Анжэла Мельнікава. Літаратурны канон як штодзённы плебісцыт

Якія постаці, аўтары, тэксты, паводле вашага меркавання, пераацэненыя ў беларускім літаратурным каноне XX стагоддзя, ці ацэненыя неадэкватна? І якія аўтары і тэксты, адваротна, мусілі б абавязкова заняць у ім важнае месца?

Разважаючы над гэтым пытаннем, з’яўляецца больш пытанняў, чым адказаў.

Перш за ўсё, трэба вызначыцца з паняццем канона.

Канон – гэта тое, што не выклікае пытанняў, ці “штодзённы плебісцыт”?

Канон – гэта вывучэнне літаратурнага працэсу ці спасціжэнне/засванне лепшых узораў (гісторыя літаратуры ці нейкі ўяўны корпус тэкстаў, накшталт “100 лепшых твораў беларускай літаратуры”)? Напрыклад, умоўны Янка Купала ў гэты канон увойдзе цалкам ці з “Выбраным”?

Канон – гісторыя літаратуры ці гісторыя ідэй, “дамінантных структур”, агульных тэндэнцый?

На мой погляд, у нас адсутнічае нейкае канвенцыйнае бачанне літаратурнага канона, таму гаварыць пра тое, што нейкія “аўтары, тэксты пераацэненыя ў беларускім літаратурным каноне XX стагоддзя, ці ацэненыя неадэкватна”, не даводзіцца.

Ёсць акадэмічная “Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя ў 4 тамах” (фактычна ў 6 т., бо 4 том складаецца з 3 кніг). Гэта найбольш поўнае і аўтарытэтнае выданне па гісторый беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. І ў большасці сваёй (хаця выключэнні ёсць) там пададзены аб’ектыўны аналіз творчасці таго ці іншага пісьменніка. Але больш за палову персаналій (можа нават 2\3), пададзеных у Гісторыі, адсутнічае ў Праграме для вышэйшых навучальных устаноў для філалагічных спецыяльнасцей. У Праграме – 45 персаналій.

Таксама ёсць выказванні, ацэнкі розных асоб, заангажаваных у беларускую культуру, адносна твораў/постацяў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. Але і тут аднадушша ў адносінах да прадмета абмеркавання адсутнічае, таму ў дадзеным выпадку гаварыць пра ўсталяваны канон не даводзіцца. Часцей гучаць агульныя разважанні, агучваюцца пэўныя крытэрыі, згодна з якімі можна было б скласці спіс кананічных твораў. То бок, нейкі канвенцыйны спіс кананічных твораў адсутнічае.

Больш пэўнасці з творамі класікаў, якія ўжо сталі сакральным наратывам.

І ёсць мой асабісты канон як чытача, філолага, выкладчыка і даследчыка (ці больш карэктна сказаць, чалавека, які займаецца вывучэннем гісторыі беларускай літаратуры).

Таксама ёсць “школьная версія, поп-канон / актуальная літаратура, канон для прасунутых і абазнаных, аўтарскія каноны.

Ёсць яшчэ адзін важны момант. Я лічу, што нават наша класіка як след не прачытана і не асэнсавана. Я з вялікай павагай стаўлюся да плёну даследчыкаў беларускай літаратуры мінулых і сучасных часоў, але ў мяне асабіста вельмі абмежаванае кола аўтараў, работы якіх я магу параіць студэнтам і сказаць, што ў тэкстах даследчыка N пададзены адэкватны і глыбокі аналіз твораў пісьменніка Х. На маю думку, канон, як і нацыянальная ідэнтычнасць, гэта “штодзённы плебесцыт”. Таму існуе патрэба ў пастаянным пераасэнсаванні як літаратурнага працэсу, так і творчасці асобных пісьменнікаў, класікаў у тым ліку. Па-другое, у нас, на жаль, адсутнічае даследаванне, дзе б асэнсоўвалася так сказаць магістральная лінія развіцця беларускай літаратуры – гісторыя ідэй + гісторыя стыляў, напрамкаў + гісторыя вербалізацыі, выкрышталізацыі гена нацыянальнага. (Больш–менш разгледжана гісторыя асобных стыляў). “Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя ў 4 т.”: – гэта набор персаналій, а не вывучэнне дамінанатных структур. Падкрэслю адносна “Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя ў 4 т.”: работы зроблена каласальная.

