Іван Новік. Беларуская філасофская тэрміналогія без беларускіх філосафаў

Лук’янюк, Ю. М. Беларуская філасофская тэрміналогія: вытокі, семантыка, словаўтварэнне. — Мінск: Колорград, 2020.

Пры ўсёй павазе да задумы аўтаркі — з якой не маю шчасця быць знаёмым персанальна і таму ў ніжэйпададзенай крытыцы (адразу раскрыю карты — не надта літасцівай) не варта бачыць нічога персанальнага, за вылучэннем хіба расчараваных надзей, якія ўсклаў на такую надта інтрыгоўную і шматабацяльную для сябе назву — кніга прымушае жадаць нашмат лепшага. І справа нават не ў тым, што пакідае ў цэлым адчуванне «зляпілі з таго, што было». Па асноўным матэрыяле чытача напатыкае «Дадатак «Лінгвістычная майстэрня»» на болей чым сорак старонак, з васьмю тэкстамі, быць можа і цікавымі безадносна тэмы, але ж іх знаходжанне пад гэтак азагалоўленай вокладкай можна патлумачыць бадай толькі адным — жаданнем дадаць аб’ёму, інакш замалога для асобнай манаграфіі 1.

Асноўны, даўшы ёй назву, тэкст кнігі таксама выклікаў у мяне шэраг заўваг і пярэчанняў (якіх, заўважу ў дужках, Ю. Лук’янюк і так варта было б засцерагацца, так рызыкоўна абіраючы сабе абʼект даследавання, бо ж маласць увагі беларускіх лінгвістаў да практыкі і патрэбаў «айчынных» філосафаў, можа быць параўнана толькі з велічынёй родавай прагі апошніх да ўсеагульнай крытыкі).

Але напачатку дамо слова Валянціну Акудовічу (якому б наагул раіў болей давяраць у справах беларускай філасофіі, чым аўтару гэтых радкоў): «За камуністамі беларусам было дазволена пісаць апавяданні і раманы, маляваць карціны і ствараць скульптуры, ставіць спектаклі і спяваць песні, але нельга было мысліць… Беларусам было забаронена мысліць». У такой перспектыве тэрміналагічны абшар, якому лёсіла патрапіць у сферу навуковай цікавасці Ю. Лук’янюк, паўстае як ледзь не самы значны і бадай што лёсавызначальны для найноўшага перыяду развіцця беларускай мовы.

А на працытаванымі намі ўрывак аўтарцы не завадзіла б у свой час звярнуць увагу не толькі таму, што ён гучыць нашмат болей прыгажэй за яе ўласныя словы аб філасофіі, як «асновы развіцця сватапогляду, кругагляду і логікі мыслення» (с. 8), але і ў пошуках той самай адметнай для беларускай інтэлектуальнай сітуацыі тэрміналогіі. Знаходзім у Акудовіча характэрнае «мысленне», якое пад уплывамі Гайдэгера, беларускамоўныя філосафы абралі як назоў і азначэнне сваёй дзейнасці і паклікання — спарадзіўшы выраз «беларускае мысленне», які і стаў своеасаблівым «лэйблам» айчынных любамудраў, нягледзячы, нават, на заканамерныя пярэчанні маладзейшага пакалення, што мысленне, калі пад апошнім разумець псіхалагічную дзейнасць чалавека, нацыянальнай прапіскі не мае.

Не маючы ані досведу, ані аўтарытэту спадара Валянціна — творчасць якога аўтарка вырашыла цалкам праігнараваць, нягледзячы нават на прамую датычнасць як да праблем, так і да зместу кнігі — выкажуся ў больш сціплай і лірычнай манеры.

Марыў бы ўбачыць аднойчы на паліцах кніжных крамаў беларускамоўны «Філасофскі слоўнік» — на жаль, кагадзе не малы, амбітны і плённы энцыклапедычны імпэт, запалены ў айчынных інтэлектуалах А. Грыцанавым, абмежаваўся толькі рускамоўнымі выданнямі.

Марыў бы аб працягу паседжанняў тэрміналагічнай камісіі — колісь існай пры гэтак жа «спачылым у Богу» праекце «Беларускай філасофскай прасторы» — чые намаганні і палкія абмеркаванні не знайшлі, наколькі мне тое вядома, іншых ўвасабленняў, апроч невялікага дадатку да «Логікі» Паўла Баркоўскага.

