Павал Баркоўскі. Сусветная вайна Z: метады эфектыўнай зомбі-прапаганды

 

У 2013 г. па сусветных кінатэатрах прайшла хваля паказаў фільма Марка Форстэра пры зорным удзеле Брэда Піта з паказальнай назвай “Сусветная вайна Z” (Z – таму што апошняя, як і літара ў лацінскім алфавіце, і таму што – Z значыць зомбі). Хорар-баявік паказваў сусвет, які захлынаецца ад навалы зомбі, ахвяр загадкавага віруса (які прыйшоў з тэрыторыі Паўднёвай Азіі, у арыгінале – Кітая), што нішчаць усё жывое, заражаючы рэшту чалавецтва. Сёння, калі мы назіраем вайну ва Ўкраіне і масавае з’яўленне літары Z на расійскай ваеннай тэхніцы, што перакачавала потым у расійскія медыя, а таксама на рэчы і ў паблікі простых расіян, у многіх складаецца ўражанне, што сусвет назірае таксама штосьці падобнае на атаку Zомбі – ахвяр расійскай прапаганды. Шмат каму можа падавацца дзіўным, як цэлая нацыя можа амаль вокамгненна зрабіцца ахвярай маштабных маніпуляцый свядомасцю і ператварыцца па факце ў зомбі-носьбітаў “рускай ідэі” і “рускага міра”.

Але гэта па-першае, справа не аднаго дня, а па-другое, ужо добра апісаная ў навуковай літаратуры з’ява.

Пра феномен і маштаб рускай прапаганды як часткі вялікай кансцыентальнай вайны сучаснасці мне даводзілася пісаць ў 2016 г., неўзабаве пасля расійскай анексіі Крыма і з’яўлення самаабвешчаных ДНР і ЛНР. Для тлумачэння актуальнага ўзроўню ўздзеяння прапаганды на розумы людзей яшчэ тады мне даводзілася цытаваць працу вядомага французскага сацыяльнага тэарэтыка і левага інтэлектуала Жака Эллюля “Прапаганда. Фармаванне чалавечых установак” – кнігі, што дасюль свядома не перакладзеная на расійскую мову!

Нагадаю адтуль тэзісна асноўныя метады, праз якія сучасная прапаганда ўздзейнічае на масавую свядомасць і светапогляд індывіда:

⦁ Канструяванне “грамадскай думкі” як інструмента прапаганды, што распаўсюджваецца праз СМІ для спажывання масамі: грамадскі кансенсус фабрыкуецца ў патрэбных формах і тыражуецца праз належныя медыявобразы. Іх задача паказаць “так думае большасць”, бо індывіду бывае вельмі істотна адчуваць сябе часткай грамадскага цэлага і не падабаецца патрапляць у пазіцыю маргінала. “Прапаганда пакладае мэты, арганізуе індывідуальныя рысы ў сістэму і выплаўляе іх пад пэўны шаблон праз стандартызацыю актуальных ідэй, замацаванне прывілеяваных стэрэатыпаў і ўсталяванне ўзораў мыслення ва ўсіх галінах”, і як вынік з таго – персанальнае крытычнае меркаванне замяшчаецца “грамадскім меркаваннем” і індывід успрымае волю, пафас і думку групы як свае ўласныя.

⦁ Стварэнне грамадства з масы апрычоных індывідаў. Эллюль часам выкарыстоўвае такі тэрмін як “апрычоны натоўп”, бо індывід у межах масы існуе адначасова і з адчуваннем прыналежнасці да віртуальнай большасці, і з пачуццём апрычонасці, фізічнай адзіноты. Прапагандзе лягчэй кіраваць індывідам праз гэтую амбівалентнасць: яна звяртаецца нібыта да кожнага свайго рэцыпіента індывідуальна, але робіць гэта стандартызавана, як да чалавека-масы, да кожнага і ўсіх разам. Што фармуе адчуванне ілюзорнай еднасці у людзей. Адчуўшы прыналежнасць да масы, чалавек уяўляе, што дасягае еднасці з іншымі людзьмі, ён інтэграваная частка супольнасці і падзяляе агульныя ідэалы, у той час як гэтая еднасць існуе збольшага на экране прапагандыста і доўжыцца не долей за пажаданы момант.

