Ігар Бабкоў. Абдзіраловіч і беларуская традыцыя
by абдзіраловіч · 29.07.2021
Тое, што мы маглі б назваць асноўным схематызмам беларускай інтэлектуальнай гісторыі паўстае напачатку XX стагоддзя і ўпершыню выяўляецца у сваіх асноўных момантах ў разгорнутым артыкуле Максіма Багдановіча “Белорусское возрожденіе”. Багдановіч не вынаходнік гэтай схемы: ён хутчэй збірае ў адно, канструюе, з таго, што ўжо існавала ў розных фрагментах.
Першае, што мы бачым, – бінарызм беларускай традыцыі. Багдановіч расказвае нам дзьве гісторыі. Гісторыю старажытнага народа і маладой нацыі. Гісторыя народа пачынаецца з крышталізацыі самога рэгіёна між поўначчу і поўднем, варагамі і Бізантыей у IX-X стагоддзі. Далей – ранняе і сталае сярэднявечча, рэнесанс, рэфармацыя, контррэфармацыя і барока, асветніцтва і рамантызм.
Маладая нацыя – гэта беларускі праект канца XIX пачатку XX стагоддзя. Які пачынае з таго, што беларусы “нічога не маюць”. І які шукае, з аднаго боку, пераемнасці з мінулым, з іншага, – спосаб знайсці сабе мейсца ў сучаснасці. Адпаведна фармуюцца два культурных канона, дзьве гістарычныя дынамікі. Адна, шырокая, звязаная з павольным чаргаваннем гісторыка-культурных эпохаў, другая звязаная з нараджэннем беларускай суб’ектнасці.
Асноўная пытанне для Багдановіча – гэта пераемнасьць традыцыі. Сувязь двух гісторый. Паводле яго, гэтая пераемнасьць звязаная з еўрапейскасцю як старых, так і новых формаў жыцця і культуры. Ён адмыслова падкрэслівае, што беларускае адраджэнне “не монстр, не рарытэт не унікум”, а мадэрны еўрапейскі праект, які ёсьць натуральным працягам і спадкаемцай ўсёй папярэдняй транскультурнай традыцыі. Але гэтай пасіўнай сувязі замала. Таму пераемнасьць выступае не толькі як гістарычны факт, але і як задача культуры, якая мусіць зноў і зноў адкрываць і прысвойваць для сябе мінулае.
Менавіта у сутыкненні двух беларускіх гісторыяў нараджаецца класічны схематызм інтэлектуальнай і культурнай гісторыі Беларусі. Класічная схема “выспяванне – вышыня (залатое стагоддзе) – заняпад – адраджэнне”. Трэба сказаць што нават познесавецкая беларуская культура бярэ гэты склаўшыйся схематызм інтэлектуальнай гісторыі ў гатовым выглядзе, як пэўную дадзенасьць. З двума канонамі думкі і двума рознымі гісторыямі, што паўстаюць на аснове гэтых канонаў. І працуе ўнутры схемы, якую прыдумаў Багдановіч.
Першым хто радыкальна аспрэчыў гэтую класічную для беларускай інтэлектуальнай гісторыі схему, быў Вацлаў Ластоўскі. Ягоны крыўскі праект – гэта радыкальная рэвізія толькі толькі паўсталага канону. Сама суб’ектнасьць традыцыі, паводле Ластоўскага, мусіць размяшчацца ў больш глыбокіх і больш сутнасных пластах культуры, чым сацыяльна-вызваленчы праект беларускай вёскі. Ідэя Крыўі – гэта не кансерватыўная утопія, не вяртанне да “крыўскіх плямёнаў”. Крыўя – гэта месца ў культуры, посткаланіяльны палімпсест, утоеная суб’ектнасць тутэйшай традыцыі.
Ластоўскі акцэнтаваў увагу на моманты разрываў у традыцыі, і на яе ўнутраную канфліктнасць. Сам пачатак традыцыі – прыход варагаў і прыняццё “грэцкае веры” – ёсьць культурнай катастрофай традыцыйнага грамадзтва, яго фрагментацыя. Паводле Ластоўскага гэтыя фрагменты не склейваюцца ў адно, змагаюцца, канфліктуюць міжсобку. Ягоная “Гісторыя крыўскай кнігі” – хроніка гэтага змагання.
Другім важным аўтарам быў Аляксандр Цвікевіч з “Западнорусізмам”. Цвікевіч размывае, альбо нават разбурае літаратурацэнтрызм беларускага канона. Ён не проста апісвае ці прысвойвае традыцыю. Дэканструюючы ідэалогію “западнорусізма”, звязваючы яе з сацыяльным і палітычным кантэкстам эпохі, Цвікевіч пракладае дарогу новаму, мадэрнаму разуменню нацыі, з непазбежным разрывам між традыцыяй і сучаснасцю. Разрывам, што абазначае пераход ад этнасу, народу, дэтэрмінаванага гісторыяй і геаграфіяй, да ўяўленай супольнасці, што пачынаецца са свабоды тварэння сваіх формаў.