Агулам — спадзяюся, чытач прабачыць мне такую прафесійную саманадзейнасць — філосафаў заўжды вылучаў імпэт да словатворчасці і сінтаксічных эксперыментаў, сувымерны бадай толькі з гэткім жа ў паэтаў, і іх тэрміналогію адрознівае ўсё ж нешта большае, чым некалькі разоў падкрэсленая аўтаркай у якасці бадай адзінай адметнай рысы «ідэалагічная мнагазначнасць». Да таго ж, яшчэ раз згадаем думку Валянціна Акудовіча, менавіта іх моўная ніва аказалася найбольш занядбанай, праблемнай, і, у той самы час, эўрыстычнай у варунках постсавецкай эпохі.

Таму хацелася б бачыць ад Ю. Лукʼянюк крыху болей увагі і павагі да абʼекту і субʼектаў свайго даследавання — а падыход аўтаркі, думаю, пакрыўдзіў бы нават і куды меней патрабавальную аўдыторыю: яе даследаванне беларускай філасофскай тэрміналогіі фактычна ігнаруе ўсе напісанае, сказанае і зробленая беларускімі філосафамі!

Пры ўсіх завышаных, спароджаных назвай кнігі чаканнях ад яе, мяне, як гісторыка беларускай філасофіі, перайсці на самы скептычны і мінорны лад змусілі літаральна першыя старонкі — падраздзел «Вытокі і станаўленне беларускай філасофскай тэрміналогіі», змястоўная частка якога пачынаецца з зухаватых: «10 лютага 1921 г. Народны камісарыят асветы БССР сфарміраваў Навукова-тэрміналагічную камісію…» (с. 10).

Дапусцім, аўтарка прытрымліваецца гэткага этатысцкі-інстытуцыянальнага погляду на тэму — за адпаведную прафесійную лексіку можа быць прынята толькі тое, што прамаўляецца афіцыйна і юрыдычна ўпаўнаважанымі на тое асобамі. Дапусцім, менавіта такі канцэптуальна-метадалагічны падыход, а не няведанне і нежаданне разблытацца, змусіў Ю. Лукʼянюк праігнараваць «Адвечным шляхам» патрона нашага сайту, «Гэтым пераможаш!» Ул. Самойлы, тэксты Ан. Луцкевіча, Ст. Грынкевіча, Т. Грыба і Ф. Абрантовіча абараніўшых, адпаведна, у Празе і Лёвене доктарскія па філасофіі, выпускніка таго ж філасофскага факультэту Карлава ўніверсітэту Чэхаславаччыны Міколу Ільяшэвіча, які не толькі выкладаў адпаведныя курсы «Прапедэўтыкі філасофіі» у Віленскай беларускай гімназіі, але і напісаў «Кароткі нарыс псіхалогіі», дзе дадаткам змешчаны кароткі беларуска-руска-польскі слоўнік адпаведнай тэрміналогіі, багатую на філасофска-апалагетычныя тэксты «Хрысціянскую думку», на вокладцы якой знаходзім зварот рэдакцыі «пісаць у «Хр. Д.» стацці і карэспандэнцыі. Прадметам стацей можа быць: тэалогія, філасофія, сацыялогія, гісторыя, літургія, культура агулам, а так жа і розныя бягучыя справы ў святле Хрысціянскай ідэалогіі», і агулам увесь даробак міжваеннай культуры Заходняй Беларусі, зусім не бедны на шуканую аўтаркай лексіку…

Дапусцім, менавіта такая паважная прычына змусіла Ю. Лукʼянюк пачынаць свой выклад гісторыі беларускай філасофскай тэрміналогіі з 10 лютага 1921 г., не рызыкуючы заглыбляцца далей у дарэвалюцыйныя часы…

Але, нават прабачыўшы аўтарцы гэтыя інакш зусім недаравальныя лакуны, нельга патлумачыць тое, чаму ад пачатку не выказаць свае метадалагічныя перадумовы, дарма не вярэдзячы чаканні і падазрэнні некаторых занадта патрабавальных гісторыкаў беларускай філасофіі.

І яшчэ — пра не агавораныя метадалагічныя падставы кнігі — дарма гартаў яе, шукаючы хоць дзе, дарэчнага з самага пачатку азначэння, што ўласна разумее Ю. Лук’янюк пад «філасофскай тэрміналогіяй»? Якімі крытэрамі карысталася пры пошуку і адборы гэткай? Завярэнні аўтарцы, што вось знайшла ў той ці іншай крыніцы «26 філасофскіх тэрмінаў» (с. 10), або «500 філасофскіх тэрмінаў» (тамсама), ці «427 філасофскіх тэрмаадзінак» (с. 11) успрымаюцца таму са скепсісам. Прычым, такое азначэнне дапамагло, не толькі паразумецца з чытачом, але і пазбегнуць некаторых эксцэсаў у працы з тэкстамі Францыска Скараны, аб чым ніжэй.

