Максім Жбанкоў. Два старыя эсэі для новых часоў

Ластаўкі ў стрэсе. Мясцовыя практыкі культурных катастроф

Катастрофа ёсць рэзананс. Катастрофа ёсць эфект. Як у кегельбане – шар праляцеў, і ўсе покатам. Сам па сабе шар не катастрафічны. Катастрофай робяцца наступствы яго руху. Адпаведна, у культуры катастрафічныя падзеі з магутным негатыўным рэзанансам. Інакш кажучы, драмай становіцца тое, што мы гатовыя лічыць драмай. А катастрофай, адпаведна, тое, што мы чытаем як катастрофу.

Першы і галоўны тэзіс тут такі: мы самі ранжыруем рэчаіснасць. Мы – аўтары сваіх культурных трыумфаў. І сваіх культурных катастроф. Катастрафічнасць беларускай культуры – наша ўласнае вынаходніцтва. Вынік нашай адвечнай спрэчкі з рэальнасцю.

Чым заняты думальнік? Думальнік думае. Мроіць наяве. Гуляе ў словы. Будуе канцэпты. Канструюе схемы. Думальнік жыве ў свеце, які прыдумаў сам. Пабудаваў з падручнага матэрыялу. А ён розны: каму Канчэўскі, Гедройц ды Бабкоў, каму – Хайдэгер, Гігін і Таццяна Шчытцова, а каму наогул Дугін, Федзя Бандарчук і заслужаны ваенна-палявы ансамбль “Любэ”. Колькі ёсць спосабаў думаць Беларусь? Роўна столькі, колькі існуе такіх асабістых рэсурсаў матэрыялу для зборкі.
У чым лучныя апантаны лукашыст і апантаны змагар за Эўразьвяз? У тым, што лічаць сваю схему самай правільнай. І адзінай, здольнай даць шчасце краіне. Усё, што ў яе не ўкладаецца – у лепшым выпадку, памылка. У горшым – катастрофа.

Праблема, аднак, у тым, што сапраўды ў схему рэальнасць не кладзецца ніколі. Таму думальнікі адвечна хочуць ёй дапамагчы. Там падрэзаць, тут падправіць, тут падляпіць, там прыбраць. Так думальнік культуры вырастае ў яе рэжысёра. А ў рэжысёра два галоўныя жахі: а) калі задума не увасобленая б) калі спектакль аддалі іншаму. Большасць нашых траблаў акурат і звязана з вайной слоўнікаў і барацьбой за штурвал. З аднаго боку «рэнесанс самабытнасці», з іншага – «забойства культуры», з аднаго – «духоўнае адраджэнне», з іншага – «жахі русіфікацыі», з аднаго – «рускі свет», з іншага – «беларускае гета». Што канфліктуе з чым? Адны маркеры рэальнасці з іншымі. Гэта бітва папяровых драконаў. А рэальная культура жыве ў паўзах прамоваў. І, як правіла, нічога пра іх не ведае.

Чым кепскі недакладны маркер? Тым, што ён збівае прыцэл і зблытвае карты. У фэйковым полі дзяржТБ жывуць карцінныя пейзане, дагледжанае начальства і вечная перамога. Кардонны андэрграунд населены качкамі ў татушках, якія спяваюць, хлопцамі-балахоўцамі, Саўкам ды Грышкам і штодзённым забойствам матчынай мовы. Падвойнае трывожнае шчасьце: крык зверху – «мы перамаглі, але трэба быць напагатове», крык знізу – «усё роўна мы пераможам, бо іначай быць проста не можа». Дзве казкі для мазаічнай краіны – абедзве пра нейкую іншую Беларусь.
Ясная справа, яны не сумяшчальныя. Натуральна, асноўныя каналы камунікацыі і фінансавыя рэсурсы закрытыя для нізавых ініцыятыў любога профілю. Таму ў анарха-культур-актывістаў перыядычна ўзнікае спакуса дамовіцца з сістэмай. І катастрофай тут апынаецца правальная спроба перамоваў. Але так карцінка бачная з нашага боку. А з іншага ўсё зусім іначай.
Сам факт наяўнасці госкультуры і дзяржфінансавання – аніяк не катастрофа. Катастрофа – гэта фатальны збой праграмы: перавысіў хуткасць, збочыў не туды і выляцеў з трасы. А якія тут катастрофы, калі нікуды не едзеш, а проста курыш у вакенца, пакуль супрацоўнікі качаюць аўто? Дзяржкульт проста так уладкаваны. Гэта яго нармальны стан. Захоча зрабіць «Грэмі» або «Оскара» – усё адно на выхадзе будзе «Базар».

