Іван Новік. Топ-5 філасофскіх кніг 2022 года па меркаванню гугла. Частка IІ

Beatty L. Looking for Theophrastus: Travels in Search of a Lost Philosopher. – Atlantic Books, 2022.

«У адным каралеўстве, за цёмнымі водамі Ла-Маншу, жыла-была дзяўчынка. Але жыла там яна толькі целам, бо занадта шэрым і туманным здаваўся ёй родны Альбіён, бо цуралася ўласнага арганізму, у якім абуджалася біялогія жанчыны. Душой жа лунала ў зыркім святле і шаленстве колераў грэцкіх выспаў і марыла аб міфічных істотах старажытнай Элады, паў-людзях паў-конях, або паў-казлах, для якіх невядомы мітрэнгі менструацыяў. Пасталеўшы, са старажытных фаліянтаў яна даведалася пра мудраца Тэафраста, па сляды якога выправілася на ягоную сапраўдную, а сваю духоўную радзіму…» – відаць, неяк так варта было пачаць гэты тэкст, каб трапіць у кангеніяльнасць з аўтаркай агляданай кнігі, ці, прынамсі, паквітацца з Лаўрай Біці за тыя дзясяткі старонак, на працягу якіх яна распавядае пра сваю вандроўку ў Грэцыю, пра пачутую там музыку і адведаныя музеі, пра свае дзявочыя ўспаміны, пра ўласны страх вады і вандравання караблямі, пра музеі, гатэлі… пра ўсё магчымае, апроч самога Тэафраста, зʼяўлення якога я марна чакаў усе гэтыя бясконцыя ўводзіны, не раўнуючы Гадо з пʼесы Бекета.

«У самавіта мэбляваным пакоі я нарэшце плюхаюся на ложак, гляджу ў столь і пытаю ў сябе як, чорт вазьмі, можна знайсці чалавека, які мёртвы вось ужо болей за дзве тысячы гадоў» – піша ў самавыкрывальным сказе Лаўра Біці. «І тое праўда! – на яе рытарычнае пытанне я тады адказаў парай сваіх уласных – навошта ехаць у сучасную Грэцыю па даўно спачылага філосафа? Які сэнс ва ўсіх гэтых асабістых дэталях, у вандроўных уражаннях? Калі нарэшце, чорт вазьмі, будзе Тэафраст? …». А калі памёр, хоць скіньце мячык.

Але ўводзіны скончыліся і на сцэне, няўпрыклад герою Бекета, усё ж такі з’явіўся старажытнагрэцкі філосаф, вучань Платона і сябра Арыстотэля (пераемнікам якога ён стаў у заснаваным тым Лікеі), першы вядомы нам батанік і агулам – чалавек размаітых талентаў і здольнасцяў.

Але і пра Тэафраста нам будзе распавядана ў той жа ўпадабанай аўтаркай манеры – з невядома адкуль узятымі падрабязнасцямі, з амаль вуайерыстычнай цікавасцю да знешніх, бачных дэталяў, узахлёб ад самога філосафа і ўласнай апантанасцю ім. Неяк так: «Гэта быў знамянальны момант, калі Тэафраст, такі малады, упершыню зірнуў праз замочную шчыліну гэтых блакітных вачэй і заўважыў, што падае, і перад ім адкрываюцца велічныя прасторы розуму Арыстотэля».

Калі падаецца, што я крытыкую Лаўру Біці, то, хутчэй, гэта даецца ў знакі мае расчараванне. Чамусьці вырашыў, што перад мной – гісторыя філасофіі, і быўшы паводле сваёй акадэмічнай ідэнтычнасці прадстаўніком менавіта гэтай навукі, чакаў убачыць цікавы ўзор яе выканання. Але «Шукаючы Тэафраста» – не гісторыя філасофіі. Калі шукаць яе дысцыплінарную і жанравую прыналежнасць, то кнігу я б параўнаў з вядомай савецкай серыяй «ЖЗЛ». Менавіта «жэзээл» Тэафраста напісала Лаўра Біці – хіба што, у адрозненні ад савецкіх аўтараў – нічога не кажа пра «грамадска-палітычныя» варункі Старажытнай Грэцыі, і шмат, у процілежнасць аналагам, выпінае свае асабістае, персанальнае стаўленне да мысляра.

