Зміцер Смалякоў. Перакаваць Гегеля на Арэндт: Беларусь на руінах імперыялізму

Цудоўныя два гады навучання на філасофскім аддзяленні ў Беларускім калегіуме для мяне праляцелі як адно імгненне. У 2007 годзе мы пачалі рыхтаваць выпускны нумар часопіса “Паміж”, які мне пашчасціла рэдагаваць. Ідэя нумару была даволі простая. Мы прысвяцілі яго смяротнаму пакаранню як найвялікшай несправядлівасці таго несправядлівага свету, што з таго часу разросся да глабальных маштабаў. Уласна, мне падавалася, што тыя беззаконні, у якім прайшлі мае першыя 20 год жыцця, дасягаюць свайго піка ў смяротных выраках. Бо пазбаўленне чалавечага жыцця суддзямі, якія без цені сумневу выносяць адвольныя прысуды, ёсць ні чым іншым, як квінтэсенцыяй аблуды і роспачы беларускай дзяржавы.

Мелася і больш практычная матывацыя. Выкрываючы аблуду смяротнага пакарання можна было высвеціць  ілюзорнасць, падман і махлярства дзяржаўнага ладу. Я заўважыў цікавы момант, што людзі, якім не было аніякай справы да ўнутранай палітыцы, этычных ці філасофскіх разваг, як толькі чулі нешта пра смяротную кару, адразу ўзбуджаліся і са слінай на вуснах пачыналі даводзіць неабходнасць гэтага інстытута. Кажучы словамі рускага дыскурсу, смяротнае пакаранне выглядала адной з тых скрэп, якія ядналі ў адно гамагеннае цэлае палітычны лад і народ, над якім гэты лад панаваў. Выкрыццё гэтай сувязі падавалася мне лепшым шляхам для крытыкі палітычнага ладу з усім фальшам яго дзейсных інстытутаў.

“Паміж 7” выйшаў у 2008 г., але вялікага розгаласу не меў. Уплыў яго таксама наўрад ці можна было недаацаніць, паколькі нават старэйшыя ўдзельнікі вытворчасці часопіса, як наш куратар Валянцін Акудовіч, ці госць загалоўнага інтэрв’ю Уладзімер Арлоў, не надта разумелі, што тут да чаго і ў чым такая неабходнасць крытыкі смяротнага пакарання. Далібог яшчэ ўсе памяталі палітычныя забойствы канца 1990-ых, але ўсім было таксама зразумела, што да глабальных зрухаў у палітычным ландшафце Беларусі яны не прывялі.

Па выніках працы над часопісам я зразумеў, што, магчыма, да гэтага пытання трэба падысці больш прадметна. Літаратурнае аздабленне можа працаваць толькі ў сітуацыі поўнага празрэння, калі не трэба нічога даводзіць, а любыя літаратурныя метафары лёгка ўлоўліваюцца і транслююцца далей. Цягам наступных месяцаў пасля прэзентацыі “Паміжу” я рыхтаваў сем адкрытых лекцый па дэманалогіі і чараўніцтву: даследзіны вытокаў беларускай улады – твор, у якім з усім імпэтам філосафа-пачаткоўца, спрабаваў звязаць у адну генетычную лінію наследавання гісторыю беларускай улады ад сярэдзіны XIX стагоддзя да нашых дзён. Лекцыі пабачылі свет у 2009 г. на старонках электроннага Архэ, там жа мела месца невялікая дыскусія.

Галоўны плён гэтай працы – доказ ілюзорнасці каланіяльнага быцця, з якога, быццам карабель праўды выплывае беларушчына. Тое, што мы, як і пакаленні нашых продкаў раней, жывём пад ярмом факіраў і клоўнаў – наўрад ці з’яўлялася таямніцай. Мне важна было паказаць, што Беларусь як канцэпт праўды, як наратыў, які распачынаецца з судовага і чынавецкага беззаконня з’яўляецца базавай лініяй нацыянальнага развіцця, постмадэрнам па сваёй сутнасці, бо ў часы зеніту імперыялізму запрапанавала базавы інструмент яго пераадолення. Беларусь праўды – гэта той кантынуум, які нараджаецца ў болі адваката, ад немагчымасці абараніць свайго падначаленага, бо ў Расійскай імперыі суды апелявалі не законамі, а паняццямі.

