Сяргей Санько. РАННЯЯ ГІСТОРЫЯ КАНЦЭПТУАЛІЗАЦЫІ ЧАСУ: ГАМЕР І ГЕСІЁД

Канцэпт ЧАС далёка не адразу вылучыўся як самастойны ў старажытных культурах. Пра гэта, у прыватнасці, сведчаць дадзеныя параўнальна-гістарычнага індаеўрапейскага мовазнаўства: мовы гэтай сям’і не маюць адзінага этымона для намінацыі гэтага канцэпту і развівалі свае ўласныя назвы, відавочна, у пару ўжо адносна самастойнага культурнага развіцця.

Cтарагрэчаская культура не была тут выключэннем і далёка не адразу развіла тыя ўяўленні пра час, якія зрабілі значны ўплыў на станаўленне еўрапейскай філасофіі і навукі. Мы не можам прасачыць гісторыю канцэптуалізацыі часу ва ўсіх дэталях з-за адсутнасці надзейных вельмі ранніх крыніц. У помніках крыта-мікенскага пісьма B (XV ‒ XII стст. да н. э.) мы не знаходзім яшчэ тэрмінаў для абазначэння часу ў пэўным абагульненым сэнсе.

Але самыя раннія літаратурныя помнікі ‒ паэмы Гамера і Гесіёда (VIII ст. да н. э.) ‒ ужо сведчаць існаванне слова для абазначэння нейкага ўяўлення аб часавай працягласці: χρόνος ‛час, пара, узрост’. Спецыфіка гэтага ўяўлення застаецца ўсё яшчэ дыскусійнай. Большасць даследчыкаў (напрыклад: [1, p. 221]) падтрымліваюць думку Германа Фрэнкеля, выказаную яшчэ ў 1931 г. [2; 3]. Г. Фрэнкель быў невысокай думкі аб ступені развітасці канцэпта ЧАС у Гамера: «У Гамера мы знаходзім амаль поўную абыякавасць да часу» [3, p. 1]; «Наогул, у Гамера мы знаходзім неразвітае пачуццё часу» [3, p. 6]. Вядома, Г. Фрэнкель зыходзіў з новаеўрапейскага паняцця часу і менавіта яго выкарыстоўваў як меру вышыні эвалюцыйнага развіцця (г. зн. абстрагавання), адводзячы Гамеру ледзь не найніжэйшую яго прыступку, хоць і падаў у сваім артыкуле шмат сапраўды тонкіх і цікавых назіранняў. Катэгарычнасць меркавання Г. Фрэнкеля апошнім часам справядліва аспрэчваецца [4, p. 17].

Слова χρόνος ў паэмах Гамера сустракаецца дзясятак разоў (Hom. Il. 2.299, 3.157, 14.206, Il. 15.511; Od. 4.594, 5.319, 6.295, 11.161, 12.407, 14.193). Як адзначыў ўжо Г. Фрэнкель, «χρόνος заўсёды стаіць у вінавальным склоне … ніколі не з’яўляецца суб’ектам і ніколі не выступае самастойна» [3, p. 2], так што пра персаніфікацыю або, тым больш, абагаўленне часу, як гэта мела месца ў наступныя эпохі, гаворка наогул не ідзе. Некаторыя кантэксты, як быццам, даюць падставы зрабіць выснову, што χρόνος абазначае нейкую неакрэсленую працягласць, ніяк не звязаную з пэўнай колькасцю гадзін, дзён, месяцаў, гадоў і г. д., як гэта адзначаюць Г. Фрэнкель і яго паслядоўнікі [3, p. 2; 5, p. 20–21]. Напрыклад, Адысей, звяртаючыся да Агамемнана і сходу ахейцаў, заклікае:

τλῆτε φίλοι, καὶ μείνατ᾽ ἐπὶ χρόνον ὄφρα δαῶμεν
ἢ ἐτεὸν Κάλχας μαντεύεται ἦε καὶ οὐκί.
Пацярпіце, сябры, і пачакайце яшчэ нейкі час, пакуль мы даведаемся,
ісцінна прарочыць нам Калхас або не.
(Hom. Il. 2.299–300)

Гаворка ішла аб прадказанні, што Траянская вайна скончыцца на 10-ы год. Аналагічна ў (Hom. Od. 6.295–296).

