Генадзь Коршунаў. Негвалтоўнасць. Па матывах “чужой” аналітыкі
by абдзіраловіч · 25.09.2020
Сёння і ў сеціве, і на кухнях шмат разваг на конт таго, што пратэсты “выдыхаюцца”, што трэба нешта мяняць і “не разбягацца”, што мірны супраціў нелегітымнай уладзе ня мае шанцаў.
Ну вось, напрыклад, дастаткова тыповая развага расейскага доктара палітычных навук В. Пастухова, надрукаваная у “Новой газете”
“Белорусская революция показала, что в неототалитарных обществах, возникших на просторах рухнувшей советской империи, «гандизм» не пройдет.
Если режим готов отстреливаться, парадигма мирного протеста не работает. Ни миллион, ни даже сто тысяч никогда не выйдут на улицу, если армия и полиция готовы стрелять в толпу. А на меньших цифрах «бархатные революции» не случаются.
Стратегия мирного протеста была серьезно дискредитирована в Минске, и это, пожалуй, главный на сегодня результат событий, свидетелями которых мир стал. В европейскую историю возвращается ужасный и кошмарный XIX век с его культом революционного насилия.”
Увогуле, я лічу, што звонку марна аналізаваць тыя працэсы, што ідуць у нашай краіне. Тым больш, расейскім экспертам. Таму што абсалютная большасьць з іх рэальна не разумеюць, што беларусы – не рускія (я маю дастатковы досьвед абмяркоўванняў з імі розных пытанняў). Не, яны ведаюць, што пасля скону Саюзу і ў нас, і у іх былі “крышачку” розныя сістымы: і палітычныя, і эканамічныя, і ідэалагічныя, і шмат іншых. Але яны ўсё роўна не ЎСВЕДАМЛЯЮЦЬ розніцы. Ну, насамрэч, як і добрая частка нашых палітычных дзеячоў не даюць сабе працы памеркаваць ці пра змену пакаленняў беларусаў, ці пра розніцу эканамічных укладаў і звязаных з гэтым сацыяльна-культурных трансфармацыяў, ці пра палітычную ці хоць заўгодна якую суб’ектнаць беларускага народу.
Таму і намагаюцца з усіх бакоў накласьці на нас хоць якія цэтлікі, што дапамаглі б даць рады разуменню сутнасьці актуальнай беларускай дынамікі. Тут табе і “каляровыя рэвалюцыі”, і “майдан”, і той жа “гандызм”.
Такіх спробаў шмат, але я б прыпыніўся менавіта на “гандызме”. Ці хучэй на негвалтоўным характары беларускіх працэсаў.
На мой погляд, менавіта негвалтоўнасьць ёсьць сутнасьцю рэвалюцыі і мусіць ёй заставацца.
Таму што індывідуальным узроўні гвалт дапушчальны толькі для невялікай колькасьці людзей. Ён па за межамі нашай каштоўнастнай іерархіі. Выкарыстанне гвалту, стаўка на яго – гэта такі своеасаблівы выхад са статусу “Чалавека”, накладанне на самога сябе “знака Звера”. Можа яно каму і псіхалагічна пасуе, але большасьці – не. Бо беларус мусіць звацца “Чалавекам”. Гэта падмурак і агульнай хрысціянскай культуры (хаця я далёка ня ўпэўнены, што беларуская культура хрысціянская ў сваёй аснове), і глыбінная мара беларускага культурнага кода, якая сёлета так значна выбухнула у тым ліку як кантрапункт на амаральную і знаяважальніцкую рыторыку ўлады.
Падкрэслю – беларусы вераць, што маюць права на мірныя захады пратэсту. І яны іх рэальна робяць мірна. Бо – МАЮЦЬ ПРАВА.
На самрэч гэтае “прававое” пытанне прынцыповае. Яно мае рацыю і на паўсядзенным узроўні, і на узроўні масавай сьвядомасьці, і ў плане сацыялагаічных ці сацыяльна-філасофскіх разваг.
Справа ў тым, што сёння ўсе бачуць і ўсведамляюць факт прававога дэфолту страны. Не, не страны – дзяржавы. Гэта важна. Літаральна кожны чалавек на прыкладзе свайго бліжэйшага акружэння бачыў, што ўлада не змагла выконваць свае абавязкі пад час каронакрызісу, не змагла даць рады праблемам з вадой, не выконвала сваіх жа законаў у ходзе электаральнай кампаніі і пасьля яя.
Калі у народзе гучыць слова “беспредел”, то гэта фіксуе адсутнасьць агульных нормаў быцця; правілаў, па якім можна жыць; лімітаў, якія нельга пераступаць. У такіх абставінах жыць нельга. Але мы жыць мусім. І што рабіць, калі ўлада не дае рады? Усё проста – мы можам і мусім самі ўсталяваць гэтыя рамкі, нормы, правілы, ліміты.
Гэта агромністая моц, якую мы ўсе ўсьведамляем. Больш таго, гэта бачыць і іншы бок – ён адчувае, что мірныя пратэсты наносяць ім маральную паразу. Мірныя пратэсты дэманструюць МАРАЛЬНУЮ ПЕРАВАГУ над гвалтам і для нас, і для іх, і для сусьветнай супольнасьці.
На конт сусьветнай супольнасьці я кажу ня проста так. Гэта таксама значны чыннік. Ня першасны, але важны. Мы ня проста яскрава дэманструем сваю моц, шчырасьць і годнасьць, мы натуральным чынам – як роўныя з роўнымі – уключаемся у канструяванне сусьвету заходняй цывілізацыі. Бо пасля падзей 2020 году ўжо будзя ня трэба нікому даводзіць, что Беларусь – гэта дзесьці паміж Польшчай і Расейскай Федэрацыяй. Бо пасля падзей 2020 году “беларускі кейс” будзе ўваходзіць у падручнікі па гісторыі і паліталогіі, сацыялогіі і эстэтыкі, этыкі і камунікатывістыкі. Бо тое, што адбываецца ў нас, амаль аўтаматычна экстрапалюецца і тэррытарыяльна, і тэмпаральна.
Між тым, нават увага планетарнага сусьвету не з’яўляецца першаснай. Галоўнае, што адбываецца сёлета, гэта не рэвалюцыя, як кажуць ўлада і замежгныя эксперты. Галоўнае, што мы самі робім свой беларускі сусьвет, сувымерны і безгвалтоўны.
Так, гэта зусім ня хуткі працэс, які вымагае часам звышнатуральных высілкаў – і фізічных, і эмацыянальных, і матэрыяльных, і ўсіх іншых. Гэта выпрабаванні, якія ніхто, акрамя нас саміх ня здолее не ўсьведаміць, не прайсьці.
Гэта ўсё мы мусім зрабіць самі. Крок за крокам. Каб самі змаглі ацаніць і ўшанаваць гэты шлях і сябе на гэтам шляху.