Юліуш Мерашэўскі. Расейскі “польскі комплекс” і абшар УЛБ

Мы баімся расейцаў. Мы баімся расейцаў не на полі бітвы, бо досыць нядаўна атрымалі над імі паважную перамогу. Сярод нас яшчэ жывуць людзі, якія бралі ўдзел у бітве пад Варшавай у 1920 годзе.

Мы баімся расейскага імпэрыялізму — расейскіх палітычных плянаў. Чаму расейцы жадаюць мець сатэліцкія дзяржавы — такія, як Польшча, Чэхаславакія ці Вугоршчына, — замест зычлівых, адносна нэўтральных суседзяў? Адказу на гэтае пытаньне ў межах цяперашняй сытуацыі няма. Калі б Заходняя Нямеччына сёньня мела б моцнае войска, атамную зброю і трымалася б за татальную ідэю рэваншу — тады роля сатэліцкіх дзяржаваў як ахоўнага валу Расеі была б зразумелай. Але ж — як мы ведаем — сучасная Нямеччына ня мае нічога супольнага зь мілітарызмам. У маёй нямецкамоўнай кнізе, якая выйшла 10 гадоў таму, я высунуў рызыкоўны погляд, што нямецкія танкі ніколі ўжо ня зьявяцца ў прадмесьцях Масквы. У гісторыі паўтараюцца пэўныя сытуацыйныя сыстэмы і схемы. Але ў бальшыні выпадкаў гісторыя ёсьць каталёгам першаўзораў. Гісторыя зачароўвае тым, што „тое самае” ніколі ня ёсьць „тым жа самым” і амаль ідэнтычныя сытуацыі ў новых выданьнях прыводзяць да адрозных вынікаў.

Тым ня менш гістарычная абумоўленасьць выклікае тое, што надзвычай вялікая вага надаецца т.зв. няўлоўным фактарам, а надзвычай маленькая — пераменам. Асабліва старыя людзі — такія, як той, хто піша гэтыя словы, — схільныя паўтараць, што насампраўду рэчы ніяк не зьмяняюцца. Расея імпэрыялістычная, бо заўсёды была імпэрыялістычнай. Інстынкт няўлоўных фактараў нашэптвае нам, што і немцы ў сапраўднасьці не зьмяніліся, і калі надыдзе спрыяльны момант, узброяцца да зубоў і пойдуць заваёўваць нашыя заходнія землі.

Палітыка на 70, а можа і на 80 працэнтаў ёсьць дыскусіяй на тэму гісторыі. Ніхто з нас дакладна ня ведае, пра што гавораць падчас таемных нарадаў чальцы палітычнага бюро ў Крамлі. Ніхто з нас ня ведае, што ў глыбіні душы думае і плянуе Брэжнеў. З гісторыі мы, аднак, ведаем, пра што думалі і што плянавалі яго папярэднікі на працягу апошніх двухсот гадоў. І мы дапускаем, што Брэжнеў думае так жа сама як і ягоныя папярэднікі, бо „насамрэч нічога не зьмяняецца”.

Відавочна, гістарычная абумоўленасьць у дадзенай сытуацыі можа знаходзіцца ў відочнай супярэчнасьці з рэчаіснасьцю — але ўвогуле гісторыя валодае большай сілай сугестыі, чым сучаснасьць. Гісторыя пануе над сучаснасьцю, як бацька пануе над сваім непаўнагадовым сынам.

Мы глядзім на Расею, будучы абцяжаранымі гістарычным балястам. Але ці ж расейцы ня гэтаксама абцяжараныя гістарычным балястам, калі глядзяць на Польшчу?

Эдгар Сноў у сваёй кнізе пад загалоўкам „Journey to the Beginning” прыводзіць вельмі даўгую размову сам-насам з Максімам Літвінавым у Маскве. Размова адбылася бязь сьведкаў 6 кастрычніка 1944 году.

Можа варта прыгадаць, што Літвінаў быў пабраўшыся з ангелькай, добра ведаў Захад і хутка гаварыў па-ангельску. У той час ягоная кар’ера падыходзіла да канца, што ён цалкам усьведамляў.

Калі Сноў запытаўся яго пра Польшчу — Літвінаў адказаў, што расейцы ні ў якім разе ня могуць пагадзіцца на вяртаньне „бэкаўскай групы” (так Літвінаў акрэсьліў польскі ўрад у Лёндане).

Цікава, што Літвінаў ня высунуў ніякіх ідэалягічных запярэчаньняў. Ён не казаў пра польскіх рэакцыянэраў, капіталістаў ці абшарнікаў. Затое распавёў, што польскі ўрад у Лёндане — а асабліва Саснкоўскі — рэпрэзэнтуе канцэпцыю польскага гістарычнага імпэрыялізму, які імкнецца да аднаўленьня польскай імпэрыі ХVІ і ХVІІ стагодзьдзяў. На думку Літвінава, Бэцк быў гатовы схаўрусавацца зь немцамі дзеля дасягненьня гэтай мэты, а лёнданскія палякі дзеля той самай мэты гатовыя схаўрусавацца з амэрыканцамі.