Але нават гіпатэтычны інстытуцыянальны падыход да беларускай філасофіі, артыкуляваная спасылка на які магла б выратаваць Ю. Лук’янюк ад падазрэнняў у неабазнанасці ў дарэвалюцыйных і заходнебеларускіх тэкстах, ніяк не выбачае яе агляду міжваеннай савецка-беларускай навукі.

Згадаўшы дзейнасць Навукова-тэрміналагічную камісіі пры Інбелкульце, і ў характэрнай для яе манеры заўважыўшы, што «зафіксавана 26 філасофскіх тэрмінаў» у 11-ым выпуску «Беларускай навуковай тэрміналогіі. Грамадазнаўства» (с. 10), аўтарка піша далей: «Развіццю беларускай філасофскай тэрміналогіі спрыялі таксама пераклады з рускай мовы прац па філасофіі, пра што сведчыць, напрыклад пераклад А.А. Раманоўскага кнігі Б.Э. Быхоўскага «Нарыс філёсофіі дыялектычнага матэрыялізму» (sic!) 1930 года выдання. У ёй выкарыстана каля 500 філасофскіх тэрмінаў, якія ўмоўна можна падзяліць на тры групы…» (с. 11). Не кажу ўжо аб тым, што прынамсі ў назвах цытаваных крыніц можна было б пазбегнуць прыкрых памылак2 (паразмаўляць аб памылках і стылістыцы кнігі ў нас будзе магчымасць ніжэй), але ж: той самы Б. Быхоўскі ў менскі перыяд свайго жыцця (у 1930 г. з’ехаў у Маскву, каб пачаць там кар’еру аднаго з найбольш заўважных гісторыкаў філасофіі сталінскай эпохі і адкуль наракаў на гэты няўчасны і зусім яму ўжо непрыемны пераклад) і сам пісаў беларускамоўныя тэксты3. Пісалі па-беларуску ў 1920-ыя гг. і іншыя прадстаўнікі савецка-беларускага марксізму — С. Вальфсон, Р. Выдра…

Калі звярнуцца да ўласна перакладаў, то ёсць куды болей насычаныя і трагічная гісторыя, звязана са спробамі выдання на беларускай мове «класікаў», г. зн. твораў саміх К. Маркса, Ф. Энгельса, Ул. Леніна і інш., прычым планы адносна першых двух тычыліся нямецкіх арыгіналаў. І хоць большасці тагачасных задумаў не лёсіла збыцца, нават надрукаванага хапіла б Ю. Лук’янюк на некалькі дзясяткаў дадатковых крыніц, не кажучы ўжо пра архіўныя матэрыялы, поўныя самых драматычных падзей і спрэчак, адносна той самай тэрміналогіі.

Што датычыць наступнага дзесяцігоддзя, і сапраўды аднаго з найбольш змрочных у гісторыі беларускай інтэлектуальнай культуры, то наўрад ці абраны (?) аўтаркай інстытуцыянальны падыход дазваляе адмахнуцца ад яго спасылкай на рэпрэсіі і не вельмі літаратурнай цытатай аб тым, што «значная частка мозга сацыяльнага арганізму Беларусі была ампуціравана» (с. 10). Якімі б не былі паводле сваёй якасці гэтыя тэксты, але ўся кніжная прадукцыя Інстытуту філасофіі, адчыненага ў 1931 г., выходзіла па-беларуску і яе аніяк нельга праігнараваць у размове аб адпаведнай тэрміналогіі.

Чытаем далей: «У 1940-60-я гг. значных зрухаў у распрацоўцы беларускай тэрміналогіі не адбылося. Праўда, у гэты час друкаваліся на беларускай мове асобныя артыкулы па філасофіі ў часопісе «Весці АН Беларусі»» (с. 11). Як бачым, аўтарцы зусім не вядома пра такі, бясспрэчна істотны для абранай ёй тэмы, тэкст, як падрыхтаваны ў межах Акадэміі навук праект «Слоўніка па філасофіі» (1967 г.)4, які, што праўда і на жаль, спыніўся на этапе ўласна праекту.

