Валянцін Акудовіч. З Ігнатам на скразняках вечнасці…

Часам мне здецца, што я жыву ўжо не адно тысячагоддзе. Я здагадваюся скуль паходзіць гэтая ўява. Усім сваім экзістэнцыйным ладам маё egо ўпісанае ў метафізіку і фундаментальную анталогію быцця. Да таго ж гэтыя базавыя для мяне апорыі мацуюцца і сцягваюцца антычнай гамагеннасцю. І гэта тычыцца не толькі філасофіі той пары, але і ўсіх дыскурсаў тагачаснай чалавечнасці…

Дарэчы, у тых маіх тысячагоддзях я зусім не самотны, бо там ёсць блізкі мне беларус. Завуць яго Ігнат Абдзіраловіч. Але каб апынуцца з ім поруч на Адвечным шляху, яго запаветы трэба не проста чытаць – імі трэба дыхаць. Што я і раблю ужо чвэрць стагоддзя.

* * *

У 1997 годзе ў Мінску распачаў працу Беларускі Калегіум, дзе мне было даручана весці курс філасофіі і літаратуры. З той пары кожны новы набор нашага хаўруса перадусім наталяе сябе эўрыстыкай гэтага неверагоднага твора. (Дарэчы, яго ні з якім іншым не пераблытаеш – там заўсёды свежы вецер).

Мега-эсэ Ігната Абдзіраловіча, надрукаванае ў Вільні ў 1921 годзе, да шырокай публікі патрапіла толькі напрыканцы дваццатага стагоддзя. Той, хто падхапіўся яго тады прачытаць, быў літаральна агаломшаны: як такое магчыма ў інтэлектуальна нішчымнай краіне?!

Але давайце найперш звернемся да назвы. За ўсе прамінулыя гады мне ні разу не сустракалася, каб нехта моцна засяроджваў на ёй сваю ўвагу –“Адвечным шляхам”. І дарэмна! Яна не толькі прыўкрасная сама паводле самой сябе і анталагічна жыццетворная стасоўна беларускага кону як такога. Яна апынулася надзвычай актуальнай і сітуацыйна, бо на тую пару, пад уплывам надакучлівага слогана “Русская идея”, нашы нацыянальна заангажаваныя інтэлектуалы спехам пачалі шукаць “Беларускую ідэю”.

Няма ніякай беларускай ідэі, – запэўніў Ігнат сваёй максімай. – І ніколі не будзе. Бо ў нас ёсць адвечны шлях, які карэлюецца толькі з вечнасцю.

Марцін Гайдэгер некалі сцвярджаў, што чалавек – гэта пастух ісціны Быцця. Калі я ўглядаюся ў рэтраспектыву адвечнага беларускага шляху, дык пачынаю здагадвацца, што ўвесь гэты час беларусы не авечак ды кароў пасвілі – яны пасвілі Быццё. За што сведчыць і наша сучасная эпоха, якая быццам з ніадкуль адразу грымнула мноствам мысліўных герояў, ідэяў і праектаў.

***

Прыкладна ў тыя самыя дзевяностыя гады мяне спаланіла так званая метафізіка адсутнасці, прыкладам чаму сталася першая кніга – “Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека”. Пачынаючы з той кніжкі праблемы няма, нішто, адсутнасці зрабіліся маёй мысліўнай штодзённасцю. Недзе тады аднойчы і падумалася: калi б я быў уладаром краiны Няма, дык за герб узяў бы “Чорны квадрат” Казiмiра Малевiча, за гімн паланез Міхала Клеафаса Агінскага “Развітанне з Радзімай”, за дэвiз – словы Iгната Абдзiраловiча “Творачы зруйнуем”, а за iдэалогiю – ягоную ж “лiючуюся форму”, бо ў прасторы Ёсць, бадай, нi праз што нельга блiжэй наблiзiцца да Няма, чым праз “лiючуюся форму”, гэта значыць праз тое, што прысутнiчае ў сваёй адсутнасцi i адсутнiчае ў сваёй прысутнасцi. Ды i сама Беларусь, як i ўвесь беларускi шлях, найбольш адэкватна апiсваецца гэтай віртуальнай формулай – лiючаяся форма…
* * *

Ладная частка хрысціян да гэтага часу дагматычна верыць, што Бог стварыў Свет з нічога (ex nihil). Пакінем абок гаворкі з’едлівае пытанне: а дзе Ён сам тады месціўся, калі нідзе нічога яшчэ не было? Відаць, хаваўся ў адсутнасці самога сябе (Бог усё можа).

А вось з чаго ён аб’явіўся як прысутны? Ніхто не ведае. Я таксама, але ў мяне ёсць версія. Бог аб’явіўся, калі ў абсалютнай і татальнай пустой пустаце прыдумаў ідэю формы. Бо маючы гэтую ідэю, Яму ўжо было да чаго прыкласці рукі. І тады Бог за тыдзень нарабіў, – як галушак, – зораў з планетамі, вылучыў сярод іх нашу Зямлю і тут ужо вычварыўся да схочу…

З тых знакамітых сямі дзён чалавек наследуе справу Бога і ўвесь свой чалавечы век вытварае новыя формы – ад простых рэчаў да сацыяльных структураў і містычных дыскурсаў, бо толькі праз формы ён можа ўтрымаць гэты свет пры сабе і дзеля сябе.

Форма – гэта сапрўды боскі цуд. Толькі і самая трывушчая з іх не можа быць вечнай. З цягам часу яна пачынае паміраць сама ў сабе. Гэта аднолькава тычыцца і велічных помнікаў, і сацыяльных структураў, і рэлігійных дагматаў, і палітычных канонаў, запакаваных у дзяржавы і тысячагадовыя імперыі.