Вынішчаным гітлераўскай акупацыяй і падпольнай барацьбой, нам не ставала проста біялягічных сілаў — мы марылі пра кавалак польскага даху на галавой, а не пра імпэрыю. Але для Літвінава мы былі патэнцыйнымі супернікамі.

Я асабіста быў у здумленьні, чытаючы спавешчаньне Эдгара Сноў — бо мне падавалася трагікамічным, што дасьведчаны палітык мог у 1944 годзе запасочыць нас у імпэрыялізме. Тое самае было б, калі б паміраючага ад голаду жабрака нехта з усёй сур’ёзнасьцю засьцерагаў бы ад небясьпекі злоўжываньня ежай і пітвом.

Аднак… паўторна перачытаўшы выказваньні Літвінава, я прыйшоў да высновы, што ў іх няма нічога камічнага. Літвінаў глядзеў на Польшчу так, як палякі глядзяць на Расею — з пазыцыі гістарычнай абумоўленасьці.

Для расейцаў польскі імпэрыялізм ёсьць вечна жывой гістарычнай плыньню. Ня трэба прыгадваць досыць аддаленыя часы, каб знайсьці сьведкаў польскай прысутнасьці ў Кіеве.

Калі Мікалайчык сказаў Сталіну, што Львоў ніколі не ўваходзіў ў склад расейскай імпэрыі, Сталін адказаў: „Львоў не належаў Расеі, але ж Варшава належала”. А праз хвіліну дадаў: „Мы памятаем, што палякі былі некалі ў Маскве”.

Шмат хто з нас лічыць, што палякі вылекавалі сябе ад імпэрыялізму. Расейцы, аднак, трымаюцца адрознага меркаваньня. Гістарычная абумоўленасьць падказвае ім запасочаньне, што калі б палякі здабылі незалежнасьць — яны крочылі б імпэрскім шляхам, зь якім сябе заўсёды ідэнтыфікавалі.

Ці сапраўды ў нас памёрла гэтае імпэрскае імкненьне — ці гістарычны расейскі „польскі комплекс” сапраўды ня мае падставаў?

Ня думаю. Шмат жывых сучасных палякаў мараць ня толькі пра польскі Львоў і польскую Вільню, але нават і пра польскі Менск і Кіеў. Шмат палякаў лічаць ідэалам незалежную Польшчу ў фэдэрацыі зь Летувой, Украінай і Беларусяй. Іншымі словамі, альтэрнатывай расейскаму імпэрыялізму можа быць толькі польскі імпэрыялізм, і так было заўсёды.

З гэтай нагоды варта, напэўна, прааналізаваць адну тыповую эміграцыйную зьяву. Пасьля зьяўленьня на бачынах „Kultury” майго артыкулу пад назвай „Польская Ostpolitic” — я атрымаў шмат лістоў ад палякаў з розных краінаў сьвету, якія выражалі поўную падтрымку праграмы, выкладзенай у цытаваным артыкуле. Ставала таксама й лістоў ад людзей пяра. Колькі зь іх заўважылі, што ўжо даўно зьмірыліся з думкай пра страту Львова і Вільні, хаця на гэтую тэму не пісалі, каб ня цьвеліць грамадзкую думку.

Мы дайшлі да парадаксальнай сытуацыі. Погляды эміграцыі эвалюцыянуюць і зьмяняюцца — затое погляды establishment’у і прэсы, якой яна кіруе, ўжо напрацягу 30 гадоў не зьмяняліся. Мала таго — я маю доказы, што нават пэўныя людзі, якія належаць да эміграцыйнага establishment’у, падзяляюць нашыя погляды ў справе Львова і Вільні, але ніколі не засьведчылі б гэтага публічна, каб не сапсаваць рэпутацыю. Чыю рэпутацыю?

Існуюць дзьве групы людзей, якія адпрэчваюць усякія аргумэнтацыі і дыскусіі у гэтай справе. Да першай групы належаць насамперш людзі, якія паходзяць з Малой Усходняй Польшчы або зь Віленшчыны. Прывязанасьць гэтых палякаў да зямлі — хоць не айчыннай, але роднай — робіць немагчымым прыняцьце разумовых аргумэнтаў.

Да другой групы належаць людзі, якія, трымаючыся за тытул легалізму, зводзяць незалежніцкую ідэю да абсурднай канцэпцыі рэстаўрацыі Другой Рэчы Паспалітай. Няма іншай Польшчы, апрача Польшчы, збудаванай на перадверасьнёўскай Канстытуцыі з Прэзыдэнтам, Соймам і Сэнатам. Толькі адроджаная Другая Рэч Паспалітая магла бы праз пастановы сойму, зацьверджаныя прэзыдэнтам, адмовіцца ад Вільні ці Львова.

