Кацярына Массэ. Стыль душы
by абдзіраловіч · 02.12.2022
Кожны з нас сам па сабе – унікальны твор светабудовы са сваёй асобай кампазіцыяй, энэргіяй, гучаннем. Гаварыць, мысліць, дзейнічаць з глыбіні сваёй сутнасці, у шчырым служэнні ўнутранай ісціне, прыўносіць у акіян жыцця свой непаўторны пачатак – такім мне бачыцца галоўны творчы шлях чалавека на зямлі.
Так, глыбокае знаёмства з унутранай прыродай у спалучэнні з выбарам такога вонкавага досведу, на які яна адгукаецца цяплом і ззяннем, – вось аснова таго, што я называю Стылем Душы, які, у сваю чаргу, складае аснову індывідуальнага творчага стылю. “Як знайсці свой стыль?” – большасць творцаў задаюцца гэтым пытаннем. Мы прывыклі разумець стыль як сукупнасць элементаў, тэхнік, колеравых рашэнняў і г. д. Аднак за фармальнымі мастацкімі сродкамі заўжды стаіць штосьці, што структуруе іх і адухаўляе. Ідэя ў тым, каб перакласці гэты тонкі энэргетычны код, унікальную касмічную частату ўласнай душы на зразумелую ўсім мову фізічных вобразаў – гукавых, прасторавых, колеравых, кінэстэтычных.
Гэта не азначае, аднак, што трэба адмежавацца ад якіх-заўгодна чужых уплываў і медытаваць у татальнай творчай ізаляцыі на нешта “сваё”, чакаючы, пакуль яно праявіцца з небыцця. Наадварот, каб прыйсці аднойчы да гэтага “свайго”, неабходна сквапна вучыцца ў іншых, асвойваць іх прыёмы і вопыт, каб у выніку інтэграваць у сваю практыку тое, што арганічна для яе, сугучна з уласнай духоўнай танальнасцю. Наш стыль ужо ёсць унутры нас, але пакуль гэта толькі тонкаўзроўневая інфармацыя, і мы яшчэ павінны расшыфраваць яе, сабраць саміх сябе з элементаў матэрыяльнага свету паводле ўласнай унутранай інструкцыі, падобна да таго як структуры жывых арганізмаў выбудоўваюцца згодна з інфармацыяй, запісанай у ДНК.
Раскрываючы адна за адной якасці свайго глыбіннага стылю, мы вызваляем сябе ад унутранай мітусні і бясконцага гойсання сярод стракатасці ідэй, напрамкаў, метадаў. Мы з задавальненнем разглядваем і асэнсоўваем іх, але не кідаемся з крайнасці ў крайнасць, а выбіраем шляхі паводле выразнага рэзанансу са сваёй унутранай прыродай. Калі мы дастаткова рэфлексуем аб ёй, гэта не выклікае складанасцей – патрэбныя вобразы, рэчы, энэргіі прыцягваюцца да нас як магнітам.
Але тут важна падкрэсліць адзін момант. Рэзананс – гэта зусім не толькі пра “падабаецца”. Калі арыентавацца выключна на ўнутраны “ваў-эфект”, вельмі лёгка заблукаць у разнастайнасці шляхоў і эксперыментаў, як у краме цацак: хачу і гэта, і тое, і яшчэ вось гэта… Так мы толькі аддаляемся ад саміх сябе, заглушаем чысціню ўнутранага голасу какафоніяй вонкавай збыткоўнасці. У той час як Стыль Душы, якім бы канкрэтна ён ні быў, – строгі і вытрыманы. І калі мы заўважаем, што нейкі асобы навык, стылістычная манера, лад мыслення даецца нам лёгка, поўна – нібы блаславенне, з быццам бы прыроджаным адчуваннем, як і што павінна быць, – трэба, на маю думку, прымаць гэта як вялікі дар і рэалізоўваць яго напоўніцу, нават калі дзесьці, як нам падаецца, ёсць нешта больш яркае, прывабнае, незвычайнае (часта гэта проста ілюзія).
Падобныя знакі – адно з магчымых праяўленняў Стылю Душы. Гэта не значыць, што трэба адмаўляцца ад эксперыментаў і творчых капрызаў. Зусім не. Але я хачу сказаць, што ў пошуках таго самага “свайго” грае важную ролю не толькі “каханне з першага позірку” і прага нязведанага, але і тое, для чаго ў індыйскай філасофіі існуе паняцце “дхарма” – духоўны абавязак: калі чалавек проста разумее, што яму – згодна з найвышэйшым прызначэннем – трэба рабіць менавіта так, а не інакш, і гэта правільна.
