Павал Баркоўскі. Пандэмічны крызіс дэмакратыі

Дэмакратыя можа быць знішчаная рукамі саміх абаронцаў дэмакратыі. Прынамсі да такой думкі можна прыйсці, калі аналізуеш тыя зрухі, што адбываюцца ў палітычным полі еўрапейскіх дзяржаў адносна барацьбы з пандэміяй ковід-19 і мігранцкім крызісам. Еўрапейская палітыка адносна абмежавання свабод сваіх грамадзян, пашырэння татальнага кантролю за жыццём грамадства і нацыянальны ізаляцыянізм робяцца значнымі пагрозамі для захавання дэмакратычных каштоўнасцяў і ліберальных свабод, якімі так ганарыліся заходняя Еўропа і Паўночная Амерыка на працягу апошніх некалькіх стагоддзяў.

Як слушна папярэджвае нас вядомы італьянскі філосаф і палітычны мысляр Джорджыё Агамбен: “Усё сведчыць за тое, што дэкрэты-законы, якія ідуць адзін за адным, не раўнуючы быццам яны зыходзяць ад аднаго чалавека, вырабляюцца ў працэсе трансфармацыі інстытутаў і цэлых дзяржаўных парадыгм. Што з’яўляецца тым больш падступным, што, як гэта было з фашызмам, адбываецца без змяненне тэксту канстытуцыі. Мадэль, якая такім чынам паступова размываецца і адмяняецца, – гэта мадэль парламенцкай дэмакратыі з яе правамі і канстытуцыйнымі гарантыямі, а на яе месца прыходзіць парадыгма кіравання, у якой у імя біябяспекі і кантролю асабістыя свабоды павінны пацярпець павелічэнне абмежаванняў” [1]. Гэты суворы дыягназ Агамбен быў змушаны прамовіць перад галасаваннем у італьянскім Сенаце 7 кастрычніка 2021 г., паколькі ён бачыць у цяперашніх еўрапейскіх захадах наконт вакцынацыі і стварэння “зялёных пашпартоў” тыя ж аўтарытарныя тэндэнцыі, якія арганізоўвалі жыццё таго ж савецкага грамадства за часамі сталінізму.

З аднаго боку, дэмакратычныя дзяржавы адмаўляюцца несці адказнасць за любыя наступствы вакцынацыі і перакладаюць іх на плечы самога чалавека, змушаючы таго, тым не менш, рабіць свядомы выбар на карысць вакцынавання. Пачварны парадокс, што дзяржава здымае з сябе ўсялякую адказнасць і, тым не менш, абвінавачвае ў безадказнасці саміх грамадзян, якія не хочуць вакцынавацца, палемізуе філосаф. З іншага боку, ствараючы механізмы кантролю за перамяшчэннямі, кавідныя пашпарты і пашпарты вакцынацыі, дзяржавы ператвараюць сябе ў аналагі канцлагероў, дзе такія падставовыя каштоўнасці як свабода перасоўвання, свабода думкі і свабода выбару ставяцца пад сумненне, а грамадзяне падзяляюцца на тых, хто маюць права і не маюць – працаваць, адпачываць, хадзіць у кавярні ці крамы. Меры, не настолькі істотныя з медыцынскага пункту гледжання, робяцца прыкрыццём для ўсталявання грамадства татальнага кантролю за індывідам. Гэта ў сваю чаргу можа прывесці ў бліжэйшы час да страты ўсялякага значэння дэмакратычнага парламентарызму на карысць ананімных структур дзяржаўнай бяспекі, да новай таталітарнай формы дзяржаўнасці, змрочна прадракае Агамбен.

Гэтыя папярэджанні выглядаюць тым больш пагрозліва на фоне прынятага ў Аўстрыі закона пра абавязковую вакцынацыю ў краіне з 1 лютага 2022 г., што выклікала вялікую дэманстрацыю супраціўнікаў палітыкі лакдаўна і мусовай вакцынацыі ў Вене 20 лістапада 2021 г. [2]. Хаця іншыя краіны Еўропы пакуль маўчаць наконт магчымасці падтрымаць аўстрыйскую ініцыятыву, у падтрымку яе ўскосным чынам ужо выказаўся прадстаўнік СААЗ доктар Ганс Клюге, які вельмі песімістычна ацаніў прагнозы па смяротнасці ў Еўропе і адзначыў, што хаця прымусовыя меры па вакцынацыі варта разглядаць як «апошні сродак», але «вельмі своечасовымі» будуць «прававая і сацыяльныя дэбаты» па гэтай праблеме [3].