Ствараючы татальны ландшафт схаванай прапаганды, якую чалавеку складана заўважаць ці адаптаваць, яе арганізатары па сутнасці ствараюць і аб’ект прапаганды – саму супольнасць людзей як масу: не згуртаваную сябрыну ці грамадзянскую супольнасць, здольную да актыўнай самастойнай дзейнасці, а пасіўны і інэртны натоўп, які дзейнічае тады, калі тое патрэбна прапагандысту. Па сутнасці прапагандысцкія метады і скіраваныя на тое, каб схіліць да актыўнага ці пасіўнага ўдзелу ў сваіх дзеяннях масу індывідаў, знітаваных псіхалагічна за кошт маніпуляцый і ўцягнутых у агульнасць арганізацыйных дачыненняў: актыўна, прыкладам, праз мабілізацыю канкрэтных індывідаў ехаць дабраахвотнікамі на вайсковыя дзеянні ў падтрымку інтарэсаў сваёй дзяржавы, пасіўна – праз псіхалагічную падтрымку дзеянняў на ўзроўне, прыкладам вядомага прапагандысцкага мему “Крымнаш!”. Прапаганда паслядоўна змяншае ўзровень персанальнай актыўнасці і самастойнага мыслення людзей і залучае іх у агульныя трэнды, сфабрыкаваныя устаноўкі і меркаванні.

⦁ Стварэнне ўяўна “простых” адказаў на складаны я пытанні і выклікі сучаснасці. Асобнаму індывіду важна быць праінфармаваным і прыналежным да прыняцця дзяржаўных рашэнняў, а прапаганда гарантуе яму гэтую ўцягнутасць ці прынамсі яе ілюзію. Пры гэтым большасці людзей відавочна не стае кампетэнцый, бо “яны сутыкаюцца з выбарамі і рашэннямі, што патрабуюць спеласці, веды і прасцягу інфармацыі, якіх яны не маюць і не могуць мець”. Таму прапаганда штучна задавальняе гэтую патрэбу, маскіруючы некампетэнтнасць чалавека і змушаючы прымаць свае загадзя сфармуляваныя “простыя” адказы за ўласныя меркаванні. Паколькі індывіду вельмі дыскамфортна знаходзіцца ў стане трывожнай і малазразумелай рэальнасці, яму больш камфортна бачыць свет у масках ідэалогіі і прапаганды, іх сэнсах і каштоўнасцях, якія прыдаюць яму адчуванне ўласнае значнасці і інфармаванасці.

⦁ Залучэнне індывіда ў прапагандысцкія практыкі на нізавым узроўні. Прапаганда больш не імкнецца прымусіць людзей паверыць сваім тэзісам. Яна імкнецца максімальна далучыць іх да пажаданых дзеянняў, каб потым індывіды самі “рацыяналізавалі” ўласныя ўчынкі як належныя. Напрыклад, удзельнічаць у акцыях у падтрымку любых дзеянняў улады, каб стварыць устойлівы патэрн “Пуцін заўжды мае рацыю”. Паводле Эллюля, “мэтай мадэрнай прапаганды больш не ёсць мадыфікацыя ідэй, але правакаванне дзеяння. Гэта больш не змяненне прыхільнасці да нейкай дактрыны, але змушэнне індывіда ірацыянальна трымацца працэсу дзеяння. Гэта больш не трансфармацыя думкі, але паўставанне актыўнай і містычнай веры”.

⦁ Мадыфікацыя асяроддзя чалавечага існавання і эксплуатацыя сацыяльных міфаў. Па сутнасці ўсё асяроддзе чалавека мусіць працаваць на тое, каб вырабляць цэласную сістэму тлумачэння свету і спараджаць стымулы для дзеяння як спецыяльна арганізаваны міф, што спрабуе авалодаць асобай. Гэтае асяроддзе пачынае сябе выяўляць перадусім як сукупнасць канвенцыянальных патэрнаў і стэрэатыпаў, што фармуюць той кагнітыўны ўзровень дзейнасці свядомасці чалавека, які прапагандыст можа выкарыстоўваць як свой матэрыял для канструявання. Такімі міфамі на нашай прасторы могуць быць міф “пра трыадзіны славянскі народ”, нацыяналізм (не рускі) як нацызм, асобнасць цывілізацыйнага развіцця славянскіх народаў і т.п. Гэтыя міфы і канструкты павінны агучвацца на самых розных узроўнях грамадскага жыцця, каб носьбітамі гэтых ідэй аказаліся прадстаўнікі самых розных класаў: не толькі інфлюенсеры, але і “простыя людзі” побач на працы ці дома. Калі прапаганда змяшчае ў сабе элементы калектыўнай міфалогіі, базавых стэрэатыпаў грамадства, яна ўспрымаецца як натуральная і адпаведная агульнаму светапогляду чалавека.

