Сяргей Санько. Крывіцкая тэма ў Янкі Купалы

«Крыўскі (крывіцкі) наратыў», які паўстаў з падачы найперш Яна Чачота і ў меншай меры і не так паслядоўна шэрагу іншых, найчасцей польскамоўных, тутэйшых інтэлектуалаў, у другой палове XIX ст. стаўся паважнай альтэрнатывай беларускаму праекту канструявання нацыянальнай ідэнтычнасці. Нямала патурбаваў ён ужо ўзмацнелы «беларускі наратыў» і ў ХХ ст.

Што праўда, першае дзесяцігоддзе ХХ ст. не прынесла амаль нічога ў развіццё крывіцкай (крыўскай) ідэі. З ладнага гэта было звязана з разгортваннем беларускага нацыянальнага руху. У 1903 г. адбываюцца дзве знакавыя падзеі: утвараецца Беларуская Рэвалюцыйная грамада (Луцкевіч 1928) і выходзіць з друку 1-ы том «Беларусаў» Я. Ф. Карскага (Карский 1903), якія, відаць, найбольш спрычыніліся да пашырэння беларускай ідэі як сярод інтэлегенцыі, так і сярод народных гушчаў (сялян і «работнікаў»-пралетарыяў). Апошняя адметная тым, што Я. Ф. Карскім была прапанавана, бадай, першая, навукова абгрунтаваная, тэорыя этнагенезу беларусаў як выніку кансалідацыі трох славянскіх плямён – крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў, якой было суджана доўгае жыццё. На фоне росту папулярнасці беларускай ідэі паасобныя апеляцыі да крывіччыны былі хутчэй данінай гістарыяграфічнай традыцыі XIX ст. (як у назве працы Аляксандра Ельскага «100 prykazak, zahadak, prydumak i gawendaŭ, dla pażytku Biełaruskaho (Krywickaho1 ) narodu» (Jelski 1908)).

Аднак у 1910 г. у Пецярбургу Янка Купала піша верш «Песьня сонцу», апублікаваны ў газеце «Наша ніва» (нумар 27 за 1910 г.) (Купала 1910) і перадрукаваны ў зборніку «Шляхам жыцця» ў 1913 г., які можна лічыць, насуперак думцы В. Корбута2, за пачатак новай старонкі ў гісторыі «крывіцкага наратыву». У апошніх радках чытаем (Купала 1913: 10):

Дык глянь з хорамаў вольных, высокіх

Да крывіцкіх 3 туманных нізін…

Казкай векаў блізкіх і далёкіх

Клічам, сонца, цябе як адзін!

Гэтыя радкі перагукаюцца з першымі:

Вольным гоманам хвоек высокіх,

Туманамі санлівых нізін,

Казкай векаў блізкіх і далёкіх

Клічам, сонца, цябе як адзін!

У традыцыйным беларускім мастацтве вяршаліны дрэў асацыююцца з небам, і менавіта там змяшчаліся сімвалы Сонца і Месяца. А гэтыя вяршаліны-неба ў пачатку, у сваю чаргу, суадносяцца з «хорамамі вольнымі, высокімі» неба ў канцоўцы верша – сонечным выраем. З іншага боку, «туманы санлівых нізін» у пачатку суадносяцца з «крывіцкімі туманнымі нізінамі» ў канцы. Такім чынам, «крывіцкія нізіны» спяць да пары, ахутаныя мроістымі туманамі, аж пакуль святло сонца не разгоніць іх.

Адзначаны тып паўтораў быў названы даследчыкам старагрэчаскай паэтыкі В. А. А. ван Отэрло «кальцавой кампазіцыяй» (Ringkomposition) (Otterlo van 1944; Otterlo van 1948). «У кальцавой кампазіцыі пачатак і канец паэтычнага твора або цэльнага адцінка ў ім адзначаецца паўторам у канцы, або даслоўна, або найчасцей у Рыгведзе ў варыяцыі, матэрыялу, які знаходзіцца ў пачатку» (Jamison, Brereton 2014: 66). Па сведчанні аднаго з вядучых адмыслоўцаў у галіне індаеўрапейскай паэтыкі К. Уоткінса: «Гэты прыём, часам з больш складаным ‛гнездаваннем’ паўтораў, надзвычай шырока распаўсюджаная кампазіцыйная тэхніка ў архаічным індаеўрапейскім свеце і слаба пашыраная па-за ім» (Watkins 1995: 34).