Загана гэтай канцэпцыі складаецца ў тым факце, што калі можна прыняць за аксыёму, што калі ня мы, дык наступнае пакаленьне дачакаецца незалежнасьці Польшчы — трэба таксама палічыць аксыёмай, што перадверасьнёўская Канстытуцыя ня будзе дзейнічаць на тэрыторыі Польшчы ніводнага дня. Вызваленая нацыя абярэ сойм, які прыме новую канстытуцыю, адпаведную новым палітычным, грамадзкім і эканамічным умовам. Пераважная бальшыня грамадзтва як на Радзіме, так і на эміграцыі ня мае на гэты конт ніякіх сумневаў.

У выніку, хаця ніхто і ня верыць у далучэньне Вільні ці Львова да Польшчы — але ўсе афіцыйна падтрымліваюць гэны міт зь легалістычных меркаваньняў. Апрача таго пануе агульная думка, што паколькі легальны эміграцыйны ўрад ня можа праводзіць ніякай рэальнай палітыкі, усе роўна, прэтэндуе ён на Львоў і Вільню ці на Менск і Кіеў.

Вось жа насамрэч зусім ня ўсё роўна. На эміграцыі мы ня можам праводзіць ніякіх тэрытарыяльных зьменаў, але можам і павінны ўсталяваць пэўныя прынцыпы. На Захадзе паўстае новая расейская эміграцыя. Мы павінны навязаць дыялёг з гэнымі людзьмі і знайсьці паразуменьне. І першае пытаньне ў гэтым дыялёгу мусіць датычыць нацыянальнай справы.

Новыя расейскія эмігранты — гэта антысавецкія эмігранты. Мы аднак ведаем, што расейскімі імпэрыялістамі былі людзі вельмі далёкія ад камунізму ці сацыялізму. Таму спраўджаньнем палітычнай падставы кожнага новага расейскага эмігранта павінна быць яго стаўленьне да нацыянальнага пытаньня.

Відавочна, што тое самае спраўджаньне мы павінны ўжываць і ў дачыненьні да нас саміх. Мы ня можам стаяць на пазыцыі, што кожная вяліка-расейская праграма ёсьць імпэрыялізмам, у той час як польская ўсходняя праграма — ніякі не імпэрыялізм, але толькі ўзьнёслая ягелонская ідэя.

Іншымі словамі, мы можам дамагацца ад расейцаў вырачэньня ад імпэрыялізму толькі з той умовай, што мы самі раз і назаўсёды адрачэмся ад нашага традыцыйна-гістарычнага імпэрыялізму ўва ўсіх яго формах і праявах.

Ягелонская ідэя толькі для нас ня мае нічога супольнага з імпэрыялізмам. Аднак для летувісаў, украінцаў і беларусаў яна ёсьць найчысьцейшай формай традыцыйнага польскага імпэрыялізму. Рэч Паспалітая абодвух народаў скончылася поўнай палянізацыяй літоўскай шляхты, і найгарачае прызнаньне ў каханьні да Літвы („Літва, мая Айчына, ты як Здароўе”) было напісанае польскай мовай. Паляк ня можа сабе нават уявіць падобнай сытуацыі. Ці можна сабе ўявіць Славацкага, які піша выключна па-расейску? Расейцы намагаліся нас русіфікаваць, але ня здолелі адабраць у нас ніводнага паэта ці пісьменьніка. Наадварот, русіфікацыйны ціск выклікаў у ХІХ стагодзьдзі небывалы росквіт польскай літаратуры і мовы.

Прыемна казаць сабе, што польская культура прыцягальная — прынамсі значна больш, як расейская культура. Але гэты самы факт у летувіскай ці ўкраінскай ацэнцы азначае, што палякі ёсьць больш пагрозьлівымі асымілятарамі, чым расейцы. Патрэбны толькі адпаведны спрыяльны момант, каб палякі змаглі цалкам выпрастаць свае асымілятарскія крылы.

Расейцы пакрываюць карту прыцягальнасьці польскай культуры вілаводнасьцю сваёй нацыянальнай палітыкі. У Вільні выходзіць штодзённая польская газэта, прыязджаюць тэатры з ПНР — і да т.п. Гэтая апэрацыя праводзіцца не для палякаў, якія, жывучы ў Летуве, прагнуць роднага слова. З расейскага гледзішча ўплывы польскай культуры — нават у выданьні ПНР — гальмуюць працэс вытварэньня чыста летувіскага нацыяналізму і разьвіцьцё летувіскай культуры. Відавочна, усё, што гальмуе працэс культуралізацыі летувіскай нацыянальнай апрычонасьці — шчыра вітаецца ў Маскве.

