгтоне (A. W. Mellon Lectures), расшыфраваны і выдадзены ў 1999 годзе, – дазваляюць гаварыць пра базавыя ідэі аўтара.
Для Берліна рамантызм безумоўна быў звязаны з пэўным сістэмным адказам на эпоху асветніцтва. І важнасць гэтага адказу пераацаніць немагчыма.
“Важнасць рамантызму палягае на тым, што гэта самы вялікі з апошніх рухаў, што змяніў жыццё і мысленне заходняга свету. Увогуле, ён падаецца мне самым важным пераломам у свядомасці Захаду, і ўсе іншыя змены, якія адбываліся на працягу ХIХ – ХХ стагоддзяў, выглядаюць ў параўнанні з ім менш важнымі, і, ва ўсялякім выпадку, глыбока ад яго залежнымі” (6) /Berlin 1999 /.
У гэтым сэнсе першая тэза, якую мы знаходзім у Берліна, і якая абазначае месца рамантызма на інтэлектуальнай мапе, вызначае рамантызм ад адваротнага. Рамантызм – гэта антыасветніцтва.
Але рамантызм не толькі інтэлектуальная рэакцыя. Не толькі гістарычны рух і падзея думкі. Гэта таксама і пэўны тып мыслення. Каб убачыць і зразумець гэты тып мыслення, мы мусім знаходзіць і рэканструяваць дамінантныя мадэлі эпохі.
“Гісторыя не толькі думкі, але і свядомасці, меркаванняў, дзеянняў, а таксама маралі, палітыкі, эстэтыкі, у значнай ступені з’яўляецца гісторыяй дамінантных мадэляў. Кожны раз, калі вы разглядаеце якую-небудзь асаблівую цывілізацыю, вы бачыце, што яе найбольш характэрныя тэксты ды іншыя культурныя прадукты адлюстроўваюць пэўную мадэль жыцця, у якой вымушана знаходзяць сябе тыя, хто піша гэтыя тэксты, малююць гэтыя карціны, альбо ствараюць менавіта гэтыя музычныя творы. І каб вызначыць цывілізацыю, каб растлумачыць, якога яна кшталту, каб зразумець свет, у якім людзі пэўнага тыпу думалі, адчувалі і дзейнічалі, важна паспрабаваць, наколькі гэта магчыма, вылучыць дамінантную мадэль, якой падпарадкоўваецца гэтая культура ” (7) / Berlin, 1999, pp1-2/.
Дамінантныя ўзоры – мыслення, эмоцый, тыпа жыцця, – патрабуюць з аднаго боку увагі да самой плыні жыцця, да цэлага. З іншага – рэфлексіўнай дыстанцыі да эпохі, дзеля аналітычнай рэканструкцыі гэтых самых дамінантных узораў.
Тым не менш, рамантызм для Берліна мае і сваю “гістарычнасць”. І гэтая гістарычнасць, паводле Берліна, палягае не толькі на тым, што пэўныя тэксты, аўтары, падзеі думкі маюць прывязку да гісторыі, але і на істотнай сувязі мыслення, тыпаў мыслення і гістарычных падзеяў. Каб прадэманстраваць такую сувязь, Берлін звяртаецца да паралеляў між рамантызмам і французскай рэвалюцыяй.
“Агульны погляд на гісторыю і гістарычныя змены дае нам гэта ўбачыць. Мы пачынаем з французскага XVIII стагоддзя, элегантнага века, у якім усё зыходзіць з спакою і роўнасці, выконваюцца правілы — у жыцці і ў мастацтве, розум трапляе на авансцэну, рацыянальнасць прагрэсуе, касцёл адступае, французскія філосафы нападаюць на цемрашальства. У наяўнасці мір, спакой, элегантная архітэктура, вера ў датасаванне ўніверсальных прынцыпаў да чалавечых спраў і мастацкіх практыкаў, да маралі, да палітыкі, да філасофіі. І тут адбываецца раптоўны, відавочна нечаканы зрух. Раптам надыходзіць гвалтоўны выхад эмоцый, энтузіязму. Людзі пачынаюць цікавіцца гатычнымі будынкамі, звяртаюцца ўнутр сябе. Робяцца неўратычнымі і тужлівымі, захапляюцца невытлумачальным рухам самаадвольнага генія. З гэтага сіметрычнага, элегантнага, празрыстага стану рэчаў ідзе агульнае адступленне. Адбываюцца й іншыя змены. Выбухае вялікая рэвалюцыя; паўстае незадавальненне; кароль абезгалоўлены; пачынаецца тэрор” (8) / Berlin 1999 ст. 6/.