С. Джэймісан выявіла адмысловы тып «кальцавой кампазіцыі», названы ёй «‛пупавой’ структурай» (‛omphalos’ (navel) structure). Яна ахарактарызавала яго наступным чынам: «Тэрмін “кальцавая кампазіцыя” засяроджвае ўвагу на пачатку і канцы адзначанага адцінка, але асабліва распрацаваная форма кальцавой кампазіцыі наадварот вызначае і засяроджваецца на сярэдзіне адцінка. Мы назвалі гэта “пупавой” структурай. Тут шэраг канцэнтрычных знешніх і ўнутраных кольцаў вылучаюць сярэдзінны верш або вершы, якія ўтрымліваюць таямніцу або пасланне гімна і часта выражаецца містычным і складаным чынам» (Jamison, Brereton 2014: 66).

Акурат такую сэнсавую «пупавіну» мы бачым у вершы Купалы:

Як у сьвята купальскае, сонца,

Свой жывы абнаўляеш паглёд,

Аднаві славу нашай старонцы,

Аднаві яе сумны народ!

Радкі змешчаны не ў арыфметычнай сярэдзіне твора, але гэтага «кальцавая кампазіцыя» і не патрабуе. Затое яны змешчаны ў яго кульмінацыйнай частцы. І не здарма пачынаюцца нагадкай на купальскае свята – момант, калі Сонца дасягае сваёй кульмінацыйнай кропкі ў яго руху па экліптыцы і мае найбольшую ачышчальную і абуджальную моц. Таму і гучыць рэфрэнам у пачатку і ў канцы верша:

Казкай векаў блізкіх і далёкіх

Клічам, сонца, цябе як адзін!

з нагадкай на колішнюю славу «векаў блізкіх і далёкіх», якія ўжо ўспрымаюцца як нешта нерэальнае, як «казка». «Мы», што «клічуць» Сонца, відавочна, – тыя, што ўжо абудзіліся і гатовыя зліць свае галасы ледзь не ў язычніцкай малітве, каб надаць ёй магічнай моцы, здольнай змусіць свяціла абудзіць «крывіцкія нізіны», якія яшчэ спяць, ахінутыя «туманамі» забыцця. «Крывіцкія нізіны» відавочна настойліва супрацьпастаўляюцца «вышыням», дзе апынаецца Сонца ў купальскае свята. І таму не будзе перабольшаннем бачыць у гэтым Сонцы вялікую ідэю нацыянальнага адраджэння.

Цяжка з імавернасцю сказаць, чаму Купала ўскарыстаўся такой архаічнай кампазіцыяй. Але пэўна вядома, што ён быў знаёмы са стараіндыйскай паэзіяй, у якой такая кампазіцыя выкарыстоўвалася з рыгведыйскіх часоў. І пазнаёміцца з гэтай паэзіяй ён мог дзякуючы Б. І. Эпімах-Шыпілу, у якога Купала жыў у час свайго навучання ў Санкт-Пецярбурзе ў 1909–1913 гг. Імаверна, што менавіта Эпімах-Шыпіла мог звярнуць увагу маладога паэта на адзіны на той момант пераклад на еўрапейскія мовы ўрыўка з «Махабхараты» з сюжэтам «Легенда пра паляўнічага і пару галубоў», выкананы «першым настаўнікам» санскрыту (паводле Ф. І. Шчарбацкога (Stcherbatsky 1934: 811)), беларусам з паходжання, Каэтанам Андрэевічам Касовічам (Прохоров 2011: 24–26). І ў тым жа 1910 г. Купала напісаў на гэты сюжэт свой твор «Паляўнічы і пара галубкоў (Легэнда зь індыйскай кнігі Магабгарата)» з прысвячэннем Б. І. Эпімах-Шыпілу, надрукаваны ўпершыню ў газеце «Наша ніва» (нумар 37 за 1912 г.) (Купала 1912) і перадрукаваны таксама ў зборніку «Шляхам жыцця» (Купала 1913: 179–182). У машынапіснай версіі верша, якая захавалася ў сшытку № 1 Б. І. Эпімах-Шыпілы, была падтэкставая заўвага за подпісам «Я. К.», з якой вынікае, што Купала ведаў і іншы сюжэт «Наль і Дамаянці» ў польскім перакладзе А. Лянге. Так што цікавасць паэта да стараіндыйскай паэзіі была, відаць, даволі трывалай.

