Хасэ Артэга-і-Гасэт. Эстэтыка ў трамваі

Прасіць іспанца, каб ён, увайшоўшы ў трамвай, не скіроўваў позірк знаўцы на жанчын, якія таксама туды зайшлі, значыць патрабаваць немажлівага. Гутарка тут пра адну з найбольш укарэненых і адметных звычак нашага народу. Чужаземцам і некаторым суайчыннікам здаюцца няправільнымі тая настойлівасць, амаль дотыкавасць, з якімі іспанец глядзіць на жанчыну. Я адзін з іх: гэта выклікае ўва мне вялікую агіду. І, аднак, мяркую, што гэты звычай – калі не браць пад увагу настойлівасць, фанабэрлівасць і зрокавую тыктыльнасць – адна з найбольш самабытных, прыгожых і высакародных рысаў нашага племені. З гэтай праявай іспанскай беспасярэднясці здарылася тое, што і з іншымі; такія, якія ёсць: незаплямленыя, грубыя, сумесь чыстага і гідкага – яны прадстаўляюць бок варварства. Але калі ачысціць іх, вызваліць вытанчанае ад звераватага і развіць іхны шляхетны зародак, то яны змаглі б утварыць найсамабытнейшую сістэму манераў, вартую спаборнічаць з тымі плынямі, што называюцца gentleman ці homme de bonne compagnie. Мастакі, паэты, свецкія людзі ўпаўнаважаныя падвергнуць неапрацаванае рэчыва гэтых шматвяковых звычак хіміі рэфлектыўнага ачышчэння. Вэласкес зрабіў гэта, і будзьце пэўныя, што верна ўгаданая стылізацыя, у якой выявіліся іспанскія жэсты, нямала ўплывае на зачараванасць іншых народаў ягонымі творамі. Герман Коген казаў мне, што заўсёды выкарыстоўваў свае прыезды ў Парыж, каб схадзіць у сінагогу і палюбавацца манерамі габрэяў родам з Іспаніі.

Але ў мяне няма мэты адшукаць шляхетны сэнс, які мог бы хавацца пад пачварнымі поглядамі іспанцаў у бок жанчыны. Гэтае пытанне было б цікавым, прынамсі для “Гледача”, які пражыў колькі гадоў пад уплывам Платона, настаўніка ў навуцы глядзець. Аднак у цяпершні час у мяне іншы намер. Сёння я сеў на трамвай, і паколькі нішто іспанскае мне не чужое, папрактыкаваў вышэйзгаданы погляд знаўцы. Я паспрабаваў вызваліць яго ад настойлівасці, фанабэрлівасці і датыкальнасці. І было вялікай неспадзяванкай заўважыць, што мне не спатрэбілася і трох секундаў, каб уважліва агледзець з эстэтычнага боку восем ці дзевяць спадарыняў, прысутных у вагоне, і вынесці наконт іх цвёрды вырак (sentencia). Гэтая вельмі харошая; тая – нязграбная; там, падалей – рашуча брыдкая і г. д., і г. д. Мова не мае досыць тэрмінаў, каб выразіць адценні гэтага эстэтычнага суджэння (juicio), якое спраўдзілася і пранеслася ў імклівым палёце погляду.

Паколькі паездка была працяглай і, як відаць, ніводная з тых спадарыняў не абяцала мне сэнтыментальнай будучыні, я мусіў адасобіцца ў роздум, не падуладны нічому, акрамя майго ўласнага погляду і ягоных аўтаматычных выракаў.

У чым заключаецца, спытаў я сябе, гэты псіхалагічны феномен, які мы маглі б назваць вылічэннем жаночай прыгажосці? Я не намагаюся зараз даведацца, што за таемны механізм свядомасці абумоўлівае і рэгулюе гэты акт эстэтычнай ацэнкі. Я задаволюся, калі апішу тое, што мы ясна ўсведамляем, калі ажыццяўляем яго.