⦁ Стварэнне даўгатэрміновых і напаўсвядомых эфектаў прапаганды праз інтэграцыйныя механізмы выхавання чалавека. Такую прапаганду Жак Эллюль называе сацыялагічнай, паколькі яна грунтуецца на імкненне грамадскага цэлага інтэграваць чалавечыя адзінкі ў сабе праз уніфікацыю іх паводзін паводле пэўнага патэрну, пашырэнне свайго стыля жыцця і ўплыву на вонкавыя групы. Па сутнасці асноўная задача падобнай прапаганды сцвердзіць прывабнасць усталяванага грамадскага парадку, спосабаў міжчалавечых зносін, наладжанага ладу жыцця праз усе сацыяльныя каналы. Напрыклад, чалавеку могуць навязваць уяўленне пра яго “самае лепшае савецкае мінулае”: самае смачнае марозіва, самыя чалавечыя стасункі, самы лепшы кінематограф, самую лепшую касманаўтыку і самае перадавое мастацтва, – што на побытавым узроўні выражаецца праз продаж тавараў з савецкай атрыбутыкай, праграмы тэлеперадач з фільмам Дзяржфільмафонда, музычныя і культурныя імпрэзы ў рэтра-стылі, накшталт “Песні года -70-х і 80-х” і т.п.

Элементам прапаганды робіцца сам лад жыцця, якім прасякнутыя індывіды, і таму яны пачынаюць выражаць яе далей праз фільмы, кнігі, творы мастацтва, то бок не толькі медыя, але і ўся інфраструктура жыцця чалавека робіцца правадніком пэўнай прапагандыскай праграмы. Гэта дапамагае пасля стварэнню біпалярнай карціны свету, хаця сама сацыялагічная прапаганда не дзейнічае непасрэдна, ствараючы прыдатны падмурак развіцця непасрэднай прапаганды.

⦁ Стварэнне біпалярнай карціны свету і маргіналізацыя апанентаў. Тыя сацыяльныя групы, што стаяць за прапагандай імкнуцца стварыць падзел у грамадстве на дзве няроўныя часткі, каб “сцвердзіць перавагу сваёй уласнай групы і злачыннасць іншых”, узвышаючы звычайна долю сацыяльнай падтрымкі існуючай улады і дэманізуючы і маргіналізуючы яе апанентаў, што стварае ў чалавека, які не падзяляе карціну рэальнасці прапаганды, псіхалагічны дыскамфорт ад знаходжання ў абсалютнай і дэкласаванай меншасці, які вытрымлівае зусім не кожны, інтэлектуал у тым ліку.

Ствараецца псіхалагічны прэсінг, які ўзмацняе стэрэатыпы, міфы і веры, распаўсюджаныя ў грамадстве. Прапаганда дзейсная, калі адна сацыяльная група стварае дыспрапорцыю ўласнай значнасці ў вачах індывідаў і масаў, а не калі яна толькі адная з іншых, таму дзеля эфектыўнай прапаганды падобныя групы імкнуцца да поўнага дамінавання ў палітычнай і эканамічнай галінах жыцця. У Расіі апошнім часам тое дасягалася такім інструментам як маркіроўка праціўнікаў улады кляймом “замежных агентаў”.

⦁ Замацаванне свету пост-праўды. Хаця прапаганда дзейнічае пераважна на ўзроўні эмоцый і падсвядомых установак, тым не менш яна мусіць, паводле Эллюля, апеляваць нібыта да розуму і жыццёвага досведу, калі падае інфармацыю і маніпулюе з фактамі, бо з’яўляецца пераважна прадуктам эпохі мадэрну. Яе задача даць ірацыянальны адказ на тое, што мае рацыянальныя і фактычныя элементы ў сваёй аснове: яе дакладнасць грунтуецца не на адпаведнасці фактам самім па сабе, але ў “адпаведнасці рэальнасці”, дакладней той візіі рэальнасці, якую стварае прапаганда пры дапамозе маніпуляцый з фактамі.

Прапаганда можа пазбягаць маны, але маскіруе праўду пад фальшывымі ці скампраметаванымі інтэрпрэтацыямі. Напрыклад, расстраляны бомбамі радзільны дом у Марыюпалі як база ўкраінскіх нацыстаў. Уздзеянне прапаганды застаецца пасля таго, як нават успамін пра тыя “факты”, на якія яна абапіралася знікае з чалавечай памяці. Індывід і наогул не схільны доўга прыгадваць тую інфармацыю, што дае яму прапаганда, ён пакідае мемы-патэрны, кшталту “адэская Хатынь”, “бандэраўцы” і г.д. Зрэшты індывід будзе дзейнічаць з апорай не на факты, але на “эмацыйны ціск, візію пэўнай будучыні, міф” , але сам для сябе абгарне свой момант дзеяння яго нібыта рацыянальна-фактычнай абгрунтаванасцю.

