Сяргей Шупа. Вярнуць сваё: накід канону ідышамоўнай літаратуры Беларусі

Гэта тэма ў працяг спрэчак пра межы беларускай літаратуры, якая апошнімі гадамі то ўспыхвае, то згасае. Мая пазыцыя ў спрэчцы палягае ў тым, каб пазьбягаць наагул нейкіх прыметнікаў у гэтым словазлучэньні.

Літаратуру ў сэнсе прыналежнасьці можна вызначаць паводле мовы, паводле тэрыторыі, паводле грамадзянства аўтара — але ў любым з гэтых падыходаў знойдзецца мноства шэрых зонаў, вакол усё роўна ўзьнікнуць спрэчкі.

І вось мы ўносім у гэтую сытуацыю яшчэ адну дыскусійную тэму — што рабіць зь літаратурай, якая стваралася ў Беларусі на ідышы? Ці існуе нешта такое, як беларуская ідышамоўная літаратура? І каго залічаць у яе канон?

Звычайна ідышская літаратура агулам залічаецца да расплывістага паняцьця яўрэйскай літаратуры, куды залічаецца ўсё — ад Танаху да Карла Маркса. У выніку ідышскія аўтары аказваюцца нібыта бяздомнымі, за імі не стаіць ніводная краіна, пераклады зь ідышу не падтрымлівае нічыё нацыянальнае міністэрства культуры. Чаму б Беларусі ня ўзяць сваё?

Соцыялінгвістыка

Найперш варта вызначыць статус ідышу сярод моваў Беларусі — мы тут гаворым пра тыя часы, калі ён быў жывой мовай, на якой у Беларусі стваралася культура, перадусім пра 20–30-я гады, калі ідыш быў адной з чатырох афіцыйных моваў БССР.

Важным фактам ёсьць тое, што з чатырох афіцыйных моваў дзьве — расейская і польская — мелі за межамі Беларусі сваю мэтраполію і разглядаліся хутчэй як спадчына мінуласьці, колішнія ўпрывілеяваныя мовы, мовы высокай культуры — і разам з тым мовы культурна-цывілізацыйнага прыгнёту.

У адрозьненьне ад гэтага беларуская мова і ідыш ня мелі за межамі Беларусі выразнай мэтраполіі і таму фактычна лічыліся мовамі мясцовымі, пры гэтым на працягу доўгіх стагодзьдзяў стыгматызаванымі, а таму ў дачыненьні да іх праводзілася палітыка дзяржаўнай падтрымкі, як бы сёньня сказалі — пазытыўнай дыскрымінацыі. Працэс карэнізацыі кадраў 20-х гадоў ахапляў у роўнай меры беларускую і яўрэйскую часткі грамадзтва БССР. Адбываліся афіцыйна дэкляраваныя працэсы як беларусізацыі, гэтак і ідышызацыі. (І, вядома, ніякай русыфікацыі ці палянізацыі.)

Вось жа можна сказаць, што моваў аўтахтоннага насельніцтва Беларусі было дзьве — беларуская і ідыш. І ўжо ў гэтым сэнсе ідышамоўная літаратура, створаная ў Беларусі або людзьмі народжанымі ў Беларусі, мае ўсе падставы лічыцца мясцовай літаратурай, беларускай — у шырокім сэнсе гэтага слова.

Дыялекталёгія

На ідышы, як вядома, гаварылі ня толькі ў Беларусі. Тэрыторыя ідышланду ахоплівала таксама сёньняшнія Літву, Украіну, Польшчу, Вугоршчыну, Славачыну і Румынію і некаторыя іншыя прылеглыя тэрыторыі.

Аднак і ва ўсім гэтым шырэйшым масіве ідыш Беларусі займае асобнае месца — ён належыць да паўночнага дыялекту ўсходняга ідышу (Беларусь, Літва, Курляндыя, а таксама перасяленцы на Ўсходзе Ўкраіны) і мае выразную мяжу з паўднёвым дыялектам, на якім гаварылі на Валыні, у Падоліі, Галіцыі, Бэсарабіі. Беларуска-літоўскі ідыш адрозьніваецца ад паўднёвага амаль гэтак сама, як беларуская мова адрозьніваецца ад украінскай.