«Крывіцкая тэма» ў творчасці Янкі Купалы наўрад ці была тут выпадковай. І пазней паэт часта звяртаўся да яе. Так, у няскончаным і неапублікаваным апавяданні «А вербы шумелі…», у час пісання якога ў паэта нарадзілася задума яго славутай «Паўлінкі», Купала піша (цыт. паводле (Луцкевіч 2006: 313)):

Вясна была. Наша Крывіцкая4 зямелька ўмее сябе ў часе вясны ахарошыць зеленьню і кветкамі. Ня бачуць толькі гэтага хараства сыны, родныя дзеці гэтай няшчаснай старонкі-пакутніцы. Сьлёзы і кроў залілі сінія беларускія вочы, сьлёзы і кроў… Пасьлеплі на службе батрацкай ў працы крывавай, паднявольнай…

Паводле А. Луцкевіча (артыкул «Зь нязнаных рукапісаў Янкі Купалы»), апавяданне пісалася Купалам недзе «ў канцы зімы і ў раннюю вясну 1912 году» (Луцкевіч 2006: 314). Вобраз, які малюе Купала ў гэтым апавяданні відавочна перагукаецца з вобразам «крывіцкіх нізін» з «Песні сонцу».

Прыкладна ў гэты час ці на некалькі месяцаў пазней Купала пачаў пісаць паэму «Гарыслава» пра трагічны лёс полацкай князёўны Рагнеды (Луцкевіч 2006: 310–311). У ёй у першых жа словах «Прамовы» таксама гучыць «крывіцкая тэма» (Луцкевіч 2006: 311):

Гэй, павейце, разгуляйцеся,

Ветры вольны, лёгкакрылыя (раздольныя)

Над старонкай (зямліцай) над крывіцкаю

Зашуміце, неўгамонныя!

У 1920 г., ужо ў Савецкай Беларусі, у часопісе «Рунь» (нумар 1 за 1920 г.) (Купала 1920) Янка Купала друкуе вельмі насычаны сімволікай верш «У вырай», перадрукаваны ў 1925 г. у зборніку «Безназоўнае» (Купала 1925: 6). Верш яўна працягвае тэму верша «Песня сонцу», але яго танальнасць ужо зусім іншая. Але што яшчэ больш цікава, гэта тое, што ў ім выкарыстоўваецца тая самая «кальцавая кампазіцыя» з «амфалічнай» структурай – на гэты раз акурат у арыфметычнай сярэдзіне верша. Паколькі тэкст вельмі кампактны (усяго 12 радкоў), то гэта няцяжка заўважыць непасрэдна:

Гэй, вольныя птахі, саколія дзеці!

У вырай! Да сонца вясёлкавым шляхам!

Час сонца схапіці і сонцам ірдзеці

І зьведываць сьветы арліным узмахам.

Гэй, вольныя птахі, патомкі крывічаў 5!

Да неба! па зоры і гром пяруновы…

Час крыльле расправіць — пагудка ўжо кліча,

Ўжо віхры цярэбяць да шчасьця шлях новы!

Гэй, вольныя птахі, ўладарнікі песьні!

На шляхі пад сьцягі красы і свабоды!..

Час вылецець к славе з пагібельнай плесьні

І песьняй агністай дзівіці народы.