Антычная псіхалогія мяркуе, што індывід валодае папярэднім ідэалам прыгажосці, у гэтым разе, ідэалам жаночага твару, што прыкладаецца да рэальнай знешнасці, якая ўгледжваецца. Эстэтычнае суджэнне заключаецца ва ўспрыманні супадзення або разыходжання паміж тым і іншым. Гэтая тэорыя, якая паходзіць з платонаўскай метафізікі, укаранілася ў эстэтыцы і ўлівае ў яе першасную памылку. Ідэал, такі як ідэя Платона, уяўляе сабою адзінства меркі (unidad de medida), якое існуе загадзя і асобна ад рэальнасцяў і з дапамогай якога мы вымяраем іх.

Падобная тэорыя – гэта канструкцыя, вынаходжанне геніяльнай гэленскай пацягі да адзінства. То Бога Грэцыі трэба шукаць не на Алімпе – разнавіднасці château, дзе жыве шчаснае жыццё супольнасць шаноўных асобаў, – а ў гэтай думцы пра Адно (lo uno1). Адно – гэта адзінае (lo único), што ёсць. Белыя рэчы белыя, а жанчыны – прыгожыя не кожная сама па сабе ва ўласнай своеасаблівасці (peculiaridad), але ў сілу свайго большага ці меншага ўдзелу ў адзінай беласці і ў адзінай прыгожай жанчыне. Плацін, у якога гэты хваравіты ўнітарызм абвастраецца (llega a la exacerbación2), будзе пладзіць выразы, якія намякаюць нам на трагічную прагу адзінства, якая тахкае ў рэчах. Σπεύδειν ὀρέγεσθαι πρός τὸ ἕν – спяшаюцца, цягнуцца, прагнуць адзінства. Іхнае быццё – гэта толькі τὸ ἴχνος3 τοῦ ἑνός, адбітак адзінства. Яны, як афрадытык, адчуваюць рэўнасць (celo) да Аднаго. Наш Фрай Луіс4, які платанізуе і плацінізуе са сваёй змрочнай келлі, знаходзіць больш удалую фразу: адзінства – гэта “тое, пра што пяюкаюць5 усе рэчы”.

Але ўсё гэта, паўтараю, канструкцыя. Няма адзінай і агульнай мадэлі, якую пераймаюць рэальныя рэчы6. Што ж я, мушу прыкладаць да твараў гэтых спадарыняў папярэднюю схему жаночай прыгажосці?! Гэта было б негалантнасцю, і да таго ж няпраўдай. Далёкі ад таго, каб ведаць, якой была б найбольшая прыгажосць ў жанчыне, мужчына шукае яе вечна, з юнацтва да друзласці. Ах, калі б мы ведалі яе наперад!

Калі б мы ведалі яе наперад, жыццё згубіла б адну з найлепшых сваіх спружынаў і добрую частку свайго драматызму. Кожная жанчына, якую мы бачым упершыню, узбуджае ў нас найвышэйшую надзею, што – ану! – яна самая прыгожая. І ў гэтай гульні надзеяў і расчараванняў, якія расслабляюць і сціскаюць наша сэрца, жыццё бяжыць паспешліва па раўніне, бездарожнай і гасціннай. У раздзеле пра салаўёў Бюфон7 распавядае пра адну з гэтых птушачак, што яна дасягнула ўзросту чатырнаццаці гадоў міласцю таго, што ніколі не мела выпадку пакахаць. “Відаць – дадае ён, – што каханне скарачае нашы дні; але праўда і ў тым, што яно, наўзамен, напаўняе іх”.

Працягваем наш аналіз. Мяркую, што не знаходжу ў сабе гэты архетып і адзіную мадэль жаночай прыгажосці, і мне выпадае дапусціць – як таксама выпадала часам эстэтыкам, – што прынамсі існавацьме мноства розных тыпаў цялеснай дасканаласці: дасканалая чарняўка ды ідэальная бландзінка, прасцячка, тужлівая і г.д.