Гэтак, пастуляваць існаваньне асобнай беларускай ідышамоўнай літаратуры можна на падставе аўтахтоннасьці яўрэйскага насельніцтва Беларусі і моўнай адрознасьці ад іншых рэгіёнаў ідышланду.

Пэрсаналіі ў часе і прасторы

Паспрабую цяпер у самых агульных рысах агледзець літаратурныя постаці, якія б маглі ўвайсьці ў канон гэтай літаратуры. (Нагадаю тут пра цудоўны біяграфічны даведнік Зіны Гімпелевіч “Беларуска-яўрэйскія пісьменьнікі ХХ стагодзьдзя”, куды ўвайшла інфармацыя пра 166 аўтараў — я выберу толькі некалькіх зь іх.)

Беларусі пашанцавала, што «бацька» ідышскай літаратуры (Шолэм-Алэйхэм, праўда называў яго «дзедам») — Шолэм-Янкеў Абрамовіч (1836–1917), вядомы пад літаратурным імем Мэндэлэ Мойхер Сфорым — нарадзіўся ў Беларусі, у Капылі. І хоць яшчэ маладым ён перабраўся ва Ўкраіну і ўсё творчае жыцьцё правёў там, край паходжаньня дае сябе знаць і ў некаторых матывах яго твораў, і — у мове. Таму, хай сабе пераважна сымбалічна, яму належыць першае месца ў нашым каноне.

Яшчэ адна хутчэй сымбалічная постаць у нашым сьпісе — Шлэймэ Занвл Рапапорт (1863–1920), вядомы пад псэўданімам Сямён Ан-скі, які нарадзіўся ў Чашніках, жыў нейкі час у Віцебску, а пасьля дзе толькі ні жыў і што толькі ні рабіў. Галоўны ягоны твор, вядомы ў сьвеце — містычная п’еса «Дыбук», якая дагэтуль ставіцца ў розных тэатрах сьвету. І хоць дзея адбываецца ва Ўкраіне, мова ідышскага варыянту твору адназначна належыць беларускаму дыялекту.

Цяпер пераходзім да аўтараў, якія належаць Беларусі ўжо не сымбалічна. Гарадзенец Лэйб Найдус (1890–1917), паэт, падабенства якога з Максімам Багдановічам настолькі відавочнае, што пра гэта хто толькі не пісаў. Яго імем у Горадні нават названая вуліца. Памёр, як ужо можна здагадацца, у 27 гадоў, але не «ў краіне сьветлай», а дома, у Горадні, ад дыфтэрыі.

Залман Шнэур (1887–1959), нарадзіўся ў Шклове, у 13 гадоў пусьціўся ў сьвет — Адэса, Варшава, Вільня, Бэрлін, Жэнэва, Парыж, Нью-Ёрк… У пачатку 1920-х ледзь ня стаў дараднікам Міністэрства замежных справаў БНР. Ягоныя кнігі «Шклоўцы» і «Дзядзька Зяма» можна і трэба ўключыць у любую праграму беларускай літаратуры.

Цяпер падыходзім да аўтараў, якія жылі і пісалі ў Беларусі 20–30-х гадоў. Найчасьцей у аглядных матэрыялах згадваюцца тры прозьвішчы — Ізі Харык (1898–1937), Мойшэ Кульбак (1896–1937) і Зэлік Аксэльрод (1904–1941). Харык быў таленавіты, але пралетарскі паэт, Аксэльрод застаўся захаваў палітычную цнатлівасьць і застаўся паэтам чыстай красы. Каб расказаць тое, чым быў Кульбак, спатрэбіцца значна больш месца, чым дазваляе гэты кароткі агляд. Кульбак напісаў і самы яскравы раман на ідышы савецкага часу — «Зэлмэняне».

