Генадзь Коршунаў. Дэміўргічная герменэўтыка беларускай паўсядзеннасці


Цікава, а калі з’явілася фраза “Ну Вы ж усё разумееце…”?
Яшчэ ў дзевяностых, калі дзяржава толькі пачынала будавацца? На самым пачатку тысячагоддзя, калі рэжым пачаў сталець? Ці ўжо пасля, калі… Калі – што?
“Ну Вы ж усё разумееце…” ідзе і са шматропьем, і з клічнікам, і з пытальнікам.
І з такім, ведаеце, узаемным паразуменнем. Ты разумеешь, я разумею, мы разумеем – нас аб’ядноўвае нешта патаемнае. Нават саромнае. Ці пагардлівае. Да нейкага часу нават сакральнае. Але у любым выпадку непрамоўнае, герметычнае. Нешта такое, што вымагае з кожнага навыкаў герменэўтыкі – тлумачэння сэнсу.

Што мы ўсе “разумеем”? Што агульнага мы мусім не прамаўляючы падзяліць адно з адным? Што гэта быў за такі сакральна-герметычнай сэнс, што з аднымі нас згуртоўваў, а з іншымі – падзяляў? Але нават падзяляючы ўсё адно яднаў праз АГУЛЬНАЕ паразуменне…
Патаемна саромнае, непазбежнае, неадольнае.

Што?
Што нас няма?
Што мы нейкія не такія, нягеглыя?
Што ёсьць нешта наканаванае?
Што? Мы ж – жывем. Я жыву. Ты жывеш. Што наканавана?
Што мы ўсе разумелі?


Мы не разумелі. Мы адчувалі несувымернасьць номасу і космасу, хаты і ўлады, жыцця і сістэмы, гарызанталі і вертыкалі. Іх асінхроннасьць і перпендыкулярнасьць.
Два пласты быцця – жыцце і сістэма. Калі па добрым розуме (дый нават і наўпрост па відавоку), трэба рабіць так, а нехта патрабуе інакш, бо “Ну Вы ж усё разумееце…”. Калі ўсё добра, а патрабуецца ўсё мяняць, бо “Ну Вы ж усё разумееце…”. Калі ўсё дрэнна, а хтосьці кажа, што няхай так і будзе, бо “Ну Вы ж усё разумееце…”.


Патаемны сэнс – прыхаваць разрыў, прорву. На сваім паўсядзенным узроўні сваім узаемным паразуменнем сяк так навесьці касметыку на непаразуменне паміж жыццем і сістэмай. Замазаць праявы хаосу, што там сям пырскаюць ці прасочваюцца паміж домам і ўладай. Касметызацыя быцця.
Ведаеце ж, што слова “касметыка” ідзе ад старажытна-грэчаскага ???????
Бо космас – гэта ўпарадкаваныя, падпарадкаваная і ўпрыгожаная прастора. Прыдатная для жыцця. Касметычнасць “Ну Вы ж усё разумееце…” была дэміўргічнай. Сарамлівая сама-касмаганічнасць “няўдалай” беларускай прасторы. У гэтым быў сэнс, у гэтым была дамова – не выкрываць сорам, не выказваць крыўду ці пагарду, не ламаць гэты хай недасканалы, але Космас. Жывем жа неяк, “Ну Вы ж усё разумееце…”.


Дзіўна, але неяк паразуменне зьнікла. “Ну Вы ж усё разумееце…” Я разумею? Не, я не разумею! Ты разумеешь? Шыкоўна, распавядзі мне і давай разумець разам! Бо не разумець – гэта блага, гэта балюча. Я не хачу не разумець! Дык нешта ніхто не распавядае… Ні космас, ні ўлада, ні сістэма, ні вертыкаль.
Чаму ніхто не павесіў на гэную касметычную фразу шыльдачку “Не чапай, бо лясьне!”? Чапанулі, ляснула. Не, брашу, не чапалі. Калі б і вісела такая шыльда, дык сам спарахнеў бы той гайтанчык, на якім яна гойдалася.


Памада, калаген і міцэлярная вада з цягам часу згубілі сваю моц. Танальнік і пудра перасталі даваць рады зморшчынам і расколінам. Шчыгрынавая скура сама пачала скукожвацца, трашчаць і лупіцца, выціскаючы з сябе кроў і гной.
Касметыка збоўцвіла, космас зтрухлеў. Гермес сказаў бы, што з састарэлых тытанаў, народжаных Хаосам, вылушчваюцца алімпійцы. Я ня грэк, я беларус. І я б сказаў, што нас абуджае зямля. І нашыя Дзяды.


