Павал Касцюкевіч. Што гістарычная праўда, а што — не (ў старазапаветных гісторыях)

 

 

Давід, цара падвід

1993 быў паспяховы для біблійных даследванняў. На самай поўначы сучаснага Ізраілю археалагічная экспедыцыя знайшла старадаўнюю стэлу. На корпусе стэлы ўладар дзяржавы Арам-Дамаск паводле тадышняй завядзёнкі выхваляецца сваімі трафеямі пераможнай вайны, ды прыкладае даўгія спісы тых, каго ён абклаў данінай і зваяваў. Сярод апошніх фігуруе і ўладар Давід.

Алелюя! Майсей, Ісус Навін, Дэвора, Саул, Саламон, Эстэр…. Цяпер мы маем каменны доказ існавання аднаго з — і гэта ўжо нямала! — старазапаветных супергерояў.

Бо па шчырасці, да 1993 года максімалісты, то бок навуковая школа, якія лічыць, што апісаныя ў Бібліі гістарычныя факты збольшага праўда, дужа маркоціліся. Цяпер жа ў іх запалала кволая надзея, маўляў, можна пакрысе адваяваць у апанентаў пазіцыі, паздаваныя за апошняе сто год.

Бо як жа ўдала пачыналася дваццатае стагоддзе для максімалістаў! Здаецца, ўсё працавала на смычку біблійнага тэксту з гістарычнай навукай. Першыя раскопкі пацвердзілі колішняе існаванне шмат якіх геаграфічных аб’ектаў — Кедэша, Мегіда і Лахіша. Немцы і амерыканцы, а таксама новыя-старыя гаспадары гэтых абшараў — ізраільцы, перакапалі Святую Зямлю ўздоўж і поперак, і знайшоўшы, э-э, прыблізна тое, пра што і чыталі ў Кнізе кніг.

Але з цягам працы навуковага аптымізму меншала. Пазабіблейныя тэксты, знойдзеныя тадысама, паставілі пад сумнеў існаванне агульнай вялікай габрэйскай дзяржавы пад кіраўніцтвам уладара Саламанома і яго нашчадкаў. Не знойдзена доказу існавання ніводнай старазапаветнай постаці, уключаючы Саламона. Агаліліся абмежаванні археалогіі — яна добра апісвае калі і як разбураліся гарады, але кепска тлумачыць чаму. Новы хімічны метад, радыёвугляроднае датаванне, не пакінуў каменя на камяні ад многіх біблійных дат.

Вось жа, Стары Запавет як крыніца гістарычнай праўды адыходзіў у цень. Калі б не знаходка ў Тэль-Дане, канец дваццатага стагоддзя ў бібліістыцы мог стаць пачаткам эпохі расчараванняў.

Дзеля справядлівасці трэба заўважыць, што тэль-данаўская знаходка стала халодным душам таксама для апанентаў — мінімалістаў, то бок, тых навукоўцаў, якія цвердзяць, што Біблія — прыгожая казка, якая, нягледзячы на свае велічныя міфы і рэлігійны ўплыў, не мае нічога агульнага з гістарычнай рэальнасцю старадаўняга Блізкага Усходу. Давіда, рыпнуўшы зубамі, прызналі і яны.

Авангард прытармазіла, ар’ергард — падсцябнула. На згоне стагоддзя быў дадзены двухбаковы штуршок для далейшых даследаванняў і навуковых перамоваў паміж двума падыходамі, або, як кажуць у Ізраілі — паміж Ерусалімскай і Тэль-Авіўскай школай (паводле гарадоў, дзе выкладаюць адэпты гэтых падыходаў). Гісторыкі, асірыялагі і даследчыкі Бібліі цяпер маюць шырокі кансэнсус — Стары Запавет як гістарычны помнік чытаць можна. Хіба суцэльна выхітраваным чынам. Беручы пад увагу:

а. палітычныя інтарэсы, часам процілеглыя, шматлікіх аўтараў і рэдактараў Старога Запавету, сшытыя, абзац за абзацам, у адну кнігу. Як трапна сказаў навукоўца Аляксей Шахматаў (праўда, пра зусім іншы гістарычна-літаратурны помнік): «Рукой летапісца вадзілі не адцягнёныя ўяўленні аб праўдзе, а свецкія жарсці і палітычныя зацікаўленні».

б. рэлігійныя дактрыны, якія накладаліся на тэксты гістарычных хронік Старога Запавету. Матывацыя герояў і падзеяў у рэлігійнай версіі можа не супадаць з гістарычнымі тлумачэннямі.