Для мёртвай сістэмы арт-актывіст – анамалія. З ім нельга супрацоўнічаць. Яго можна толькі засвоіць. А таму за кожным хаджэннем ва ўладу – зграйкі пакрыўджаных культур-партызан. Зменіцца ўлада – пакрыўджаных менш не будзе. Бо кіраваная культура травматічная паводле азначэння. Нервовыя разумнікі жывуць ва ўмоўным свеце бла-бла-бла вакол культуры. Гэта танцы вакол знакаў, і перамога тут – экспансія “дакладнага” сімвала. Дакладней, выцясненне нашым нянашага. За што змагаемся? За тарашкевіцу. За вышыванкі. За чырвона-зялёныя банцікі. З чым змагаемся? З бел-чырвона-белым. З нячэснымі цішоткамі. З няправільнымі фоткамі і ня тымі блогамі.

Нам хлусяць пра вайну культураў. Хлусяць ўсе, хто спрабуе быць рэжысёрам. Хлусяць з розных прычынаў. Перш за ўсё таму, што вайна – гэта зразумела былым савецкім. Сваіх ня кідаем, палонных не бярэм і наша справа правая. Любая аўтарытарная сістэма – нішто без культуры вайны. Здольнасці выдаць незразумелае за дыверсію.

Вайна добра прадаецца і лёгка засвойваецца. Адразу ясна, што, навошта і чаму. На ўсход гонім дэкаратыўнае праваслаўе, бронзавых Пушкіных і слаўныя перамогі над галандскімі панкамі, на захад – культур-партызанка і інтэлектуальны супраціў.

Ёсць яшчэ, праўда, навінка мінулага сезону – беспартыйная культура-3. Зона анархічнага хіпстерскага арт-дызайну. Але на ўзроўні крэатыву яна застаецца штучкамі прасунутай меншасці – лабараторнымі досведамі фестывалю Adnak! c мінімальным рэзанансам па-за яго межамі. І магчымасцю раз на год пра сябе заявіць – з паўзай да наступнага фэсту. Гэта нізавая культура рамесных цэхаў без шанцаў зрабіцца індустрыяй.

Напарнік культур-крэатыву – культур-спажыванс. Тут таксама ўсё не проста. У праўладных юзэраў верыцца слаба. Пасля чарговай тэлетрансляцыі так і цягне назваць іх выконваючымі абавязкі публікі. Партызанскіх юзэраў пазнаеш па трывожным поглядзе, заплечнічку са стужачкай правільнага арнаменту і гадавому літоўскаму шэнгену. І першыя, і другія культуру спажываюць у рэжыме групавых рытуалаў лаяльнасці.

Але большасць культур-спажыўцоў існуе па-за ідэалагічнымі схемамі і дэманстратыўна беспартыйнае. Ёсць, вядома, тут прасунутыя еўра-эстэты. Але шэраговы беспартыйны юзэр – істота без прынцыпаў і жыве інстынктамі. Ён апцыянальна любіць адразу ўсё: эспрэса допіа, Стаса Міхайлава, вышымайкі, галерэю Ў, часопіс Rolling Stone, Віктара Марціновіча, салют і чырвона-зялёныя сцяжкі. Спрачацца з такімі смешна. Вучыць іх няма сэнсу. Усё роўна народ здасца на літасць пераможцы.

Што застаецца? Радасць дробнага прыватніка. Безадыходная вытворчасць DIY: «сам прымроіў – сам зладзіў – сам пруся». Гучыць выдатна. Для тых, хто не спрабаваў ператварыць гэтыя самаробкі ў бізнэс.

Акей, але мы-та разумныя і злыя. Мы ваюем. А на вайне як на вайне. Галоўнае – зачысціць пляцоўку і прыціснуць праціўніка. Балазе, ён пад рукой. Любімы занятак у вузкім коле – абсмяяць “Славянскі базар”. Ці жахнуцца выбару на дзіцячае “Еўрабачанне”. На крайні выпадак злосна абмеркаваць, калі ж выйдзе на экраны ганебны “Авель”. Наезд – маё другое імя.