«Зрух у развіцці беларускай філасофскай тэрміналогіі адбыўся ў 70-80-я гады, калі пачалася праца над «Беларускай Савецкай Энцыклапедыяй» <…> і «Тлумачальным слоўнікам беларускай мовы». У гэтых выданнях прадстаўлена 427 філасофскіх тэрмаадзінак. У 1970 г. <…> падрыхтаваны і выдадзены «Русско-белорусский словарь общественно-политической терминологии»» (с. 11) — г. зн. увесь праект «гісторыі беларускай грамадска-палітычнай і філасофскай думкі», аднолькава цікавы як з пункту гледжання метадалогіі, так і ўласна зместу размовы аб філасофскай тэрміналогіі (бо менавіта сюды звабіліся найбольш нацыянальна арыентаваныя айчынныя мысляры і менавіта ў яго межах было напісана ў азначаны час большасць беларускамоўных філасофскіх тэкстаў), Ю. Лук’янюк палічыла не вартым сваёй увагі! Прынамсі імёны Ул. Конана і С. Падокшына, якіх яна цытуе крыху ніжэй, падчас размовы аб Францыску Скарыне, варта было згадаць.

«У 1990-я гг., калі з’явіўся Закон аб мове і ў сувязі з гэтым адбыўся пераход выкладання шэрагу дысцыплін, у тым ліку філасофіі, у ВНУ і грамадазнаўчых дысцыплін у школах на беларускай мове (sic!)» (с. 11). Сказаўшы А, не варта маўчаць і пра В: калі згаданы закон 1990 г., то трэба згадаць і 1996 год, інакш можа скласціся ўражанне, што дагэтуль філасофію выкладаюць, а грамадазнаўству вучаць па-беларуску — і хоць і цяжка западозрыць нагэтулькі наіўнага чытача кнігі Лук’янюк, але такія палітычныя імплікатуры яе тэксту выглядаюць не надта хораша.

З уласна філасофскіх тэкстаў, надрукаваных у незалежнай Беларусі, аўтарка згадвае падручнікі «Асновы філасофіі (курс лекцый)» (1994) і «Філасофія. Кароткі курс лекцый» (1995), «Тэрміналагічна-тлумачальны слоўнік па філасофіі» (1996), і дадае: «пачалі друкавацца ў «Весніку БДУ» і іншых перыядычных выданнях навуковыя артыкулы на беларускай мове (напрыклад: В.Ф. Шалькевіч «Філасофія Канта ў Беларусі ў І трэці XIX стагоддзя» (1993 г.), А. І. Лойка «Ідэі М. Гусоўскага і актуальныя праблемы сучаснага тэхнагеннага свету» (1994 г.), Д. В. Ермаловіч «Пазнанне як мадэляванне рэчаіснасці (2001 г.) і іншыя» (с. 11). У аняменні і роспачы зазірнуў у бібліяграфію, знайшоў у дадатак да пералічанага яшчэ «Кароткі тлумачальны слоўнік філасофскіх, сацыяльных і культуралагічных тэрмінаў» (1992), «Ля вытокаў філасофскіх ведаў: Вучэбна-метадычны дапаможнік» (1994), «Хрысціянскі Філасофскі Зборнік. Філасофія» (2001). Усё! Г. зн. аўтарка палічыла за магчымае праігнараваць некалькі беларускамоўных дысертацыяў абароненых па філасофіі, яшчэ не звершаны праект шматтомнай «Гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі», усе колішняя пераклады «Эўрафорума», часопісы «Архэ» (дзе апроч шматлікіх перакладаў і філасофскіх эсэ, змагла б знайсці бясспрэчна істотны для яе тэмы «Слоўнік свабоды») і «Фрагмэнты», кнігі і тэксты ўсё таго ж В. Акудовіча, І. Бабкова, П. Рудкоўскага і … Я нават не ведаю, наколькі шматкропкавае шматкроп’е варта паставіць, каб незнарок не пакрыўдзіць, забыўшыся згадаць імя або тэкст, сваіх калегаў, чый беларускамоўны даробак, нават нягледзячы на ўсе імплікатуры і «але», незраўнёна большы за пералічанае Ю. Лук’янюк.