Спроба паяднаць гістарычнае і тыпалагічнае прыводзіць Бэрліна да трох мысляроў, якія выступаюць, паводле яго, тыпалагічнымі папярэднікамі рамантызма, гістарычна знаходзячыся па-за яго межамі. Гэта Гаман у Нямеччыне, Русо у Францыі і Джамабатыста Віка ў Італіі. Менавіта разрыў між гістарычным і тыпалагічным выяўляецца тым метадалагічным фільтрам, які дазваляе нам “ачысціць” пэўны тып мыслення ад “гістарычнага, надта гістарычнага”. Аналіз іх ідэяў і творчасці дазваляе, паводле Бэрліна, не столькі выявіць, колькі праявіць тып мыслення, характэрны для эпохі рамантызма. Усім тром Бэрлін прысвяціў асобныя даследаванні, у якіх рэканструяваў іх адрознасць ад інтэлектуальнай нормы і гістарычнага кантэкста. Але апошні крок – рэканструкцыя рамантычнай ідэі альбо парадыгмы, – так і не быў зроблены.
У гісторыі філасофіі і эстэтыкі прадпрымаліся іншыя спробы адказаць на выклік Лаўджоя. Найбольш заўважным, прынамсі для нашага рэгіёна, быў адказ Ўладзіслава Татаркевіча.
Уладзіслаў Татаркевіч, эстэтык і гісторык філасофіі, у 1972 годзе прадпрымае сваю спробу канцэптуальнага ўпарадкавання эпохі. У артыкуле “Рамантызм альбо роспач семантыка” ён зыходзіць з Лаўджоеўскага дыягназа (“Слова “рамантычны” стала азначаць так многа рэчаў, што само ў сабе яно не значыць нічога.” /Лаўджой 232 /) і спрабуе прапанаваць не столькі сінтэз, альбо новае бачанне, колькі ўпарадкаванне наяўнага матэрыяла па семантычным матрыцам. / / Спрабуе аб’яднаць два кантэксты: літаратурна-мастацкі і інтэлектуальны. Лаўджоя і Велека.
Татаркевіч выдзяляе 25 асноўных значэнняў (кантэкстаў), у якіх ужываўся тэрмін “рамантычны” ў межах самой эпохі. Кожнае з гэтых значэнняў можа быць пакладзена ў аснову дэфініцыі, што ўрэшце і дае дваццаць пяць варыянтаў.
1. Так, “рамантычным” з’яўляецца мастацтва, што абапіраецца на пачуццё, прадчуванне, энтузіазм, веру – у супрацьпастаўленасці розуму.
2. Рамантычным ёсць мастацтва, што абапіраецца на ўяўленне, у супрацьпастаўленасці розуму.
3. Рамантызм – высоўванне паэзіі і паэтычнасці ў якасці ўзора, мастацкага ідэалу.
4. Рамантычнасць звязаная з датклівасцю, чуйнасцю і лірызмам.
5. Рамантычнасць сцвярджае духоўнасць як аснову мастацтва.
6. Рамантычнасць дае перавагу вольнаму духу над формай (амарфізм).
7. Рамантычнасць звязаная з перавагай этыкі над эстэтыкай.
8. Рамантычнасць – бунт супроць формулаў, правілаў, прынцыпаў, канонаў, канвенцый.
9. Рамантычнасць – бунт супраць усіх агульных правілаў.
10. Рамантычнасць бунт псіхікі (душы) супроць грамадзтва.
11. Рамантызм звязаны з індывідуалізмам (вольнасць).
12. Рамантызм – суб’ектывізм (выбух мікракосму).
13. Рамантызм – упадабанне дзіўнасці.
14. Рамантызм імкнецца да бясконцасці.
15 Рамантызм імкнецца да глыбіні быцця, душы свету, да таемнасці (паэзія стаецца філасофскай).
16. Рамантызм звязаны з сімвалічным разуменнем мастацтва (“Прыгажосць – сімвалічнае прадстаўленне бясконцасці/вечнасці”).
17. Рамантызм – адсутнасць межаў, у змесце і ў форме.
18. Рамантызм – прызнанне разнастайнасці, разнароднасці рэчаў і мастацтва.
19. Рамантызм – супроць стандарту і спрашчэнню.
20. Рамантызм бярэ за ўзор прыроду.
21. Рамантызм аспрэчвае рэчаіснасць, супрацьпастаўляецца ёй, сыходзіць у мроі, утопіі, мінулае.
22. Рамантызм прымае іншую рэчаіснасць. Дынамічны, нязвыклы.
23. Рамантызм імкнецца не да гармоніі прыгожага, а да магутнае дзеі.
24. Рамантызм – мастацтва канфлікту.
25. Рамантызм бярэ натхненне не з чалавечае дасканаласці, але з пакут, паніжэння, адсутнасці.