Адразу заўважым, што гэтае дапушчэнне толькі множыць ранейшыя цяжкасці. Па-першае, я не пэўны, што валодаю гэтай галерэяй узорных твараў, і не здагадваюся, дзе б на яе можна было разжыцца. Па-другое, унутры кожнага тыпу я знаходжу неабмежаваны наддатак адрозных мажлівых прыгажосцяў. І таму трэба было б памнажаць колькасць ідэальных тыпаў, якія згубілі б свой родавы характар, і калі б іх стала безліч, як адпаведных індывідуальных твараў, знішчылася б сама задума гэтай тэорыі, якая заключалася таксама ў тым, каб зрабіць з Аднаго агульную норму і прататып для ацэнкі адзінкавага і разнастайнага.

Аднак што нам цікава падкрэсліць у гэтым вучэнні, дык тое, што яно расцярушвае адзіную мадэль на мноства мадэляў і тыповых узораў. Што ж схіляе да гэтай расцярушанасці? Без сумневу, напамін пра тое, што ў рэальнасці, калі мы вылічваем жаночую прыгажосць, то не зыходзім з адзінай ідэальнай схемы, каб падпарадкаваць ёй канкрэтнае аблічча, не даўшы яму вырашальны голас у эстэтычным працэсе. Наадварот: мы зыходзім з твару, які бачым, і ён сам па сабе, паводле гэтай тэорыі, выбірае сярод нашых мадэляў тую, якую належыць да яго прыкласці. У гэтым разе індывідуальная рэальнасць удзельнічае ў нашым суджэнні пра дасканаласць, а не застаецца, як раней, зусім пасіўнай.

Вось адзін, на маю думку, строгі напамін, які адлюстроўвае дзейны (efectivo) феномен маёй свядомасці, а не ёсць гіпатэтычнай канструкцыяй. Мая манера глядзець на гэтую жанчыну цалкам адрозная ад той, якой бы карыстаўся паспешлівы суддзя, прымяняючы прыняты загадзя Кодэкс, узгоднены закон. Я не ведаю закону; наадварот, шукаю яго ў твары мінака. Мой погляд носіць характар абсалютнага перажывання (experiencia). Праз твар, які я бачу перад сабою, я хацеў бы вывучыць, спазнаць, што такое хараство. Кожная жаночая індывідуальнасць абяцае мне нязнаную, найноўшую прыгажосць; пачуццё, якое падбухторвае мае вочы, гэта пачуццё таго, хто чакае вынаходкі, раптоўнага адкрыцця.

Настрой, у якім мы знаходзімся, калі ўпершыню глядзім на жанчыну, найбольш дакладна выказваецца досыць фрывольным галантным зваротам: “Усякая жанчына прывабная, пакуль не даказана супраціўнае”. І нават належала б дадаць: прыгажосцю, якой мы не прадбачылі.



Сапраўды, часам абяцанні не спраўджваюцца. Згадваю, дарэчы, анекдот з жыцця мадрыдскай журналісцкай мафіі. Пра аднаго крытыка, памерлага не так даўно, расказваюць, што ён раздаваў пахвалы і наганы згодна з фінансавымі разуменнямі. І вось прыехаў адзін тэнар, які ў наступны дзень мусіў дэбютаваць у Каралеўскім тэатры. Маламаёмны крытык паспяшаўся наведацца да яго. Распавёў яму пра мноства дзяцей і мізэрныя даходы: змовіліся на тысячы пэсэт. Дзень début’у настаў, але крытык не атрымаў узгодненай сумы. Пачаўся спектакль, а грошай не было; прайшла адна дзея, і другая, і ўсе, і калі крытык у рэдакцыі ўзяўся пісаць, узнагароджання ўсё яшчэ не было. Наступным ранкам газета размясціла агляд на оперу. У ім пра тэнар не было сказана ні слова аж да апошняга радку, дзе чытаем: “Забылі сказаць, што дэбютаваў тэнар Х: гэта шматабяцальны артыст, паглядзім, як ён выканае свае абяцанні”.