Ува Ўсходняй Эўропе — калі на гэтых землях некалі ўсталюецца ня толькі мір, але і свабода — ня мае мейсца ніводзін імпэрыялізм — ні польскі, ні расейскі. Мы ня можам балбатаць пра тое, што расейцы павінны аддаць украінцам Кіеў, і адначасна галасіць, што Львоў павінен быць вернутым Польшчы. Гэта і ёсьць тая „падвойная бугальтэрыя”, якая ў мінуласьці зрабіла для нас немагчымым зламаць бар’еры гістарычнага недаверу паміж Польшчай і Расеяй. Расейцы падазравалі, што мы зьяўляемся анты-імпэрыялістамі толькі ў дачыненьні да расейцаў — г.зн. мы прагнем замяніць расейскі імпэрыялізм імпэрыялізмам польскім.

Калі для спрашчэньня абшар Украіны, Летувы і Беларусі мы пазначым літарамі УЛБ — дык трэба сьцьвердзіць, што ў мінуласьці — а часамі і сёньня — абшар УЛБ быў чымсьці большым, чым проста „косткай нязгоды” паміж Польшчай і Расеяй. Абшар УЛБ вызначаў форму польска-расейскіх зносінаў, падштурхоўваючы нас або да імпэрыялізму, або да сатэліцтва.

Вар’яцтвам было б дапушчаць, што праз прызнаньне праблемаў УЛБ ўнутранадзяржаўнай расейскай справай Польшча можа наладзіць свае зносіны з Расеяй. Суперніцтва паміж Польшчай і Расеяй на гэных абшарах заўсёды мела на мэце ўсталяваньне перавагі, а не добрасуседзкіх польска-расейскіх зносінаў.

З расейскага гледзішча ўлучэньне абшараў УЛБ ў расейскую імпэрыю ёсьць адзінай умовай, якая робіць магчымым зьмяншэньне Польшчы да сатэліцкага статусу. Паводле маскоўскай пэрспэктывы Польшча павінна быць сатэліцкай ў той ці іншай форме. Гісторыя вучыць расейцаў, што сапраўды незалежная Польшча заўсёды даходзіла да Вільні і Кіева і імкнулася ўсталяваць сваю перавагу на абшарах УЛБ. Калі б гэтыя гістарычныя імкненьні палякаў скончыліся б пасьпяхова — гэта было б раўназначна ліквідацыі імпэрскай пазыцыі Расеі ў Эўропе. Іншымі словамі, Польшча ня можа быць сапраўды незалежнай, калі Расея мае захоўваць імпэрскі статус у Эўропе.

З польскага гледзішча справа маецца аналягічнай. Мы шукалі перавагі на абшарах УЛБ — ці вайсковым шляхам, ці высоўваючы фэдэрацыйныя пляны — бо гісторыя вучыць нас, што Расея, якая дамінуе на гэтых тэрыторыях, ёсьць непераадольным супернікам. З рук пераможнага суперніка нельга чакаць нічога, апрача няволі.

Я хацеў бы падкрэсьліць два моманты. Па-першае — немагчыма дыскутаваць на тэму польска-расейскіх зносінаў, не зважаючы на абшары УЛБ — бо польска-расейскія дачыненьні заўсёды былі функцыяй сытуацыі, якая на дадзены гістарычны пэрыяд панавала на гэных абшарах.

Калі б не было Гітлера, калі б не было Другой Сусьветнай вайны, калі б немцы былі мірна навучаныя добрымі эўрапейцамі — незалежнасьць Польшчы ўсё адно была б пад пагрозай з боку Расеі, бо ў 20-м годзе мы атрымалі перамогу пад Варшавай, але не пад Кіевам. Пасьля сьмерці Сталіна скончыліся б чысткі і зьнішчэньні лепшых афіцэраў савецкай арміі, Расея распачала б гонкі ўзбраеньняў, якія Польшча, мяркуючы па ўсім, мусіла прайграць. Раней ці пазьней ваенная перавага Расеі над Польшчай сталася б нагэтулькі значнай, што Масква — з дапамогай або без дапамогі немцаў — навязала б нам свой пратэктарат. Гэта папросту ляжала ў картах, і ў Польшчы ставала палітычных пісьменьнікаў, якія гэта ўсьведамлялі. Адольф Бачэўскі, выдатны публіцыст, які загінуў пад Анконай — згодна з сваёй тэзай, што „з гэтай вайны не належыць вяртацца” — у кнізе, выдадзенай Ежым Гедройцам на пачатку эры „Новай Нямеччыны” — калі яшчэ ніхто ў Эўропе не задаваўся пытаньнем, хто такі Гітлер, і якія ў яго пляны — раіў знайсьці паразуменьне зь немцамі. Мэтай гэтага паразуменьня павінна было быць адарваньне ад Расеі Ўкраіны. Заўсёды гаворка заходзіць пра Ўкраіну, Летуву, Беларусь, бо сытуацыя на гэных абшарах вызначае польска-расейскія дачыненьні.