Безумоўна, Францішка Багушэвіча і да мяне называлі бацькам беларускай нацыі (тут найперш трэба звярнуцца да творчасці В. Булгакава), але я паспрабаваў па-філасофску даказаць, што ўся гэтая паказуха і ачкаўцірацельства таксама з’яўляюцца інструментамі прыстасавання да каланіяльнага гнёту. Менавіта каланіяльны гнёт нараджае на свет эксцэнтрычных факіраў і заклінальнікаў змей – харызматычных камбінатараў, якія ажыўляюць канцылярыт каланізатара, робячы яго крыніцай заклёнаў.

Згодна з тэорыяй каланіялізму, адукацыя з’яўляецца важным інструментам адасаблення эліты ад народнага цела. Праз адукацыю з’яўляецца тая дыстанцыя, якая аддзяляе правадыра ад племені, знаць ад сялянства, праз мову, цырымоніі і прывілеі прымушае адчуваць радзіму як перыферыю, у той час як сапраўдная Радзіма нараджаецца ў цэнтры – метраполіі. Беларуская сітуацыя была крыху іншай. Паколькі перад раздзеламі Рэчы Паспалітай мясцовая знаць ужо скаланізавалася ў лоне польскай культуры, таму расійскім каланізатарам не заставалася нічога іншага як паспрабаваць звярнуцца да самога сялянства. Тым самым распачалася гісторыя блазнаў расійскага канцылярыту, генезіс якой трапна падмеціў  Дунін-Марцінкевіч у Пінскай шляхце, дзе па паўстанні 1863 г. станавы прыстаў Кручкоў, жангліруючы канцылярытам, напітваецца ўладай, а таму лёгка маніпуліруе думкамі і дзеямі застрашаных аўтахтонаў.

Надалей гэты факір каланіяльных трэндаў ідэнтыфікуецца на пачатку ХХ ст. у п’есе Янкі Купалы “Тутэйшыя”. Мікіта Зносак, чыноўнік-крэол, які на ростанях імперыялістычнай вайны спрабуе знайсці сваё месца пад сонцам у бяспецы ўніверсуму чынавецкіх рангаў. Гэты архетып дасягае свайго аперацыйнага зеніту ўжо за савецкім часам, калі на прыкладзе Самсона Самасуя Мрый дакладна пазначае выкрышталізаваны ўзор мясцовай улады – пасткаланіяльны заклінальнік змей, які на аснове канцылярыту каланізатара выбудоўвае маніпуляваную рэчаіснасць, куды змяшчае сваіх былых супляменнікаў, за кошт якіх і забяспечвае ўласны дабрабыт.

Пазначаная генетычная лінія – апцыянальны шлях нацыянальнага развіцця, той шлях, дзе каланізатар замяняецца спрактыкаваным крэолам, які больш элегантна і вытанчана спачатку абкрадае сваіх супляменнікаў, а затым эфектыўна карумпіруе самога каланізатара. Апісаная карціна як найбольш яскрава выяўлена ў сучаснай Расіі, якая, элегантна самакаланізуючыся, даволі эфектыўна карумпіруе эліты па ўсім свеце, спаборнічаючы на гэтым шляху з іншымі героямі пасткаланіяльнай гонкі. Разам з тым, робіцца зразумела, што ўвесь выкшталцоўны парад глабальных стронгмэнаў наўрад ці мог з’явіцца без прыкладу Беларусі. Хто б мог падумаць, што на пачатку XXI стагоддзя ладная частка найбольш моцных краін свету абзавядзецца сваімі Самасуямі, якія будуць маніпуляваць таннымі тэорыямі змоваў, узбагачаючыся і, адначасова, абсалютуючы сваю асабістую ўладу.

