Андрэй Строцаў. Зноў пра сімвалы

Адзін год і адзін дзень таму я напісаў у сябе на фэйсбуку “крык душы”, дзе паскардзіўся, што ня толькі беларускія ўлады, але і іх апаненты ня здольныя ствараць новыя моцныя сімвалы, што яны жывуць вобразамі мінулага. Ён выклікаў пэўны рэзананс і назаўтра яго павесілі на сайце “Абдзіраловіч”, па спасылцы можна прачытаць. За гэты год, а асабліва за апошнія чатыры месяцы, я ня раз пра яго згадваў. Аднойчы перачытаў – і стала страшна, да якой ступені ўсё зьмянілася.


Тады ішла гаворка пра “паглыбленьне інтэграцыі” і нагодаю для тэксту сталі дзьве акцыі за незалежнасьць Беларусі. Адна з іх пазьней стала падставаю для таго, каб пасадзіць Севярынца, які ўжо паўгады ў няволі. Наступіў 2020 год, прыйшоў каранавірус, згарнуліся праймерыз, пачалася выбарчая кампанія і зьявіліся новыя твары і імёны. І калі “старая” апазіцыя у тым, што датычыць сімвалаў, задавальнялася нацыянальным канонам, што аформіўся ў 1980-1990 гадах, то “новая” нібыта ўвогуле ня мела ніякай сімвалічнага напаўненьня. Адзінае, што тады асабіста мне запомнілася – гэта “таракан” Сяргея Ціханоўскага, што выклікаў ня лепшыя гістарычныя аналогіі.
 
А потым пачалося нешта нечаканае. Сімвалы сталі нараджацца самі сабой, з нейкага калектыўнага розуму, без аніякага плану і стратэгіі. Містычным чынам на розных сайтах супалі галасаванкі, і атрымаліся тыя 3 і 97 адсоткаў, якія раз за разам паўтараюцца і зараз. Але паваротным момантам стала зьяўленьне Евы. Чаму з усёй калекцыі “Белгазпрамбанку” менавіта гэтая карціна Суціна (дарэчы, дзе яна цяпер, ніхто дагэтуль ня ведае) раптам зрабілася сапраўднай іконай? Яна не адсылае ні да адной з палітычных міфалогій, якія канкуруюць на нашай зямлі – ні да “вялікалітоўскай”, ні да расійскай дарэвалюцыйнай (да якой пры жаданьні можна прывязаць нават Шагала), ні да савецкай, ні да беларускай нацыянальнай. Гэта проста жаночы партрэт, напісаны ў Францыі габрэем-эмігрантам са Сьмілавічаў. Віктар Бабарыка не зьбіраўся ім карыстацца ў сваёй кампаніі. Але ён быў прыняты тысячамі людзей як знак пераменаў, і ў ім ужо тады быў акрэсьлены жаночы твар будучых падзеяў.
 
Далей адбылося аб’яднаньне штабоў і ў той жа дзень – новае пераасэнсаваньне сімвалаў. Напэўна, ня меншы эфект за само аб’яднаньне камандаў мела спалучэньне іх жэстаў – сэрцайка Бабарыкі-Калесьнікавай, кулака Ціханоўскай і вікторыі Цапкалы. Сам па сабе кожны з гэтых жэстаў ужо банальны і тысячу разоў ужыты па ўсім сьвеце. Але разам яны адразу праасацыяваліся з традыцыйным беларускім “Верым-можам-пераможам”, і ўжо назаўтра зьявіліся такія малюнкі. Зноў жа, аб’яднаны штаб нічога такога ня меў на ўвазе, гэта была народная творчасьць. А потым народная творчасьць працягвалася тры тыдні запар. Ціханоўская як кандыдат была “чыстым лістом”, яе заклік быў перадусім маральна-этычны – супраць гвалту і хлусьні, за права выбіраць. Візуальны знак, белая стужка – гэта той жа “чысты ліст”, нешта максімальна простае і нейтральнае. Нічога звыш гэтага каманда не прапаноўвала і ўсе дадатковыя зьместы ў палітычны працэс пачалі ўкладаць самі людзі.
 
Я дагэтуль памятаю амаль дзень у дзень тыя тры тыдні, калі жаночая трыяда езьдзіла па Беларусі, і як з кожным новым горадам узбагачалася сэнсамі і вобразамі тое мора людзей, што выходзілі з імі сустрэцца. Спачатку ўсё было сьціпла і нейтральна, без сьцягоў і плакатаў. На фэйсбуку нацыянальна арыентаваная публіка зладзіла грандыёзны наезд на аб’яднаны штаб па пытаньні беларускай мовы, я да яго таксама крыху далучыўся. Дзе менавіта адбываецца кампанія – на Марсе ці на Месяцы? Чаму ігнаруецца беларускамоўны электарат? Крытыка была адразу ўспрынятая, на сайце зьявілася беларуская версія, а ў горадзе Воршы Сьвятлана Георгіеўна крыкнула, што “Слава Воршы ўжо ня горша”. Гэта ўсё выглядала як сон або кіно, дзе галоўнымі героямі былі нават не тры спадарыні, а тыя мноствы народу, якія паўсюль выходзілі з малюнкамі, плакатамі, іконамі. Сьцягі былі якія заўгодна – бела-чырвона-белыя, чырвона-зялёныя нармальныя, чырвона-зялёныя дагары нагамі, дэсантных войскаў з парашутамі, з Пагоняй і г. д. Не было толькі расійскіх трыкалораў і зорак Еўрасаюзу. Паралельна ў Францыі адбывалася такая ж самая грамадзянская мабілізацыя беларусаў, і літаральна за некалькі тыдняў у вельмі актыўную супольнасьць сабраліся сотні чалавек, якія раней адно аднога ня ведалі. Апынулася, што з агульнымі сімваламі для гэтых вельмі розных людзей таксама няма праблемы – усіх аб’яднаў звычайны гістарычны сьцяг.
 