Калі дамовіцца, што перад намі своеасаблівае «жэзээл», то кніга Лаўры Біці можа заслужана заняць свае пачэснае месца сярод падобных – аўтарцы нельга адмовіць ані ў жывасці маўлення, ані ў пэўным літаратурным таленце, ані ў сіле ўяўлення. Намаляваны партрэт Тэафраста атрымаўся сімпатычны і «як жывы». Застаецца хіба шэраг пытанняў, якія можна адрасаваць бадай любой кнізе тых жа «жэзээлаўскіх» прэтэнзіяў: а ў чым уласна звышмэта падобнага пісьма? Чаго, апроч падвышэння сярэдняй тэмпературы павагі да свайго персанажа ў палаце грамадства, шукаў і прагнуў аўтар? І калі, як у разгляданым намі выпадку, ідзецца пра біяграфію філосафа, – ці ёсць нешта філасафічнае ў ёй самой? Пакінуўшы ў спакоі «ЖЗЛ» серыю, адносна самой кнігі «Шукаючы Тэафраста» заўважу: адказ на гэтыя пытанні, хоць і не такі навочны, як уласцівая аўтарцы манера пісьма, можа быць дадзены і звязаны ён акурат з мадальнасцямі бачнага і «як» апісання. Філасофію свайго ўлюбёнца Лаўра Біці зразумела праз нібы ўласцівую для яго адметную скіраванасць погляду і звязаную з ёй фенаменалагічную ўстаноўку. Сысці ад свайго настаўніка – Платона – і пакінуць заснаваную тым Акадэмію, узважыць казанае ім і знайсці, нягледзячы сяброўскія повязі, занадта лёгкім і тагасветным у параўнанні з эмпірычнай ісцінай і Арыстотэля, і Тэафраста змусіла супольная для абаіх цікавасць да дэталяў і дробязяў гэтага свету, жаданне бачыць рэчаіснасць у яе паўнакроўнай стракатасці, не ахвяруючы ёй у імя разумовага святла ідэяў.

Але Тэафраст у сваёй схільнасці да эмпірычнасці і ў сваёй «Метафізіцы» – так былі названы, таксама заднім днём, фрагменты напісаныя філосафам адносна пытання «першых пачаткаў» – сягнуў нават далей за свайго таварыша, чые імя мы і асацыюем з аднайменна названай кнігай і навукай.

Калі Арыстотэль знаходзіў у прыродзе адзінства формаў, на якіх грунтуюцца існасці рэчаў, і спрабаваў звесці яе да некалькіх зыходных прынцыпаў, то Тэафраст заўважаў хутчэй стракатыя патэрны ў іх рытмічным ўзаемапераходзе і лякаўся рабіць заабстрактныя высновы. Гэтыя патэрны праяўляюцца на ўзроўні ніжэйшым за субстанцыяльны, выказваюць рэчы ў іх індывідуальнасці і характарыстычнасці. Уласна кніга, названая бібліёграфамі «Харакатары» – замалёўкі пра трыццаць чалавечых тыпаў (ліслівец, балбатун, хвалько, буркатун і д.п.), пададзеных у адметных для кожнага знешнасці, жэстах і жыццёвых сітуацыях – і зʼяўляецца, па меркаванню Лаўры Біцці, вяршыняй творчасці Тэафраста і, адначасова, найбольш вымоўнай праявай уласцівай яму скіраванасці тэарэтычнага погляду. На пахвалы кнізе аўтарка не шкадуе словаў і знаходзіць яе ўплывы ледзьве не ва ўсёй пазнейшай традыцыі мастацкай літаратуры.

Калі дадаць сюды адметнасць антычнай фенаменалогіі бачнага свету – «свежасць» успрыняцця прыроды, дзейныя сілы якой прадстаўляліся адначасова таямнічымі і праяўленымі ў адпаведных стыхіях; апрычоная «тапалогія», якой яшчэ не знаныя ані хрысціянскае супрацьпастаўленне вонкавага і ўнутранага, ані глыбіня сучаснага мікрасвету; для старажытнага грэка паверхня ва ўласцівых для яе карунках і ёсць сама рэчаіснасць, за якой не тоіцца нічога апроч хтанічнага хаосу – то стыль кнігі Лаўры Біцці, з яе цікавасцю да знешняга і характарыстычнага, да «блакітных вачэй Арэстотэля», уяўленых рухаў і жэстаў галоўнага пратаганіста, выяўляецца як своеасаблівае практыкаванне ў антычна-тэафраставым поглядзе, як ягоны ўзор і ўвасабленне. Адным словам, кнігу лучаць з яе героем больш цікавыя адносіны, чым падаецца спачатку, і сама філасофія Тэафраста, аб якой, здавалася б, сказана зусім не шмат, маштабна прадстаўлена ў ёй, але не на ўзроўні «што», але «як» наратыву.

Setiya, Kieran. Life Is Hard: How Philosophy Can Help Us Find Our Way. — New York : Riverhead Books, 2022.

Чып і Дэйл Дыялектыка рэчаіснасці спяшаецца на дапамогу – у паратунак незаслужана крытыкаванаму жанру і на ганьбу фанабэрыі аўтара гэтых радкоў. Варта было толькі напісаць крытычную тыраду на рахунак self-help кнігаў, як паслужлівы лёс і алгарытмы гугла падаюць неаспрэчны доказ маёй перадузятасці і адсутнасці рацыі.