Але часцей χρόνος азначае ўсё ж дастаткова працяглы прамежак часу, што падкрэсліваецца частым ужываннем слова ў складзе словазлучэнняў πολὺν χρόνον ‛шмат часу, доўгі час’, δηρὸν χρόνον ‛доўгі, працяглы час’. Так, Гера, угаворваючы Афрадыту спыніць сварку Акіяна і Тэфіі, якая вельмі турбавала алімпійскіх багоў, кажа:

ἤδη γὰρ δηρὸν χρόνον ἀλλήλων ἀπέχονται
εὐνῆς καὶ φιλότητος, ἐπεὶ χόλος ἔμπεσε θυμῷ.
Вось ужо доўгі час яны цураюцца адзін аднаго,
агульнага ложка і кахання – бо злосць запала ім у душу.
(Hom. Il. 14.206–207)

Старыя, убачыўшы прыгожую Алену на цытадэльным муры, кажуць:

οὐ νέμεσις Τρῶας καὶ ἐϋκνήμιδας Ἀχαιοὺς
τοιῇδ᾽ ἀμφὶ γυναικὶ πολὺν χρόνον ἄλγεα πάσχειν:
Няма асуджэння, што траянцы і ахейцы ў шыкоўных накаленніках
за такую жанчыну доўгі час церпяць пакуты.
(Hom. Il. 3.156–157)

У іншым выпадку гэтая вялікая працягласць мае даволі дакладную меру ‒ 9 гадоў:

ἐννέα δὴ βεβάασι Διὸς μεγάλου ἐνιαυτοί,
Девяць прайшло год вялікага Зеўса
(Hom. Il. 2.134)

Іншыя кантэксты паказваюць, што «час» у Гамера хутчэй суадносны па працягласці з годам, напрыклад у сцэне, дзе Адысей размаўляе са сваім верным рабом Еўмеем:

τοιγὰρ ἐγώ τοι ταῦτα μάλ᾽ ἀτρεκέως ἀγορεύσω.
εἴη μὲν νῦν νῶϊν ἐπὶ χρόνον ἠμὲν ἐδωδὴ
ἠδὲ μέθυ γλυκερὸν κλισίης ἔντοσθεν ἐοῦσι,

ῥηϊδίως κεν ἔπειτα καὶ εἰς ἐνιαυτὸν ἅπαντα
οὔ τι διαπρήξαιμι λέγων ἐμὰ κήδεα θυμοῦ,
ὅσσα γε δὴ ξύμπαντα θεῶν ἰότητι μόγησα.
Я табе гэта, безумоўна, расскажу шчыра.
Але нават калі б у нас дваіх было на доўгі час
ежы і салодкага віна ў тваім буданее,

ці лёгка было б мне і за цэлы год перадаць усё, распавядаючы бедствы маёй душы,
якія я зведаў па воле багоў.
(Hom. Od. 14.192–198)

У паэмах Гамера досыць прыкладаў таго, што грэкі архаічнай пары былі не абыякавыя да ліку дзён і гадоў, так што высновы некаторых даследчыкаў аб неразвітасці ў іх ўспрымання і ўсведамлення часу выглядаюць некалькі перабольшанымі. З чым хіба можна пагадзіцца ‒ гэта што ў іх не было ўяўлення аб абстрактным, лінейна бягучым часе, выпрацаванага еўрапейскай культурай на світанку Новага часу.

Зусім іншую карціну ранняй канцэптуалізацыі часу даюць нам паэмы Гесіёда ‒ практычна, сучасніка Гамера ‒ «Тэагонія» і «Працы і дні». Іншую і некалькі парадаксальную. Парадаксальнасць палягае ў тым, што сам Гесіёд практычна не ўжывае слова χρόνος. У «Тэагоніі» яно зусім адсутнічае, за выключэннем аднаго вытворнага μεταχρόνιαι, якім характарызуюцца Гарпіі ‒ міфічныя даалімпійскія лютыя напаўжанчыны-напаўптушкі, выкрадальніцы (ст.-гр. ἁρπάζω ‛хапаць, выкрадаць’) дзяцей або чалавечых душ, якія з’яўляюцца падчас буры або навальніцы:

αἵ ῥ᾽ ἀνέμων πνοιῇσι καὶ οἰωνοῖς ἅμ᾽ ἕπονται
ὠκείῃς πτερύγεσσι: μεταχρόνιαι γὰρ ἴαλλον.
яны як ветра парывы і птушкам падобна цікуюць (ахвяру)
на крылах імклівых: (як) метэоры яны наляцелі раптоўна.
(Hes. Th. 269)

Апошняя фраза выклікала цяжкасці яшчэ ў старажытнасці, адпаведна, прапаноўваліся розныя кан’ектуры. І цяпер у перакладах, якiя прызнаюцца за класічныя ў розных традыцыях, можна сустрэць розныя яе інтэрпрэтацыі. Так, у англійскім перакладзе Х. Дж. Эвелін-Уайта гэтае месца падаецца наступным чынам : «for quick as time they dart along» ‒ «бо імчаць яны хуткія, як час» [6, p. 99]. У рускім перакладзе В. Верасаева малюецца некалькі іншы вобраз: «[Носятся Гарпии эти,] паря высоко над землею» [7, с. 29]. В. Верасаеў, відавочна, выкарыстаў кан’ектуру схаліяста да «Арганаўтыкі» Апалонія Радоскага μεταχθόνιος замест μεταχρόνιος ў апісанні карабля, які высока ўздымаецца на хвалях.

