Павал Баркоўскі. Пуцін і “метафізічная віна” беларусаў і ўкраінцаў

 

Сёння шмат для каго з’яўляецца загадкай, чаму Расія звар’яцела і пайшла ваяваць супраць усяго свету, а галоўнае, хто ў тым вінаваты? Зразумела, што Пуцін і прапаганда. Загадкавая руская душа, якой гэтак захапляліся еўрапейскія народы, аказалася жудаснай пачварай, прагнай да помсты і разбурэння цывілізацыі. Цікава, што калі пачынаеш шукаць метафізічныя карані віны за гэта, то след сягае ў далёкае мінулае. І… віну гэту як не дзіўна можна ў вялікай ступені ўскласці на продкаў беларусаў і ўкраінцаў, якія калісьці ўзяліся цывілізаваць усходні народ.

Без вялікіх перабольшванняў можна сказаць, што да сярэдзіны 16 ст. маскоўская дзяржава выглядала найхутчэй як азіяцкая сатрапія, што годна адпрацоўвала ярлык на ханства, дараваны кожнаму наступнаму князю Чынгізідамі. Яе адзінай перавагай перад суседнімі народамі была выключна большая людская маса, магчымасць выстаўляць колькасна вялікшыя ваенныя атрады. Ваенныя ж поспехі пераважна прасочваліся ў змаганні з стэпавымі і напаўкачавымі ўладаннямі іншых азіяцкіх гаспадарстваў. Але ў нейкі момант нашы продкі займелі місію “цывілізаваць” усходніх тартар, і… з гэтага ўсё і пачалося. Першымі былі паляшук Іван (Ян) Федаровіч (Фёдараў) і Пятро з Мсціслаўля, якія прывезлі ў Маскву першы друкарскі станок і выдрукавалі там першую рускую кнігу “Апостал”, а пасля і першыя граматыкі. З гэтага моманту змяніўшы вектар развіцця маскоўскага ханства ў еўрапейскім кірунку. І хаця праз пераслед з боку “духоўных скрэп” мусілі хутка пакінуць Масковію, семя будучыні было ўжо пасеянае.

Наступны наш продак, які зрабіў шмат для паўставання сучаснай Расіі – Самуіл Пятроўскі-Сітняновіч, больш вядомы як Сімяон Полацкі (1629-1680). Гадавец Кіева-Магілянскай і Віленскай езуіцкай акадэміі быў верным дарадцам маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча, выхавацелям Пятра І, на духоўнае сталенне якога ён аказаў несумнеўны ўплыў, а таксама ў пэўнай ступені заснавальнікам расійскай навукі і славеснасці. Сімяон працягнуў кнігадрукарскую дзейнасць, быў заснавальнікам першай вышэйшай навучальнай установы будучай Расіі – Славяна-грэка-лацінскай акадэміі ў Маскве. Ён шмат змагаўся са стараабрадцамі і садзейнічаў усталяванню таго кшталту праваслаўя, яскравым увасабленнем якога цяпер з’яўляецца патрыярх Кірыл. Таксама Сімяон-Самуіл, аўтар “Жэзла праўлення” і “Рыфмалагіёна” фактычна даў узор першай расійскай паэтычнай школе, куды ён прывез еўрапейскую метафізічнасць і барочнасць. З улікам таго, што яго паэтычныя ўзоры паўплывалі на вялікага песняра імперыі Аляксандра Пушкіна, аўтара вядомых радкоў –

О чем шумите вы, народные витии?

Зачем анафемой грозите вы России?

Что возмутило вас? волнения Литвы?

Оставьте: это спор славян между собою,

Домашний, старый спор, уж взвешенный судьбою,

Вопрос, которого не разрешите вы.

Уже давно между собою

Враждуют эти племена;

Не раз клонилась под грозою

То их, то наша сторона.

Кто устоит в неравном споре:

Кичливый лях, иль верный росс?

Славянские ль ручьи сольются в русском море?

Оно ль иссякнет? вот вопрос.

(…)

Иль русского царя уже бессильно слово?

Иль нам с Европой спорить ново?

Иль русский от побед отвык?

Иль мало нас? Или от Перми до Тавриды,

От финских хладных скал до пламенной Колхиды,

От потрясенного Кремля

До стен недвижного Китая,

Стальной щетиною сверкая,

Не встанет русская земля?..