Усе мае магчымыя апраўданні аўтаркі спасылкамі на гіпатэтычна ўласцівы ёй інстытуцыянальны падыход руйнуе наступны падраздзел: «Філасофская тэрміналагічная лексіка ў прадмовах і пасляслоўях Францыска Скарыны». Па-першае, дзе логіка? Чаму гэты тэкст ідзе пасля апісання падзей і тэкстаў XX ст.? А, па-другое, чаму толькі Скарына? Чаму не той жа самы Сымон Будны, чыя выява, мядзведжай паслугай ілюстратара, змешчана на вокладцы кнігі? Чаму б не прааналізаваць на прадмет магчымай філасофскай лексікі тэксты Статутаў? Або шматлікую літаратуру часоў канфесійнай палемікі? «Арыстотэлевы вараты»? Аль-кітабы?… І я ізноў баюся, што, у сілу сваіх надта абмежаваных ведаў, забыў згадаць тут яшчэ цэлы шэраг не менш істотных і важкіх «чаму?».

Нельга ахапіць неахопнае – можна адказаць маім абурэнняў, але ж быў жа шлях: напісаць «наш агляд абмяжуецца толькі новабеларускай літаратурнай мовай», або «за філасофскую лексіку, будзем прымаць толькі паўсталае ў межах адпаведных, упаўнаважаных дзяржавай прамаўляць ад імя гэтай навукі інстытутаў», або «апроч прадмоваў і пасляслоўяў Францыска Скарыны існуе цэлы шэраг іншых старабеларускіх тэкстаў, дзе таксама можна знайсці філасофскую лексіку, але мы абмяжуемся толькі творамі нашага першадрукара, як найбольш выбітным дасягненні тагачаснай культуры…», ці нешта падобнае.

Такім чынам, нягледзячы на ўласныя словы тым, што беларуская філасофская мова нарадзілася «10 лютага 1921 г.», літаральна праз пару старонак аўтарка запэўнівае, што «Асаблівага развіцця філасофская думка ў Беларусі дасягнула ў XVI ст.» (с. 12) і паралельна, чамусьці адзначае: «у рэнесансна-гуманістычнай думкі Беларусі XVI-XVII стст. не было ідэйнага адзінства» (тамсама) нібы гэта «адзінства» ёсць дадатнай вартасцю, тым болей у дастасаванні да такой адпачатна палемічнай дысцыпліны як філасофія. «Заснавальнікам» жа «рэнесансна-гуманістычнага напрамку ў беларускай філасофіі быў Францыск Скарына» (с. 12) – так і ўяўляю сабе постаць нашага знакамітага палачаніна, самавіта прамаўляючага: «адгэтуль рэнесансна-гуманістычнага напрамак у беларускай філасофіі патрабую лічыць заснаваным!».

Агулам не ведаю, што горш: неверагодная выбіральнасць калектыўнай памяці беларусаў, паспяхова забыўшых безліч імёнаў з сваёй гісторыі, запамятаваць якія, падавалася б, нельга было ні ў якім разе, або рытуальнае ўтрапенне, з якім аддаюцца шанаванню тых рэдкіх, хто ў гэтай памяці ўсё ж застаўся. Вось Скарына – такое адчуванне, што і згадаць яго нельга без гэтых напышлівых, а таму ўжо цалкам пустых маўленчых «камланняў»: «непаўторны філосаф», «увасабленне духоўнай сілы і велізарнага інтэлекту беларусаў» (с. 12, 13). Каго і навошта мы спрабуем пераканаць падобнай патэтыкай? Не думаю, што адбудзецца нешта надзвычайнае, калі пакінуць падобныя рытарычныя празмернасці для літаратуры іншых жанраў і адразу перайсці да звычайнай навуковай аналітыкі тэкстаў нашага першадрукара. На рахунак тых жа самых аберацыяў можна аднесці і адкрыцці, кшталту «выказаў вельмі важныя гнасеалагічныя ідэі, што істотна ўзбагацілі тэорыю пазнання» (с. 13) – таксама характэрны жанр беларускага гістарычнага панегірыка: узяць усю сучасную структуру навуковых ведаў і раптам знайсці яе ўжо цалкам гатовай і распрацаванай у прадстаўніка самай аддаленай ад нас старасветчыны. Нешта дрэннае здарыцца з тым жа Скарынай, калі мы прызнаем нарэшце, што не толькі не займаўся анталогіяй, гнасеалогіяй і сацыяльнай тэорыяй, але і словаў такіх не ведаў і мусіў ведаць?