в. ну, і па дробязі — накладанні часоў напісання на гістарычныя апісанні (у прастамоўі — анахранізмы), недакладнасці рэдактуры і шматлікіх перакладаў, а таксама абдрукоўкі-розначытанні.

 

Гісторыю пішуць эмігранты

Дык давайце падсумуем, што сучасная навука на сённяшні дзень, 2022 н.р., лічыць у Старым Запавеце гістарычнымі фактамі, а што — не зусім. Каго — гістарычнай персонай, а каго — фантазмам.

1. Выхад з Егіпту. Пацвердзіць ці абвергнуць масавае перасяленне габрэйскіх рабоў прыблізна гэтаксама цяжка як сказаць напэўніцу ці размаўляў Адам Міцкевіч па-польску з беларускім акцэнтам. Напэўна так, і ўсё кажа, што можа быць, але…

Старажытныя хаананцы і сярод іх — габрэі жылі ў старажытным Егіпце, паверджанні ёсць, малюнкі на егіпецкіх храмах напрыклад. І нават знойдзены калоніі-гарады ў дэльце Ніла… Але ці выходзілі масава на марш? Пацверджанняў у Егіпце і Сінайскай пустэльні так і не знайшлі. Сінайскую гору не адшукалі, а на імя старажытнай Сінайскай ўвогуле прэтэндуюць дзве сучасныя пустэльні.

Да таго ж, які сэнс габрэйскім рабам уцякаць у Ханаан, які на часы ХІІІ стагоддзя да н.э. і так быў егіпецкай калоніяй і фарпостам?

2. Заваявання габрэямі Ханаану. Глядзі папярэдні пункт.

Паводле апошніх звесткак радыёвугляроднага датавання, ханаанскія гарады сапраўды былі, але гарэлі ў розныя часы, невядома кім запаленыя.

Побытавая культура тагачасных габрэяў нічым не вылучалася з ліку іншых ханаанскіх народаў. Габрэі размаўлялі на тым самым іўрыце з невялікімі адрозненнямі. Ну і надта ўжо папулярнае для многіх народаў цверджанне, маўляў, «мы як народ прыйшлі сюды здалёк», можа быць праўдай, а можа — міфатворчасцю.

Аднак з трэцяга боку, сыходзячы з логікі навукі, тое, што слядоў ханаанскага заваявання не знайшлі, не азначае, што яго не было.

3. Уладар Давід. Так, быў.

На стэле ў Тэль-Дане напісана не проста “Давід”, а «Дом Давіда». Тады назвы краін давалі паводле пачынальніка або самага выбітнага прадстаўніка дынастыі. Так бы мовіць, «краіна Давідыя». То бок, знойдзеная стэла — сведчанне, што не толькі Давід, але і яго ўладарства існавала. Усе астатнія драматычныя гісторыі, — уключаючы звыш-супярэчлівую характарыстыку манарха (зацяты забойца, бандыт і хуліган, а таксама праведнік, творчы чалавек і ўвогуле рамантычная натура) — не факт.

4. Уладар Саламон, сын Давіда, і яго вялікая пан-габрэйская дзяржава з цэнтрам у Ерусаліме. Хутчэй за ўсё не было.

Наяўнасць вялікай саламонавай звышдзяржавы — ці не самае істотнае разыходжанне Старога Запавета з гістарычнай навукай. Паводле Бібліі, было адзінае габрэйскае гаспадарства з цэнтрам у Ерусаліме, але праз грахі яго кіраўнікоў перад Госпадам саслабла і развалілася на два асобныя гаспадарствы, Ізраіль і Юдэю. Сучасная ж навука лічыць, што хутчэй за ўсё спачатку было дзве асобныя дзяржавы — Ізраільскае ўладарства на поўначы сучаснага Ізраілю і Юдэйскае з цэнтрам у Ерусаліме.

Юдэя, якая за сваю доўгую гісторыю вызнавала «стратэгію травы» — каб выжыць, максімальна гнуцца — ніколі не была імперыяй і не мела калоній. Стаўшы васалам, спярша Егіпту, потым Асірыі, гэтак выжыла. Братэрскае Ізраільскае ўладарства, значна магутнейшае і багацейшае за Юдэю, прэтэндавала на гегемонію ў рэгіёне, але ў схопцы з Арамам-Дамаскам і Асірыяй, загінула.

