Сяргей Вайніцкі. Што я мушу
by абдзіраловіч · 26.10.2020
Вось жа, сталася – калі многія ўжо стаміліся былі чакаць. Сталася, бадай, найгалоўнае. Быццам на старой карціне раптам зьмянілася пад слаямі фарбаў самая структура палатна, самая тканка. Нябачнае і безаблічнае, як здавалася, палатно нечакана збылося наструненасьці і набыло ўласны колер. Незалежна ад купаў пярэстага бруду, накіданых на яго за гады, не зважаючы на намеры чарговага штукара – колькі іх было! – палатно пачало імкліва выяўляць сваё аблічча, гэта значыць, здабываць голас і прамаўляць імя. Чаму сталася так? Бо штукар-самавук надумаўся маляваць ня пэндзлем і фарбамі, а дручком і крывёй. Да таго ішло: «The ogre does what ogres can». Палатно, якому звыкла было трываць выявы хлусьні і ганьбы на сабе, не стрывала гвалту, і азвалося – спалатнела. А чаму зараз? Час бо прысьпеў – яно трывала, колькі магло. Кроў на тканцы, дзіры ў ёй – ад цяпер гэта частка ягонага аблічча, літары імені, якое яно гукае ў прышласьць. Хто нямы, таго няма, а хто гукнуў, той ёсьць. Чым быць палатну – сьцягам на тронку ці сьцягам на труне – надалей залежыць ад яго, адно неаспрэчна: яно ёсьць, раны на ім – зарукай гэтага. Так мусіла стацца. Чаму мусіла? Бо кроў гэта тое, што выклікае найбольшы давер, а шнары гучней за хаця-што іншае сьведчаць: «вось я». Гэта твар, ён навідавоку і варты даверу. Ён засьведчыў сябе і таму застанецца. Рэшта зьнікне.
Ня радасьць і не захапленьне, ня страх нават (на іх цяпер крыху не стае часу, іхная пара заўжды «трохі потым»), але подзіў – вось што поўніць мяне, калі я чую голас волі, што несупынна гучыць на нашых вуліцах і плошчах, у дварох і пад дахамі ў адказ на зьдзекі. Штосьці ўвесь час адкрываецца наноў, як бы пра мяне самога і як бы без падрыхтоўкі, багата кім прадказванае, але нікім усур’ёз не прадбачанае. Гэта нагадвае прамываньне вачэй вадою: з кожнай жменяй у люстэрку насупраць робіцца бачнае нешта, чаго датуль не заўважаў. З гэтага карціць выснаваць: ня толькі сьвет наўкола зьмяніўся, зьмяніўся таксама і назіральнік. Што, зрэшты, не адмяняе патрэбы аглядаць сябе, рэагаваць на зьмены і пытацца.
Пытаньне, якое ў часе гвалту міжволі паўстае, простае. Цяпер, калі прызначэньне, назовы і сэнсы адных звыклых рэчаў дэградуюць, а іншых – робяцца штораз багацей, што мусіць рабіць нехта самотны, дробны, нічым не выбітны, адказны перад сабой і за сябе, ці за нешматлікіх блізкіх? Прыватны, незаўважны, ад якога, нібыта, мала што залежыць? І як яму не нарабіць памылак?
Не рызыкуючы абагульняць, я стаўлю гэтае пытаньне адно перад сабою.
Што я мушу?
Перадусім і па-над усім – захавацца. Бо гэта ўмоваю для ўсяго астатняга. Нічым гераічным не прасякнуты, схільны да стасаваньня з сабой адным, не таварыскі, я мушу захаваць сябе. Казаўшы іначай, я мушу быць цэлы, ува ўсіх сэнсах. Жывы, па-магчымасьці здаровы, здатны размаўляць і цягаць ногі. Здольны прамаўляць сваё імя і цяміць, што прамоўленае ёсьць маім імём. Што ўсё, чаго б ні прамовіў, ёсьць маім імём. Што любы гэст, які б ні зрабіў, сьлед, які б ні пакінуў – маім імём. З гэтага вынікае наступнае: не адкрываць роту, пакуль ня пэўны, не падымаць рукі, пакуль ня мушу, не рабіць кроку, пакуль няма неадольнай патрэбы. Бо на мне адказнасьць: усё, чаго крануся, дадаецца да майго імені, якое мушу захаваць, зьберагчы цэлым.
Што яшчэ я мушу? Сьцерагчыся падзелаў і таго, што падзяляе. Бо ўсё наўкола – я. Усё ўбачанае, пачутае і адчутае, усё, чаго крануўся пагляд, ува што ўклаўся позірк – прыстае да мяне і зрастаецца. Падзел бурыць ня нейкую абстрактную цэласьць, а маю ўласную, якую мушу захоўваць. Тое, што мае аддзяліцца, адпасьці, аддзеліцца і адпадзе само. Тое, што аддзяляецца, ня варта ні адкідаць наўмысьля, ні сілком утрымліваць – трэба пакінуць яго ўласнаму лёсу. Пакінуць яго зьнікненьню, бо ўсё наўкола – я, а што ня мною, таго больш няма.