Парою, значыцца, абяцанне прыгажосці не спраўджваецца. Гэтак, мне хапіла мімахoдам паглядзець вунь на тую спадарыню ў глыбіні трамваю, каб палічыць яе (juzgarla) брыдкай. Раскладзем на элементы гэты акт непрыхільнага выраку. Для гэтага мы мусім паўтарыць яго больш павольна. Гэтак рэфлексія можа заспець нашу спантанную свядомасць на паслядоўных ступенях яе актыўнасці.

І я заўважаю наступнае: погляд спыняецца спярша на твары ў цэлым, на спалучэнні, і, здаецца, прымае нейкі напрамак; далей погляд выбірае пэўную рысу, у гэтым разе, лоб, і слізгае па ім. Яго лінія злёгку скрыўленая, і мой дух з прыемнасцю следуе за ёю, без злосці і ўнутранай незадаволенасці.

Фразаю, якая найбольш трапка апісвае стан маёй душы ў гэты момант, была б: “Усё ідзе правільна!” Ды вось мой позірк упіраецца ў нос, і я адчуваю як бы цяжкасць, хістанне, перашкоду. Нешта падобнае мы зазнаём на ростані, дзе нараджаюцца дзве дарогі. Траекторыя лбу, здаецца – не ведаю чаму, – як бы патрабуе прадоўжыцца ў лініі носу, адрознай ад рэальнай. Але апошняя навязвае майму погляду іншую траекторыю. Так, няма сумневу: я бачу дзве лініі, адну тонкую і як бы прывідную – над носам з плоці, скажам шчыра, трошкі пляскатым. Тады, перад гэтаю дваістасцю, свядомасць адчувае piétinement sur place8, хістаецца, вагаецца і ў гэтым калыханні вымярае адлегласць паміж тымі рысамі твару, якія мусяць быць, і тымі, якія ёсць.

Гутарка не пра тое, каб рыса за рысаю ўзнавіць тое, ад чаго мы адмовіліся адносна знешнасці ў цэлым. Няма ідэальнай мадэлі носу, роту, шчакі. Калі аналізуюцца факты, мы заўважаем, што кожная брыдкая (не выродлівая9) рыса твару можа падацца нам прыгожаю ў іншым спалучэнні.

Рэч у тым, што мы ў імгненне, калі заўважаем хібы, ужо ведаем, як іх выправіць. Тут мы праводзім бесцялесныя лініі, якія нешта дадаюць да формы, а там, наадварот, знішчаем і прыбіраем нейкія з ужо існых. Я кажу: бесцялесныя лініі, і гэта не метафара. Наша свядомасць крэсліць іх, калі мы неадрыўна глядзім туды, дзе ніякіх цялесных лініяў няма. Вядома, што ўначы мы не можам бесстаронна глядзець на зоркі – мы вылучаем тыя ці іншыя з іхнага палкага рою. Вылучыць іх – значыць напружана звязаць пэўныя зоркі паміж сабою. Для гэтага мы як бы крэслім зорныя павуцінкі. Распаленыя кропачкі аказваюцца таму звязанымі і ўтвараюць бесцялесную форму. Гэта псіхалагічны выток сузор’яў: заўжды, калі ясная ноч прымушае трымцець блакітнаватую цемру, вочы язычніка ўздымаюцца і бачаць, як Стралец нацягвае цеціву, Касіяпея сярдуе, Дзева чакае, а Арыён прыкрываецца ад Быка сваім алмазным шчытом.

Таксама як група зорных кропачак арганізуецца ў сузор’е, рэальны твар, які мы бачым, выпраменьвае ідэальны профіль, які больш ці менш супадае з ім. У гэтым самым руху нашай свядомасці ўзнікае ўспрыманне цялеснага быцця і падазрэнне ягонага дасканалага ідэалу.