Аналізуючы гэтыя варыянты, Татаркевіч адзначае: “Агульная рыса 25 пералічаных вышэй дэфініцый палягае на тым, што яны вызначаюць рамантызм зыходзячы з адной уласцівасці; у кожнай ёсць для яго адзін і толькі адзін крытэрый. Між тым, на практыцы выкарыстоўваецца якраз мноства крытэрыяў. У жывапісе рамантычнымі творы прызнаюцца зыходзячы як з тэмы, так і палітры. У музыцы рамантычны характар ​​твораў выражаецца адначасова ў агульнай экспрэсіўнасці і тэхнічнымі сродкамі: першаснасцю мелодыі, гамафанічнай фактурай, tempo rubato ды інш. Тым болей і ў літаратуры. Практыка паказвае тут правільны шлях: вызначаць рамантызм больш чым праз адну ўласцівасць. Рамантызм — ва ўсялякім выпадку з ХІХ стагоддзя, у адпаведнасці з якім мы сфармавалі агульны панятак — быў стаўленнем, светапоглядам, але таксама і густам і ў той жа час высоўваннем на першы план пэўных мастацкіх прыёмаў. І каб правільна апісаць яго, патрэбна выкарыстанне некалькіх пунктаў гледжання, прынамсі гэтых трох: паставы, густу, тэхнікі. Уплывалі на сітуацыю таксама як уласныя флуктуацыі рамантызма, так і яго сутыкнення з іншымі “партыямі”. Рамантыкі напачатку нападалі, потым мусілі абараняцца. Яны атакавалі класікаў і абараняліся ад рэалістаў і пазітывістаў. Супраць класікаў яны высоўвалі на першы план свабоду творцы, паўнату і жыццёвасць твора, адносную абыякавасць да формы; у той час як новым апанентам супрацьпастаўлялі філасофскія памкненні, неабходнасць экспрэсіі і суб’ектывізм пазіцыі мастака.
Genus канцэпцыі рамантычнага твора не выклікае сумненняў. Аднак выклікае пытанні diferentia specifica, тое, што з’яўляецца ўласцівасцю твора, што адрознівае яго ад твораў нерамантычных: класічнага, барочнага і г. д. Здаецца, для яго правільнага ўсталявання патрабуюцца тры працэдуры. Па-першае, выкарыстанне не агульнага паняцця рамантызму, а асобных рамантычных ўласцівасцяў, элементаў рамантызму. Па-другое, разумеючы, што прынамсі некаторыя з гэтых элементаў з’яўляюцца элементамі іншых (тыпаў) мастацтва, рамантычны твор варта арэсліваць параўнаўча, не праз само з’яўленне, а праз перавагу тых альбо іншых элементаў. Па-трэцяе, разумеючы, што ў такіх элементаў у творы можа быць шмат, прыняць, што пра рамантычнасць твора можа сведчыць альбо адзін, альбо іншы. Творы літаратуры альбо мастацтва могуць быць названыя рамантычнымі, калі ў іх маем перавагу пачуцця альбо перавагу напружанасці, альбо перавагу вобразнага складу, альбо іншых элементаў. Гэтыя элементы міжсобку звязаныя нейкім чынам; аднак не заўсёды яны з’яўляюцца разам, і назва “рамантычны” можа быць дастасавана да твораў, якія змяшчаюць толькі некаторыя з іх, калі гэтыя рамантычныя элементы пераважаюць элементы антырамантычныя ці нейтральныя. Таму дэфініцыя рамантычнага аўтара альбо твора павінна быць дэфініцыяй альтэрнатыўнай: іх рамантычнасць вызначаецца тым альбо іншым рамантычным элементам, не заўсёды тым самым.
Хтосьці скажа: гэтыя элементы не выпадкова сустракаюцца у адным творы, а таму, што яны ёсць праявай пэўнага стану свядомасці. Дык што – гэты агульны стан і вызначае рамантычнасць аўтара і твора? Здавалася б, так — але які гэта стан? Той, які выяўляецца ў розных рамантычных элементах: гэта ўсё, што можна пра яго сказаць. Часам ён праяўляе сябе праз усе элементы адразу, але часцей — толькі праз некаторыя з іх, адным разам такія, іншым — іншыя”(8). / Tatarkiewicz 1971/.
Паводле Татаркевіча тое, што выглядае як рамантызм з перспектывы аднаго крытэрыя (адной дэфініцыі) можа зусім не быць ім з перспектывы іншай. І гэтая неадназначнасць ідэі ўсведамлялася самімі рамантыкамі, ад самага пачатку. (Фрыдрых Шлегель ужо ў 1793 годзе скардзіўся ў лісце свайму брату Вільгельму, што не можа даць яму тлумачэнне слова “рамантычны”, бо яно заняло б 125 старонак. [Ferber, 2010 ].)
Не дапамагае нам этымалогія слова і аналіз гістарычнага лёса панятка. Наадварот, мы знаходзім, што этымалогія хутчэй блытае. У адрозненне ад эпохі Асветніцтва, якая ў сваёй назве нясе базавую метафару lumen naturale (натуральнага святла розуму), прыметнік “рамантычны” паходзіць ад слова “romanse”, якое ў познім сярэднявеччы азначала народную літаратуру на раманскіх мовах у супрацьпастаўленасці лацінамоўнай літаратуры як літаратуры класічнай. І ў гэтым сэнсе яго паходжанне дае нам мала для разумення яго сутнасці.