І ў гэты момант мы прыходзім да Ігната Абдзіраловіча з ягоным эсэ Адвечным шляхам. Перад намі не проста радыкальнае абнуленне традыцыі, якое парадаксальна адкрывае дарогу метафізіцы. Але і маніфестацыя новай суб’ектнасці, якая ўжо гатовая шукаць новыя, нацыянальныя формы. Быць на адвечным шляху свабоды і творчасці.
Я бы сказаў, што эсэ пачынаецца з радыкальнага выпадзення з самой беларускай традыцыі. Абдзіраловіч гаворыць, што на беларускі праект і на беларускую справу прызвычаіліся глядзець як на штосьці маргінальнае, штосьці паўпрысутнае, што не мае духа жывога, штосьці не істотнае для гэтых прастораў і для гэтай тэрыторіі. Не вельмі зразумела, хто прызвычаіўся і чаму прызвычаіўся. Калі я перачытваю гэтыя словы, я разумею, якая гэта даўняя традыцыя – лічыць нас адсутнымі. Памятаеце славутую кнігу Акудовіча “Код адсутнасці”? У сваей кнізе пра апошнюю дыктатуру ў Еўропе, якая прысвечана беларускай гісторыі і традыцыі, Эндрю Вільсан пачынае з таго, што ў заходнім уяўленні на месцы паміж Польшчай і Расіяй знаходзіцца пустата. Гэта перафразаванне Абдзіраловіча: быцам бы няма ніякага нацыянальнага праекту, ніякай дзяржавы, тэрыторыі, культуры, ідэнтычнасці – усяго гэтага няма. Гэта карціна свету еўрапейскіх вялікіх культур, так разважаюць нават адукаваныя людзі. Эндрю Вільсан прыгадвае прагноз мапы Еўрапейскага Саюза 2010-га года, на якой мы з вамі ўжо з’яўляемся часткай Расеі. Мілыя і культурныя еўрапейцы ўжо ў думках далучылі нас да Расеі, раней за нас саміх, і нават раней за расейцаў.
Калі Багдановіч, Ластоўскі і нават Цвікевіч займаюцца адбудовай беларускага Космаса, канструююць сваю традыцыю, гісторыю, засяляюць гэтую тэрыторыю, то Абдзіраловіч пачынае з радыкальнага абнулення, ён гаворыць, што гэтага ўсяго магло б і не быць. Гэтыя ўсе формы могуць разглядацца як выпадковыя. Абдзіраловіч – гэта адначасова і працяг беларускага мыслення пачатку 20-га стагоддзя, і радыкальны разрыў з гэтым мысленнем. Разрыў у тым сэнсе, што Абдзіраловіч пачынае беларускую метафізіку, а метафізіка – гэта тое, што пачынаецца пасля фізікі. І Абдзіраловічу важна ўявіць Беларусь не як рэальнасць, заселеную этнасамі, народам, культурай, гісторыяй, а ўявіць, што ўсяго гэтага можа і не быць. Гэта можа быць ілюзіяй, гэта магло нам прысніцца, гэта ўсё слабое для Абдзіраловіча.
Аказваецца, што вобраз адсутнасці падзяляецца шмат кім з насельнікаў гэтай тэрыторыі. І Абдзіраловіч пытаецца: а чаму так? Чаму мы ўсе лічым Беларусь і адпаведную традыцыю такой прывіднай і паўіснуючай? Чаму нас звонку лічаць паўпрывіднымі і паўіснуючымі? Ці ёсць тут нейкі адмысловы беларускі сакрэт? І сам адказвае, што прычына не ў інтэлектуальнай слабасці і няздольнасці прыдумаць для сябе форму, а ў тым, што мы знаходзімся на памежжы. Абдзіраловіч піша пра вялікую трагедыю народнага духу, пра тое, што Беларусь і Ўкраіна – гэта частка рэгіёну, праз які праходзіць мяжа, вакол якой адбываецца адвечная вайна паміж Захадам і Усходам. Таму гісторыя Беларусі – гісторыя трагедыі, але вельмі адмысловай і спецыфічнай, бо мы не змаглі стаць ні народам Захаду, ні народам Усходу, засталіся ўвогуле без формы. Кожная форма, якая да нас прыходзіла цягам гісторыі, была заўсёды чужая і каланіяльная. Але што значыць быць народам без формы? Гэта не тое самае, што быць бясформенным народам.
