Сяргей Вайніцкі. Малыя крошкі для вераб’я

1.

Глядзецца ў наўкольле.

Пытаць сябе: «Дзе я?».

Хай сьвет як заўгодна драбіцца,

адказ мае быць: «Кагадзе я быў чымсь у нідзе,

цяпер я ‒ тут,

і ўсё ‒ ува мне».



2.

Сьвет ‒ люстэрка.

Покуль можна,

сьлед сьпяшацца агораць адбіты позірк.



Пытаньні «навошта нясьцерпнасьць голаду, квецень дрэў,

скуль паветра і зоры,

і ўсё чыста?» ‒

бязь зьместу.

Імі сьведчыш сабе «я існы».



3.

«Няздатныя вымавіць “я” ўсімі сабою,

ня ведаюць сьмерці.

Яны сыходзяць зь мяне; я паміраю замест:

дня, кветкі, хатняга гадаванца.»

Скажаш. Пасьля,

прыпомніўшы вобраз сябра, умілаваныя рысы,

раптам сумеешся:

«Ён не памрэ таксама!»…

і ўбачыш: ад выразу, які не пасьпеў сьцерці з твару,

разьбягаюцца ў сполаху дзеці.



4.

Але тады

няма выпадковага.

Пыл і квецень зямлі, прыкры шум, незнаёмы твар ‒

табе ўсё спрыяцьме на добрае.

Кавай пастаўленая на аркушы пляма

ператвараецца ў flamma

простым рухам рукі, языка, уяўленьня.



5.

Схочаш бегчы сьледам за дзецьмі, заставацца юным.

Стой. Чувай. Слухай:

цемра ў зрэнках, якія адбілі рысы

твайго твару на ўсім, што ўбачыў, шэпча табе «ня бойся».

Голас, ветлы, як вецер у кіпарысах,

голас, як ветах, ціхі, сьведчыць:

у гэтай цемры сьветла.





20-23.V.2022, ‘Cov.’

 

You may also like...