Гісторыкі, гістарыёграфы і археолагі ў адзін голас цвердзяць, што ў саламонаўскія часы (Х стагоддзе да н.э.) Юдэя — заштатная, збольшага аграрная краіна. Развівацца інтэлектуальна пачала адно праз некалькі стагоддзяў, калі нашмат больш заможнейшая і інтэлігентнейшая эліта Ізраільскага ўладарства пасля покрышу сваёй дзяржавы ўцякла ў паўсялянскі Ерусалім.

Пасля масавых уцёкаў ізраільскай эліты ў суседні Ерусалім, паўстала рэальная патрэба аб’яднаць культы двух братэрскіх, але адрозных эліт, ізраільскай і юдэйскай, зшыць і х у адно. Так сярод іншых і паўстаў міф пра адзіную пангабрэйскую дзяржаву пад началам легендарнага Саламона (яго імя значыць «цэласны», «аб’яднаны»).

Зважаючы на анахранізмы пры апісанні Саламонавай дзяржавы, некаторыя навукоўцы лічаць, што суперджяржава габрэяў спісаная з пазнейшай Персідскай імперыі, а ўладар Саламон скалькаваны з пазнейшых персідскіх уладароў.

Дарэчы, гэтай тэорыяй таксама добра тлумачацца супярэчнасці характару і ацэнак яго бацькі, Давіда. З аднаго боку забойца, інтрыган і налётчык, з іншага — праведнік і нацыянальны пясняр. Усё праз дзве супярэчлівыя палацавыя прапаганды, цяпер знітаваныя у адну. Прыблізна, як рабілі ва Ўкраіне ў 90-ыя гады ХХ стагоддзя, сшываючы ў адну гістарычную дактрыну чырвонага Шчорса і выгнанага ім з Кіева жоўта-блакітнага Пятлюру 

5. Няўдалы паход Санхерыба на Ерусалім 701 год да н.э. Быў. Магутны «ўладар народаў», кіарўнік тадышняй звышдзяржавы Асірыі раструшчыў сумежныя, малюпацкія каралеўствы, захапіў ўсю карлікавую Юдэю, але сталіцу — Ерусалім, чамусьці не зачапіў. Гэта выглядае ўсё роўна як калі б ЗША захапілі Ірак, але скажам, Масул з ірацкімі сіламі, якія там акапаліся, не бралі. А масульцы на радасцях гэтае неўзяццё абвесцілі  дзіўнай перамогай іракскай зброі.

Біблія ўсё тлумачыць анёлам, які паразіў тысячы асірыйцаў ля ерусалімскіх муроў. Гісторыкі прапануюць альтэрнатыўнае тлумачэнне — васальная залежнасць Юдэі. Асірыйцы па-простаму хацелі і надалей збіраць даніну з Юдэі. Таму пастанавілі не вынішчаць, кажучы па-сучаснаму, «дойную карову».

Паход Санхерыба — гэта той рэдкі момант, калі біблійныя тэксты, асірыйскія і егіпецкія ліставанні, тэксты на стэлах пераможцаў і керамічныя знаходкі пацвярджаюць адна адну. Як піша прафесар Тэль-Авіўскага ўніверсітэту Адэд Ліфшыц, «дасканалае шматгалоссе для меламана».

Да таго ж, мы дакладна ведаем, што ад пахода Санхерыба, у юдэйскай традыцыі з’явілася міфалагема пра Ерусалім як пра недатыкальны, а пасля разбурэння Ерусаліма Навухаданосарам — як пра святы горад. Потым выключнасць горада пераскокнула ў хрысціянства.

6. Вавілонскі палон. Быў то быў, але хіба не ў такіх маштабах.

Тут адбылася, лічаць сучасныя гісторыкі і даследчыкі Бібліі, сапраўды вельмі рэдкая з’ява, калі народ выгнаў адзін сусветны жандар, а наступны гегемон (Персідская імперыя) абвесціла амністыю і вярнула цягам сарака год.

Сапраўдны гістарычны цуд. Скажам, выгнаныя Сталіным крымскія татары не змаглі вярнуцца дахаты з узбекістанскай ссылкі цягам аднаго пакалення.

Вавілонцы, імаверна, выгналі на чужыну не просты народ, а збольшага кіроўную пісьменную эліту. І калі тая эліта павярнулася, то пісаць хронікі працягвала менавіта яна. А ёй было выгадна падаць, што, маўляў, менавіта яны «адрадзілі» ў “разбуранай дашчэнту” Юдэі габрэйскае жыццё. То бок, паслявыгнаніцкую гісторыю краіны пісалі не тыя, хто застаўся “ўнутры”, а эмігранты, якія хутка вярнуліся. Што ж, цікавая заўвага для цяперашняй беларускай сітуацыі.

 

 

 

 

You may also like...