Рэканструюючы гістарычны кантэкст, гісторыю ўжывання прыметніка “рамантычны” ў межах папярэдніх эпохаў, мы мусім падзяліць “старое” і “новае” значэнні. Новая гісторыя прыметніка “рамантычны” пачынаецца ад XVII стагоддзя і праходзіць два павароты.
Упершыню ў сваім новым значэнні прыметнік “рамантычны” з’яўляецца ў XVII стагоддзі ў англійскай культуры і кантэкст яго ўжывання звязаны хутчэй з супрацьпастаўленнем “палёў і лугоў” гарадской цывілізацыі, чым з акрэсленай інтэлектуальнай ці літаратурнай тэндэнцыяй.
Неўзабаве гэтае першапачатковае значэнне пачало пашырацца, насычацца дадатковымі канатацыямі. Так, у кантрасце з “рэальным” жыццём тагачаснага гораду “рамантычны” пачаў набываць значэнні “непраўдападобнага, маляўнічага, экстравагантнага, нерэальнага”, вынесенага за межы, а часткова і супрацьпастаўленага урбаністычнай культуры.
Так, француз J. Leblane ў 1745 годзе адзначаў што “некаторыя англічане спрабуюць сваім садам надаць выгляд, які называецца romantic – што значыць тое самае, што маляўнічы”. / Tatarkiewicz 1986 233/
Пры гэтым прыметнік “рамантычны” (romantic) ужываўся толькі ў англійскай мове. Французскі адпаведнік – romanesque пад уплывам англійскага словаўжывання быў заменены на romantique толькі напрыканцы XVIII стагоддзя.
Першы паварот адбываецца напрыканцы XVIII стагоддзя ў Нямеччыне, і звязаны з братамі Шлегелямі. Фрыдрых Шлегель назваў “рамантычнай” пэўны тып літаратуры, які, паводле яго меркавання, пачаўся ад Шэкспіра і Сэрвантэса і сканчаўся на Гётэ і Шылеры.
Гэтая літаратура супрацьпастаўлялася класіцызму як літаратура “жыцця і пачуцця”, літаратура, якая, дзякуючы меншай звязанасці з класічнымі формамі ў большай ступені дазваляе праявіцца Zeitgeist’у (духу часу) і Ortgeist’у (духу месца). (Менавіта з гэтым “рамантызмам” палемізаваў Снядэцкі ў сваёй рабоце “Пра класічныя і рамантычныя творы”).
Для Фрыдрыха Шлегеля рамантызм быў літаратурным (эстэтычным) фенаменам, і да таго ж фенаменам тыпалагічным, а не гістарычным. І ў гэтым сэнсе рамантычным з’яўляліся Шэкспір і Дантэ, і якая-колечы літаратура, што абапіраецца на “жыццё і пачуцці” у супрацьстаўленасці розуму і сацыяльнай норме.
Другі паварот адбываецца напачатку XIX стагоддзя, калі “рамантычнасць” прынялі для сябе як саманазву пэўныя групоўкі літаратараў у Францыі, Англіі, Польшчы, Беларусі і Літве. Пры гэтым тэматыка, стылістыка і ідэйная скіраванасць рамантычных рухаў і праграмаў значна адрозніваліся і былі звязаны з мясцовай глебай і мясцовым кантэкстам у большай ступені, чым з нейкім універсальным, узорным разуменнем гэтае плыні.
З цягам часу назва “рамантызм” рэтраспектыўна пашырылася на ўсю гісторыка-культурную эпоху, якая, зразумела, складалася не толькі з новага і “рамантычнага”.
Такім чынам, адзначае Татаркевіч, семантычны змест эпохі значна больш разнастайны і складаны, чым тыя канатацыі, якія змяшчаюцца ў назве.
Калі мы звяртаемся да канцэпта, мы знаходзім некалькі значэнняў, у якіх ужываецца панятак.
“1. Першая магчымасць: рамантызм — гэта назва дактрыны, тэорыі, погляду, тэзіса, сістэмы. У гэтым сэнс большасці слоў на -ізм, напрыклад, матэрыялізм, сэнсуалізм, утылітарызм — гэта ўсё назвы дактрын, тэорый; і выраз рамантызму таксама быў сфармаваны на гэты ўзор. І гэтак жа разумеўся: як літаратурная дактрына, літаратурная сістэма. Рамантызм — гэта “systeme litteraire des ecrivains romantiques”, як яго акрэсліваў Літр (Littre). Але гэтая аналогія рамантызму з іншымі назвамі на -ізм выклікае сумневы, бо называем рамантызмам не толькі саму дактрыну, але і яе ўвасабленне ў літаратурным творы, і дзейнасць, якая ажыццяўляецца ў духу гэтай дактрыны. І гэта зусім не ёсць адзіным разуменнем, якое мы можам сустрэць.
Вось іншыя:
2. Рамантызм — назва тыпу ці віду літаратуры і мастацтва. Такое разуменне сустракаецца ад першай чвэрці ХIХ стагоддзя. — Ці:
3. Гэта назва школы альбо кірунку, гэта значыць групы творцаў, якія маюць агульную дактрыну і праводзяць падобныя дзеянні. Махнацкі гаварыў пра “партыю” рамантыкаў. Ожэ (Augier), дырэктар Французскай акадэміі, рамантызм называў “сектай”, а Л. Вітэ (L. Vitet) (1825) — “кааліцыяй”.
4. Гэта назва літаратурнага руху, інтэлектуальнай ці мастацкай плыні. У выданнях 1820-х гадоў рамантызм называлі таксама “модай”.
5. Рамантызм – гэта таксама назва для ўласцівай рамантыкам ідэі, што з’яўляецца стымулам альбо мэтай іх дзеянняў. Іншымі словамі: рамантызм – гэта назва ідэалогіі рамантыкаў.