Што да «кальцавой кампазіцыі», то тут акурат такі выпадак, які быў адзначаны С. Джэймісан для «Рыгведы» (гл. вышэй). Канец адсылае да пачатку невялікай колькасцю паўтораў: «шляхі пад сьцягі красы і свабоды» суадносіцца з «да сонца вясёлкавым шляхам», «час вылецець к славе» – з «час сонца схапіці», «песьняй агністай» – з «сонцам ірдзеці» (бо ірдзець азначае ‛вылучацца ярка-чырвоным колерам’, падобным да колеру полымя). На тое, што вобраз полымя сапраўды быў нібы перад вачыма Купалы, сведчаць чарнавыя накіды пэўных строф, што захаваліся ў рукапісах (Купала 1997: 290):

Час сеяць пажары на стухшым вагнішчы

І пражыць пажарам гнібення аковы

Час сеяць маланкі, ўзвагніць пажарышча

Час сеяць маланкі, узняць пажарышча

Спаліці пажарам гнібення аковы

І спражыць пажарам гнібення аковы

А вось «пагібельнай плесьні» адсылае да «туманных нізін», «туманоў … нізін». Але гэта ўжо не заклік абудзіцца ад сну, гэта – энтузіязм ужо абуджанага народа, які ў творчым парыве сам гатовы «сонца схапіці», апынуцца ў сонечным выраі, царстве «красы і свабоды» і не проста «заняць свой пачэсны пасад між народамі», але з вышынь дасягнутага новага стану «зьведываць сьветы» і «дзівіці народы». Энтузіазм верша зразумелы – да знішчэння беларускай інтэлегенцыі было сама мала паўдзесяцігоддзя.

Але нам істотна яшчэ раз адзначыць нейкую інтымную важкасць для Купалы «крывіцкай тэмы». На гэта паказвае як старанна ён падбіраў ключавое слова. У рукапіснай спадчыне паэта знойдзены варыянты для «амфалічнай» структуры (Купала 1997: 290):

Гэй, вольныя птахі, патомкі віхрышчаў

Гэй, вольныя птахі, патомкі віхрышча!

Гэй, вольныя птахі, сыны Беларусі6 !

Як бачым, у адным з варыянтаў меркавалася «сыны Беларусі», якое Купала свядома замяніў на «патомкі крывічаў», бо, відаць, палічыў апошні вобраз больш ёмістым і сімвалічна насычаным.

У тым жа 1920-м годзе Янка Купала напісаў яшчэ адзін верш, у якім беларуская зямля называецца «крывіцкай». Гэта верш «Пяць сэнатараў», апублікаваны толькі ў 1933 г. у №№ 2–3 часопіса «Полымя рэвалюцыі» і не ўключаны ні ў вадно прыжыццёвае выданне (Купала 1997: 79–80, 384–385). Верш напісаны ў часы расколу Рады Рэспублікі (БНР), калі з яе складу выйшлі прадстаўнікі правага крыла і ўтварылі «Найвышэйшую раду» з пяці чалавек (Я. Лёсік, С. Рак-Міхайлоўскі, Я. Серада, А. Уласаў i К. Цярэшчанка), якія самі сябе называлі «сенатарамі» і выступалі за хаўрус з Польшчай (Краўцоў 1921). Верш пачынаецца чатырохрадкоўем (Купала 1997: 79):

Іх сышлося пяцёх на крывіцкіх7 палёх,

На абшары ня Божым ці Божым,

I давай разважаць, і давай так казаць:

Найвышэйшую раду заложым.

Але, што цікава, калі Купала называе насельніцтва, то ўжывае слова беларус і беларускі (Купала 1997: 80). Яшчэ больш цікава, што гэтак ён паступае і ў разгледжаных вышэй творах: дзе гаворка ідзе пра зямлю, краіну, там фігуруе прыметнік крывіцкі («крывіцкіх … нізін» (Купала 1913: 10), «Над старонкай (зямліцай) над крывіцкаю» (Луцкевіч 2006: 311), «Наша Крывіцкая зямелька» (Луцкевіч 2006: 313)), дзе ж гаворка ідзе пра насельніцтва, там з’яўляюцца словы беларус(ы), беларускі («сінія беларускія вочы» (Луцкевіч 2006: 313)). Пры гэтым, як і ў вершы «У вырай», у накідзе паэмы «Гарыслава» замест меркаванага радка «Сьвету-люду беларускаму» Купала ставіць «Быль бывалую ў землях Полацкіх», аддаючы перавагу словам, больш насычаным сімвалічным і гістарычным зместам.

