Кацярына Массэ. Тварыць целам
by абдзіраловіч · 03.01.2023
Часам самае лепшае, што можна зрабіць для свайго творчага працэсу, – гэта адключыць галаву. І ўключыць цела. Не мае значэння, чым вы займаецеся, – пішаце казкі або фатаграфуеце: уменне тварыць целам вельмі важнае для мастака, нават калі ягоная праца максімальна абстрактная. Тварыць у звыклым разуменні азначае пераводзіць з ідэальнага плану ў матэрыяльны: вось нейкая задума, а вось яе фізічнае ўвасабленне. З аднаго боку, гэта слушна, а з другога, ёсць і іншы шлях.
Ёсць ідэя, згодна якой варта дазволіць матэрыі “ўласнаручна” тварыць сябе, самому стаць яе інструментам, замест таго каб навязваць нешта “зверху”. Дык вось у гэтым нам можа дапамагчы цела як наўпроставы працяг матэрыяльнага свету. Напрыклад, калі вы малюеце, перш чым перанесці нешта на паперу, вы, хутчэй за ўсё, спачатку мысленна фармуеце пэўны правобраз таго, што хацелі б атрымаць. А што, калі адпусціць разумовы кантроль і цалкам даверыцца целу: руцэ, якая, кіруючыся нейкім ёй адной вядомым адчуваннем прасторы і геаметрыі, намацвае ідэальны рытм і траекторыю руху, сілу і характар націскання; вачам, што, як бы мінуючы мозг з яго інтэрпрэтацыяй пачуццёвых сігналаў, сунастройваюцца з формай непасрэдна, гаворачы з ёй на мове візуальнай гармоніі?
Цела не абцяжарана “прастакутнай” логікай розуму, якому так складана яе пераадолець. Яно здольна быць больш спантанным, арганічным у сваіх праявах, лепей рэзанаваць з матэрыялам, бо само – матэрыяльнай прыроды. Таму ёсць сэнс пастаянна развіваць цела, удасканальваць яго форму і адточваць пластыку: чым яно больш рухомае, свабоднае, гарманічнае і манументальнае, тым большую гармонію яно здольна прыўнесці і ў тое, з чым судакранаецца.
Вельмі цікавая ў гэтым плане філасофія традыцыйнага кітайскага жывапісу. Калі мастак піша бамбук, ён сам павінен на нейкі час адчуць сябе бамбукам, пранікнуцца яго сутнасцю: ягонае цела мае быць лёгкім і пругкім, пастава – выцягненай, руцэ належыць рухацца ўпэўнена і жорстка. Тое ж самае і ўнутры: узнёсласць, тонкасць, імкненне ўверх. Такім чынам мастак скіроўвае асноўную ўвагу на жывы працэс тварэння формы, які і робіць яе сапраўднай, а твор – энэргетычна ёмістым. І дасягаецца гэта ў тым ліку праз актыўнае задзейнічанне цела.
Даючы – з дапамогай цела – твору свабоду часткова самога сябе фармаваць, мы рэалізуем тое, што можна назваць узыходным прынцыпам тварэння. У супрацьлегласць сыходнаму прынцыпу, калі ўсё падпарадкоўваецца імператыву творцы, дадзенай ім “зверху” задачы, калі канкрэтныя этапы і дэталі падганяюцца пад тое, што павінна атрымацца ў выніку, пры ўзыходным метадзе твор, наадварот, будуецца “знізу ўверх”. Канчатковая мэта часткова ці нават зусім невядомая, аўтар ідзе за патокам у гатоўнасці прымаць любы варыянт развіцця падзей і мяняць раз-пораз творчую тактыку. Так, часам карысна не мець у галаве завершанага вобразу (або наогул не ведаць, чым “усё скончыцца”), даваць магчымасць твору развівацца “знізу ўверх” і прыватным дэталям працэсу – уплываць на вынік.
Вартая ўвагі думка мастака-авангардыста Марсэля Дзюшана. “[Ён лічыў, што] вынікам любога творчага працэсу становіцца нейкае адрозненне – адрозненне задумы ад яе ўвасаблення. Гэтае адрозненне невядомае самому творцу… <…> Гэтую розніцу паміж задуманым і рэалізаваным ён называе “каэфіцыентам мастацтва”.