6. Ёсць назвай пазіцыі групы, яе характару (англасаксы кажуць пра romantic temper (рамантычны нораў) у адрозненне ад romantic school (рамантычнай школы).
7. Гэта назва кірунку (як гэта часта вобразна гаворыцца), кірунку мыслення і дзеянняў пэўных літаратараў і мастакоў.
8. Гэта проста назва перыяду, назва часу, у якім дактрына рамантыкаў была абвешчана, а іх дзейнасць развівалася.
9. Рамантызм таксама можна ўспрымаць як характарыстыку ці групу характарыстык рамантыкаў і іх твораў: у гэтым сэнсе ён з’яўляецца сінонімам “рамантычнасці”.
Ёсць шмат прапаноў; але — усе яны здаюцца занадта вузкімі. І прапанова, што гэта вучэнне, і што гэта рух, школа, пастава, перыяд. Так, рамантызм – гэта вучэнне, але не толькі яно; гэта рух, але не толькі рух; школа, але не толькі школа; і г. д. Калі я маю на ўвазе вучэнне, я кажу “рамантычная дактрына” і выражаю сябе больш ясна, чым калі называю гэта “рамантызмам”; калі я маю на ўвазе школу, то больш дарэчы сказаць “рамантычная школа”, чым “рамантызм”; і г. д. Замест таго, каб выбіраць паміж занадта вузкімі прапановамі — можна іх аб’яднаць. І так гэта часта і робіцца на практыцы, калі не найчасцей: а менавіта рамантызм разумеецца такім чынам, што ён азначае і школу, г.зн. групу пісьменнікаў, і вучэнне гэтых пісьменнікаў, а таксама іх дзейнасць і творы.
У гэтым сэнсе “польскі рамантызм” азначае як дзейнасць Міцкевіча, Славацкага і Красіньскага, так і іх творы і іх ідэалогію. Ён мае вельмі шырокі і вельмі неаднародны дэсыгнат, бо ахоплівае людзей, іх дзеянні, творы і ідэі. Але ёсць шмат словаў у мове з такім дэсыгнатам (можна назваць іх “глабальнымі”); мы выкарыстоўваем іх, не задумваючыся пра множнасць іх дэсыгнатаў, але атрымліваючы ад гэтага некаторыя выгады. Прыкладамі такіх словаў з’яўляюцца “ўрад” ці “міністэрства”, якія азначаюць як службовых асоб, так як іх штаб-кватэру, інструменты, віды дзейнасці і прадукты ” (9). /Tatarkiewicz 1971 /.
Усё гэта і прыводзіць да немагчымасці выбару аднаго значэння альбо адной дэфініцыі эпохі.
Татаркевіч сканчае свае семантычныя ўдакладненні пытаннем пра магчымасць разгляду рамантызма як стыля эпохі.
“Таксама можна запытацца: ці з’яўляецца рамантызм стылем? Гэтак жа, як стылямі з’яўляюцца розныя мастацкія фармацыі, адзначаныя словамі на -ізм, такія як класіцызм, рамантызм ці маньерызм у выяўленчым мастацтве, атыцызм і азіятызм у рыторыцы, натуралізм ці сімвалізм у літаратуры. Гэта значыць, ці з’яўляецца рамантызм спосабам адчування, выражэння і асэнсавання, які, па-першае, аб’ектывізаваў сябе ў знешніх формах і, па-другое, стабілізаваў гэтыя формы. — Але для адказу на гэтае пытанне спатрэбіцца другі даклад” (10). /Tatarkiewicz 1971/.
Работа Татаркевіча стала з аднаго боку важным канцэптуальным падсумаваннем наяўных дыскусій. З іншага, так і не выйшла за рэгіянальны абсяг, не патрапіла ў акадэмічны мэйнстрым інтэлектуальнай гісторыі. Гэты мэйнстрым ў васьмідзесятых гадах канчаткова лакалізавалася ў англамоўным свеце, выцясняючы і маргіналізуючы французскі і нямецкамоўны складнікі як “рэгіянальныя”.
У англамоўным свеце далейшае развіццё “даследаванняў рамантызма” было звязана са спробамі ўдакладнення і пагаднення “семантычнага”, “гістарычнага” і ўласна “тыпалагічнага” складнікаў, а таксама з шэрагам метадалагічных рэвалюцыяў, своеасаблівымі зменамі оптыкі даследчыкаў. Гэта прывяло ў выніку да пашырэння рамантычнага канона, радыкальнага перапісвання самой тэматыкі даследаванняў і, самае галоўнае, радыкальнага метадалагічнага абнаўлення самой інтэлектуальнай гісторыі эпохі.
Як адзначаюць Джоэл Фэфлак (Joel Faflak) і Юлія М. Райт (Julia M. Wright) ва ўводзінах да анталогіі крытычных даследаванняў па рамантызму, за апошнія трыццаць год тэматыка дысцыпліны, канон і кацэптуальны апарат даследаванняў рамантызму радыкальна змяніліся. “Даследаванні рамантызму, як і іншыя літаратуразнаўчыя сферы, за апошнія трыццаць гадоў перажылі шэраг істотных зменаў. Да 1980-х гадоў у вывучэнні і выкладанні рамантызму пераважала так званая “вялікая шасцёрка”: Уільям Блэйк, Уільям Вордсворт, Сэмюэл Тэйлар Колрыдж, лорд Байран, Джон Кітс і Персі Бішэ Шэлі. Часам гэта звужалася яшчэ больш, да “вялікай пяцёркі” або “вялікай чацвёркі”, з адкіданнем нелірычнага Блэйка і/або занадта касмапалітычнага Байрана. Пасля поле даследаванняў змянілася ў выніку рэфармавання канону, падштурхнутага збольшага фемінісцкай тэорыяй, агульным зваротам да тэорыі на англійскіх аддзяленнях, а таксама крытычнымі