Гэта, безумоўна, дробязі ў параўнанні з тысячамі выпадкаў, калі Купала і зямлю, і народ называе дэрыватамі слова беларус. Але, як казаў самы слынны вышукач усіх часоў і народаў Шэрлак Холмс: «Ніколі не давайце веры агульным уражанням, а засяроджвайцеся на дробязях» (Conan Doyle 1927: 197)., бо «дробязі непараўнальна больш істотныя» (Conan Doyle 1927: 194). Што справядліва ў крымінальным расследаванні, тое ў не меншай ступені справядліва і ў даследаванні гістарычным. Калі ўмысловае сэнсавае нюансаванне было патрэбнае для самога Купалы, а што гэта так, мы пераканаліся, супаставіўшы чарнавыя і чыставыя варыянты пэўных радкоў, пагатоў гісторыкі ідэй не павінны ігнараваць усе такія выпадкі.

Тым больш, што ў ранні перыяд творчасці Купалы мы такога нюансавання не заўважаем. У адной з дзвюх паэм, прысвечаных беларускаму каталіцкаму святому Андрэю Баболю, аўтарства якіх амаль з пэўнасцю прыпісваецца Купалу (Купала 1996: 328–330), паралельна ўжываюцца «крывіцкая зямля» і «беларуская зямля» (Купала 1996: 229, 230):

Толькі слава ішла

Усё далей і далей

Па крывіцкай8 зямлі

Між вясковых людзей.

Ён цудамі слыве

Ў беларускай9 зямлі,

Ён жыве, як і жыў,

Між сваімі людзьмі.

Дык які тады сэнс магло мець адзначанае намі адрозніванне «крывіцкай зямлі» ад «насельніцтва Беларусі»? Просіцца толькі адно тлумачэнне, апроч, зразумела, трывала існуючай ужо з XIX ст. традыцыі ўжываць сінанімічна словы «крывічы» і «беларусы», – гэта спроба адрозніць этнічнае найменне «патомкаў крывічаў» ад паўставалага нацыянальнага наймення «беларусы», вытваранага хутчэй у духу новачаснага канцэпту нацыянальнай дзяржавы.

У якім стасунку крывіччына Янкі Купалы стаіць да крывіччыны аднаго з найбольш выбітных прапанентаў крыўскай ідэі Вацлава Ластоўскага, сказаць цяжка, бо не стае надзейных звестак. Але пэўна, што ў выдадзенай у 1910 г. у Вільні «Кароткай гісторыі Беларусі» (Ластоўскі 1910) Ластоўскі пільнуецца этнагенетычнай тэорыі Карскага і паслядоўна выкарыстоўвае тэрміны «Беларусь», «беларуская зямля», «беларускі народ». Не адыходзіць ён ад тэорыі Карскага і ў 1914 г. у нарысе «Якога мы роду-племені», надрукаваным у 2-м нумары часопіса «Лучынка» за 1914 г. (Ластоўскі 1914; Ластоўскі 1997: 294–296). Што здзіўляе ў гэтым нарысе, дык гэта тое, што за зыходны этнічны кампанент Ластоўскі прымае не крывічоў, як будзе паслядоўна рабіць пазней, а дрыгавічоў. Пра крывічоў жа сцвярджае наступнае: «Яны гэтаксама жылi на месцах балотных i калiсь, мабыць, пакуль не стыкалiся з лiтвiнамi, называлi самi сябе дрыгвiчамi, але пазней, калi пачалi стыкацца з лiтоўцамi, то тыя iх iмя пераклалi на сваю мову i сталi называць – крывiчамi, што таксама знача – жыхарамi балот (ад лiтоўск. слова «кiрва» – балота, дрыгва)» (Ластоўскі 1997: 295–296).