І другі момант. Мне здаецца, што наколькі расейцы заўсёды недаацэньвалі ўкраінцаў і недаацэньваюць іх надалей, нагэтулькі яны пераацэньвалі і надалей пераацэньваюць палякаў. Яны заўсёды бачылі ў нас супернікаў, або сапраўдных, або патэнцыйных. Хрушчоў сапраўды дазволіў вывезьці з Львова Рацлавіцкую Панараму, але адначасова катэгарычна забараніў доступ да Панарамы польскай грамадзкасьці. Бо лічыў, што Рацлавіцкая Панарама будзе нагадваць палякам пра збройнае паўстаньне супраць Расеі. Славуты эпізод з пастаноўкай Міцкевічавых „Дзядоў” адбываўся на той самай асноведзі.

Па вялікім рахунку, мне асабіста падаюцца нашмат больш праўдападобнымі „сьнежаньскія выступленьні” ў Польшчы, чымся выбух збройнага паўстаньня супраць Расеі. На эміграцыі няма ніводнага палітыка, які б заклікаў палякаў на радзіме да паўстаньня. Затое расейцы баяцца ня гэтулькі грамадзкай рэвалюцыі ў Польшчы, як нацыянальнага паўстаньня. Гэтаксама яны вераць, што працоўная рэвалюцыя з мэтай скінуць партыйнага кіраўніка і ягоны рэжым — ахапіла бы за некалькі дзён эканамічна-грамадзкую сфэру і перарасла б у агульнанацыянальны супраціў Расеі.

Мы мусім таксама памятаць, што палякі, а не расейцы перажылі шок Варшаўскага паўстаньня, шок здрады Польшчы заходнімі хаўрусьнікамі, шок акупацыі краіны савецкім войскам. Мы татальна прайгралі вайну, таму што не засталося ні шматка ад незалежнай Рэчы Паспалітай. Наша канцэпцыя Польшчы як бастыёну заходняй цывілізацыі была зрынутая ў руіны. Нам здрадзіла наша ўласная гісторыя, якой мы збудавалі алтары літаратурай, мастацтвам, музыкай. Мы зрабілі найстрашнае адкрыцьцё, якое нацыя можа зрабіць, а менавіта адкрылі, што гісторыя ёсьць чарнавіком цыдулак зь „мёртвага дому”, а не жывой мінуласьцю, якая спраўджвае сябе ў цяпершчыне. У такіх умовах паляку складана было ня стацца гістарычным рэвізіяністам. Ня дзіва, што нават каталіцкія і некамуністычныя пісьменьнікі, якія адхрышчваліся нават ад сацыялізму — на руінах „экзатычных саюзаў” — агучвалі погляд, што хаўрус з Савецкім Саюзам павінен стацца краекутным каменем польскай палітыкі. Гэта было сьвядомай адмовай ад поставы суперніка і прыняцьцем паставы васала.

Але трэба памятаць, што гэтыя траўматычныя досьведы перажываліся аднабакова толькі палякамі і датычылі толькі палякаў, а не расейцаў.

Няма такога спакмяня, які б акрэсьліваўся аптымістычнай назвай „усеагульная гісторыя”. Няма ня толькі ўсеагульнай гісторыі — але няма нават эўрапейскай гісторыі. Існуюць толькі гісторыі: польская, расейская, француская, нямецкая і г.д. Бітва пад Вэнай з каралём Сабескім на першым пляне, убачаная польскай гісторыяй, мала нагадвае бітву пад Вэнай, убачаную гісторыяй нямецкай.

Гісторыя ёсьць затрыманай на бегу палітыкай. Таму палітычны пісьменьнік павінен умець глядзець на гісторыю з птушынага палёту. У выпадку, які нас цікавіць, палітык павінен умець зірнуць на ланцуг падзеяў як вачыма паляка, так і вачыма расейца. Бо палітыка ёсьць далейшым працягам гісторыі, і нельга зразумець расейскую палітыку, не зразумеўшы, як расейцы адчуваюць гісторыю. Польская нацыя заўсёды адыгрывала важную ролю ў расейскай гісторыі, і небескарысным было б дакладна спазнаць тыя пэрспэктывы, празь якія на нас глядзяць расейцы.