даследаваннямі, якія перафарматавалі і пераасэнсавалі ўспадкаваныя канцэпты рамантычнай трансцэндэнтнасці і лірызма, напрыклад, як у “Цёмным вытлумачальніку” (Dark Interpreter) Цілотама Раджана (Tilottama Rajan) (1980) і асабліва ў “Рамантычнай ідэалогіі” (The Romantic Ideology) Джэрома МакГана (Jerome McGann) (1983). (…) У апошні час рамантычны канон істотна трансфармаваўся пад уплывам новага гістарызма, не толькі з яго цікавасцю да матэрыяльнай культуры і яе кантэкстаў — навукі, гістарычных падзеяў, умоваў працы, кошту, а значыць, і даступнасці культурных твораў, — але таксама ў перамяшчэнні самой ідэі культуры ў больш шырокае поле, якое ахоплівае прадукцыю, адрасаваную як шырокай, так і элітнай аўдыторыі, — недрукаваных медыяў, у тым ліку такіх як сцэна, асобныя друкі, балады, часопісы, публічныя відовішчы і вусная культура ўвогуле “. (11) /A Handbook of Romanticism Studies 2012, 1/.
Апошнія з гэтых зменаў звязаныя з паўставаннем і прыходам посткаланіяльнай тэорыі і “гісторыяграфіі чатырох нацый”.
“Уздым посткаланіяльнай тэорыі і гістарыяграфіі “чатырох нацый” пайшоў услед фемінізму ў пераглядзе нашага разумення рамантычнай літаратуры, адкрываючы дзверы не толькі для шатландскага, ірландскага і валійскага пісьменства як нацыянальна адметнага (больш не трэба блытацца ў кепска вызначанай ангельшчыне альбо звяртацца да брытанскасці), а таксама літаратуры імперыі ў цэлым, але і для пераасэнсавання ўжо кананізаваных пісьменніцкіх пазіцый. Скот, абвешчаны Георгам Лукачам стваральнікам гістарычнага рамана, стаў важным пісьменнікам кельцкай перыферыі, а Саўты, вядомы папярэдняму пакаленню па ахрышчэнню П. Б. Шэлі і Байрана “сатанінскай школай паэзіі”, стаў вядомым як імперскі дэмагог. Гэтаму спадарожнічаў новы гістарызм, марксісцкі перагляд “старога” гістарызму, як шукае гістарычныя суб’ектнасці за межамі эліты і асноўных падзей, звяртаючы ўвагу на нацыянальныя меншасці і прыгнечаныя групы, рэгіянальную адметнасць, і шэраг іншых культурных, а таксама дакументальных крыніц.
З новым гістарызмам прыйшоў чарговы паварот да дэталяў, якія атачаюць агульную карціну культуры — гарадское жыццё, забавы, навучанне, тысячы друкаваных твораў, якія ніколі не бачылі другога выдання, — і асэнсаванне рамантычнай літаратуры не як аўтарскіх асноўных твораў, але як культурны перыяд, у якім было паўстала мноства тэкстаў, ананімных, пад псеўданімамі, альбо аўтараў, пра якіх мы ведаем мала ці нічога не ведаем. Іншымі словамі, калі даследнікі рамантызму звярнулі свой погляд на маргіналізаванае насельніцтва — жанчынаў, каланізаваных, кельцкія перыферыі, ніжэйшыя класы, — само літаратурнае поле гэтага перыяду таксама пашырылася.
І ў выніку гэтага пашырэння, даследаванні адышлі не толькі ад цэнтральнасці “вялікай шасцёркі”, але і ад цэнтральнасці аўтара ўвогуле. У друкавай культуры ў шырокім сэнсе аўтарства — значна больш слабая катэгорыя: ад складнікавага аўтарства перыядычных выданняў да сумеснага аўтарства сцэны і прыхаванага аўтарства радыкальнай прэсы. Яны таксама адышлі ад ідэі “рамантызму” як дамінантнай сілы, што аб’ядноўвае літаратурны перыяд як цэласны культурны кшталт, пераважна праз тое, як адзначаюць тут у шэрагу раздзелаў, уніфікацыя адбывалася праз выключэнне — не толькі пэўных пісьменнікаў, але і відаў пісьменства і культурнай вытворчасці, у тым ліку тых, што разглядаюцца тут у раздзелах пра готыку, драму, сатыру, наратывы і візуальную культуру “. (12) /A Handbook of Romanticism Studies 2012, 2 /.
І хаця так і не паўстала інтэгральнай канцэпцыі, якая паяднала бы набыткі і прапанавала б агульную візію эпохі, мы беспамылкова можам сцвярджаць, што сёння “даследаванні рамантызма” – надзвычай бурны, акадэмічна і ідэалагічна насычаны акадэмічны кірунак, дзе адбываецца інтэнсіўная работа па перагляду канона. Існуюць, тым не менш, і пэўныя зоны стабільнасці, своеасаблівы канцэптуальны кансэнсус унутры дысцыпліны. Гэта выяўляецца ў існаванні традыцыйных тэматычных блокаў альбо кірункаў. Іх чатыры.
Па першае, рамантызм разглядаецца і аналізуецца як гісторыка-культурная эпоха.
Па другое, як інтэлектуальная фармацыя.
Па трэцяе: рамантызм як стыль і мастацкі кірунак, роля і месца літаратуры ў кантэксце эпохі.
І, нарэшце, чацьвертае: рамантызм і філасофія, інстытуцыйныя і змястоўныя трансфармацыі філасофіі, яе ўзаемазалежнасць (і ўзаемапранікненне) з іншымі формамі гульні духа, мастацкімі і навуковымі.