У больш позніх аўтараў μεταχρόνιος азначае тое ж, што і μετάχρονος ‛тое, што адбываецца пасля (пазней)’ і звязваецца з дзеясловам μεταχρονέω ‛ісці следам у часе’, які суадносіцца і супрацьпастаўляецца з дзеясловамі πρωτοχρονέω ‛адбывацца раней, папярэднічаць’ і συγχρονέω ‛адбывацца адначасова’ [8, p. 1118]. І, такім чынам, выкарыстоўваецца не метафарычна, як у паэтаў, а выражае тэмпаральную мадальнасць. Напрыклад, у паэта II ст. н. э. Лукіяна з Самасаты (Самасацкага): *μεταχρόνιοι χρησμοί *‛запозненыя прадказанні’ [Luc. Alex. 28], г. зн. прадказанні, зробленыя post eventum.

Мы выкарысталі ў сваім перакладзе прынятую інтэрпрэтацыю («метэоры»), аднак мяркуем, што матывуючым для ўжывання Гесіёдам слова μεταχρόνιος было не «высокае лунанне» метэораў у небе, а хуткаплыннасць і мімалётнасць самой з’явы. І ў гэтым сэнсе пераклад Х. Дж. Эвелін-Уайта «хуткія, як час» больш дакладна адлюстроўвае ўспрыманне часу паэтам. Гэта пацвярджаецца кантэкстам ўжывання слова χρόνος ў дыдактычнай паэме «Працы і дні».

У гэтай паэме слова χρόνος сустракаецца толькі тройчы: двойчы ў спалучэнні з прыметнікамі παυρίδιος ‛маленькі, караценькі’ і παῦρος ‛невялікі, маленькі, кароткі, непрацяглы’ ў значэнні «кароткі (малы) час»: παυρίδιον ἐπὶ χρόνον «на працягу вельмі кароткага часу» (Hes. Op. 133), παῦρον ἐπὶ χρόνον «на працягу кароткага часу» (Hes. Op. 326) і адзін раз без прыметніка: ἐπὶ χρόνον «з часам» (Hes. Op. 754). Ва ўсіх выпадках гэтыя выразы выкарыстоўваюцца для характарыстыкі мімалётнасці дастатку тых, каму ён дастаецца несправядлівым шляхам або хто дзейнічае ў абыход боскіх і чалавечых устанаўленняў. Тут χρόνος ‒ гэта прамежак паміж парушэннем боскіх пастановаў (θεσμοί) або чалавечых законаў (νόμοι) і непазбежным пакараннем. І гэты прамежак, па вызначэнні, не можа быць працяглым.

Гэта моцна кантрастуе са словаўжываннем ў паэмах Гамера, дзе, як паказана вышэй, χρόνος часцей абазначаў дастаткова працяглы прамежак часу.

Аналіз кантэкстаў ужывання Гесіёдам слова χρόνος дазваляе зрабіць некаторыя папярэднія высновы аб канцэпце, які выражаецца гэтым словам. 1. Час хуткаплынны і ўяўляе некаторую паслядоўнасць імгненняў (στιγμή χρόνου ‛імгненні часу’ ў Плутарха), якія ўзнікаюць і знікаюць, падобна метэорам на небе. 2. Час лінейны і канечны і доўжыцца з моманту парушэння належнай меры да моманту яе аднаўлення (дзякуючы ўмяшанню парадкавальнага прынцыпу ‒ Зеўса або багоў).

Такое разуменне χρόνος тлумачыла б, чаму для абазначэння «добрага» часу Гесіёд ускарыстаўся іншым словам, невядомым паэмам Гамера, ‒ καιρός. Καιρός азначае ‛належная мера, норма; належная пара, зручны час, спрыяльны момант; час (наогул), пара; пару года; зручнае месца, прыдатная кропка; жыццёва важны цэнтр (цела)’. У Гесіёда яно сустракаецца ўсяго адзін раз, але затое ў вельмі паказальным кантэксце: μέτρα φυλάσσεσθαι: καιρὸς δ᾽ ἐπὶ πᾶσιν ἄριστος. ‒ «Меры пільнуйся: прыдатны час ва ўсім найлепшы» (Hes. Op. 694).

Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што καιρός ў Гесіёда яшчэ не мае тэмпаральных канатацый, паколькі ў папярэдніх радках гаворка ідзе пра тое, каб не дапускаць перагрузкі карабля ці воза, г. зн. аб неабходнасці выконваць «належную меру», «норму» [9, p. 12]. Аднак па сэнсе працытаваны вышэй пасаж хутчэй не замыкае павучанні пра недапушчальнасць перагрузкі транспартных сродкаў, а адкрывае новы шэраг настаўленняў аб дасягненні ўдалага шлюбу. Так што мы з поўным правам можам меркаваць, што менавіта тэмпаральнае значэнне «прыдатнага» або «спрыяльнага» часу было ў дадзеным выпадку вызначальным. Такім яно пэўна было дзесяцігоддзі пасля, прынамсі, традыцыя, па сведчанні Дыягена Лаэрцкага, прыпісвае аднаму з сямі мудрацоў мітыленцу Пітаку (ст.-грэч. Πιττακός; 651 да н. э. ‒ 559 да н. э.) выслоўе: καιρὸν γνῶθι «ведай прыдатны час» [10, p. 80]. Яго іншым выслоўем сведчыцца пэўны зрух ва ўспрыманні часу. Распавядаюць, што, калі яго спыталі: τί εὐχάριστον; «Што самае ўдзячнае?», ён адказаў: χρόνος «Час», а ἀφανὲς «утоенае?» ‒ τὸ μέλλον «будучыня», а πιστόν «надзейнае?» ‒ γῆ «зямля», а ἄπιστον «ненадзейнае?» ‒ θάλασσα «мора » [10, p. 78].

Да персаніфікацыі і абагаўлення часу заставаўся адзін крок. І ён быў зроблены ў тэакасмагоніях орфікаў.

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Dux, G. Gesammelte Schriften / Günter Dux. – Wiesbaden : Springer Fachmedien GmbH, 2017. – Bd. 4. Die Zeit in der Geschichte : Ihre Entwicklungslogik vom Mythos zur Weltzeit / Günter Dux ; Mit kulturvergleichenden Untersuchungen in Brasilien (J. Mensing), Indien (G. Dux/K. Kälble/J. Meßmer) und Deutschland (B. Kiesel). – 3. Auflage. – xvii, 423 S.
  2. Fränkel, H. Die Zeitauffassung in der archaischen griechischen Literatur / Hermann Fränkel // Bericht im Auftrage des Ortsausschusses / Hrsg. Hermann Noack. – Stuttgart : F. Enke, 1931. – S. 97–117.
  3. Fränkel, H. F. Die Zeitauffassung in der frühgriechischen Literatur // Fränkel, H. F. Wege und Formen frühgriechischen Denkens : literarischen und philosophiegeshichtliche Studien / Hermann Ferdinand Fränkel; Hrsg. von Franz Tietze. – 3, durchgesehene Aufl. – München : Beck, 1968. – S. 1–22.
  4. Jong, I. F. de. Homer / Irene J. F. de Jong // Time in Ancient Greek Literature : Studies in Ancient Greek Narrative / Ed. by Irene J. F. de Jong, René Nünlist. – Leiden ; Boston : Brill, 2007. – P. 17–37.
  5. Sattler, B. M. How Natural is a Unified Notion of Time? Temporal Experience in Early Greek Thought / Barbara M. Sattler // The Routledge Handbook of Philosophy of Temporal Experience / Ed. by Ian Phillips. – London ; New York : Routledge, 2017. – P. 19–29.
  6. Hesiod. The Homeric Hymns and Homerica / Hesiod ; With an English Translation by Hugh G. Evelyn-White. ‒ Cambridge, MA. : Harvard University Press ; London : William Heinemann Ltd., 1982. ‒ xlviii, 657 p.
  7. Гесиод. Полное собрание текстов / Вступ. статья В. Н. Ярхо ; Коммент. О. П. Цыбенко и В. Н. Ярхо. ‒ Москва : Лабиринт, 2001. ‒ 256 с.
  8. Greek-English Lexicon / Compiled by Henry George Liddell and Robert Scott ; Revised and augmented throughout by Henry Stuart Jones with the assistance of Roderick McKenzie and with the cooperation of many scholars ; with Revised Supplement, edited by P. G. W. Glare with the assistance of A. A. Thompson. ‒ Oxford : Oxford University Press, 1996. ‒ xlv, xxxi, 2042, 320 p.
  9. Boschung, D. Kairos as a Figuration of Time : A Case Study / Dietrich Boschung. ‒ München : Wilhelm Fink Verlag, 2013. ‒ 60 p.
  10. Diogenes Laertius. Lives of Eminent Philosophers : In 2 vols. / Diogenes Laertius ; with an English Translation by Robert Drew Hicks. ‒ Cambridge, Mass. : Cambridge University Press ; London : William Heinemann Ltd., 1959. ‒ xlix, 549 p.

You may also like...