Годзе, аднак аб эпітэтах Скарыны, пяройдзем да ўласна «філасофскай тэрміналогіі», якую Ю. Лукʼянюк знайшла ў ягоных прадмовах і пасляслоўях да біблейных кніг. Высвятляецца, што карыстаўся такімі філасофскімі «паняццямі» як «смерць» і «вера» (с. 14), «праўда і крыўда» (апошняя ў значэнні няпраўды), «каханне», «Бог» (с. 15), «розум», «бег» (у значэнні часу) і «люд паспаліты» (с. 16). На рахунак апошняга, аўтарка адзначае, што хоць само слова змянілася, але значэнне сучаснага «народ» эквівалентнай семантычнаму напаўненню скарынаўскага «паспалітага люда» – больш чым сумнеўнае цверджанне, якое патрабуе прынамсі хоць нейкай аргументацыі ў свае падмацаванне.

Але, праблема з прыкладамі Ю. Лукʼянюк відавочна большая: як у Мальера ягоны Журдэн падчас размовы з настаўнікам філасофіі з подзівам дазнаецца, што ўвесь час прамаўляў прозай, так і па прачытанню кнігі нашай аўтарцы колькасць тых самых настаўнікаў старасвецкай навукі, баюся, значна пабольшае. Бо хто ж будзе адмаўляць сваю дасведчанасць у карыстанні такімі пачэснымі філасофскімі паняццямі, як вера, смерць, праўда, каханне, Бог, розум, час ці народ? Адным словам, пасля знаёмства з гэтым спісам, з яшчэ большым скепсісам ставіўся да характэрных падлікаў Ю. Лукʼянюк, што вось там знойдзена 26 тэрмінаў, а тут ужо 427 тэрмінаадзінак, тым болей, што ў астатніх выпадках прыкладаў налічанага яна ўжо не падае.

І якія б заўвагі і, нават, абурэнні не выклікала ў мяне гістарычная частка першага раздзелу, усё адно згадваў яе з настальгіяй, падчас знаёмства з яго астатнім зместам. Бо далей знаходзім у ім абмеркаванне суадносін паняццяў «тэрмін» і «тэрміналогія» (падраздзел 1.3), «тэрмін» і «ноўмэн» (падраздзел 1.4), разбор семантычнага поля паняцця «тэрмін» (падраздзел 1.5). З чаго я, як зусім не адмыслоўца ў тэматыцы, мушу зрабіць высновы: або ўсё зусім не да ладу з тэрміналогіяй самой навукі аб тэрмінах, калі яна патрабуе гэтак падрабязнага разгляду ў кнізе, прысвечанай зусім іншай праблеме, або, хутчэй, перад намі характэрнае схаластычнае практыкаванне прэтэндэнта на ступень кандыдата навук (а ў аснову тэксту манаграфіі лягла менавіта такая кваліфікацыйная праца аўтаркі) – засведчыць свае «знаёмства з літаратурай», няхай і ўсе здабытыя такім чынам дыстыкцыі і азначэнні і не будуць ніяк задзейнічаны ў далейшым.

Наступны раздзел «Лексіка-семантычная характарыстыка філасофскіх тэрмінаў» не дадае кнізе ані навуковай інтрыгі, ані адпаведнага саспенсу і напісаны паводле аднолькавага шаблону: праблема, дзве-тры старонкі пераліку меркаванняў аўтарытэтных лінгвістаў – дзясятак аднастайных абзацаў у стылі «С. А. Новікава пад варыянтнасцю разумее…», «В. М. Моладзец, аналізуючы сінанімію, адзначае…», «Красней лічыць…», «Антанюк таксама адзначае, што…», «У. М. Лейчык сярод тэрмінаў сінонімаў адзначае», «К. Я. Авербух гаворыць…» (с. 39-40) – і некалькі прыкладаў з уласна філасофскай тэрміналогіі.

Прычым, у якасці тых самых аўтарытэтаў фігуруюць выключна руска- і беларускамоўныя навукоўцы – агулам, з 159 пададзеных у бібліяграфічным спісе крыніц, толькі 3 напісаны на іншай, нямецкай мове, і, нават, перакладзеных на тую ж рускую, іншамоўных даследнікаў сярод цытаваных аўтаркай таксама няма. Такім чынам, вывучэнне беларускай тэрміналогіі прадстаўляецца нечым накшталт рэгіянальнага адгалінавання «суверэннага» рускага мовазнаўства…