Сытуацыя ў заключным пэрыядзе другой сусьветнай вайны нагадвала сытуацыю пасьля бітвы пад Енай. Напалеон панаваў над усёй Эўропай, незваяванымі засталіся толькі дзьве дзяржавы, то бок Расея і Ангельшчына. Напалеон быў у Маскве, Гітлер быў на прадмесьцях Масквы. У абодвух выпадках галоўнымі хаўрусьнікамі расейцаў былі клімат і прастора. На людзей з Заходняй і Сярэдняй Эўропы расейскія прасторы робяць неапісальныя ўражаньні. У Францыі ці ў Нямеччыне сто кілямэтраў — гэта вялізарная адлегласьць. У Расеі сто кілямэтраў — гэта нішто. У нататніку аднаго зь нямецкіх афіцэраў я натыкнуўся на вызначэньне, што Расея — краіна без далягляду. За небакраем, калі ты дайшоў да яго, ёсьць новыя палі, пагоркі і рэкі, а за новым небакраем — новыя палі, пагоркі і рэкі, і так бясконца, тыдзень за тыднем, месяц за месяцам. Цытаваны афіцэр піша, што нават улетку, пасьля шматлікіх тыдняў маршу, гэтая бясконцая расейская прастора выклікае нават у найцьвярдым чалавеку ўрэшце пачуцьцё бязмоцнасьці.

Расейцы панесьлі вялізарныя страты. Але гісторыя ім ня здрадзіла — гэта значыць, што цяпершчына пацьвердзіла мінуласьць. Арміі Гітлера, як і арміі Напалеона, выснаджаныя кліматам і расейскай прасторай, былі разьбітыя і прагнаныя далёка за межы расейскай імпэрыі.

Тэхналягічны перакрут — летакі і танкі — выхапіў з рук Польшчы нашу традыцыйную зброю, г.зн. кавалерыю. Мы несумнеўна мелі лепшую кавалерыю ў Эўропе, але ў нашым выпадку сучаснасьць не пацьвердзіла гісторыі. Наадварот, традыцыя выявілася бяззубай старушкай супраць матарызваных панцырных калюмнаў, якія перамаглі нас усяго за 17 дзён.

Усё, што я напісаў вышэй, мае на мэце адлюстраваць той факт, што гісторыя ня здрадзіла Расеі, але, наадварот, пацьвердзіла традыцыйныя расейскія прынцыпы. У выніку расейцы — у адрозьненьне ад палякаў — лічаць, што ад часоў бітвы пад Енай нічога не зьмянілася. Расея цяпер па-іншаму ўладкаваная, але, як і даўней, яна імпэрская і непераможная. З нашага польскага сьвету выпаў спод — як гэта вобразна можна было б сказаць па-ангельску. Але з расейскага сьвету рэвалюцыя ня выбіла спод, бо Расея ёсьць і застаецца гістарычна ідэнтычнай, г.зн. імпэрыялістычнай і захопніцкай.

Возьмем яшчэ адзін прыклад. Рэвалюцыя і параза атаманскай імпэрыі ў Першай Сусьветнай вайне пазбавілі Турцыю яе гістарычнай ідэнтычнасьці. Турцыя перастала быць імпэрскім гаспадарствам. Як вынік, сучасныя туркі мысьляць зусім інакш, чым іх дзяды і прадзеды яшчэ колькі гадоў таму. Затое кастрычніцкая рэвалюцыя не адабрала ў Расеі яе імпэрыю і не зьмяніла ні на ёту расейскую гістарычную дыспазыцыю. Сталін пасьля Другой Сусьветнай вайны паводзіў сябе і чыніў як цар і самадзержца Ўсерасіі — сымбаль і прадстаўнік расейскай імпэрскай ідэі.

Усе мы пра гэта ведаем, затое няшмат з нас думаюць пра тое, што гэны расейскі гістарычны кансэрватызм зьмяшчае ў сабе гэтаксама ацэнку Польшчы і палякаў. Літвінаў казаў пра аднаўленьне польскай імпэрыі ХVІ і ХVІІ стагодзьдзяў, што падаецца нам камічным, але для Літвінава — у адрозьненьне ад нас — дваццатае стагодзьдзе было далейшым працягам ХVІ і ХVІІ стагодзьдзяў з той самай традыцыйнай праблематыкай, не вылучаючы і польскай праблематыкі. Як і цары, Сталін, Літвінаў і Брэжнеў лічаць, што на абшарах Украіны, Літвы і Беларусі могуць панаваць або палякі, або расейцы. Няма трэйцяга гістарычнага рашэньня — існуе толькі выбар паміж польскім і расейскім імпэрыялізмам.

Расейцы пераацэньваюць нас, бо глядзяць на нас з расейскай гістарычнай пэрспэктывы. Затое палякі — хоць і гордыя, а яшчэ часьцей сэнтымэнтальныя з нагоды сваёй гістарычнай мінуласьці — лічаць у гэты час, што гэтая імпэрская слава ня мае нічога супольнага зь цяперашняй рэчаіснасьцю.

