Яўген Кунцэвіч. Пачатковыя нататкі да тэорыі быцця

 

0. Да любога выказвання ніжэй можна і нават трэба дадаваць “мне здаецца”. Ніводнае з іх не прэтэндуе на статус апошняй і першай праўды, а ўсе яны разам прапануюць толькі мысленчую мадэль, з дапамогай якой можна глядзець на свет. А можна не глядзець.

1. Я сцвярджаю, што ў аснове любой тэорыі, якую ні вазьмі, ляжыць абмежаваная колькасць каштоўнасных выказванняў, змест якіх быў беспасярэдне ўгледжаны стваральнікам(і) гэтай тэорыі і якія нельга даказаць або зняпраўдзіць лагічна карэктным чынам. У змесце гэтых выказванняў можна толькі ўдзельнічаць, больш або менш уцягнута. Калі мы хочам зразумець пэўную сістэму поглядаў, то мусім свядома або несвядома пагадзіцца ўдзельнічаць у змесце гэтых каштоўнасных выказванняў, каб мець мажлівасць перайсці да інтэлектуальнай працы з выраслымі на іхнай глебе аргументаванымі думкамі. Іначай, без удзелу ў каштоўнасным уладкаванні чужога мыслення, далейшая інтэлектуальная праца робіцца або абсалютным разгромам (бо чалавек не дапусціў для гэтых думак права існаваць), або не можа прэтэндаваць на глыбіню разумення і робіцца выключна павярхоўнай рэканструкцыяй сутнасна чужога ўнутры ўласнага мыслення, якое застаецца неадчувальным да новага. (Зрэшты, і такая рэканструкцыя можа быць бязмерна захопленай, што не адмяняе яе бясплённасці.) У кожным разе ўсё залежыць ад нашай гатовасці, па-першае, прызнаць існаванне чужой сістэмы думак (што не складана, бо яна, відавочна, ужо-заўсёды-ёсць) і, па-другое, дапусціць чужую сістэму думак у сваё жыццёвае поле (або іначай – прызнаць за ёй не толькі існаванне, але і права на яго – што, безумоўна, складаней).

Чытаць далей мае сэнс толькі ў тым выпадку, калі вы гатовыя прызнаць каштоўнасныя выказванні, на якіх грунтуецца гэты тэкст, і логіку іх развіцця вартымі існавання.

2. Пачну, як заўсёды, з цьмянай здагадкі, якая і будзе каштоўнасным базісам усяго, прамысленага ніжэй. Чалавек здольны змяняцца выключна як псіхалагічны, але не як анталагічны суб’ект. Іншымі словамі, чалавек, безумоўна, здольны засвойваць новыя мадэлі паводзінаў, падзяляць нязвыклыя для сябе думкі і авалодваць эмацыйным дыяпазонам, нашмат шырэйшым, чым у зубачысткі. Мажлівасці такой псіхалагічнай гнуткасці і рухавасці могуць быць дастаткова вялікімі, але не бязмежнымі, і іхныя межы (дакладней – пэўнае працяглае поле ўзаемадзеяння, прамежак экзістэнцыйнай прасторы, дзе гэтыя мажлівасці, сутыкаючыся з чымсьці іншым, паступова згасаюць) аказваюцца няўлоўнымі для штодзённай думкі. У нейкі момант псіхалагічная здольнасць змяняцца натрапляе на нейкую іншую ўнутраную вобласць, дзе мажлівасць змены рассейваецца. Гэтую вобласць можна характарызаваць як унутранае ядро, пэўны нязменны прынцып арганізацыі тваёй асобы, яе структуратворчы пачатак, тваё сэрца. Любыя такія характарыстыкі недастатковыя і ўяўляюцца хутчэй метафарамі, чым фактамі строгага мыслення, але прынамсі ўтвараюць сэнсоўны люфт, неабходны для сумеснага разумення.

Любы чалавек, які прыкладзе дастатковую колькасць асэнсаваных намаганняў, можа вывучыць новую паводзінную мадэль або прызвычаіцца да іншага погляду на свет, што дазволіць яму быць больш функцыянальным у пэўных становішчах і абставінах. Але заўсёды застаецца штосьці непахіснае, нязменнае, што ўтварае самы цэнтр чалавечай істоты. Усё псіхалагічна новае можа захоўвацца і цвёрда ўваходзіць у існаванне чалавека толькі ў тым выпадку, калі яно не супярэчыць гэтаму цэнтру. У зваротным выпадку, новае не зможа трывала замацавацца ў ім, незалежна ад сваёй функцыянальнасці.