Што ж датычыць філасофскіх паняццяў, то Ю. Лукʼянюк забываецца нават на ўласны вельмі няпоўны спіс кніг і артыкулаў і карыстаецца ў далейшым амаль выключна слоўнікамі кшталту «Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы», адкуль «ничтоже сумняшеся» пазычае такія «азначэнні», як «свет – «увесь свет, бясконцы ў часе і прасторы, разнастайны па формах, якія прымае матэрыя ў працэсе свайго развіцця»» (с. 28), «валюнтарызм – гэта «ідэалістычная плынь, якая абʼяўляе волю вышэйшым, творчым прынцыпам быцця»» (с. 29), або дэфініцыю мыслення як «вышэйшай форма актыўнага адлюстравання абʼектыўнай рэальнасці» (с. 35) – не спрабуючы нават задаць пытанні: што гэта за «азначэнне» свету, праз свет? І чаму ён мусіць быць абавязкова бясконцым у прасторы і часе? Або: што гэта за плынь такая «валюнтарызм» і каго можна залічыць у яе прадстаўнікі? І што рабіць з усім тым амаль бясконцым спісам філосафаў, якія адмаўляліся бачыць у мысленні «вышэйшую форму адлюстравання рэальнасці»? Дый нават з тымі самымі прадстаўнікамі «беларускага мыслення», аб якіх казаў вышэй, – бо ніводны з іх, відавочна, не пагодзіцца разумець сябе як «вышэйшага адлюструна беларускай рэальнасці»?

Агулам, усе гэтыя характэрныя, у дусе савецкага марксізму, азначэнні як і выказванні пра тое, што «неадназначныя падыходы асобных філасофскіх школ да вырашэння асноўнага пытання філасофіі ў розныя гістарычныя эпохі прыводзілі да супярэчлівага разумення ключавых паняццяў і катэгорый філасофіі», «да 90-х гг. XX ва ўсім свеце асноўнае месца займалі дзве антаганістычныя ідэалогіі: марксісцка-ленінская і буржуазная», «усе філасофскія сістэмы і плыні падзяляюцца на матэрыялістычныя і ідэалістычныя» (с. 9, 33, 63) можна было б часткова дараваць аўтарцы, калі б яна прызнала сваю поўную адданасць гэтаму вучэнню – кожны, зрэшты, мае права выбіраць філасофскія «фламастары» паводле ўласных густаў – і можа, нават, было б цікава паспрачацца з такім рэліктам старасвецкага марксізму, але, баюся, справа куды болей празаічная: Ю. Лукʼянюк проста не падбала абнавіць свае веды аб філасофіі, пазычаныя з адпаведных слоўнікаў.

Апроч таго, нават спасылкамі на адметныя ідэалагічныя перакананні аўтаркі, нельга патлумачыць яе «адкрыцці»: да «дуплетаў» філасофскай тэрміналогіі (г. зн. да словаў, якія «не маюць ніякіх семантычных адценняў у паняційным змесце») адносяцца: «гнасеалогія» і «эпістэмалогія», «метафізіка» і «анталогія», «субʼект» – «субстанцыя» – «матэрыя», «рэальнасць» – «рэчаіснасць» – «быццё» (с. 40-41)! Тут ужо варта падазраваць не проста нежаданне пазнаёміцца з больш новымі трэндамі ў беларускай філасофскай навуцы, але тое, што Ю. Лукʼянюк у свой час прагульвала адпаведны курс ва ўніверсітэце, бо нават тройчы артадаксальны савецкі марксіст без асаблівых цяжкасцяў знойдзе «семантычныя адценні», якія адасабляюць паняцці «субстанцыі» і «матэрыі» (не кажучы ўжо аб «субʼекце!).

Крыху весялей было чытаць апошні, трэці раздзел: «Структурна-словаўтваральная і генетычная характарыстыка тэрміналагічных адзінак». Прынамсі, большасць тэксту тут адведзена абмеркаванню ўласна філасофскай тэрміналогіі.

Чытаючы, пра суфіксы, прэфіксы, адпрыметнікавыя і адназоўнікавыя тэрміны … часам нават даведваўся пра знаёмыя мне паняцці нешта новае і мог зірнуць на іх іншым позіркам. Але, раздзел напісаны ўсё тым жа сухім акадэмічным канцылярытам, а большасць прыведзеных прыкладаў зусім «банальныя» і не адлюстроўваюць нічога адметнага для ўласна беларускай філасофскай лексікі.