Гэта перманентны нервовы зрыў. Ластаўкі ў стрэсе. Штодзённы рух у няправільным, варожым культурным полі спараджае дзіўную культурную залежнасць накшталт стакгольмскага сіндрому: трывалую прывязку да роднага трэшу. Любімым відам спорту робіцца хатняя крытыка культуры.
Мы глядзім сваю культур-катастрофу як тэлесерыял. З бяспечнай адлегласці. Пакутуем, вядома. Моршчымся. Зласлівім. Але як узорны глядач паводзімся ціха, не замінаем аўтару выказацца. Не, мы, вядома ж, ведаем і іншых аўтараў – але вось гэты прамаўляе ўжо так даўно, што мы прывыклі і ўспрымаем яго амаль як прыродную з’яву. Натуральны і нязменны фон усіх жыццёвых цыклаў.
Эфект стабільнага дэжавю невыпадковы: белкульт як матрыца элементарна не заточаны на сваё пашырэнне. Ён радасна тыражуе песні мёртвых матросаў, а любое адхіленне ад партытуры гатовы аспрэчыць у судзе (гл. скандал вакол трыб’юта «Песнярам»). Ён не ведае як быць з нефарматам і аддае перавагу адмоўчвацца – таму ў нас няма і яшчэ доўга не будзе разумнай культур-крытыкі. Ён выкарыстоўвае сваю ўбогасць як алібі і рэсурс фінансавання. Ён распісаны па ролях і нарэзаны як пірог. Прычым ужо даўно, таму новых крэслаў на гэтым чаяванні не прадбачыцца. А яшчэ ён выдатна манетызуе свае траўмы.

Карацей, сістэмнаму белкульту неабходная катастрафічнасць – бо, калі яе прыбраць, ад карцінкі амаль нічога не застанецца.

Такім чынам, катастрафічнасць белкульту – наша ўласнае вынаходніцтва. Калектыўнае сэлфі на тле сістэмнага Апакаліпсісу. Мы з нейкага шчасця прызначаем “Базар” падзеяй года – а потым хорам жахаемся. Ляніва глядзім іншае кіно – а пасля радасна чмурым “Партызанфільм”. Ані слова не чыталі з шорт-ліста прэміі Гедройца – затое пра сваркі ў яе журы ведаем амаль усё. Цвёрда верым, што ў Берліне, Лісабоне і Варшаве лепш. Заўжды. У любое надвор’е. І гэта – яшчэ адна казка пра нас. Казка пра культуру, якая прайграла сваю вайну. І цяпер падбірае калек і фрыкаў.

Гэтыя казкі хлусяць. А калі словы хлусяць, трэба мяняць словы. У нашым кейсе звыклыя схемы барацьбы ўжо не працуюць. Сюжэты моўнай і любой іншай маналітнасці ў дызайне нацыі адыграныя яшчэ ў пазамінулым стагоддзі. З контркультурай і дысыдэнцкім падполлем разабраліся, калі скончыўся камунізм. Што засталося? Часам здаецца, што толькі гульня ценяў.

Вайны культур у краіне няма – бо няма сістэмных суб’ектаў супрацьстаяння. З аднаго боку – дзяржаўны певень з адрэзанай галавой, чысты генератар белага шуму. З іншага – раз’яднаныя фабрыкі думкі, што муціруюць у (сама)піяр-агенцтвы і гурткі па вышыванні. Што да знешніх культурных інтэрвенцый – «рускі свет» магчымы як мабілізацыйны рэсурс усходняга суседа, але цалкам бясплодны як сцэнар нашай агульнай будучыні. Катастрофа не праглядаецца. Проста таму, што губляць яшчэ – ці ўжо – няма чаго.

Сітуацыю дакладней будзе ацэньваць не як вайну культураў, але як зацягнутую калектыўную фармоўку нулявога ўзроўню нацыянальнай ідэнтычнасці. Яна выйшла з-пад кантролю ўлады – і гэта плюс. Але пры гэтым не атрымала адэкватных механізмаў свайго развіцця. Замест якаснага росту ідзе фрагментарная рэкламная раскрутка.

Дэкаратыўная тутэйшасьць сталася модным трэндам – і ператварыла нацыяналізм у пацешны атракцыён. У 90-х кляпалі моладзь з ідэяй. У 2010-х – масоўку на 3 ліпеня, нацыяналістаў выхаднога дня. З «Пагоняй» сістэме дамовіцца складана – а вось з вышыванымі кашулькамі напрамілы бог!
Але вось вам простыя пытанні: ці магчымы нягоднік у вышыванцы? А злодзей з музычнага андэграўнду? А як наконт беларускамоўнага дыктатара?