Чалавека, узятага як суб’ект думак, пачуццяў, жаданняў і паводзінаў, узятага ў разнастайнасці ягоных штодзённых праяваў, назавём псіхалагічным суб’ектам. Чалавека, узятага ў аспекце прынцыпу яго быццёвай арганізацыі, назавём анталагічным суб’ектам.

Такім чынам: чалавек здольны змяняцца як псіхалагічны, але не як анталагічны суб’ект.

3. Нязменнасць цэнтру маёй істоты нараджае мажлівасць або немажлівасць шчыра ( = усёй істотай) удзельнічаць у пэўных канфігурацыях падзеяў і адносінах. Гэта, у сваю чаргу, ставіць перад намі праблему свайго і не-свайго, то бо таго, з чым я магу ўзаемадзейнічаць як анталагічны суб’ект, і з чым не магу без шкоды для быцця-сабой.

Заўвага. Калі я кажу “без шкоды для быцця-сабой”, то, вядома, не маю на ўвазе, што нязменны цэнтр істоты мажліва пашкодзіць, раскалоць або знішчыць. Пад шкодай тут разумеецца хутчэй загрувашчванне ўнутранай прасторы не-сваім і загароджванне сваёй сарцавіны, сваёй унутранай праўды ад вачэй свядомасці. Менавіта гэтую загароджанасць і пераплецены з ёй недаход свайго ў асяроддзі мы маем на ўвазе, калі размова ідзе пра сутнасную “тугу па доме”.

4. Калі мы ўяўляем кожнага чалавека як анталагічны і псіхалагічны суб’екты, спалучаныя з прасторамі пераходу і ўзаемадзеяння (адна – паміж анталагічным і псіхалагічным складнікам і адна – паміж псіхалагічным суб’ектам і гістарычным, культурным, сацыяльным і сітуатыўным асяроддзем), то на падставе такой антрапалогіі мы можам сфармуляваць варыянт касмалогіі ўсё-з-усім-звязанага тыпу. Калі кожны анталагічны суб’ект здольны на абмежаваную колькасць аўтэнтычных узаемадзеянняў, агульны выгляд якіх прадвызначаны ягоным быццёвым прынцыпам, то і колькасць ягоных мажлівых асэнсаваных адносінаў абмежаваная колькасцю людзей сумяшчальнай з ім анталагічнай арганізацыі, якіх можна сустрэць у ягоны гістарычны час.

Паколькі глыбокая блізкасць мажлівая выключна паміж істотамі з сумяшчальнымі тыпамі быцця (паміж тымі, хто прызнае адно аднаго “сваімі”), то ў такой мадэлі свету можна дапусціць перадзададзеную гармонію мажлівых узаемнасцяў ва ўмовах перадзададзенай дысгармоніі (бязладдзя) мажлівых эмпірычных сустрэч.

Неабходнасць, народжаная пэўнай канстэляцыяй канкрэтных быццяў, як бы парадаксальна і абсурдна гэта ні гучала, ёсць толькі мажлівай неабходнасцю. Закон, які перажываецца як цэласная падкладка нашага свету, не рэалізуецца сам па сабе, але толькі ў свабодным чалавечым дзеянні. Іншымі словамі, толькі свабодны чалавечы акт выводзіць заўсёды мажлівую неабходнасць падзеі ў яе актуальнасць.

Мы маем справу са светам, у якім у форме мажлівасці існуе абмежаваная колькасць законазгодных адносінаў (адносінаў паводле тыпу быцця, патэнцыйна неабходных пры ўмове рэалізацыі свабоды) і эмпірычна неабмежаваная колькасць выпадковых (павярхоўных, неабавязковых) адносінаў. Анталагічная ўзаемнасць у такім выпадку вызначаецца як сустрэча людзей, здольных на адносіны паводле быццёвага тыпу і гатовых ажыццявіць сваю свабоду ў іх. Такая сустрэча можа быць апісаная як цуд у сэнсе парушэння псіхалагічных законаў на карысць анталагічнага. Эмпірычная ўзаемнасць залежыць ад іншых, псіхалагічных і сітуатыўных, прычынаў.