Зыходзячы з вышэй сказанага, я магу гаварыць толькі пра свае асабістае бачанне канона. Лічу, што Праграма для вышэйшых навучальных устаноў для філалагічных спецыяльнасцей складзена досыць аб’ектыўна. Пытанні ёсць да раздзела “Сучасная літаратура Беларусі (з сярэдзіны 1980-х гадоў)”: чаму адны персаналіі прысутнічаюць, а іншыя адсутнічаюць. Але ў адносінах да сучаснай літаратуры такія пытанні заканамерныя.

Таксама мне ў Праграме мне не хапае твораў Ф. Аляхновіча (ў “Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя” ёсць). Таксама не магу лічыць кананічнымі творы, дзе адсутнічае думка, эстэтыка. Імёнаў называць не буду. Ці творы, дзе выказваюцца каштоўнасці, абумоўленыя часам (так званы савецкі наратыў). То бок пэўныя персаналіі я б і з Праграмы выключыла ці пакінула б асобныя творы. Вядома, што канон – паняцце досыць рухомае (савецкі канон і постперабудовачны канон), бо пастаянна адбываецца перасэнсаванне каштоўнасцей (эстэтычных, сацыяльных і т.п.), змяшчэнне каштоўнасцей, абумоўленыя зменай сацыяльных практык.

На працягу сваёй выкладчыцкай работы я выкладала гісторыю беларускай літаратуры ХХ стагоддзя ўсіх перыядаў. І працавала наступным чынам: творы адных аўтараў разглядала падрабязна, скрупулёзна, а іншых – “у агульных рысах”. Таму што не разглядаць іх творы ўвогуле нельга, бо трэба прытрымлівацца праграмы.

Такім чынам, мой канон, падыход да выкладання.

Падрабязна – Я. Купала, Я. Колас, М. Баглановіч, Зм. Бядуля, М. Гарэцкі, В. Ластоўскі, К. Чорны, Ул. Дубоўка, М. Зарэцкі, А. Мрый, Ул. Жылка, Янка Маўр, М. Танк, М. Стральцоў, В. Быкаў, А. Адамовіч, Ул.Караткевіч, В. Адамчык, В. Казько, А. Разанаў.

Акрэсліць асноўныя напрамкі творчасці і зрабіць акцэнт на асобных творах. У І. Мележа – падрабязна пра “Палескую хроніку”, Я. Брыля – “Птушкі і гнёзды”, “Муштук і папка”, лірычныя мініяцюры. Цётка, Ядвігін Ш., Ц. Гартны, А. Гарун, К. Крапіва, М. Лынькова, Я. Пушча, Л. Калюга, М. Лынькоў, А. Куляшоў, П. Панчанка, А. Макаёнак, І. Чыгрынаў, І. Пташнікаў, Р. Барадулін – акрэсліць асноўныя напрамкі творчасці і зрабіць акцэнт на асобных творах.

Крытэрыі аднясення твораў сучаснай літаратуры да канона – наяўнасць філасофіі + эстэтычны ўзровень + так званы “генетычны” код, код беларускасці, паколькі мы гаворым пра нацыянальны эстэтычны канон. Разумею, што апошні крытэрый можа падацца спрэчным, але для мяне ён важны. Так, з аднаго боку, літаратурны твор павінен ацэньвацца па літаратурным крытэрыям. Але, з другога боку, для мяне літаратурны канон – гэта не толькі ўзорныя ў эстэтычных адносінах творы, “глыбокія па змесце”, але гэта і аснова культуры, тое, што фарміруе нацыянальную ідэнтычнасць.

Ну і вядома, што каноны перарастаюць свае першапачатковыя ўстаноўкі, адкрываюцца новыя сэнсы ў “кананічных” творах, то бок творы класікаў таму і сталі класічнымі, што здольныя ўступаць у дыялог з мінулай і будучай традыцыяй. Класічныя творы валодаюць патэнцыялам дапускаць, прадуцыраваць розныя інтэрпрэтацыі.

Хацелася б мець на беларускай глебе работу, падобную да класічнай кнігі Гаральда Блума. Таксама цікавы напрамак разважанняў – гісторыя дыскурсаў адносна канона на беларускім матэрыяле.

2. Ці магчыма існаванне некалькіх літаратурных / культурных канонаў? Школьная версія? Поп-канон / актуальная літаратура? Для прасунутых і абазнаных? Аўтарскія каноны?

Адказ на гэтае пытанне ужо агучаны вышэй. Лічу, што не толькі магчыма, але гэта дадзенасць. Паколькі існуюць розныя сацыяльныя групы, гэтыя групы маюць розны культурны ўзровень, розныя мэты. Адсюль і розныя каноны. Яны могуць (і часта так і адбываецца) перасякацца.

 

 

You may also like...