Абсалютна відавочна, што В. Ластоўскі імкнецца «падправіць» тэорыю Карскага, каб давесці спрадвечную адзінакрэўнасць усіх беларусаў, нават коштам прымання этымалагічнай версіі паходжання этноніма крывічы ў апошняга (Карский 1903: 78), запазычанай у С. М. Салаўёва10, а таксама паўторам тэзіса Карскага аб тым, што: «Одним из самых значительных племен в этой области являются Дреговичи» (Карский 1903: 65). Але робіць вельмі важную выснову аб аўтахтоннасці мясцовага насельніцтва: «народ наш жыве з няпомных часоў на тым самым месцы і заўсёды меў адну мову і звычаі ва ўсіх плямёнах…» (Ластоўскі 1997: 296), якая будзе адыграваць ключавую ролю ў далейшай гісторыі «крывіцкага наратыву».

Тым больш дзіўнай выглядае публікацыя ў 1912 г. у Пінску асобнай кніжачкай аповесці «Прыгоды Панаса і Тараса» пад псеўданімам Арцём Музыка (Ластоўскі 1912). Нечаканай апынулася інкарпарацыя ў стылізаваны пад народны гумарыстычны аповед разважання двух палескіх мужычкоў аб паходжанні этнічных найменняў, у якое аўтар закінуў зерне будучай «крыўскай тэорыі». Вось гэты ўрывак (Ластоўскі 1997: 44):

Бог стварыў толькi першага чалавека, што Адамам зваўся. А ўсе людзi, што распладзiлiся ад Адама па ўсёй зямлi, атрымалi свае назовы ад тых мясцовасцяў, дзе яны засялялiся, або самi надалi назову той мясцовасцi, якою заўладалi. I вось кожны народ асеў на сваёй зямлiцы, сваёй гаспадарцы: расейцы – у Расеi, немцы – у Нямеччыне, французы – у Францыi, паляке – у Польшчы, крывiчэ – у Крывii11. Да крывiчоў i мы належым, але як нашая зямелька вялiкая, то каб адрожнiць, хто адкуль паходзiць, дык маем яшчэ асобныя мясцовыя назовы.

Многа што тут дужа нагадвае аповед «Кто булы наши найдавнійшіи диды и якая ихъ була доля до уніи», аўтарам якога, імаверна, быў Ігнат Кулакоўскі (Латышонак 2004: 199–202). У апавяданні «крывіцкая» ідэя ўкладаецца ў вусны нейкага ўяўнага настаўніка-палешука, які па-заходнепалешуцку папулярна выкладае версію агульнабеларускай гісторыі (Латышонак 2004: 203):

«Сторона, дэ живуть тэпэръ Пыньчуки, Мыньчуки, Вытобци, Могилевци, зовэтця Билою Русью; въ гэтуй сторони зъ вэльмы давныхъ часувъ живъ народъ Словяньскій, рудный зъ народамы, который давши жилы и тэпэръ живуть въ полуднёвыхъ и всхуднихъ русськихъ краяхъ. Народъ той впэршъ звався Крывычамы, альбо крывыцькымы Словянами: такъ, булы колысь Крывычи Смоленьскыи, – воны жилы недалэко коло миста Смоленьска; а то еще булы Крывычи Полоцькыи, – отъ, гэты Крывычи булы нашимы прадидамы».

У В. Ластоўскага крывіцкая версія этнічнай гісторыі выказваецца ўжо непасрэдна палескімі мужычкамі-пінчукамі. Сваю аповесць Ластоўскі нават друкуе не ў Вільні, як Кулакоўскі, або дзе-колечы яшчэ, а ў самым Пінску, каб болей падкрэсліць мясцовае паходжанне гэтага «народнага» апавядання. Ды й псеўданім, які абраў Ластоўскі, – Арцём Музыка – адсылае да імя аднаго з персанажаў аповесці Арцёмкі, аднавяскоўцы Панаса і Тараса, які быў жаўнерам у Берасцейскай крэпасці. Яго героі спатыкаюць у пачатку свайго падарожжа «ў свет», яму ж першаму распавядаюць свае ўражанні ад вандроўкі «ў Мазуры». Усё гэта мусіла надаць большай рэалістычнасці ўсёй аповесці, а значыць і праўдзівасці захаванага паміж жартамі галоўнага пасылу: мы – крывічы, а краіна наша – Крывія.