Зразумела, чалавек у сваім мностве ні хто іншы, як канструкт усіх гэтых формаў. Толькі ў адрозненне ад іх ён заўсёды малады і з гэтага ўвесь час іначыцца, эвалюцыянуе, разумнее. А яны толькі чарсцвеюць. Вось чаму крывавыя войны жывога з мёртвым былі a priori непазбежныя. Ад веку…

Гэткая сітуацыя Ігнату моцна не падабалася. Ён быў малады (27 год), рамантычны і геніяльны. Якраз у такія гады геніям карціць ратаваць калі не ўсё чалавецтва, дык хаця б свой народ.

Для Ігната хутка ўвідавочнілася, што ўсе праблемы нашай Айчыны не столькі ў саміх беларусах, колькі ў састарэласці тых формаў, куды іх запхнуў неміласэрны лёс. І з гэтым нешта трэба было рабіць.

Вось тады ён і прыдумаў ідэю ліючайся формы, якая была б заўсёды тоеснай жывому чалавеку, а не змярцвелым канструктам. Між іншым, тут якраз да месца яму прыдаўся Геракліт. Таму яго славутую максіму Ігнат цытуе не аднойчы: “Усё рушыцца, усё цячэ, нельга плюхнуцца два разы ў адну раку”.

На жаль, нават Геракліт не змог дапамагчы Ігнату ў яго рамантычным рушэнні. Ды і не мог дапамагчы. Ужо хаця б таму, што форма ракі не плынь, а берагі. Карацей, у нашага маладога філосафа так і не атрымалася больш-менш уцямна сфармуляваць, што ёсць ліючайся формай, а тым болей патлумачыць, як такі феномен магчымы на яве. Зрэшты, апошняе не зашкодзіла гэтай канстанце зрабіцца мемам сярод сучасных беларускіх інтэлектуалаў…

А далей здарыўся цуд! Ужо не ў якасці мема, а жывой і рэальнай канфігурацыі ліючаяся форма выявілася падчас масавых забурэнняў сённяшніх дзён. Пад ціскам чорных наймітаў мёртвай улады тысячы і тысячы поўных жыццялюбства беларусаў без асаблівага супраціву перацякалі з адных вуліц і плошчаў на іншыя, як бы здзекуючыся з паскуднай мерцвячыны.

Я зачаравана азіраўся на гэтую форму супраціву і з радасным посмехам думаў: вось дзе яна, відушча Ігната Абдзіраловіча.


***


Словамі “Творачы – зруйнуем!” Ігнат канцуе свой геніяльны тэкст. Гэткі глабальны нігілізм шмат каму не падабаецца, бо людзі прызвычаіліся таясаміць слова “творчасць” са стварэннем новага і прыўкраснага.

Канцэптуальная аблуда. Калісьці Ніцшэ ўзнёсла казаў: “Я паўночны вецер для саспелых пладоў”. Тэза Ігната куды больш глыбокая, чым у Ніцшэ, і да таго ж неверагодна жыватворная сама паводле сябе.

Ігнат пісаў сваё мега-эсэ ў разбуранай, залітай крывёю і месцамі спляжанай ушчэнт Еўропе. Гэта Першая сусветная вайна, рэвалюцыі, паўстанні і ўсялякае такое іншае зброяй ды болем нішчылі ўсё мёртвае старое: палітычныя сістэмы, эканамічны лад, сацыяльныя дачыненні… Карацей, усё, што змярцвела ў сваіх формах да той меры, якая не дазваляла жывому прарастаць і дыхаць на поўную моц.

Пачварны спосаб – нішчыць гарматамі старое, каб наноў расхінуць будучае.

І тады беларускі геній кажа: не трэба гармат. Давайце старое мёртвае будзем бурыць і руйнаваць творчасцю. Штодзённа і ў меру магчымасцяў кожнага, толькі не спыняючыся, каб больш ніколі мёртвыя формы не заміналі квітнець жывому жыццю. А як спакваля навучымся руйнаваць творчасцю ўсё змярцвелае, то збудземся хоць якіх войнаў.

Далей я трохі працытую ўжо уласна Ігната Абдзіраловіча.

“Час пераканацца, што няма формаў універсальных, формаў, ахопліваючых усё жыццё і яму адпаведных. Не затрымалася чалавечае сумленне ні на аднэй форме, цудоўны цяг імкне яго далей, вышэй. Упалі ўсе формы, якія хацелі панаваць над чалавекам, бо ня можна з чыстым сумленьнем пасьвячаць ім сваю душу. Ляжаць разьбітыя і растрэсканыя каля ног чалавека молах рэлігіі, гаспадарства, пісанай маралі і яшчэ, і яшчэ (…).

Час зразумець, што жыцьцё кіруець фомамі, а не наадварот, што сам чалавек, яго вялікая, родная сонечным косам душа, яе натуральныя імкненьні да сьвятла, хараства, праўды – зьмест жыцця, што ў праўдзівым незалежным жыцьці няма месца ні ідэалам, ні ахвярам”.


***

Ну і апошняе. Паводле сваёй сутвы “Адвечны шлях” Ігната Абдзіраловіча – гэта беларуская утопія. Вялікая беларуская утопія. Ёй месца сярод знакамітых утопій, спіс якіх мы звыкла пачынаем з Кампанелы, Оўэна, Фур’е, Сен-Сімона… Так яе і трэба чытаць, аналізаваць, мысліць. Толькі пры гэтым мысліць абавязкова, бо гэта не звыклая сацыяльная утопія – гэта утапічны прект вечнасці.

Мы ж не толькі кароў і авечак пасвілі ў нашым прамінулым Быцці. Але пра гэта я ўжо казаў.

 

 

You may also like...