 

Бібліяграфія

Агляд рамантычнай парадыгмы

A Handbook of Romanticism Studies / Edited by Joel Faflak and Julia M. Wright. – Oxford, UK ; Malden, Mass. : Blackwell Publishing Ltd., 2012. – 421 p.
A Companion to Romanticism / ed. Duncan Wu. – Oxford, UK ; Malden, Mass. : Blackwell Publishers, 1998. – 566 p.
A companion to European romanticism / edited by Michael Ferber. – Malden, MA : Blackwell Pub., 2005. – 586 p.
Berlin, I. The Roots of Romanticism. The A. W. Mellon Lectures in the Fine Arts, edited by Henry Hardy / I. Berlin. – Princeton, NJ : Princeton University Press, 1999. – 171 p.
Ferber, M. Romanticism: A Very Short Introduction / M. Ferber. – Oxford: OUP, 2010. – 168 p.
Lovejoy, A. O. An address delivered at the fortieth Annual Meeting of the Modern Language Association of America, December 27, 1923 / PMLA, vol. XXXIX (1924), 229-253.
Lovejoy, A. O. Essays in the History of Ideas / A. O. Lovejoy. – New York : Capricorn Books, G. P. Putnam’s Sons, 1960. – 359 p.
Lovejoy A. O. The Meaning of Romanticism for the Historian of Ideas / A. O. Lovejoy // Journal of the History of Ideas, Vol. 2, No. 3 (Jun., 1941), pp. 257-278.
Romanticism: an anthology / edited by Duncan Wu. – Oxford : Blackwell Publishers , 2012. – 1656 p.
Tatarkiewicz W. Romantyzm, czyli rozpacz semantyka / W. Tatarkiewic // Pamiętnik Literacki: czasopismo kwartalne poświęcone historii i krytyce literatury polskiej, 62/4, 1971. – 3-21 s.
Tatarkiewicz W. O filozofii i sztuce / W. Tatarkiewicz. – Warszawa : PWN, 1986. – 445 s.
Wellek, R. Concepts of criticism. (ed. G. Stephen & Jr. Nicholas) / R. Wellek. – New Haven and London : Yale University Pres, 1963. – 403 p.
Wellek, R. The concept of Romanticism in literary history / Concepts of criticism. – New Haven and London : Yale University Press, 1963. – 128-98 pp.


Беларускі рамантызм

Багдановіч, М. Поўны збор твораў : у 3 т. / М. Багдановіч. – 2-е выд. –Мінск : Беларус. навука, 2001. – 3 т.
Багдановіч, М. Поўны збор твораў : у 3 т. / М. Багдановіч. – 2-е выд. – Мінск : Беларус. навука, 2001. – Т. 1 : Вершы, паэмы, пераклады, наследаванні, чарнавыя накіды. – 751 с.
Бандарчык, В.К. Гiсторыя беларускай этнаграфii XIX ст. / В.К. Бандарчык. – Мiнск : Навука i тэхнiка, 1964. – 280 с.
Булгаков, В. История белорусского национализма / В. Булгаков. –Вильнюс : Институт белорусистики, 2006. – 331 с.
Евароўскi, В.Б. Нацыянальная фiласофiя Беларусi: тэорыя, археалогiя, гiсторыя, генеалогiя, школа / В.Б. Евароўскi : навук. рэд. Л.Ф. Яўменаў. –Мiнск : Беларуская навука, 2014. –559 с.
Канчэўскі, І.У. Адвечным шляхам: даследзіны беларускага светагляду / І.У. Абдзіраловіч. – Мн. : Навука і тэхніка, 1993. – 42 с.
Ластоўскі, В. Ю. Выбраныя творы / Вацлаў Ластоўскі; [уклад., прадм. і камент. Я. Янушкевіча. – Мінск : Міжнар. фонд “Бел. кнігазбор”, 1997. – 510 с.
Мальдзіс А.І. Творчае пабрацімства: Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў XIX ст. – Мн. : Навука і тэхніка, 1966. – 159 с.
Мальдзіс А.І. Падарожжа ў XIX стагоддзе: 3 гісторыі беларускай літаратуры, мастацтва і культуры. Навукова-папулярныя нарысы / А.І. Мальдзіс. – Мн. : Народная асвета, 1969. – 206 стар.
Мальдзіс А.І. Традыцыі польскага Асветніцтва ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя / А.І. Мальдзіс. – Мн. : Навука і тэхніка, 1972. – 47 с.
Мальдзіс, А. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII стагоддзя: Нарысы быту і звычаяў / А. Мальдзіс. – Мн.: Мастацкая літаратура, 1982. – 256 с.
Мальдзіс А.I. На скрыжаванні славянскіх традыцый: Літаратура Беларуси пераходнага перыяду (другая палавіна XVII-XVIII ст.) /А.І. Мальдзіс. – Мінск: Навука і тэхніка, 1980. – 352 с.
Мохнач, Н.Н. Идейная борьба в Белоруссии в 30―40-е годы XIX в. / Н. Н. Мохнач; Акад. наук БССР, Ин-т философии и права. – Минск : Наука и техника, 1971. – 157 с.
Мохнач, Н.Н. От просвещения к революционному демократизму : Обществ.-полит. и филос. мысль Белоруссии конца 10-х – начала 50-х гг. XIX в. / Н.Н.Мохнач; Акад. наук БССР, Ин-т философии и права. – Минск : Наука и техника, 1976. – 184 с.
Смалянчук, А.Ф. Памiж краёвасцю i нацыянальнай iдэяй. Польскi рух на беларускiх i лiтоўскiх землях, 1864-лют. 1917 г. / А.Ф. Смалянчук. –2-е выд., дапрац. –СПб. : Неўс. прасцяг, 2004. – 404 с.
Цьвiкевiч, А.I. «Западно-руссизм». Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в. / А.I. Цьвiкевiч. – 2-е выд. – Мiнск: Навука i тэхнiка, 1993. – 349 с.
Улащик, Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода / Н.Н. Улащик. – М. : Наука, 1973. – 302 с.