⦁ Выхад за межы ідэалогіі і стварэнне медыяфрэнічнага свету. Паводле Ж. Эллюля, сучасная прапаганда не грунтуецца на пэўнай ідэалогіі, хутчэй апошняя ёсць для яе не больш як матэрыял ці сродак, таму прапагандыст звычайна сам цынічна “не верыць” у тыя ідэалагемы, якія прасоўвае, але дзейнічае на карысць той дзяржаве, якая яго наймае: “усё больш і больш прапагандыст – гэта тэхнічны супрацоўнік, які выкарыстоўвае камунікацыйныя сродкі матэрыяльных медыя і псіхалагічныя тэхнікі; і ў сэрцавіне ўсяго гэтага ідэалогія – гэта толькі адная з другарадных і замяняльных шэсцерняў”, якую можна прыладжваць пад дух моманту.

Прапагандыст стварае з ідэалогіяў альбо набор словаў-стымулаў, кшталту “сацыяльная справядлівасць”, “дэмакратыя”, “дзяржава” і г.д., для выклікання пэўнага кшталту рэакцый, альбо міфалагемы дзеля апраўдання належнага кшталту дзеянняў, таму напачатку ідзе дзея, а за ёй толькі ідэалогія як апраўданне. Прапаганда бадай не стварае новыя міфы, але добра эксплуатуе ўжо наяўныя, змяняючы і мадыфікуючы іх пад свае патрэбы. Галоўная задача для прапаганды выкарыстаць абумоўленыя сімвалы, як трансмітэры культуры, каб ажыццявіць свае мэты: “кожны індывід захоўвае вялікую колькасць стэрэатыпаў і ўсталяваных тэндэнцый; з гэтага арсеналу прапагандыст мусіць абіраць тыя, якія найпрасцей мабілізаваць, якія надаюць найбольшую вагу дзеянню, што той хоча спрычыніць” , таму прапаганда можа нападаць непрыкметна, з спіны, задаваць новыя цэнтры інтарэсу, што дэвальвуюць папярэдне абраныя пазіцыі, пераскіроўваць перадразвагі і забабоны, змушаць чалавека нават дзейнічаць насуперак свайму меркаванню без усведамлення таго. Як вынік, індывіду, нават рэфлексіўнаму, вельмі цяжка супрацьстаяць прапагандзе, якая маніпулюе ідэалогіямі, міфамі і культурнымі нормамі, і робіць тое на такім узроўні, дзе рацыянальная крытыка і аргументацыя зачаста малаэфектыўныя.

Залучаны ў групавую дынаміку і інтэграваны ў грамадства індывід як ахвяра сучаснай прапаганды прыходзіць на справе да самаадчужэння, бо змушаны да існавання ва ўмовах штучнай рэальнасці, прыкладам, жыцця ў атачэнні ворагаў, неабходнасці рэзкай агрэсіі і экспансіі навонкі дзеля забеспячэння сваёй жыццёвай прасторы і г.д. Чалавек вельмі схільны да групавой лаяльнасці псіхалагічна і апошняе добра пацвярджаюць вядомыя эксперыменты Саламона Аша; таксама людзі надта схільныя падначальвацца аўтарытэту і скідваць з сябе крытычнае мысленне разам з адказнасцю безадносна ўзроўню іх адукацыі, эрудыцыі і іншых падобных фактараў, што даказваюць эксперыменты Мілгрэма. Прапаганда схільная выкарыстоўваць гэтыя эфекты на сваю карысць і схіляць да прыняцця сваёй веры нават адпачатку рэфлексіўных індывідаў, то бок і частку інтэлектуалаў таксама. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што вялікая частка расіян сёння ператварылася ў “нацыю Z”: людзей, што некрытычна падтрымліваюць любыя дзеянні ўлады і маюць альтэрнатыўную ад іншага свету карцінку рэальнасці.

Дарэчы фільм “Сусветная вайна Z” запомніўся не толькі эпічным пабегам героя Брэда Піта на пасажырскім авіялайнеры неіснуючай кампаніі „Belarus airlines”. Там у фінале планавалася выразаная эпічная батальная сцэна, у якой прымаў удзел вядомы расійскі акцёр Хабенскі, дзе натоўп зняволеных з расійскіх турмаў па загадзе ваенных уладаў з дзідамі і сякерамі ў руках абараняецца на Чырвонай плошчы ад атак арміі зомбі. У такой прыблізна сітуацыі цяпер знаходзяцца невялікія шэрагі ліберальных расіян, што не здатныя абараніць агеньчык свабоднай Манежнай плошчы ад суцэльнай атакі Zомбі прапаганды навокал. Сучасная прапаганда асабліва жорстка дзейнічае ў грамадскіх арганізмах, знядужаных вірусам аўтарытарызму, але нават двойчы вакцынаваныя Майданам украінцы ці вольныя еўрапейцы могуць у пэўны момант таксама стаць ахвярамі гэтай цяжкой хваробы, калі толькі дазволяць сваім уладам ці партыям эфектыўна запусціць машыну найноўшай прапаганды дзеля светлай мэты лепшай інтэграцыі грамадства і яго думкі.

 

 

You may also like...