Дарэчы, пра іншыя празаічныя творы на ідышы, напісаныя ў тыя часы ў Беларусі, бадай што ніхто ўжо ня памятае. У выдаваным у 1925–1941 гадах літаратурным штомесячніку «Штэрн» надрукавалася каля сотні паэтаў, празаікаў, драматургаў, літаратуразнаўцаў, але гэтая спадчына сёньня застаецца бадай што terra incognita, ужо не засталося нікога, хто мог бы нам расказаць. Праўда, Гірш Рэлес у сваёй кнізе ўспамінаў «Яўрэйскія савецкія пісьменьнікі Беларусі» пакінуў чалавечыя партрэты аўтараў. Але варта можа пагартаць старыя кнігі і часопісы — можа, нас яшчэ чакаюць нейкія адкрыцьці.

Харыка і Кульбака расстралялі ў Чорную ноч, Аксэльрода — у першыя дні вайны, калі энкавэдысты вялі вязьняў на этап і пазбавіліся ад усіх палітычных.

Лёс ідышскай літаратуры Беларусі быў такі, што саветы зьнішчылі ідышскіх пісьменьнікаў, нацысты — чытачоў. Ці можам мы стаць спадкаемцамі гэтай літаратуры?

Калі я гаварыў пра мяжу між дыялектамі ўсходняга ідышу, можна было заўважыць, што яна існуе толькі з паўднёвага боку. Мяжы між яўрэямі Беларусі і Літвы — моўнай,культурнай, рэлігійнай, этнаграфічнай — фактычна не існавала.

Таму запрапаную ў згаданы канон віленскіх літаратараў, бо няма ніякіх падставаў аддзяляць іх ад названых вышэй.

Паэт і празаік Хаім Градэ (1910–1982), і празаік Аўром Карпіновіч (1918–2004) апісваюць непаўторны сусьвет яўрэйскай Вільні, дзе яны нарадзіліся і вырасьлі (у Карпіновіча настаўнікам літаратуры ў гімназіі быў Кульбак).

Урэшце, паэт Аўром Суцкевэр (1913–2010), якога шмат хто лічыць найвялікшым ідышскім паэтам ХХ стагодзьдзя, нарадзіўся праз 17 гадоў пасьля Кульбака ў той самай Смаргоні, вучыўся ў Вільні, у вайну быў у віленскім гета, уцёк да партызанаў, па вайне даваў сьведчаньні на Нюрнбэрскім працэсе. Удзельнічаў у Вайне за незалежнасьць Ізраілю. Жыў у Тэль-Авіве і выдаваў найбуйнейшы літаратурны часопіс на ідышы — “Di goldene kejt” (Залаты ланцуг).

З сучасных літаратараў, якія пішуць на ідышы і маюць дачыненьне да Беларусі — апрача нашага Фэлікса Баторына — назаву яшчэ выдатнага лінгвіста Довіда Каца (нар. 1956), род якога паходзіць зь Міхалішак і Сьвіра. на пачатку 1990-х ён шмат папаезьдзіў па беларускай і літоўскай Віленшчынш, зьбіраючы рэшткі мясцовай памяці. Нядаўна выйшла яго новая кніга, зборнік кароткіх гісторый-успамінаў «Эйнштэйн са Сьвіра».

Успомніць ідыш

Вось — на першы пачатак — кароткі і далёка ня поўны сьпіс магчымага канону беларускай ідышскай літаратуры. Вядома, першай задачай для наданьня яму жыцьця мусіла быць адпаведная кніжная сэрыя. І тут мы сутыкаемся з важнай праблемай: Беларусь — адзіны край колішняга ідышланду, дзе ня толькі нідзе інстытуцыянальна не дасьледуецца, але нават не выкладаецца ідыш, у адрозьненьне ад Польшчы, Украіны і Літвы, дзе вырасла ўжо і свая школа перакладчыкаў зь ідышу. І з гэтым трэба нешта рабіць.

 

You may also like...