У гэтай сітуацыі вельмі прыкрым выглядае перадусім тое, што аўстрыйская дзяржава пад прыкрыццём клопату аб сваіх грамадзянах па сутнасці вырашае іншае праблемы і бярэ грамадства пад татальны медыцынскі і паліцэйскі кантроль. Смяротная пагроза, якую нясе грамадству каранавірус, выглядае існуе толькі ў адносінах да яшчэ невакцынаваных, бо паводле сведчання медыцынскіх ведамстваў і СААЗ вакцынацыя амаль цалкам гарантуе змяншэнне небяспечных наступстваў інфекцыі і скрайне нізкую імавернасць смяротнасці. У такім выпадку смяротная пагроза адчуваецца толькі для тых, хто сам свядома абірае адмову ад вакцынавання. Калі раней меры кавід-бяспекі і прымусовы лакдаўн можна было апраўдаць адсутнасцю эфектыўных сродкаў лячэння і грамадскай адказнасцю грамадзян за сваё і чужое здароўе, то цяпер пытанне выглядае інакш. Ці маюць людзі дастаткова інфармацыі пра каранавірус, яго наступствы, а таксама пра дзейныя вакцыны і іх магчымыя наступствы? Мяркую, што цалкам так. За выняткам апошняга, бо наступствы дзеяння вакцын пакуль прадказаць яшчэ цяжка. Ці маюць яны такім чынам права свядома рабіць свой выбар і лічыць, што страх перад наступствамі вакцынацыі можа быць для іх большым, чым перад каранавіруснай пагрозай? Але выглядае, што дзяржава ў гэтым выпадку вядзе сябе з сваімі грамадзянамі як дэспатычная маці, што ведае лепш за сваіх дзяцей, што яны мусяць ці не мусяць рабіць. Такая інфантылізацыя грамадства вядзе да істотнага абмежавання грамадзянскіх правоў, як тое бывае ў адносінах з непаўнагадовымі. Калі Імануіл Кант лічыў, што Асветніцтва вядзе нас да духоўнай сталасці і магчымасці прымаць рашэнні самастойна і несці за іх адказнасць, то сучасныя палітыкі спрабуюць вярнуць нас у папярэднюю эпоху – апекаванага грамадства без уласнай свабоды і ініцыятывы. Менавіта таму многія дэманстранты супраць ініцыятывы ўраду ў Аўстрыі выйшлі з плакатамі “Маё цела – мая справа”.

У такім выпадку асноўнымі рацыянальнымі аргументамі за мусовую вакцынацыю робяцца ўжо не маральныя, а цалкам прагматыка-эканамічныя прычыны. Мы не хочам, каб анты-ваксеры стваралі дадатковы ціск на медычную сістэму і займалі бальнічныя ложкі, бо ёсць шмат іншых пацыентаў, каму можа спатрэбіцца дапамога, а павелічэнне расходаў на медыцыну – гэта новыя падаткі. Мы не хочам, каб наш бізнес альбо праца пацярпелі праз лакдаўны ці іншыя абмежавальныя захады палітыкаў, якія абмяжуюць распаўсюджанне каранавірусу сярод невакцынаваных. Гэта логіка эканамічнай мэтазгоднасці і прыватных інтарэсаў, якія ціснуць на чужую свабоду выбару дзеля маіх карыслівых мэтаў. Зрэшты, пытанне не ў вакцынацыі і яе дарэчнасці для саміх людзей. Падобны наступ на дэмакратычныя правы і свабоды дзеля мераў грамадскай бяспекі ЗША і Еўропа перажывалі ў мінулыя дзесяцігоддзі ў звязку з нарастаннем захадаў супраць тэрарыстычнай пагрозы – павялічаныя меры бяспекі, каменданцкія часы, паліцэйскія і вайсковыя фармаванні на вуліцах гарадоў. Пад пагрозай апынаюцца базавыя еўрапейскія канцэпты свабод і правоў чалавека. І ўсмешкай гісторыі можна лічыць, што цяпер у іх падтрымку выходзяць часта прадстаўнікі кансерватыўных і правых нацыянал-папулісцкіх партый у супрацьвагу ліберальным ці сацыял-дэмакратычным урадам.