Кіран Сэтыя не какетнічае з сваім чытачом і кніжным рынкам, хаваючыся жанравую прыналежнасць ім напісанага за спіны антычных, ці якіх-кольвек іншых, аўтарытэтаў, і адразу, яшчэ ва ўводзінах пагаджаецца на паліцу self-help літаратуры. «Life Is Hard» гэта перш за ўсё парады і кіраўніцтва для карыстання гэтым самым складаным з вядомых нам працэсаў – уласным жыццём. Але ж адмаўляць кнізе ў яе філасафічнасці, глыбіні і нават адметнай строгасці думкі я не вазьмуся. Болей таго, з усёй прапанаванай мне гуглам складанкі менавіта гэту кнігу я прачытаў з найбольшай цікавасцю і толькі адносна яе ў мяне не было ніякіх сумневаў у яе бясспрэчна філасофскім статусе.

У свае апраўданне магу сказаць толькі, што перад намі вельмі адметны self-help твор. Аўтар не рэкламуе чарговы спосаб пражыць найлепшае і бездакорна шчаснае жыццё, не прапануе агораць усе магчымыя вяршыні і дабіцца ўсяго жаданага з дапамогай чарговых штукарстваў. Акурат у скіраванасці нашых поглядаў вылучна на дасягненні і поспехі – мяркуе Кіран Сэтыя – і крыецца галоўная пастка сучаснасці. Менавіта гэта наша зашоранасць прыводзіць да расчаравання і непазбежнай незадаволенасці ўласным лёсам. Мы занадта «сканцэнтраваны на задавальненні, а не на болю; на каханні, а не стратах; дасягненнях, а не няўдачах». У часы агульнага ўтомнага забегу за асабістым шчасцем, аўтар, замест рэкламы чарговага лёгкага маршрута да дабрабыту, прапануе сканцэнтравацца да супрацьлежнай катэгорыі, якую ён знайшоў у філосафа Шэлі Каган (Shelly Kagan), – зла-быт (ill-being).

Адылі, не маем у асобе Кіран Сэтыя і чарговага песняра песімізму, не раўнуючы сучаснага Шапенгаўэра. Жыццё можа быць пражытым асэнсавана, «добра» (у этычным сэнсе) і нават – пры пэўным мінімальным шанцунку – шчасна. Але ў саму формулу гэтых асэнсаванасці і шчасця ўваходзіць тое, што боль, часовая немач, смерць блізкіх, паразы ў пэўных пачынаннях – неўнікнёныя і непазбежныя і іх ніці неабходна ўплеценыя ў саму тканіну жыцця. Кіран Сэтыя задаецца парадаксальным, на першы погляд, пытанням – як правільна пачувацца ў болі, паразе і смутку, як добра пражыць жыццё ў несправядлівым свеце? Уласна прапанаваны ім свайму чытачу self-help і складаецца з інструментару правільнага асэнсавання гэтых магчымых і непазбежных на доўгай біяграфічнай дыстанцыі ліхаў. І першым такім інструментам будзе мужнасць прызнаць ісціну – бездакорнага жыцця ў абсалютнай шчаснасці не існуе, «чалавечыя абставіны не вылечныя». Акурат гэта мужнасць у ісціне людскога існавання, якую Кіран Сэтыя шукае і песціць у сабе і патрабуе ад свайго чытача, і прымушае прызнаць філасафічнасць напісанай ім кнігі.

Уздымаючы вельмі небяспечныя тэмы – кніга арганізавана, нават паводле сваіх раздзелаў, вакол экзістэнцыялаў болю, самоты, смутку, паразы, несправядлівасці, абсурднасці і надзеі – дзе б найбольш адчуваўся аўтарскі фальш, Кіран Сэтыя кожнага разу цаляе ў патрэбную інтанацыю. Замест характэрнага для self-help літаратуры зухвальства мы чуем не найграную, гранічную шчырасць (амаль дзесяцігоддзе, да прыкладу, пакутуе ад хранічнага болю, звязанага з мочапалавой сістэмай і не лякаецца распавядаць чытачу ўсе падрабязнасці, улучна з бясплённымі паходамі да ўролагаў); замест удаванага усёзнайства – сумневы, спрэчкі з самім сабой, падрабязнае абмеркаванне альтэрнатываў; замест запіснога аптымізму – харобрасць у прызнанні праўды жыцця. Кніга, пры тым, не атрымалася манатоннай – яшчэ адзін камплімент, які я вінны Кіран Сэтыі: ягонае майстэрства ў мантажы некалькі рэгістраў і стыляў пісьма. Пасля чарговага шчырага прызнання ў самых няёмкіх біяграфічных абставінах, ён пераходзіць да стаката афарызмаў, якія ўводзяць у тэму, пасля пераскоквае да дыялектычнага абмеркавання за і супраць розных пазіцый, каб закончыць раздзел аўтарскім шматкропʼем…

You may also like...