Мы прыходзім, такім чынам, да перакананасці, што няма мадэлі для ўсіх, няма нават тыповай мадэлі. Кожнае аблічча спараджае, як бы ў містычным свячэнні, свой уласны, адзіны, выключны ідэал. Калі Рафаэль кажа, што піша не тое, што бачыць, але “una certa idea che mi vieni in mente10, ён не разумее пад гэтым платонаўскую ідэю, якая выключае невычарпальную і шматаблічную (multiforme) разнастайнасць рэальнага. Не: кожная рэч ад нараджэння нясе ў сабе свой неперадавальны ідэал.

Гэтакім чынам мы адчыняем Эстэтыцы дзверы ейнай акадэмічнай вязніцы і запрашаем яе аб’ехаць багацці свету.

Laudata sii Diversità

delle creature, sirena

del mondo.11

Вось як я з гэтага сціплага трамваю, які бяжыць да Фуэнкараля12, дасылаю пярэчанне ў святлісты сад Акадэма.

Мною рухае любоў, яна прымушае мяне размаўляць… Любоў да шматстайнасці жыцця, прыніжэнню якой – супраць сваёй волі – часам спрыялі найлепшыя. Бо як грэкі зрабілі з быцця Адзінае, а з прыгажосці – норму і агульную мадэль, таксама і Кант знойдзе дабрыню, маральную дасканаласць у родавым і абстрактным імпэратыве.

Не ды не! абавязак не адзіны і родавы. Кожны з нас нясе свой, неадчужны і выключны абавязак. Каб кіраваць маімі паводзінамі, Кант прапануе мне крытэр: каб я хацеў заўсёды таго, чаго можа хацець кожны іншы. Але гэта спусташае ідэал, ператварае яго ў юрыдычны балван і ў маску з нічыйнымі рысамі. Я не магу хацець у поўнай меры нічога, акрамя таго што прарастае як жаданне ўсёй маёй індывідуальнай асобы.

Вылічэнне жаночай прыгажосці, аднойчы прааналізаванае, служыць ключом для ўсіх іншых каралеўстваў ацэнкі. Як у прыгажосці, гэтак і ў этыцы.

Раней мы бачылі, што індывідуальны твар – адразу і накід (proyecto) самога сябе, і больш ці менш поўнае яго ажыццяўленне. Гэтак і ў маральнасці я мяркую, што бачу ўсякага чалавека перад сабою як бы ўпісаным у ідэальны маральны сілуэт яго самога: гэты сілуэт паказвае, якім быў бы яго дасканалы індывідуальны характар. Некаторыя сваімі ўчынкамі цалкам запаўняюць гэтыя межы сваіх мажлівасцяў. Але звычайна мы разыходзімся з тым, што было б нашаю ўласнаю паўніною, недабіраючы або перасягаючы свае межы. Як жа часта мы заспяваем сябе за тым, што прагнем, каб бліжні наш зрабіў тое ці іншае, бо з дзіўнай відавочнасцю бачым, што гэтак ён завяршыў бы сваю асобу (personalidad)!

То не сувымярайма нікога ні з кім іншым, акрамя яго самога: тое, што ёсць у рэальнасці, з тым, што ёсць як бы ў накідзе. “Стань тым, кім ты ёсць”. Вось справядлівы імператыў… Але звычайна з намі адбываецца тое, на што чароўна, таямніча намякаў Малармэ13, калі, робячы высновы наконт Гамлета, назваў яго “утоеным Госпадам, які не можа стаць самім сабою”14.



Паўсюль для нас гэтая ідэя плённая: у самой рэальнасці, у тым непрадбачаным, што яна ў сабе хавае, у сваёй здольнасці да неабмежаванага абнаўлення адкрывае яна велічную крыніцу ідэалаў, нормаў, дасканаласцяў.