З гэтага відаць, што яшчэ мушу: пакінуць памыляцца ўсё тое, што ўпарціцца ў сваіх памылках. Ня з помсьлівасьці і не праз брак спагады. Проста памылкі – іхныя. Для мяне яны адно працоўны матэрыял, фрагмэнт зьменлівай рэчаіснасьці, якую трэба няспынна трымаць пад увагай і суадносіць з сабой. Дробныя хібы могуць зрабіцца з часам дадатнымі, калі навучыцца карыстацца імі. Фундамэнтальныя памылкі кіруюць заўжды ў адзін бок: да выбару на карысьць безыменнасьці, безаблічнасьці, гэта значыць нябыту. Ланцуг такіх памылак ня ёсьць выпадковым, ён проста сымптом, знак блізкага заняпаду. Няхай памыляюцца – без майго ўдзелу, самі: іхныя памылкі на іх, іхная зьнікомасьць – зь імі.
Я мушу таксама рабіць. Рабіць ня так, як магу – бо магу заўжды горш ад магчымага, – а найлепшым чынам. Гэта мой абавязак перад сабой самім. Гэта мой крок, гэст, сьлед – маё імя, вымаўленае ў сьвет, якое трэ’ вымаўляць, як належыць. Чаму «як належыць»? Таму што як вымаўлю, так і застанецца. Ніхто не палепшыць, ня выправіць, ніхто нават не дапаможа сутнасна: як зраблю, так і будзе, і ня будзе нічога звыш таго, што зраблю. Дапамога прыйдзе хіба адказам на маю спробу, працягам зробленага мною высілку, ад якога цалкам залежыць і якім сілкуецца.
Далей, я мушу захоўваць. Усё, любым коштам. Бо ўсё захаванае ёсьць мною, бо зь яго складзены і ім цяпер працягваю сябе ў прышласьць. Як больш захаваю, так трывалейшы буду. Кожнае здарэньне, кожны адказ, імя і твар: усё, што было. Мушу захоўваць яшчэ й таму, што павінны ведаць сябе – на што здатны і чаго насампраўдзе варты. Веда пра тое, што захоўваю і на што чакаць ад сябе – не цікаўнасьць і не забава, гэта датрыманьне асабістай гігіены: неадменная ўмова выжываньня.
Яшчэ я мушу цеміць маштаб задачы быць. Маштаб сусьветны, паўсюдны – быць тым, кім хачу быць, называны імём, якім хачу быць называны, якое вымаўляю сабой і захоўваю, мацую і распаўсюджваю праз усё: праз выказанае і замоўчанае, праз зробленае і занядбанае, праз кожны рух і крок.
Нарэшце, я мушу быць зацяты, упарты. З той сама прычыны: калі ня я, то хто? Ня конча трэ’ біць галавой у мур, але калі адзіным, што можа захаваць мяне, будзе біцьцё галавою – біць. У астатніх выпадках мусова берагчы голаў перадусім.
А цяпер – чаго я ня мушу?
Я ня мушу апраўдвацца. Не таму, што гэта глядзіцца мізэрна, не таму, што апраўданьні ёсьць прызнаньнем вінаватасьці. Не: я ня мушу, бо ніякага апраўданьня не існуе. Позірк назад, на тое, што ўжо адбылося і цяпер ёсьць, ніяк гэтага «ёсьць» ня зьменіць. Яго мусова ўлічваць, каб адштурхоўвацца ад яго, а не апраўдваць.
Цямячы гэта, я мушу маўчаць, не адказваць і не зважаць, калі штосьці ўва мне патрабуе апраўдацца. Маё імя ёсьць маім ад пачатку да канца, і ня будзе іншага. Зробленае зроблена мною, гэта значыць, не магло быць зроблена йначай. А як няма апраўданьня, то няма і патрэбы ў ім. Да таго, апраўданьне было б чарговым супынкам, выпадзеньнем з часу, спробай перайначыць прошласьць тады акурат, калі мусова глядзець наперад, пільнавацца, бачыць, запамінаць.
Безумоўна, я ня мушу саступаць страху. Бо ён глыбока другасны адносна маіх мэтаў, перадусім, галоўнай зь іх – захаваць сябе, зьберагчы імя. Спачатку мэта. Калі мэта кепска ўсьвядомленая, а зроблены крок не набліжае да яе, то гэта ня страх, а абачлівасьць. Тады трэба ўсьвядоміць і падрыхтавацца лепш.