Захад і Усход, пра які кажа Абдзіраловіч, – гэта не Захад і Усход Эдварда Саіда, арыенталізма і вялікіх Кітая і Індыі. Ён гаворыць пра ўсход Еўропы і захад Еўропы, іх спрэчку не толькі з перспектывы геаграфічнай альбо геакультурнай, а з перспектывы тыпу мыслення і метафізікі. А метафізіка Абдзіраловіча базуецца на паўсталай ідэі гульні з формай, чужой або сваёй. Заходняя Еўропа мае пэўную традыцыю работы з формай, сутнасць якой не ў прыдумванні сваёй формы (бо еўрапейцам засталіся формы грэкаў і рымлян), а ў выпрацоўцы пэўнай мадэлі адносін, якая звязана з тым, што ніводная форма ў Заходняй Еўропе канчаткова не перамагае і не праігравае да канца. Абдзіраловіч формулюе ідэю заходне-еўрапейскага крышталя, дзе кожная лакальная форма мае сваё месца ў межах аднаго вялікага цэлага. Заходне-еўрапейскае мысленне – гэта мысленне бясконцага кампрамісу. Ідэя талеранцыі, якая паўстае на заходне-еўрапейскай глебе, – гэта вымушаная ідэя і практыка, калі “іншых” многа, яны на кожным кроку і кожны “іншы” валодае сваёй праўдай, сваёй лакальнасцю і сваёй недатыкальнасцю.
Усход Еўропы, Расея альбо Еўразія для Абдзіраловіча – гэта жалезабетонная і радыкальная работа з формай. Калі форма, то толькі адна, не можа быць дзвюх альбо трох праўдаў, праўда можа быць толькі адна. Гэтая праўда мусіць быць рэалізавана і ўвасоблена да канца. У гэтым моманце Абдзіраловіч уваходзіць ў лёгкую гісторыясофію расейкай гісторыі і гаворыць: сапраўды, маскоўская традыцыя і бальшавікі свята ўпэўнены, што толькі іх праўда самая праўдзівая. Яшчэ больш важна, яны ўпэўнены, што рэальнасць будзе іх слухацца, што яны здолеюць увасобіць сваю праўду ў рэальнасць і зрабіць формай. Далей Абдзіраловіч крытыкуе і Захад і Ўсход, кажучы, што калі Захад цябе хваліць альбо робіць табе дабрыню, гэта не значыць, што наступным крокам ён не зробіць прыкрасці. Калі Ўсход цябе любіць, то, з аднаго боку, гэта прыемна і цікава, але з другога – ён можа задушыць цябе ў сваіх “любоўных абдымках”. У Абдзіраловіча, як бы мы пра гэта сказалі сёння, няма ні ідэалагічнай руса- ці масковафобіі, ні ідэалагічнага заходніцтва. Для яго гэта два тыпы мыслення, паміж якімі мы знаходзімся на ўсходне-еўрапейскім памежжы.
Ну, а што нам рабіць, калі ні першы, ні другі тып мыслення нам не адпавядае? І там, і там нам прапануюць люстэркі, у якіх мы сябе не бачым, не пазнаем. Адказ Абдзіраловіча – тварыць сваю форму! Славуты ягоны лозунг – “творачы зруйнуем”. Цікава, што гэта не проста паэтызм ці філасофская абстракцыя, як у Бярдзяева. Ён рэальна працуе ў беларускіх кааператывах у Вільні і спрабуе на пальцах паказаць, якія могуць быць сацыяльныя практыкі стварэння сваіх формаў. Абдзіраловіч вяртаецца ў рэальнасць са сваім тыпам мыслення і са сваімі ідэямі, спрабуе ў гэтай рэальнасці штосьці зрабіць. І гэта толькі пачатак. Насамрэч, Абдзіраловіч – гэта Космас, дзе на кожнай старонцы можна знаходзіць ланцужкі, якія нас вядуць у розных накірунках. Для нас важна, што ідэя тварэння сваёй формы – не місіянская ідэя, гэта не біццё сябе ў грудзі з жаданнем выратавацць усё чалавецтва і расказаць, што мы прыдумалі праўду. Гэта ідэя быць тоеснымі самім сабе, гэта значыць – прыдумваць формы, у якіх нам самім было б камфортна, утульна. Ствараць люстэркі, у якіх мы бы сябе бачылі, а не проста працаваць дзеля абстрактных ідэалаў. У гэтым сэнсе Абдзіраловіч – стваральнік метафізікі, але адмысловай беларускай метафізікі, галоўныя словы якой утульнасць, адпаведнасць, ідэнтычнасць і пры гэтым творчае стварэнне формы.