Мы паводзім сябе, як шляхціц, які страціў свой маёнтак. Кепская гаспадарка, павароты лёсу, і перадусім ліхі сусед, зрабілі так, што мы страцілі свой „маёнтак”, які нам належаў згодна з боскім і людзкім правам. Мы аднак суцяшаем сябе тым, што „справядлівасьць падзеяў” пакарала ўкраінцаў, летувісаў і беларусаў, бо тыя прамянялі добрых польскіх паноў на ліхіх савецкіх паноў.

На працягу трохсот гадоў мы мелі перавагу на Ўсходзе. Калі прызнаць паваротным пунктам у польска-расейскіх дачыненьнях мір Грымултоўскага (1 траўня 1686 г.), — трэба сьцьвердзіць, што на дадзены момант Расея ўжо 300 гадоў трымае перавагу на Ўсходзе. Гэтая „альтэрнатыўнасьць” — альбо мы, альбо яны — зрабіла немагчымай нармалізацыю дачыненьняў паміж Польшчай і Расеяй. Гэная „альтэрнатыўнасьць” ёсьць прычынай таго, што як палякі, так і расейцы ня вераць у трэйцяе рашэньне, і — паколькі tertium non datur — мы прымаем сатэліцтва як сумнае, але сапраўднае становішча рэчаў. У сыстэме „альбо мы, альбо яны” гэтым разам перамаглі яны.

Аднак ёсьць розьніца паміж палякамі і расейцамі. Перавагу расейцаў пацьвердзіла Гісторыя. У той час як нашыя змаганьні, паўстаньні, нават перамогі — Гісторыя зьвярнула ў нівеч. Мы трымаемся за сыстэму „альбо мы, альбо яны”, бо ня ведаем іншай сыстэмы. Але бальшыня палякаў ужо ня верыць у гэтую сыстэму, ня верыць, што мы зможам хоць-калі здабыць перавагу над Расеяй. Дзіцем гэтай няверы ёсьць сатэліцкая мэнтальнасьць і сэрвілізм.

Я таксама ня веру ў сыстэму „мы альбо яны” — ня веру, што мы былі некалі ў стане прагнаць Расею ад заставаў Пярэмышля пад Смаленск. Я гэтаксама лічу, што менаваная сыстэма — хоць і з глыбокімі гістарычнымі каранямі — зьяўляецца сёньня анахранізмам, барбарскім анахранізмам. Украінцы, летувісы і беларусы ў дваццатым стагодзьдзі ня могуць быць пешкамі ў польска-расейскай гульні.

Я хацеў паказаць, што сыстэма „мы альбо яны” — хоць і бярэ сваю сілу із шматвяковай традыцыі — ёсьць насамрэч атручанай крыніцай. Мы мусім шукаць кантактаў і паразуменьня з расейцамі, гатовымі прызнаць права самастойнасьці за беларусамі, украінцамі, летувісамі і, што нагэтулькі ж важна, мы самі мусім раз і назаўсёды адмовіцца ад Вільні, Львова і якой-любя палітыкі ці плянаў, якія б мелі на мэце ўстанаўленьне нашай перавагі на Ўсходзе коштам памянёных вышэй нацыяў. Як палякі, так і расейцы павінны зразумець, што толькі не-імпэрыялістычная Польшча і не-імпэрыялістычная Расея мелі б шанец упарадкаваньня і злагоджаньня сваіх дачыненьняў. Мы павінны зразумець, што ўсялякі імпэрыялізм ёсьць ліхам, як польскі, так і расейскі — як зрэалізаваны, так і патэнцыйны, які чакае зручнага моманту.

За ўкраінцамі, летувісамі і беларусамі павінна быць прызнанае поўнае права на самастанаўленьне, бо гэтага вымагае польска-расейская рацыя становішча. Толькі такім шляхам стаецца магчымым зруйнаваньне катастрафічнай сыстэмы „мы альбо яны” — сыстэмы, якая сёньня падарыла расейцам саюз з сатэліцкай Польшчай, але якая гэтаксама гарантуе, што калі назаўтра выбухне расейска-кітайская вайна, пераважная бальшыня палякаў будзе жадаць перамогі кітайцаў.

З вышэй прааналізаваных прычынаў вынікае, што т.зв. нацыянальнае пытаньне ёсьць ня толькі расейскай, але і расейска-польскай падставовай праблемай. Толькі радыкальнае разьвязаньне гэтай праблемы мае сілу зьмяніць польска-расейскія дачыненьні.

Здаецца, што працэнт расейцаў, якія ўсьведамляюць гэтую праблему, расьце. Я яшчэ раз хачу заакцэнтаваць, што мэнтальнасьць „мы альбо яны” павінна згаснуць ня толькі сярод расейцаў, але і сярод палякаў. Гэта двухбаковы працэс. Палякі, якія чакаюць хвіліны адплаты і рэстаўрацыі „каменнага мура” — інтэнсыўна сілкуюць расейскі імпэрыялізм.