Сапраўдны страх – наканаваньне моцных, тых, што сядзяць высока, глядзяць далёка, шмат ведаюць і на многае здатныя. То хай баяцца. Я ж маю заданьнем адно-адзінае: быць. Усьведамленьне гэтай мэты і ейны маштаб выціскаюць страх наўзбоч – вядома, калі ня будзе мяне, ня будзе нічога. Задача быць тым, кім хачу, несувымерная любому магчымаму страху: ён заўжды меншы, яму дазволена існаваць, адно дакуль я існую, ён ёсьць толькі дзякуючы мне. Ён залежны, а значыць – меншы ад мяне. У дадатак, ён вельмі стары й закарэлы, у той час як я – новы; я гляджу наперад, а ён боўтаецца пад нагамі, як атрыманы ў спадчыну і непрыдатны для ўжытку прадмет. Задача гэтак простая, мэта гэтак высокая, што страх, які напачатку здаваўся неадольным, патроху губляцьме сваю здольнасьць страшыць, раскладаючыся на паасобныя адчуваньні – дрыготку ў руках, цыпкі на скуры, упрэласьць ілба. Ён распадаецца – бледны цень мінулага, напамінак пра пачвару, зьнікомы на тле неабсяжнага далягляду.
Чаго яшчэ ня мушу?
Захапляцца. На гэта таксама не стае часу. Бо захапіцца азначае зірнуць назад, утаропіць позірк у кропку. Захапленьне тоеснае страху: абое змушаюць азірнуцца. А гэта небясьпечна і супярэчыць галоўнай задачы – выжыць. Да таго, захапленьне заўжды вагітнае расчараваньнем, то бок яшчэ адным супынкам. Прапусьціць два крокі, калі гвалт наўкола вымагае рухацца, пазьбягаючы ўдараў, – недаравальная легкадумнасьць для таго, хто хоча захаваць сябе.
Я ня мушу таксама шукаць дапамогі. Тая, якой наканавана, прыйдзе сама – варта толькі рабіць усё як сьлед, толькі трымацца сябе, быць сабой, быць. Шуканая і чаканая, сілком прыцягнутая, дапамога цугляе ногі і патрабуе абавязкаў, абяцаньняў, удзячнасьці. Яна вяжа горш ад страху, мацней за любоў, а прывязвацца я таксама ня мушу. Я сам сабе дапамогай, дакуль я – сабою, а ўсё, што ёсьць – мной.
Бо дакуль я люблю сябе, я маю мэту і сілы йсьці. Дакуль я люблю сябе, я ня схіблю супроць сябе. Дакуль я люблю сябе, я непераможны – са мною сьвет.
Нарэшце, я ня мушу надалей чапляцца за сваю мізэрнасьць і ўважаць сябе дробным. Я не малы, я адзіны. Мяне няма з кім параўнаць, бо няма іншага, які быў бы, як я. Веліч гэтай мэты быць, трываць, не зьнікаць адпаведная маёй адзінкавасьці, маёй адзіноце: яна распаўсюджвае маё імя ўсюль, я ж распаўсюджваю на ўсё яе, мэту. Ня менш, як цэлы сьвет – поруч з гэтым зьмізарнее любая перашкода, любая нянавісьць і злосьць. Вялікая мэта ратуе ад дробных замінаў.
Цяпер яшчэ раз.
Захавацца перадусім. Гэта значыць, захаваць сваё імя, здольнасьць называць сябе і ведаць, што названае – мною. Дбаць пра яго і пра тое, каб вымаўляць адпаведна таму, як я хачу і кім хачу быць.
Захоўваць цэласьць і сьцерагчыся ўсяго, што падзяляе.
Рабіць, што ўмею, найлепшым чынам, не здавальняючыся проста добрым, пагатоў пасярэдным.
Захоўваць усё – ведаць усяго сябе, з усім добрым і кепскім.
Усьведамляць маштаб свайго пакліканьня да быцьця.
Не апраўдвацца.
Не зважаць на боязь.
Не разьлічваць на дапамогу.
Не замінаць тым, хто памыляецца адносна мяне: памылкі бываюць адно ў артаграфіі, усё астатняе – лёс.
Ня ўтрымліваць таго, што само адвальваецца – ягоная аддзеленасьць на ім.
Не прыніжаць сябе ва ўласных вачох.
Усё зусім проста, проста, як усё карыснае, бо тут не вядзецца ні пра этыку, ні пра мараль – адно пра чыстую, пазбаўленую дамешкаў прагматыку.
«Што я, народ, мушу?» – стаіць пытаньне. Быць прагматычным. Гэтым можна падсумаваць усё сказанае, нічым ня схібіўшы проці зьместу.
І астатняе.
Я мушу быць гатовы да таго, што калі ня ўсё спрэс, то многае з выкладзенага не атрымаецца. Цяміць гэта патрабуе цьвярозы пагляд на сябе і абачлівасьць, якое ён вымагае. Але гэта ані ня будзе няўдачай – гэта адно працяг майго імені, з усімі ягонымі цнотамі і заганамі. Па-сутнасьці, акурат такі вынік і спраўдзіць кошт прыкладзеных да быцьця высілкаў: тое, што застанецца ў выніку, гэта і быў я. Нават тады, на мяжы нябыту, я буду магчы сьцьвердзіць на поўным праве: «Гэта быў я, пераможца».
ІХ.2020 AD., ‘G1.’ ‘N.’ ‘Z.’