Што патрэбна, каб спасцігнуць свой духоўны стыль? У першую чаргу – вельмі дбайнае і паважлівае стаўленне да самога сябе, увага да нюансаў свайго пачуццёвага пейзажу, да самых незвычайных і дзіўных схільнасцяў і мрояў. Ваш глыбінны стыль выяўляецца ў тым, як вы рэагуеце на тую ці іншую абстаноўку, якое надвор’е для вас камфортнае, якой тэмпературы кава. Вывучайце, як вы праяўляеце сябе ў прасторы, ва ўзаемадзеянні з людзьмі, рэчамі і стаўцеся да гэтага з пашанай і прыняццем, бо ўсё гэта – флуктуацыі, спароджаныя вашай своеасаблівай праяўленасцю.
Пастаянна запытвайце сябе:
Які я?
Гарачы ці халодны? А можа, прыемна цёплы, як ствол дрэва, нагрэты промнямі вячэрняга сонца?
Аксамітны або парцалянавы? А можа, саламяны або каменны?
Бежавы або лімонны?
Віно ці гарачы шакалад?
Вастравата-даўкі, бы імбір, або мучністы, саладкавата-малочны, як белы рыс? Какетлівы, выкшталцона-атласны, як раніца ў Парыжы, або суворы, велічны і пластычны, як скандынаўскі фьорд?
Фармулюйце і прамаўляйце сябе – сваю эстэтыку, тэмперамент, светаадчуванне. Пераводзьце ўнутраны метафізічны код у плоскасць пачуццёвых вобразаў і фармуйце на падставеі іх ўнікальнай камбінацыі свой стыль у жыцці і творчасці.
Вы можаце пераносіць дадзеныя вобразы і якасці ў творы непасрэдна, такімі, якімі вы іх ўбачылі, адчулі, – у выглядзе канкрэтных сродкаў мастацкага выражэння. Напрыклад, я асацыюю сябе з чорна-белай колеравай гамай, і дадзеная стылістыка вось ужо на працягу многіх гадоў прысутнічае ў маёй візуальнай творчасці. Але часцей за ўсё гэтыя вобразы пранікаюць у творчасць метафарычна – у выніку пэўнай мастацкай адаптацыі – і перадаюць гатовамаму тэксту, карціне, кампазіцыі не столькі нейкія канкрэтныя рысы, колькі, хутчэй, агульны настрой, энэргію, свой асноватворны прынцып.
Тут можна прывесці аналогію з філасофіяй стыхій: калі мы кажам, што ў кагосьці пераважвае стыхія вады, маецца на ўвазе, відавочна, не яе працэнтнае ўтрыманне ў арганізме, а акурат той кшталт энэргіі, які найбольш моцна ўплывае на асаблівасці псіхікі гэтага чалавека, характар дзеянняў, патэрны мыслення і светаўспрымання. У выпадку з дамінатным прынцыпам вады ім можа быць уласцівая плыннасць, падатнасць і ў той жа час сіла, здольнасць да пранікнення ўглыб (сутнасці рэчаў, працэсаў, адносін, напрыклад). Гэтак жа і з вынайдзенымі вамі апісаннямі вашага духоўнага стылю.
Калі ў глыбіні душы вы атаясняеце сябе з яркімі джунглямі, гэта не значыць, што вы цяпер абавязаны ўсё жыццё пісаць джунглі і сачыняць пра іх песні! Проста для вашай творчай стылістыкі найбольш арганічнымі будуць тыя элементы і тэхнікі, якія спалучаюць у сабе кантраст, стракатасць, дзікасць, якія ўласцівыя дадзеным прыродным аб’ектам. Як гэта будзе праяўляцца – у шырокіх мазках, рэзкіх лініях, насычаных экзатычных колерах або ў адрывістасці паэтычнай інтанацыі, смеласці і вастрыні эпітэтаў, нават вялікім аб’ёме тэкстаў і іх тэматычным размаху, – вырашаць вам.
А можа, вам адкрыецца, што ваша душа – малочна-белыя карункі, усыпаныя жэмчугам. Тонкая, чуллівая, узнёслая – не азарае ўсё навокал яркім ззяннем, а стрымана пераліваецца перламутрам таямнічай прыгажосці і сілы. Уваходзіць у матэрыю твора вытанчанай графічнай пластыкай, срэбнай паталлю, класічным вершаваным памерам, віцьеватасцю выразаў.
Творцу могуць вабіць абсалютна розныя, нават процілеглыя энэргіі, эстэтыка. Не выключана, што ягоны духоўны стыль знаходзіцца акурат на іх скрыжаванні. Але часта бывае і так, што гэта толькі адзін з першых этапаў адкрыцця сябе, калі ад багацця выразных магчымасцяў “разбягаюцца вочы” і патрэбна шмат намаганняў, каб абстрагавацца ад часовых спакус і настроіцца нарэшце на ўласную частату. Вывесці формулу свайго духоўнага стылю і пабудаваць на аснове яе ўласны творчы мікракосм (а можа, космас?) – вялікая мэта і вялікая радасць для кожнага чалавека. І нялёгкі шлях, які, магчыма, давядзецца прайсці дзеля гэтага, з лішкам акупіцца той прыцягальнай шчырасцю, аўтэнтычнасцю і моцай твораў, якія немагчыма скапіяваць.