Ува ўступе гэтага артыкула я згадваў М. Літвінава, для якога гістарычная сыстэма „мы альбо яны” была ў 1944 годзе нагэтулькі ж жывой і сапраўднай, як і на працягу 300 мінулых гадоў. Літвінаў меркаваў, што трэба канчаткова завершыць справу, распачатую падчас Андрусоўскага замірэньня (30. І. 1667 г.), калі Польшча аддала Маскве Смаленск, Чарнігаўшчыну, Севершчыну, Север і Кіеў.

Дакладна праз трыццаць гадоў пасьля размовы Эдгара Сноў з М. Літвінавым, унук гэнага Максіма Літвінава — Павел Літвінаў — навязаў кантакт з парыскай „Kultura’й” і наблізіўся да нашага гледзішча.

І ўрэшце апошні пункт гэных развагаў. Сёньня палякі непрыязна ставяцца да ўзьнёслых лёзунгаў, штампаў, да ўсякага кшталу рамантычнай фразэалёгіі. Я аднак не магу пазбыцца ўражаньня, што разам са сваім анты-рамантызмам палякі выліваюць дзіцятка разам з вадой з купелі. Палітыка нацыі ў няволі павінна злучаць людзей розных перакананьняў і таму павінна абапірацца на маральны ідэал, які б ачышчаў нашу незалежніцкую праграму і надаваў ёй этычнае вымярэньне. І гэтага маральнага, звышнацыянальнага вымярэньня не стае ўсім сучасным незалежніцкім праграмам.

Немагчыма нікога захапіць ідэяй эканамічнага росту ці лёзунгам „каляровы тэлевізар у кожнай хаце і машына каля кожнай хаты”. Хоць усе жадаюць займець машыну — ніхто ня будзе паміраць за машыну і каляровы тэлевізар. У Віетнаме, на Сярэднім Усходзе, у Паўночнай Ірляндыі, у Анголе ці ў Мазамбіку — людзі паміраюць дзеля часта памылковых, але горача вызнаваных ідэяў.

Сярод цяперашніх палякаў — як на радзіме, так і ў замежжы — нішто, літаральна нішто ня ёсьць горача вызнаваным. Безідэйныя людзі („сьмерць фраерам”) ёсьць абсалютна безбароннымі перад перавагай у сіле і зьяўляюцца клясычным матарыялам для вырабу нявольнікаў.

Чытаючы „Архіпэляг ГУЛаг”, прыходзіш да высновы, што гэтыя велізарныя, шматмільённыя табары былі б немагчымымі без супрацоўніцтва вязьняў. Філязофія „сьмерць фраерам”, якую вызнавала пераважная бальшыня вязьняў, у камбінацыі зь перавагай савецкай сілы — робяць з „Архіпэлягу ГУЛаг” пасьпяховы business.

Відавочна, найвялікшымі фраерамі ёсьць тыя, што вызнаюць лёзунг „сьмерць фраерам”, і „Архіпэляг ГУЛаг” ёсьць манумэнтальным пацьверджаньнем гэтай тэзы.

Ідэя самавызначэньня і свабоды для братніх нацыяў, якімі мы аддзеленыя ад Расеі — пры адначасовым шчырым вырачэньні ўсякіх імпэрыялістычных плянаў — да якіх трэба залічыць і надзею палагодзіцца з Масквой па-над галовамі і коштам гэтых нацыяў — гэтак зразуметая праграма магла б прышчапіць польскай палітыцы высокі маральны матыў, якога ёй сёньня так нестае.

Што мы маем супрацьпаставіць „Архіпэлягу ГУЛаг” — калі прызнаць яго сымбалем сыстэмы? Мы ня маем Салжаніцыных — але маем Івашкевічаў, апосталаў ліцэнзійнага посьпеху. На эміграцыі мы маем упарты антыкамунізм, які не прадукуе нічога, апрача лютай нянавісьці да Расеі. Гэтаму антыкамунізму нестае маральнага вымярэньня, паколькі ён зьнітаваны з нацынальным эгаізмам, ці нават з вузкім нацыяналізмам. „ГУЛаг” цікавіць нас адно таму, што ў гэтай пірамідзе мёртвых целаў і душаў можна ўбачыць прадвесьце распаду Расеі, што ў сваю чаргу зрабіла б для нас магчымым вярнуць Польшчы Вільню, Львоў, а можа і штосьці яшчэ.

Мы павінны вярнуцца да Міцкевіча. Ён лепей і прўдзівей за нас разумеў слова „свабода” і яго маральнае вымярэньне.

Juliusz Mieroszewski, „Kultura” 1968[5].

З польскай мовы пераклаў М.Баярын.

You may also like...