Уласна тут – у адмыслова зразуметай «інтэрнацыянальнасці» знойдзенай Ю. Лукʼянюк за беларускай філасофскай лексікай – і пачынаюцца мае галоўныя пытанні да апошняга раздзелу яе тэксту. Праўда, праблемы гэтыя ўжо не зусім філасофскія, а хутчэй сацыялінгвістычныя і моўна-ідэалагічныя. Слова аўтарцы: «Разглядаючы сучасныя беларускія філасофскія тэрміны, мы прыйшлі да высновы, што значная колькасць семантычных калек у беларускай філасофскай тэрміналагічнай сістэме ўтворана пад уплывам рускай лексікі» (с. 74); «Запазычаныя філасофскія тэрміны падзяляюцца на словы іншамоўнага паходжання, запазычаныя праз пасрэдніцтва рускай мовы, і непасрэдна запазычанні-русізмы» (с. 101). Прычым: «Непасрэднае ўспрыманне, уключэнне рускіх слоў у слоўнікавы састаў беларускай мовы адбываецца з вялікай лёгкасцю, таму што граматычны лад, слоўнікавы састаў і тып словаўтварэння абедзвюх моў надзвычай блізкія» (с. 102).

Калі думаеце, што Ю. Лукʼянюк бачыць у такой залежнасці беларускай філасофскай лексікі ад рускай праблему – то вы памыляецеся, бо «Дзякуючы набыццю інтэрнацыянальнай лексікі мова выходзіць на міжнародную арэну, дае магчымасць народу, яе носьбіту, глыбей авалодаць лепшымі ўзорамі сусветнай культуры», цытуе яна, ніяк не пазначаючы сваю нязгоду з аўтарам, Р. Будагова…

Апошнія і агульныя заўвагі. Падавалася б, не аўтару гэтых радкоў – які ніколі не мог пахваліцца сваёй асаблівай пісьменнасцю – упікаць іншых у іх памылках. А ўсё ж: у лінгвістычнай працы, такая колькасць абмылак і апісак, адсутнасць дапасавання неяк асабліва кідаецца ў вочы. Ужо на 8 старонцы сустракаем такі, да прыкладу, сказ: «Філасофія як самастойная навука выкарыстоўвае сваю спецыяльную тэрміналогію, што адлюстроўвае паняцці і з’явы, якімі апелюе гэтая навуковая дысцыпліна» – і «адлюстроўвае паняцці» тут не дапасавана, і да таго ж плеаназм «навука» і «навуковая дысцыпліна», і, агулам, – сэнсу ў сказаным, апроч самага банальнага, не надта шмат…

Часам агулам падавалася, што Ю. Лукʼянюк проста практыкуецца ў акадэмічным канцылярыце, без іншых мэтаў, апроч пошукаў дадаткова абʼёму для свайго тэксту, бо чым, інакш, можна патлумачыць такія сказы: «Філасофская тэрміналогія складаецца з мноства ўзаемазвязаных, узаемазалежных і ўзаемаабумоўленых элементаў, арганізаваных у мікрасістэмы, мікрагрупы, што ўтвараюць цэласную сістэму» (с. 8)?

  1. Біяграфічны нарыс пра Любоў Антанюк і яе ўласны тэкст «Развіццё і задачы ўпарадкавання беларускай навуковай тэрміналогіі»; «З назіранняў над тэрміналогіяй лексікаграфіі» М. Ф. Гуліцкага; артыкулы В. Красней «З гісторыі фарміравання беларускай граматычнай тэрміналогіі», «Беларуская нацыянальная тэрміналогія: некаторыя пытанні фарміравання і сучаснага стану», «Аб сінонімах, дублетах і варыянтах у тэрміналогіі»; А. Падлужнага «Структурная і лексіка-граматычная характарыстыка тэрмінаў» і П. У. Сцяцко «Беларуская лінгвістычная тэрміналогія ў сферы фіксацыі».
  2. Калі ўжо пакідаць назвы тэкстаў у іх арыгінальным правапісе, то кніга Быхоўскага была прысвечана філязофіі дыялектычнага матэрыялізму ↩︎
  3. Да прыкладу:
    – Быхоўскі, Б. Марксызм і філёзофія. — Полымя, 1926, No 5. — С. 73–93.
    – Быхаўскі, Б. Уводзіны ў філёзофію дыялектычнага матэрыялізму. — Полымя, 1926, No 7. — С. 106–120.

    – Быхоўскі, Б. Ці быў Сьпіноза матэрыялістам (да 250 гадавіны з часу яго сьмерці). — Полымя, 1927, №3. — С. 123-135.

  4. Слоўнік па філасофіі: Праект для абмеркавання / Акад. навук БССР, Гал. рэд. Беларус. Савец. Энцыкл. – Мн., 1967. – 71 с. ↩︎

You may also like...