Гэта было ці не самае першае з’яўленне этнахароніма Крывія як у гістарыяграфіі наогул, так і ў гісторыі «крыўскага наратыву». Але крывіччына В. Ластоўскага ‒ тэма асобная і значна лепей усім знаёмая.

Спіс выкарыстаных крыніц

Краўцоў 1921 ‒ Краўцоў, M. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі // Беларускі звон. – 1921. – № 15. – С. 4–5; № 16. – С. 2–3; № 17. – С. 4–5; № 18. – С. 4–5; № 19. – С. 4–6; № 20. – С. 2–3; № 21. – С. 2–3.

Купала 1920 ‒ Купала, Я. У вырай // Рунь. – 1920. – № 1. – С. 1.

Латышонак 2004 ‒ Латышонак, А. Гутарка «царкоўнага старасты Янкі» з «Яськам гаспадаром з-пад Вільні» // Дзеяслоў. – 2004. – № 9. – С. 196–216.

Прохоров 2011 ‒ Прохоров, А. А. Каэтан Андреевич Коссович (1814–1883) – первый санскритолог белорусских земель // Великое культурное наследие Индии и Беларусь : к 75-летию пакта Рериха : Материалы Международной научно-практической конференции, г. Минск, 17 сентября 2010 г. / Институт философии НАН Беларуси. – Минск: Право и экономика, 2011. – С. 13–28.

Conan Doyle 2014 ‒ Conan Doyle, A. Black Peter. The Red-Headed League / Ed. by Erik Hvid. – Copenhagen: Easy Readers, 2014. – 95 p.

Jamison, Brereton 2014 ‒ Jamison, S. W.; Brereton, J. P. The Rigveda : The Earliest Religious Poetry of India : в 3 т. – Oxford ; New York: Oxford University Press, 2014. – Т. 1–3.

Otterlo 1948 ‒ Otterlo, W. A. A. van. De Ringcompositie als Opbouwprincipe in de epische Gedichten van Homerus : Verhandelingen der Koninklijke Nederlandse Akademie van Wetenschappen. Afdeeling Letterkunde. Nieuwe reeks. Deel 51. – No. 1. – Amsterdam: Noord-Hollandsche Uitgevers Maatschappij, 1948. – 95 S.

Otterlo 1944 ‒ Otterlo, W. A. A. van. Untersuchung über Begriff, Anwendung und Entstehung der griechischen Ringkomposition : Mededelingen der Koninklijke Nederlandsche Akademie van Wetenschappen. Afdeeling Letterkunde. Nieuwe reeks. Deel 7. – No. 3. – Amsterdam: Noord-Hollandsche Uitgevers Maatschappij, 1944. – 46 S.

Watkins 1995 ‒ Watkins, C. How to kill a Dragon : Aspects of Indo-European Poetics. – New York ; Oxford: Oxford University Press, 1995. – xvi, 613 p.

Карский 1903 ‒ Карский, Е. Ф. Белоруссы. Т. I : Введение в изучение языка и народной словесности (с приложением двух карт). – Варшава: Тип. Варшавского учебного округа, 1903. – x, 466 с.

Корбут 2005 ‒ Корбут, В. «Мы – ратаі святла, крывічы» : тры вякі крыўскай ідэі // Druvis. – 2005. – № 1. – С. 53–77.

Купала 1925 ‒ Купала, Я. Безназоўнае. – Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1925. – 104 с.

Купала 1912 ‒ Купала, Я. Паляўнічы і пара галубкоў (Легенда з індыйскай кнігі Магабгарата) // Наша ніва. – 1912. – № 37. – С. 2–3.