“…ўявіў сабе тысячы нашых памерлых, што паўстаюць зь зямлі, пералазяць агароджы і выходзяць да нас на вуліцу. Ідуць сярод нас. Маўклівыя. Нельга пра такое думаць; і не ўявіць было нельга. Страшны дзень.” (А. Бахарэвіч)


Страшны дзень. Страшны год.
Страшна губляць паразуменне. Страшна жыць з усведамленнем таго, што паразуменне было пра тое, чаго няма. Але яшчэ страшней жыць без разумення таго, як жыць.
А як жыць без разумення таго, хто ты ёсьць і кім ты ёсьць?


“Ну Вы ж усё разумееце…” Не, мы так не разумеем. Мы ужо разумеем іншым чынам. А космас не разумее, чаму мы не хочам разумець сёння тое, што разумелі летась. “Номас з’ехаў з глузду, трэба ўбіць глузд яму назад; каб наноў разумеў так, як яно колісь было!” Космас не ўсведамляе, што мы і раней не разумелі. Мы не разумелі, а касметызаваліся; падпарадкоўваліся – касметычна. А самі на самрэч намагаліся зразумець тое, што нібыта і так усе разумелі. Намагаліся зразумець непаразумелае, усведаміць небыцце быцця.

Сёлета мы як Дэкарт – асутнасць разумення пачалі з усведамлення сябе: “Мы – ёсьць!” Мы заслупілі гэты тэзіс, укрыжавалі яго. Гэта бачыць увесь сьвет, але ня бачыць сістэма. Бо ў наш слуп элімінуе вертыкаль састарэлага Космасу.
Мы ўзнялі на свой слуп бел-чырвона-белы сьцяг, які сягае ў свойскія нетры. Што мы дасталі з тых нетраў? Беларускае? Ліцьвінскае? Купалаўскае “свой, тутэйшы!”?


Замежнікі пытаюцца, чаму беларусы прачнуліся толькі сёння. Мы самі здзіўляемся, а дзе мы былі раней?
Гэта нашая зямля. Кожны з нас “нарадзіўся тут”. У кожнага з нас ёсьць скрыня на tut.by. Тут – БЕЛАРУСЬ, а мы – БЕЛАРУСЫ. Мы заўжды былі. Мы былі тут. Мы былі беларусамі.
Але хто такія беларусы? Кім мы ёсьць, Гермес? Дапамагі вызначыцца, зразумець!
Маўчыць Гермес. Ківае галавой, мусіце самі разабрацца. Сваёй галавой, хай і бьюць па ёй цяпер, як і ў тым стагоддўзі білі, і ў пазатым.
Бьюць па галовах, згаджаюся. Таму мы больш думаем як перыпатэтыкі – нагамі.
І што надумалі, маўчыць герметычны Гермес.


Што мы ёсьць, кажу. Дзяды нагадалі, Купала і Абдзіраловіч, Багушэвіч і Каліноўскі.
Добрыя дзяды, маўчыць Гермес. Волаты-магучары, што сьпяць пад пяском і жвірам.
Ня сьпяць, кажу. Яны з намі. Яны ў нашых сэрцах, у нашых галовах. Яны ходзяць з намі.
То хай ходзяць, маўчыць Гермес, хайрэ.
Падла, думаю.
А мо не? Мо то не герменэўтыка, а маеўтыка?
Мо даводзіў Гермес, што марна намагацца усведамляць небыцце быцця, калі быццё давяло – яно існае?
Мо даводзіў Гермес, што і слупкавая кропка адліку ёсьць і умацваны той слуп не глінай склізкай, а пяском ды жвірам – на стагоддзі, не зварухнуць?
Мо даводзіў Гермес, што мы ня проста валэндаемся, а поруч з дзядамі ходзім і пакрысе раскручваем тую спружыну, што стагоддзямі на нас ціснула?
Мо даводзіў Гермес, што мы – бы тыя ратаі, што ад слупа па цэнтры пашы ідзем па спіралі, што пашыраецца ад пачатковай кропкі ва ўсе бакі і упарадкоўвае сусьвет?


Бо хайрэ – гэта “добра”.
Усведамляць сябе – гэта добра.
Ісьці сваімі нагамі спадчынным шляхам свайго сэрцу – гэта вельмі добра.
А разам рабіць са сваёй зямлі новы Космас, сувымерны і Чалавеку, і сваей Хаце – напэўна, гэта найлепшае, што можа зрабіць чалавек.
Усведамляць праўду і рабіць сусьвет.
Дэміўргічная справа.
Адказная. Доўгая. Досыць марудная, але…


Але нам тут жыць!

 

You may also like...