Мова – гэта яшчэ не нацыя. Выцінанка – не лёс. Простыя знакі ідэнтычнасці не значаць нічога, калі за імі няма новай культурнай палітыкі.

Выкід нацыянал-дызайну не мяняе правілы гульні – і ў ценю ўлады пражыве нядоўга. Да чарговай змены курсу. Масоўка хутка нагуляецца і сыдзе да іншых. Шумавому белкульту пакуль няма чым яе ўтрымаць.

Тое, што адбываецца цяпер – з БТшнымі дыктарамі ў вышыванках, і “НейраДзюбелем” у Мірскім замку – не сістэмная перамога, а першыя досведы спалучэння знакаў. Гэта толькі разметка будпляцоўкі на заўтра. Падвоз цвікоў на будоўлю з абкураным прарабам.

Радавацца пакуль няма чаго. Мала фішачак і касцюмчыкаў. Патрэбны сюжэт. Ці сюжэты. Апошняя справа – чакаць пакуль іх нехта напіша за нас.

Гэта не праблема фармоўкі калектыўнай душы ці ўсенароднай ментальнай мабілізацыі.

Пытанне ў тым, ці хопіць нам – кожнаму на сваім месцы і паводле свайго разумення – крэатыўнай энергіі, каб застацца сабой. Каб трапіць не ў шараговыя вялікага плана, а ў сааўтары мазаічнага пазла культуры памежнай нацыі.

Мы так шмат спрачаемся пра культуру, што амаль забыліся, як яна робіцца. А яна робіцца аніяк не праз тыражаванне адзінага правільнага канцэпта. Страшна ўявіць сабе культуру паводле Гігіна. Ці паводле Чаргінца. А што, паводле Севярынца ці Вячоркі было б лепш? Не думаю. Любы чалавек з планам – патэнцыйная праблема.

Глупа лічыць, што культурай нацыі можна кіраваць. І акультурыць усіх паводле адзінага ўзору па загадзе. Пагалоўны пераход на мову тут нічога не вырашыць. Перайменаванне рэсурсу KYKY.org у Мінкульт, а Мінкульта ў рэсурс KYKY – таксама. Раздача вышемаек у вайсковых частках – пагатоў. Што рэальна змяняе пейзаж? Наша прыватная гатоўнасць размаляваць адзін з яго фрагментаў.
Кажуць, бракуе маральных аўтарытэтаў, тытанаў думкі для недадуманай нацыі. Маўляў, капітанаў замала. Я прынцыпова не згодны. Жыць з аглядкай смешна і недарэчна. Жывая культура – заўсёды па-над бар’ерамі і ўпоперак пропісаў. А гэта значыць, што камандзіры ёй не патрэбныя. І радыкальная нязгода – яе натуральны стан.

Змена стандартаў нічога не вырашае. А вось іх расхістванне – наадварот. Культурай рухаюць не «агульная згода» і не статкавы спажывецкі экстаз, а зусім іншыя рэчы. Нязручныя, некіравальныя: асабісты авантурызм, гульня з відавочным, сэнсавыя збоі і стылістычныя канфлікты. Катастрофы – тое, што нас душыць. Культура – тое, што робіць свабоднымі.

І хопіць пра тое, што рэжым не той і краіна не тая. Мы самі і ёсць краіна. Мы яе жывем, пакуль іншыя яе думаюць. Мы яе робім, пакуль трызняць тэлеканалы. Наш лепшы культурны праект – гэта мы самі, тытаны палётаў у беспаветранай прасторы.

Рэальны белкульт – не катастрофа. Гэта дзікае шчасце з неабмежаваным тэрмінам прыдатнасці. Трэба толькі спажыць яго паводле прызначэння. І не памыліцца з дозай.

2014

Пераклад – Віталь Рыжкоў

 

фота – Сяргей Гудзілін

Беларусь. Краіна Dream

Ня ведаю ніводнага спраўджанага прагноза. Таму любыя прапановы паразважаць пра будучыню выглядаюць дзіўнавата: ўсё адно адбудзецца не пажаданае (намі, вамі ці галоўнакамандуючым), а магчымае. Праблема ня ў тым, што няма каму “думаць Беларусь”. Як раз наадварот: мы толькі і робім, што яе думаем. Дыктатура мрояў горш за палітычны прэсынг, бо дазваляе візіянэрам лічыць сябе крыэйтарамі. Паветраныя замкі айчыннага інтэлектуалізму – выдатны прытулак для інвалідаў сацыяльнага дзеяньня. Вось ужо і Сяргей Міхалок засьпяваў пра шчасьце “патрабаваць немагчымага”. Бо калі жыцьця няма, застаецца ствараць праекты.