Заўвага. Мне здаецца, што цьмяныя здагадкі пра пераплеценасць усяго з усім і ўнутраную ўзаконенасць свету, якія можна сустрэць не проста паўсюль, але яшчэ і ў разважаннях людзей любога ўзроўню адукаванасці, калісьці нарадзілі ўяўленне пра бога. Найбольшая памылка для мыслення – персаніфікаваць і антрапалагізаваць яго, адыходзячы тым самым ад першаснай інтуіцыі “бога” як узорнага быцця, адзінае “дзеянне” якога ў свеце – пранізванне ўсяго сутнаснай законнасцю, якая з мажлівасці робіцца неабходнасцю ў свабодным дзеянні чалавека (не выбары, а менавіта ў дзеянні). Свет, падпарадкаваны сутнаснаму закону, можна ўявіць як павуцінне на сонцы. У ім ёсць тонкія і дрыготкія, але правільныя сцяжынкі. Усё звязана з усім, і сонца напаўняе гэтую звязнасць агульным сэнсам. Нашы крокі не могуць не ўплываць на іншыя, нават самыя далёкія спляценні павуціння. Ніхто не забараняе нам пераскокваць паміж павуцінкамі і часам зрывацца ў бездань, але навошта?

5. Размаўляючы на гэтыя тэмы, мы мусім адрозніць і акрэсліць тры прадметы мыслення, аднесці іх да розных яго абсягаў і вызначыць далейшыя шляхі думкі. Назавём тры прадметы мыслення наступным чынам: ёсць, быццё і існаванне. Ёсць – гэта пустая характарыстыка ўсяго ўнутрысветнага. Усё, што даступна нам для адносінаў, ёсць. Ёсць – сфера мыслення як такога. У адносінах да ёсць паўстаюць два вялікія кірункі мыслення: (1) ці ёсць сэнс у далейшым прамысліванні ёсць або яго інтыітыўнага разумення дастаткова для выканання наступных мысленчых задачаў; і (2) што нам рабіць з няма, з нішто, з адсутным? Адказаць на першае зробіцца мажлівым пасля прамыслівання быцця і існавання. Што да другога, мне здаецца, што найбольш карэктна будзе ставіцца да няма як да мігатлівага ёсць.

Быццём трэба называць канкрэтную рэалізацыю ёсць у існым, прынцып яго знаходжання ў свеце. Мы мусім не баяцца ўжываць быццё ў множным ліку, бо іх шмат і яны розныя, нават калі не паддаюцца класіфікацыі. Быцці вызначаюць спосабы ўзаемнасці, на якія здольнае канкрэтнае ўнутрысветнае, у т.л. і найперш чалавек. Найважнейшыя кірункі думкі тут – (1) як пазнаюцца быцці і (2) як характарызаваць іх сустрэчу? Прамысліванне быццяў – сфера філасофіі як такой.

Існаванне апісвае сапраўдныя спосабы ўзаемадзеяння са светам, усе сутнасныя і несутнасныя мажлівасці дзеяння ў свеце, незалежна ад таго, на якія мажлівыя неабходнасці выводзіць нас пазнанне ўласнага быццёвага ядра. Існаванне – сфера навукі ў шырокім сэнсе і канкрэтных навуковых дысцыплінаў у прыватнасці. Вызначэнне кірункаў думкі тут – іх справа, але філасофіі важна сфармуляваць, як узаемадзейнічаюць быцці са сваімі існаваннямі.

Заўвага. Нягледзячы на тое, што размова тут у асноўным пра чалавека, у рэчаў таксама ёсць быццёвы прынцып арганізацыі, які дазваляе ім адны віды ўзаемнасці і не дазваляе іншыя (што праяўляецца як праца законаў фізікі, напрыклад), але ён ёсць для чалавечай свядомасці, а не для саміх рэчаў, і пры разглядзе рэчаў гэтую дыстынкцыю можна праігнараваць і размаўляць толькі пра іх існаванне.

Дадатак. Акрамя ёсць, быцця і існавання, у прадумванні маюць патрэбу словы ўзаемнасць, адносіны, цуд, закон, мажлівасць і неабходнасць, свабода, дзеянне, дом, сваё і не-сваё.

 

You may also like...