Прысваенні польскасці

Augustaitis F. Perwiastki litewskie we wczesnym romantyzmie polskim / F. Augustaitis. – Kraków: Nakł. aut., 1911. – 88 s.
Janion M., Żmigrodzka M. Romantyzm i historia / M. Janion, M. Żmigrodzka. – Warszawa: PIW, 1978. – 638 s.
Janion M. Prace wybrane. Tom I. Goraczka romantyczna / M. Janion. – Krakow: TAiWPN UNIVERSITAS, 2000. – 570 s.
Kozak S. U zrodel romantyzmu i nowozytnej mysli spolecznej na Ukraine / S. Kozak. – Wroclaw: PAN, 1978
Mokry W. Literatura i myśl filozoficzno-religijna ukraińskiego romantyzmu. – Kraków: Wyd. Uniw. Jagiell., 1996. – 211 s.
Polska myśl filozoficzna i społeczna, T I, 1831-1863, red. A. Walicki. – W-wa: Książka i Wiedza, 1973. – 679 s.
Polska myśl filozoficzna. Oświecenie. Romantyzm. – Warszawa: PWN, 1964. – 497 s.
Polskie spory o Hegla 1830-1860. W-wa: PWN, 1966. – 430 s.
Stankiewicz S. Perwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej. Cz. I. (Do roku 1830). – Wilno: Dom ks. polsk. w Warsz., 1936. – 301 s.

Дэканструкцыі рускасці

Долбилов, М.Д. Русский край, чужая вера: этноконфессиональная политика империи в Литве и Белоруссии при Александре II / М.Д. Долбилов. – М. : Новое литературное обозрение, 2010. – 999 с.
Западные окраины Российской империи: монография / Л. А. Бережная и др. ; науч. ред. М. Долбилов, А. Миллер. – М.: НЛО, 2006. – 607 с.
Зорин, А.Л. Кормя двуглавого орла… Литература и государственная идеология в России. в последней трети XVIII — первой трети XIX века. / А.Л. Зо­рин. – М., 2001. –
Зорин, А.Л. Появление героя: Из истории русской эмоциональной культуры конца XVIII – начала XIX века / А.Л. Зо­рин. – М.: Новое литературное обозре­ние, 2016. – 568 с.
История понятий, история дискурса, исто­рия метафор / Сб. статей под ред. Х.Э. Бёдекера; пер. с нем. – М.: Новое ли­тературное обозрение, 2010. – 328 с.
Коялович, М.О. История русского самосознания по историческим памятникам и научным сочинениям / М.О. Коялович. – М. : Институт русской цивилизации, 2011. – 682 с.
Корнилов, И.П. Русское дело в Северо-Западном крае / И.П. Корнилов. –СПб. : Тип. А. С. Суворина, 1908. – Вып. 1. –XXVII, 504 с.
Миллер А. И. «Украинский вопрос» в политике властей и русском общественном мнении (вторая половина XIX века) / А.И. Миллер. – СПб.: Алетейя, 2000. – 270 с.
Миллер А. И. Империя Романовых и национализм: Эссе по методологии исторического исследования / А.И. Миллер. – М.: Новое литературное обозрение, 2006. – 241 с.
«Понятия о России»: к исторической семан­тике имперского периода / под ред. А.И. Миллера, Д.А. Сдвижкова, И. Ширле. В 2 т. – М.: Новое литературное обозре­ние, 2012. – Т. 1. 576 с.; Т. 2. 496 с.
Пыпин А.Н. Общественное движение в России при Александре I. СПб., 1871.
Пыпин А.Н. История русской литературы. В 4 т. СПб., 1898-1899.
Пыпин А.Н. История русской этнографии. Т.1-4. СПб., 1890-1892.
Турчин В. С. Эпоха романтизма в России / В. С. Турчин. – М. : Искусство, 1981. 552 с.
Berlin I. Russian Thinkers (co-edited with Aileen Kelly). London, 1978.
Walicki A. A History of Russian Thought from Enlightenment to Marxism. Stanford, 1979.

Інтэгральная версія традыцыі

Бовуа Д. Гордиев узел Российской империи: Власть, шляхта и народ на Правобережной Украине (1793-1914). / Д. Бовуа. – М.: Новое литературное обозрение, 2011. – 1008 с.
Валицкий А. В кругу консервативной утопии. Структура и метаморфозы русского славянофильства /А. Валицкий (пер. с польск. Константин Душенко). – М.: Новое литературное обозрение, 2019. – 704 с.
Ricoeur, P. Le Conflit des interprétations. Essais d’herméneutique / P. Ricoeur . – Paris: Éditions du Seuil, 1969 . – 505 p.
Snyder, T. D. The Reconstruction of Nations: Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus, 1569-1999 / T. D. Snyder. – New Haven & London: Yale University Press, 2003. – 367 s.
The Invention of Tradition / E. Hobsbawm (Editor and Author), Terence O. Ranger (Editor). – Cambridge: Cambridge University Press, 1983. – 320 p.

 

You may also like...