Так высылайте ж к нам, витии,

Своих озлобленных сынов:

Есть место им в полях России,

Среди нечуждых им гробов (1831)

можна сказаць наш зямляк двойчы паўплываў на ўзнікненне вялікай Расійскай імперыі: першы раз праз Пятра І непасрэдна фізічна, а потым праз Дзяржавіна і Пушкіна метафізічна. Трэба таксама адзначыць, што разам з сваёй асветніцкай дзейнасцю Сімяон экспартаваў у Масковію шчырую нянавісць і крыўду на “лаціннікаў” і палякаў, тую сумесь любові і нянавісці, якую і надалей вызнае “вялікая руская культура” у дачыненні да старой Еўропы.

Яшчэ адным нашым земляком, які шчыраваў на карысць маладой ўсходнееўрапейскай імперыі стаў выхадзец з маленькага смаленскага роду, які ў маленстве гадаваўся на Кіеўшчыны, а потым вучыўся ў лепшых універсітэтах Еўропы – Феафан Пракаповіч (1681-1736). Двойчы змяніўшы канфесію і пабываўшы ў Рыме пры папскім двары, таленавіты юнак вярнуўся да праваслаўя і доўгі час кіраваў навучальнымі ўстановамі – Кіева-Магілянскай акадэміяй і Кіеўскім універсітэтам, каб потым паехаць у Пецярбург для правядзення там рэфарматарскай дзейнасці па закліку Пятра І. Менавіта Пракаповіча можна лічыць адказным за ўсталяваннем маскоўскага цэзарапапізма: уяўлення пра вышэйшую духоўную ўладу цара над царквой, што потым знайшло сваё ўвасабленне ў структуры Свяцейшага Сінода і сервільным статусе праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату ў дачыненні да ўласнай дзяржавы. Спрычыніўся Феафан таксама да стварэння яшчэ некалькіх прыкмет будучай імперыі: па-першае, вялікага і магутнага расійскага флота, чый Статут ён пісаў уласнаручна і які сёння ідзе ў вядомым кірунку, па-другое, знакамітай Таемнай Канцылярыі, продка сучасных КДБ і ФСБ, рэгламент якой разам з інструкцыямі для правядзення допытаў ён распрацоўваў на пачатку 18 ст. Па вызначэнні гісторыка Анісімава Пракаповіч быў “рускім Тарквемадам”. Разынкай на торціку можна лічыць тое, што менавіта гэты сын беларускай і ўкраінскай зямлі прапанаваў, маўляў, вядомую канцэпцыю “трыадзінага славянскага народа”. Усё слушна, хрысціянская ідэя братэрства, памножаная на іерархію і чынашанаванне ў Расію была экспартаваная таксама з нашай тэрыторыі. Гэтаксама як і Сімяон Полацкі, Феафан Пракаповіч адзін з заснавальнікаў рускай прыгожай славеснасці, асабліва ў яе класіцысцкай форме. Карацей “тыповы найміт і авантурыст”, па вызначэнні Георгія Флароўскага, што прыехаў з земляў былога ВКЛ і Рэчы Паспалітай, фактычна дапамог сфармаваць тое, за што мы так любім імперскую Расію сёння.

Але насамрэч метафізічная віна беларусаў і ўкраінцаў за паўставанне цяперашняй імперскай Расіі яшчэ большая. Бо ніхто так не паўплываў на ўзнікненне “загадкавай рускай душы” як пісьменнік Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі, выхадзец з дробнай пінска-валынскай шляхты. Калі ў Расіі два вялікіх пісьменніка – Дастаеўскі і Талстой, дык вось Талстой – хутчэй пісьменнік для Масквы, а Дастаеўскі – для Пецярбурга. Роднага горада Ўладзіміра Ўладзіміравіча. Калі нехта дасюль задаецца пытаннямі “Who is mr. Putin?” і “But why?”, няхай перачытае творы Фёдара Міхайлавіча. Пуцін – гэта Раскольнікаў нашага часу. Уся сутнасць загадкавай рускай душы ўкладаецца ў споведзь студэнта-забойцы сваёй нявесце:

“И неужели ты думаешь, что я как дурак пошел, очертя голову? Я пошел как умник, и это-то меня и сгубило! И неужель ты думаешь, что я не знал, например, хоть того, что если уж начал я себя спрашивать и допрашивать: имею ль я право власть иметь? — то, стало быть, не имею права власть иметь. Или что если задаю вопрос: вошь ли человек? — то, стало быть, уж не вошь человек для меня, а вошь для того, кому этого и в голову не заходит и кто прямо без вопросов идет… Уж если я столько дней промучился: пошел ли бы Наполеон или нет? — так ведь уж ясно чувствовал, что я не Наполеон… Всю, всю муку всей этой болтовни я выдержал, Соня, и всю ее с плеч стряхнуть пожелал: я захотел, Соня, убить без казуистики, убить для себя, для себя одного! Я лгать не хотел в этом даже себе! Не для того, чтобы матери помочь, я убил — вздор! Не для того я убил, чтобы, получив средства и власть, сделаться благодетелем человечества. Вздор! Я просто убил; для себя убил, для себя одного: а там стал ли бы я чьим-нибудь благодетелем или всю жизнь, как паук, ловил бы всех в паутину и из всех живые соки высасывал, мне, в ту минуту, всё равно должно было быть!.. И не деньги, главное, нужны мне были, Соня, когда я убил; не столько деньги нужны были, как другое… Я это всё теперь знаю… Пойми меня: может быть, тою же дорогой идя, я уже никогда более не повторил бы убийства. Мне другое надо было узнать, другое толкало меня под руки: мне надо было узнать тогда, и поскорей узнать, вошь ли я, как все, или человек? Смогу ли я переступить или не смогу! Осмелюсь ли нагнуться и взять или нет? Тварь ли я дрожащая или право имею…”

“Штука в том: я задал себе один раз такой вопрос: что если бы, например, на моем месте случился Наполеон и не было бы у него, чтобы карьеру начать, ни Тулона, ни Египта, ни перехода через Монблан, а была бы вместо всех этих красивых и монументальных вещей просто-запросто одна какая-нибудь смешная старушонка, легистраторша, которую еще вдобавок надо убить, чтоб из сундука у ней деньги стащить (для карьеры-то, понимаешь?), ну, так решился ли бы он на это, если бы другого выхода не было? Не покоробился ли бы оттого, что это уж слишком не монументально и… и грешно? Ну, так я тебе говорю, что на этом «вопросе» я промучился ужасно долго, так что ужасно стыдно мне стало, когда я наконец догадался (вдруг как-то), что не только его не покоробило бы, но даже и в голову бы ему не пришло, что это не монументально… и даже не понял бы он совсем: чего тут коробиться? И уж если бы только не было ему другой дороги, то задушил бы так, что и пикнуть бы не дал, без всякой задумчивости!.. Ну и я… вышел из задумчивости… задушил… по примеру авторитета… И это точь-в-точь так и было! Тебе смешно? Да, Соня, тут всего смешнее то, что, может, именно оно так и было…”

Метафізічныя карані цяперашняй агрэсіі новай Расійскай імперыі супраць народа Ўкраіны можна адшукаць у гэтых пакутах незбаўленага героя Дастаеўскага. Ці істота я дрыжачая, ці права маю? ЦІ змагу я перакрочыць нормы маралі і права, ці не змагу? Ці гатовы нахіліцца і ўзяць, ці забаюся? ЦІ гатовы для велічы і славы пайсці на забойства, ці не здужаю? Мы ведаем адказ Радзівона Раскольнікава, ён гэтакі ж як і адказ Пуціна.

Гэта ўсё канешне горкая іронія, але метафізічна Пуцін сёння не проста ажыццяўляе свой напад на Ўкраіну як пэўны імперскі комплекс, які ён выказаў у артыкуле ў адной расійскай газетцы, ён рэалізуе той комплекс рускага чалавека, які быў закладзены ў эпоху яго цывілізавання. Адначасовай любові і нянавісці да Захаду, а таксама шалёнага экзістэнцыяльнага, самагубнага ў сваёй аснове выбару. Менавіта гэты выбар доўгі час хаваўся пад дзіўнай формулай “Расіі, што мусіць стаць з кален”. Калектыўны сусветны Парфірый Пятровіч назірае за шаленствам і пакутамі ў вачах гэтага новага Радзівона і спрабуе намацаць логіку яго віны. Але частка тае віны ляжыць і на нашых продках – беларускіх і ўкраінскіх мыслярах-асветніках, што некалі паспрабавалі рэфармаваць і цывілізаваць Расію, заклаўшы тым самым міну запаволенага дзеяння, якая выбухнула нам з часам.

 

You may also like...