У літаратурнай ці мастацкай крытыцы яна атрымлівае беспасярэдняе прыкладанне: аналіз, матываваны суджэннем пра жаночую прыгажосць, узнаўляецца ў дачыненні да прадмету чытання. Чытаючы кнігу, мы як бы пастукваем па яе целе, якое фармуе прачытанае, інтымным малаточкам задаволенасці або незадаволенасці: “Усё ідзе правільна, кажам, як мае быць”. “Усё ідзе няправільна. Яе дасканаласць прызначае іншую траекторыю”. І аўтаматычна, па-над творам, упісанымі або апісанымі вакол яго, мы пакідаем крытычныя шыўкі, якія ёсць схемаю таго, на што ён прэтэндуе. Так, усякая кніга ёсць, па-першае, намерам, а потым ажыццяўленнем. Тое мы сувымяраем з гэтым. Сам твор раскрывае нам разам і сваю норму, і свае хібы. І найбольшай недарэчнасцю было б рабіць аднаго аўтара меркаю для іншага.

Гэтая спадарыня, што сядзіць перада мною…

Чатыры Дарогі15! – крычыць кандуктар. Гэты крык заўсёды выклікаў у мяне гнятлівае пачуццё, бо ён сімвал збянтэжанасці.

Але паездка скончылася. За дзесяць сантымаў большага не папросіш.



1916

1 У рускамоўнай традыцыі прынята перакладаць грэцкі тэрмін τὸ ἕν як Единое, робячы націск не на адзінкавасці, а на адзінстве. Аднак у грэцкай мове слова τὸ ἕν уяўляе сабою субстантывацыю сярэдняга роду слова εἷς – адзін, і літаральна значыць “адно”, што перадаецца ў іспанскай філасофскай традыцыі праз адпаведную субстантывацыю – lo uno. Артэга, нароўні з тэрмінам lo uno, ужывае і тэрмін la unidad – адзінства, а таксама (lo) único – адзіны (адзінае). Цікава, што ніжэй, пры прамым перакладзе грэцкай цытаты на іспанскую, Артэга ставіць у адпаведнасць грэцкаму τὸ ἕν іспанскае la unidad, акцэнтуючы менавіта адзінасць, а не адзінкавасць. Далей lo uno перакладаецца як Адно (напісанне з вялікай літары абумоўлена адсутнасцю ў беларускай мове такога сродку субстантывацыі, як артыкль) дзеля захавання асаблівасцяў іспанскай акадэмічнай тэрміналогіі, але ў месцах, дзе Артэга кажа замест lo uno la unidad, у перакладзе дадзена “адзінства”.

2 Літаральна: “уваходзіць у экзацэрбацыю” – фазу абвастрэння хваробы.

3 Літаральна: след.

4 Фрай Луіс дэ Леон (1528–1591) – іспанскі паэт-містык, рэлігійны мысляр, перакладчык. Спалучаў біблейскія матывы з нэаплатанічнай містыкай, антычнымі сюжэтамі і італьянскімі паэтычнымі формамі.

5 “…el pío universal de las cosas”. Слова el pío мае некалькі значэнняў: 1) пяюканне (птушынае ціўканне); 2) набожнасць, праведнасць; 3) жаданне, прага. Гэтую фразу трэба разумець як “адзінства – гэта ўніверсальная прага рэчаў”. Аднак у гэтым разе губляецца метафарычнасць, калі гэтая прага параўноўваецца з ціўканнем птушанят, якія хочуць да маці, таму вышэйпададзены пераклад здаецца мэтазгодным.

6 “Усе рэчы пераймаюць адно і тое ж, але адны набліжаюцца да яго больш, іншыя – менш”, Энэады, VI, 2, 11 – заўвага аўтара.

7 Жорж-Луі Леклерк, граф дэ Бюфон (1707–1788) – французскі натураліст, біёлаг, батанік, матэматык, пісьменнік, які выказаў ідэю адзінства расліннага і жывёльнага светаў.

8 Таптанне на месцы (фр.)

9 Выродлівае – гэта біялагічны дэфект, і таму ён папярэднічае плану эстэтычнага разгляду. Супрацьлегласць “выродліваму” – гэта “нармальны”, а не “прыгожы” – заўвага аўтара.