Вынікам перадвыбарчага туру мусіў стаць трэці вялікі мітынг у Менску, і відэазапрашэньне на яго (якое можна знайсьці на ютубе пад назвай “Мы изменились, и это навсегда”) сабрала ўсе тыя сімвалы і вобразы, якія за гэты час успрынялі як свае самі людзі па ўсёй краіне. Я лічу гэты кароткі ролік пад музыку Brutto шэдэўрам палітычнай рэкламы, і ён тым круцейшы, што ўласна мітынг-та і не адбыўся. Замест яго лёс падрыхтаваў нешта лепшае – дыверсію дыджэяў у Кіеўскім скверы. Яны ўзьнялі да неба рукі з тымі самымі жэстамі, і так зьявілася яшчэ адна ікона беларускіх пратэстаў, напэўна, самая пазнавальная. Яе далейшы шлях усім вядомы.
 
А потым было тое, што было потым. Для ўлады ўсё ішло па плане – спачатку гуляемся ў “выбары”, потым робім наш вялікі тэракт, і ўсё вяртаецца да нормы, жыцьцё працягваецца. Але пасьля трох дзён пекла ўсё пайшло не па плане. Да Камароўкі выйшлі жанчыны з кветкамі, да бальніцаў выйшлі дактары, на вентыляцыйнай будцы на Чарвякова нехта намаляваў тых дыджэяў. З гэтых дзён “палітыка” закончылася, пачалося чыстае супрацьстаяньне дабра і зла, якое цягнецца ўжо пяты месяц. І ўвесь гэты час усе, абсалютна ўсе жывуць у стане, калі невядома, што будзе праз дзень, ня кажучы ўжо пра наступны тыдзень. Адбыўся выбух, выхад у адкрыты космас.
 
У гэтай сітуацыі ўсім прыходзіцца шукаць тую мову, на якой магчыма было б размаўляць пра цалкам незразумелае і невядомае. Гатовыя сімвалы, гатовыя вобразы працуюць толькі тады, калі ўсё спакойна, калі мы дакладна ведаем, як зьвязаныя ўчора, сёньня і заўтра. Але сістэмы каардынат няма, мапы няма, календара няма. І ў такіх умовах нараджаецца сапраўдны міф, які дазваляе кіраваць гэтым творчым хаасам. Яго фармаваньне мы бачым кожны дзень, а многія ў гэтым самі прымаюць удзел. Яго не стварае “апазіцыя” або нейкі геній, такога ўзроўню міфы ствараюцца толькі цэлымі народамі. І я ня згодны, што беларусы зараз “даганяюць” іншыя народы, якія сваю сучасную міфалогію стварылі сто год таму ці недзе тады. Я ўпэўнены, што ў нас пачынаецца нешта новае. Думаю, ужо ніхто не запярэчыць, што ў 2020-м падоўжанае ХХ стагодзьдзе скончылася і сьвет нарэшце ўвайшоў у сапраўднае ХХІ-е. Беларусь уваходзіць у яго асабліва драматычна, з болем, але і з надзеяй.
 
І менавіта да новай эпохі належыць тая агульная мова, якая ў нас зараз зьбіраецца штодня з соцень асобных сімвалаў – ад мемаў-прыколаў да вобразаў, поўных сапраўднай трагічнай велічы. Гэта мова, якая аб’ядноўвае нягледзячы на розьніцу моваў у прамым сэньсе – рускай, беларускай і гэтак далей. Ва “ўладаў” тым часам ніводнай новай ідэі, ніводнага новага вобраза за ўвесь гэты час не зьявілася. Усё, што было, за гэты час стала канчаткова дэградавала да прыкметаў акупацыйнай адміністрацыі. Усё гэта яшчэ існуе ў фізічным навакольлі, яшчэ можа зрабіць многа зла, але будучыні ў гэтага больш няма. Год таму я напісаў, што Лукашэнкі не існуе, а зараз гэта ўжо не гучыць як парадокс, гэта проста так і ёсьць. Трэба адзначыць, што як і ён, у мінулым засталіся і многія яго адвечныя апаненты, зусім не заўважыўшы, што народ і краіна зьмяніліся. Ня хочацца называць імёнаў, але гэта зьява сур’ёзная і пра яе яшчэ абавязкова будзе шмат сказана.
 
Што ж будзе з намі ўсімі? Мы жывем у міфе, а ў ім герой ня можа ведаць, што яго чакае ў канцы. Ня ведае ён і ці ёсьць увогуле канец. У міфе герой ідзе па шляху, сустракае спадарожнікаў, часам блукае, часам трапляе ў пастку, але непазьбежна працягвае шлях. Што яго там чакае, таксама невядома, але не ісьці нельга. The road goes ever on and on.

You may also like...