Купала 1910 ‒ Купала, Я. Песьня сонцу / Я. Купала // Наша ніва. – 1910. – № 27. – С. 407.

Купала 1996 ‒ Купала, Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 2. Вершы, пераклады 1908–1910. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1996. – 342 с.

Купала 1997 ‒ Купала, Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 4. Вершы, пераклады 1915–1929. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1997. – 446 с.

Купала 1913 ‒ Купала, Я. Шляхам жыцьця. – Пецярбург: Друк. Ю. Н. Эрліх, 1913. – 264 с.

Ластоўскі 1997 ‒ Ластоўскі, В. Выбраныя творы / Уклад., прадмова i каментарыi Я. Янушкевiча. – Мінск: «Беларускi кнiгазбор», 1997. – 500 с.

Ластоўскі 1910 ‒ Ластоўскі, В. Кароткая гісторыя Беларусі. – Вільня: Друк. Марціна Кухты, 1910. – 126 с.

Ластоўскі 1912 ‒ Ластоўскі, В. Музыка, Арцём. Прыгоды Панаса і Тараса. – Пинск: Тип. «Прогресс», 1912. – 32 с.

Ластоўскі 1914 ‒ Ластоўскі, В. Якога мы роду-племені // Лучынка. – 1914. – № 2. – С. 11–13.

Луцкевіч 2006 ‒ Луцкевіч, А. Выбраныя творы : праблемы культуры, літаратуры і мастацтва / Уклад., прадм., камэнт., індэкс імёнаў, пер. з пол. і ням. А. Сідарэвіча. – Мінск: Кнігазбор, 2006. – 460 с.

Луцкевіч 1928 ‒ Луцкевіч, А. За дваццаць пяць гадоў (1903–1928) : Успаміны аб працы першых беларускіх палітычных арганізацыяў : Беларуская рэвалюцыйная грамада. Беларуская сацыялістычная грамада. – Вільня: Беларускае Выдавецкае Таварыства, 1928. – 52 с.

Соловьев 1851 ‒ Соловьев, С. М. История России с древнейших времен. Кн. 1. Т. I–V. – Санкт-Петербург: Тов-во «Общественная польза», 1851. – xiv, 1726 ст.

Conan Doyle 1927 ‒ Conan Doyle, A. The Complete Sherlock Holmes / with a Preface by Christopher Morley. – New York: Doubleday & Co., Inc., 1927. – 1122 p.

Jelski 1908 ‒ Jelski, A. 100 prykazak, zahadak, prydumak i gawendaŭ, dla pażytku Biełaruskaho (Krywickaho) narodu. – Wilnia: Druk. Admunda Nawickaho, 1908. – 23 с.

Stcherbatsky 1934 ‒ Stcherbatsky, T. Professor J. P. Minayeff (The Russian Indologist) : 1840–1890 // Indian Historical Quarterly. – 1934. – Vol. 10. – P. 811–826.

  1. Курсіў мой. – С. С. ↩︎
  2. «Купалава крывіцкасць выпадковая і непаслядоўная, яна так і не стала для паэта ідэйным арыенцірам, не перайшла ў суцэльную лінію» (Корбут 2005: 55). ↩︎
  3. Курсіў мой. – С. С. ↩︎
  4. Курсіў мой. – С. С. ↩︎
  5. Курсіў мой. – С. С. ↩︎
  6. Курсіў мой. – С. С. ↩︎
  7. Курсіў мой. – С. С. ↩︎
  8. Курсіў мой. – С. С. ↩︎
  9. Курсіў мой. – С. С. ↩︎
  10. С. М. Салаўёў са спасылкай на С. Мікуцкага пісаў: «Литовское: Kirba топь, трясина. Отсюда вероятно произошло название Кривичей. Летописец говорит: “разидошася по земле, и прозвашася имены своими, где седше на котором месте”» (Соловьев 1851: 47 сл.). ↩︎
  11. Курсіў мой. – С. С. ↩︎

You may also like...