Што бянтэжыць у адвечнай празе паразважаць аб будучыні нацыі? Тое, што пра нацыю зьвестак катастрафічна не хапае. У непразрыстай інфармацыйнай прасторы, з асабістым досьведам даўжынёй у трохдзённы сэмінар дзесьці ў правінцыі, з запазычаным слоўнікам і траўматычным досьведам крытычнага мысленьня “тут і цяпер” – разумнікі мрояць. Мрояць вымушана, мрояць адчайна, мрояць – бо нічога іншага не адбываецца. Здольнасьць да ўмоўнага праектавання забясьпечвае інтэлектуалу паснулага грамадзтва бясспрэчнае алібі – і яна ж пазбаўляе яго магчымасьці на штосьці ўплываць. Адчапіцеся, дурні! Мы працуем. Марым Беларусь.

Пытаньне, аднак, у іншым: а што Беларусі з нашых мрояў? Краіна ўпарта не жадае існаваць паводле прызначаных схем і запланаваных сцэнараў (ўсё адно якога паходжання). Наша найноўшая гісторыя – расповед пра паразы глябальных праектаў. Мы крочым праз могілкі разнастайных вэрсіяў Лепшага Заўтра – ад “саюзнай дзяржавы” і “Адраджэньня” да “рэвалюцыі ў сацыяльных сетках” і братэрскага альянсу зь Кітаем. Чаму ўсё складаецца менавіта так? Хтосьці скажа: ня тое грамадзтва. Я б сказаў: ня тыя пляны. Для нейкай іншай краіны.

Як на мяне, варта разумець беларусаў як нацыю памежжа, народ на скразьняках гандлёвых рухаў, культурных плыняў і палітычных інтэрвэнцыяў. Мабільны. Шматмоўны. Пабудаваць маналітную нацыянальную сьвядомасьць пад шыльдай ўсенароднай нацыянальнай ідэі не атрымалася ўчора і сёньня – і не атрымаецца заўтра. Адной на ўсіх вэрсіі будучыні няма і не можа быць з адной відавочнай прычыны: мы, калі шчыра, ніколі не былі адзінымі. І – на шчасьце – ужо, пэўна, ня будзем. Свабода – гэта не калі нацыя сынхронна сьпявае дзяржаўны гімн. А калі кожны слухае свой джаз – і не замінае суседу.

Прага пляну – рыса падначаленых ды залежных. Яна спрашчае рэчаіснасьць і адказвае на ўсе пытаньні. Усё добра? Планіроўшчыкі выдатныя! Усё кепска? Тэрмінова шукайма новых! Залежны стабільна чакае ратаваньня звонку. Чарговага капітана на белым кані. І адчувае сябе ў адсутнасьці кіраўніка бездапаможным і асірацелым. Псыхалёгія падначаленага па вызначэньні катастрафічная – бо для яе ёсьць выпрабаваньнем і неабходнасьць прагнуцца пад чарговую зьмену курсу і боязь застацца бязь пляну.

Парадаксальна, але дваццацігадовы досьвед беларускай незалежнасьці здолеў на ўзроўні масавай сьвядомасьці выгадаваць адзінае… прагу новай залежнасьці – і адчайныя пошукі чарговага правадыра. Востра не хапае новай беларускасьці. Магчыма таму, што мы зноў чакаем, пакуль хтосьці вымысьліць яе за нас – і запросіць далучыцца да новага канону.

Падаецца, куды прасьцей? Выгадаваць новых лідараў. Прапісаць народу пэрспэктыву. Узначаліць працэс. І наперад, да перамогі нашай агульнай справы! Але гэтыя простыя схемы сёньня прыдатныя хіба для Паўночнай Карэі. Бо стоадсоткавае ідэалягічнае праграмаваньне – хай сабе і на падставе лепшай ў сьвеце праграмы – можа спрацаваць толькі там, дзе выключнае права голаса мае ўлада.