У Беларусі з тых жа часоў сярэдзіны XIX ст. развіваецца багушэвічавы антыдот ад гэтай атруты – базавы варыянт нацыянальнага развіцця. Беларусь Багушэвіча, – тое, што мусіла перамагчы, і зараз, у гэтыя хвіліны, яна як ніколі блізка да сваёй перамогі. Гэта Беларусь праўды, той канцэпт, які ў беларускай літаратуры экспануецца ў фігурах настаўніка – не рэлігійнага, ці палітычнага дзеяча, а рэпрэзентанта навукі. Народжаны з несправядлівасці судовага разбору гэты герой прагне фактычнай праўдзівасці і несфальшаваных сведчанняў. Ён прагне ужо не сацыяльнай ці палітычнай справядлівасці, на што арыентаваўся ранейшы марксізм, але праўды самой па сабе – права называць рэчы сваімі імёнамі, прыводзіць праўдзівыя сведчанні, якія не будуць нахабна адкінуты судом без цямнай прычыны, права называць чарговага стронгмэна факірам і клоўнам, а яго бяссувязную лухту – лухтой.

Сёння, між тых падзей, якія нарэшце захапілі ўсё беларускае грамадства гэтае права як найбольш запатрабавана. Яно грыміць ў лозунгах, лунае ў сцягах, гучыць у песнях і захлынаецца ў стогнах шматтысячных вязняў і ахвяр. Калі яшчэ 10 год таму так званы “рускамоўны дыскурс” беларускіх інтэлектуалаў увешчваў, што мова і сцяг – гэта мінулае нацыянальнага, рэчы, якія замінаюць мадэрнізацыі, то зараз ужо ўсім зразумела, што Багушэвічава Беларусь, то бок той канцэпт, які ператварыў скаланізаваных туземцаў у нацыю, заснаваны на прававым панятку, а таму беларускія мова, сцяг, герб, гімн, словам усё сімвалічнае з’яўляецца для беларусаў пераўвасабленнем дамінанты шчырага суда. Неразуменне гэтага, таксама праява каланіяльнага мыслення, бо не можа існаваць ні дэмакратыі, ні правоў чалавека, пакуль суды падпарадкаваны блазнам і клоўнам.

Сіла праўды дазваляе іншым чынам зірнуць на рэчаіснасць, дзе пануюць не блізкія выгоды ўрваць тут і цяпер, а нешта доўгатэрміновае, нешта тое, што ніколі не будзе ідэальным, але да чаго варта імкнуцца. Прававая дзяржава – гэта адзін з элементаў гэтага свету. Праўда, якую нехта можа разумець у рэлігійным сэнсе, а нехта ў юрыдычным, гэта той промень, які разразаў ідэалогію, тую сімвалічную покрыўку, якой дзяржава замяніла рэлігію, прыстасаваўшы да сваіх каланіяльных патрэб. Свет праўды асвятляе не імперыялістычны кантынуум, а вялікі свет, напоўнены рознымі мовамі, культурамі, традыцыямі, людзьмі, з іх лакальнымі аблудамі і вялікімі праўдамі. Беларусь уваходзіць у гэты свет, бо вызваляецца ад каланіяльнай майі, ад мадэрных аблуд, пераадольваючы імплантаваныя ў свядомасць ідэалогіяй камбінацыі з расізму, гамафобіі і іншых цэнтрызмаў, ад фала… да лога...

Зараз прыспеў час канчатковага сталення Багушэвічага дзіця, якое нарэшце разбярэцца што да чаго, а таму перастане бясконца сумнявацца ў сабе, бо стане сабой. Гэта ўжо будзе паўнавартасная асоба, якая атрымае асалоду ад вялікага свету, ад стасункаў з іншымі асобамі як чалавецтвам ў цэлым. Гэта будзе новы прыклад для ўсяго свету, які нарэшце павінен пазбавіцца ад пустазелля ідэалагічных канструкцый, звярнуўшыся да праўды, якую трэба абараняць ад фальшы і маны. У пэўным сэнсе гэта мусіць быць рэнесанс не толькі навукі, але і філасофіі, якая павінна вызваліцца ад сафістычнага пустаслоўя, перакаваўшы Гегеля на Арэндт.

 

You may also like...