10 пэўную ідэю, якая прыходзіць мне на розум (італ.)

11 Хай славіцца Разнастайнасць / стварэння, чароўнасць / свету (італ.). Верш італьянскага паэта Габрыэле Д’Анунцыё (1863–1938).

12 Паўночнае прадмесце Мадрыду.

13 Стэфан Малармэ (1842–1898) – французскі паэт-сімваліст. Паводле Поля Вэрлена, адзін з “праклятых паэтаў”.

14 «Mais avance le seigneur latent qui ni peut devenir, juvénile ombre de tous, ainsi tenant du mythe.» Divagations, Hamletзаўвага аўтара.

15 Куатра Камінас, плошча-ростань і раён у паўночнай частцы Мадрыду.

 

Хасэ Артэга-і-Гасэт (1883–1955) – іспанскі філосаф XX ст., адзін з найбольш значных прадстаўнікоў іспанскай і сусветнай філасофіі. Працы Артэгі ахопліваюць вельмі шырокае кола праблемаў. Сярод іх творы прысвечаныя пытанням анталогіі, філасофскай антрапалогіі, этыкі, сацыяльнай філасофіі, гісторыі філасофіі, філасофіі тэхнікі, гісторыі навукі, літаратуразнаўства, эстэтыкі і інш. Вядомы таксама як адзін з пачынальнікаў тэорыі масавага грамадства. Скончыў Мадрыдскі ўніверсітэт, пазней вучыўся ў Германіі, пераважна ў Марбургу ў Г. Когена і П. Натарпа. Філасофію Артэгі называюць рацыявіталізмам, а таксама перспектывізмам, або філасофіяй пункту гледжання, і характарызуюць як блізкую да філасофіі жыцця, фенаменалогіі ды экзістэнцыялізму.

Асноўныя творы: “Роздумы пра Дон Кіхота” (1914), “Бесхрыбетная Іспанія” (1921), “Тэма нашага часу” (1923), “Расчалавечванне мастацтва” (1925), “Паўстанне масаў” (1929), а таксама “Вакол Галілея”, “Місія ўніверсітэту”, “Гісторыя як сістэма”, “Ідэі ды вераванні”, “Што такое філасофія?”, “Спартовы выток дзяржавы” і інш.

Эсэ “Эстэтыка ў трамваі” ўпершыню было апублікавана ў 1916 г. у першым выпуску часопісу “Глядач” (El Espectador, у 1916–1934 гг. выйшлі восем тамоў). У ім Артэга з дапамогаю бесперадумоўных актаў успрымання спрабуе выявіць падставы эстэтычнай ацэнкі прыгажосці, спадарожна крытыкуючы погляды Платона, Плаціна і Канта. Акт эстэтычнай ацэнкі (як і любой іншай, найперш этычнай) уяўляе сабою не суаднясенне наяўнага аб’екту з адзіным і нязменным (аб’ектыўным) ідэалам. Кожная рэч сама з сябе нараджае свой ідэал, які можна беспасярэдне ўгледзець пры скіраваным назіранні за яе рэальным увасабленнем. Такім чынам, рэч – гэта адначасова “і накід самой сябе, і больш ці менш поўнае яго ажыццяўленне”. Прыгажосць (у выпадку эстэтычнай ацэнкі) або цнота (у выпадку маральнай) выяўляецца праз імгненны, злітны акт суаднясення наяўнай рэчы з тым ідэалам яе самой, які яна нясе ў сабе, у чым і заключаецца існасць любога ацэнкавага суджэння.

Пераклад зроблены паводле акадэмічнага поўнага збору твораў у Х тамах (XI том – з выбранымі творамі): Ortega y Gasset, J. Estética en el tranvía / Jose Ortega y Gasset // Obras Completas, v. IXI. – Madrid, 1953–1971. – V. II. – P. 33–39.

Пераклад і каментары Яўгена Кунцэвіча

 

 

You may also like...