Калі ж убачыць сучасную Беларусь як супольнасьць на ростанях інфармацыйных плыняў, якія непазьбежна мяняюць штодзённыя практыкі, фарматы камунікацыі, мадэлі самарэалізацыі і жыцьцёвыя прыярытэты, атрымаецца несуцяшальная карцінка як для прэтэндэнтаў у сцэнарысты будучыні, так і для тых, хто зачакаўся ратавальных сцэнараў.

Адкрытае крэатыўна-адукацыйна-спажывецкае грамадзтва, што спантана паўстае на нашых вачох, ня мае патрэбы ў сыстэмнай палітычнай легітымізацыі – і адпаведна пазбаўляе палітычнае вымярэньне жыцьця прыярытэтнай значнасьці. Перахоп улады робіцца для былога “чалавечага рэсурсу” неістотным, паразы ў палітычнай барацьбе ўжо не выглядаюць катастрафічна. Як, дарэчы, і перамогі. Палітычныя кампаніі робяцца танным кабарэ, захапляцца якім немагчыма – калі ты не ангажаваны аналітык. Як-бы-пляны і нібыта-электарат прынцыпова няздольныя перастрэцца – тым больш, паразумецца.

Краіна з большага жыве па-за канцэптамі і не заганяецца, якой яна мусіць быць. Проста таму, што яна ўжо ёсьць. Беларусь паціху пачынае мяняцца ня зьверху, а зьнізу – праз “малыя справы”, прыватныя ініцыятывы і лякальныя івэнты. Гэтай новай краіне глябальныя матрыцы не патрэбныя – і адпаведна не патрэбныя капітаны мрояў. Новую вертыкаль улады (палітычнай, ідэйнай, эстэтычнай і г.д.) тут ніхто не чакае і ніхто не будуе. Жыцьцё робіцца мазаічна-пярэстым – і нацыянальная сьвядомасьць таксама. Замест унівэрсальнай беларускасьці ужо сёньня маем шэраг “дыялектаў”. Далей – болей. Перамогі ў вайне ідэнтычнасьцяў робяцца ўмоўнымі. Суіснаваньне – неабходным.

Нам – пляніроўшчыкам і экспэртам – будзе цяжка. 

Бо з элітных генэратараў сэнсаў і генэралаў мысленьня давядзецца сыйсьці у шэраговыя супрацоўнікі мазаічнага супольнага праекту Беларусь. І паспрабаваць канвэртаваць свае мроі ў культурныя практыкі. “Птушынай мове” разумнікаў давядзецца давесьці сваю важкасьць праз новыя падзеі і культурныя тэксты – альбо канчаткова выйсьці па-за межы поля грамадзкай запатрабаванасьці. Нашае “бла-бла-бла” мусіць памерці каб ператварыцца ў безназоўныя рухі тых, хто нават не ўзгадае нашых імёнаў.

Бо насьпеў час скончыць “сто гадоў гульні ў самаабарону” (Лявон Вольскі). Лёгіка барацьбы болей не працуе – таму што захоп вертыкалі ўлады (у тым ліку адукацыйна-інфармацыйнай) ўжо ня ёсьць адзіным сродкам уплываць на падзеі. У гарызантальнай прасторы белкульту новага часу адбываецца натуральная дэвальвацыя дзяржаўнага дыскурсу.

Прыбярыце гітары з барыкадаў! Бясконцае змаганьне – таксама форма залежнасьці ад супраціўніка. Дзяржаўная культура на датацыях заб’е сама сябе – праз відавочную няздольнасьць перамагчы ў канкурэнцыі з несыстэмнай “самадзейнасьцю”.

І забудзьцеся на Brutto. Лепшым “партызан-рокам” ўсіх часоў застаецца “Народны альбом”.

Варта ствараць новую айчынную супольнасьць. Дакладней – супольнасьці. Розныя. Спрэчныя. Жывыя. Не па загадзе зьверху. Па-за межамі грантавай кан’юнктуры. Старая гульня вычарпаная – час на перазагрузку. Патасна сфармулюю так: час вучыць свабодзе сацыяльнага руху і культурнай дзейнасьці.

Не выкладаць самаарганізацыю, а ствараць зоны яе існаваньня. Зруйнаваць падзел на аўтараў і спажыўцоў. І – як ні шкада – разьвітацца з мроямі. Сыйсьці з краіны Dream.

Заўтра тваёй краіны – ня новы твар у зомбаскрыні, а адкрытая прастора самаробнай будучыні. Але спачатку трэба прачнуцца. І дазволіць здарыцца таму, што мы ня сьнілі.

2015

фота вокладкі – Глеб Малафееў.

You may also like...