Нездарма ў апошнім вялікім даследаванні стаўлення еўрапейскіх грамадстваў да тых зменаў у эканоміцы і палітыцы, што прынёс з сабой каранавірус, прэзентаваным Іванам Крастэвам і Маркам Леанардам [4], падкрэсліваецца, што адной з галоўных страт, якую адчуваюць прадстаўнікі заходніх грамадств, з’яўляецца пачуццё свабоды, асабліва заўважна для такіх краін як Германія і Аўстрыя. Грамадзяне шэрагу еўрапейскіх краін больш не маюць адчування свабоды, нават у параўнанні з дадзенымі апытанняў 2019 г.: падзенне веры ва ўласную свабоду даходзіць да 60% для такіх краін як Аўстрыя, Нідэрланды і Германія, але агулам характэрнае для ўсіх краін Еўропы. Таксама на што звяртаюць увагу даследчыкі, гэта на новыя лініі раздзелу ў Еўропе. Не толькі рэгіянальныя, але і ўзроставыя, а таксама эканамічныя. Ёсць відавочная розніца ва ўплыве каранавіруса на паўсядзённае жыццё і эканомікі краін Поўначы і Поўдня, Захаду і Ўсходу Еўропы. Паводле дадзеных жыхары паўночна-заходняй Еўропы найменш адчулі на сябе нейкія наступствы пандэміі і не лічаць сябе базава ёй закранутымі, у той час як паўднёва-усходнія рэгіёны Еўразоны пацярпелі значна больш. У той жа час адзначаецца, што пераадоленне крызісу пандэміі ў Еўропе выглядае, што мае герантацэнтрычны характар: улады больш клапоцяцца пра старэйшых і больш заможных насельнікаў сваіх краін (ва ўзросце 60+), чым пра моладзь, якая нясе найбольшыя прафесійныя і эканамічныя страты праз крызіс. Таксама грамадствы падзяляюцца на тых, хто схільны абвінавачваць у крызісе дзяржаву і органы ўлады, і тых, хто ўскладае большую частку віны на індывідаў, хто лічыць абмежаванні свабод апраўданымі і нават меншымі, чым варта, і тымі, хто заўважае істотнае памяншэнне грамадскіх свабод праз заканадаўчыя абмежаванні. У кожным выпадку, на ўзроўні грамадскіх настрояў у людзей у Еўропе прысутнічае адчуванне таго, што крызіс, выкліканы пандэміяй ковід-19, нясе глабальную пагрозу не толькі іх здароўю ці дабрабыту, але і базавым грамадскім каштоўнасцям і свабодам.

Аднак можна адчуць пагрозу падставовым еўрапейскім каштоўнасцям не толькі ў выпадку з абмежавальнымі мерамі супраць пандэміі кавід, але і ў выпадку з міграцыйным крызісам, які быў штучна справакаваны беларускімі ўладамі на мяжы ЕС. Як слушна заўважае Іван Крастэў, увагу трэба звяртаць не столькі на аўтарытарныя маніпуляцыі з мігрантамі, што ладзяць на сваю карысць Пуцін і Лукашэнка, колькі на тое, што міграцыйны крызіс правакуе Захад баяцца ўласнай запатрабаванасці і атракцыі ў вачах насельнікаў іншых краін свету. У выніку чаго мы маем ўзрастанне нацыяналістычных і права-папулісцкіх палітычных сілаў у еўрапейскіх краінах, якія зноў заклікаюць да палітыкі нацыянальнага ізаляцыянізму, уціску права на свабоду перасоўвання і правоў бежанцаў [5].

Канешне, калі седзячы ў Мінску назіраеш за безадказнай палітыкай беларускіх аўтарытарных уладаў, што фактычна кінулі свой народ без дапамогі пасярод разгару пандэміі, пры гэтым патрабуючы поўнай палітычнай пакорлівасці ад сваіх грамадзян, а грамадзян чужых краін выкарыстоўваючы ў выглядзе гібрыднай зброі для эскалацыі зносін з Еўрасаюзам, еўрапейскі досвед падаецца больш лагодным. Але не трэба памыляцца, бо безадказны беларускі аўтарытарызм і еўрапейскі патэрналізм і грамадства кантролю з’яўляюцца двума бакамі адной манеты. Яны аднолькава вядуць да карупцыі і разбурэння падставовых еўрапейскіх дэмакратычных каштоўнасцяў і правоў чалавека, хай сабе і з рознай рыторыкай і інструментамі палітычнага дзеяння. Пандэмічны і міграцыйны крызіс агаліў тое, што змушае нас задумацца: ці не знаходзіцца сёння дэмакратыя ва ўсім свеце пад найбольшай пагрозай за ўсе часы свайго існавання?

  1. Giorgio Agamben, Intervento Al Senato Del 7 Ottobre 2021, in: https://www.quodlibet.it/giorgioagambeninterventoalsenatodel-7-ottobre-2021 retrieved 21.11.2021

  2. Zehntausende bei Demo gegen Corona-Maßnahmen: Rechtsextreme als Anführer, in: https://www.derstandard.at/story/2000131307965/zehntausende-bei-demo-gegen-corona-massnahmen-rechtsextreme-als-anfuehrer retrieved 21.11.2021

  3. Covid: WHO says it is very worried about Europe surge, in: https://www.bbc.com/news/world-europe-59358074 retrieved 21.11.2021

  4. Ivan Krastev, Mark Leonard, Europe’s invisible divides: How covid-19 is polarising European politics, in: https://ecfr.eu/publication/europes-invisible-divides-how-covid-19-is-polarising-european-politics/ retrieved 21.11.2021

  5. Ivan Krastev, Europe is terrified of its attractiveness to outsiders, in: https://www.ft.com/content/63bafcd0-fbd8-4889-8de3-fd5f092d6eac retrieved 21.11.2021

 

You may also like...