Новік Іван. Erica Marat, The Politics of Police Reform: Society against the State in Post-Soviet Countries.
by Novik Ivan · 27.02.2021
Эрыка Марат, Палітыка рэфармавання паліцыі: Грамадства супраць дзяржавы ў постсавецкіх краінах.
Erica Marat, The Politics of Police Reform: Society against the State in Post-Soviet Countries. Oxford: Oxford University Press, 2018, 249 pages.
Беларускаму чытачу бадай і не трэба тлумачыць — што магло зацікавіць мяне ў кнізе з такой назвай. Інтарэс мой толькі пабольшаў з першымі прачытанымі старонкамі. Адразу, ва ўводным раздзеле: «Люстра грамадства. Паліцыя1 ў постсавецкіх краінах», Эрыка Марат прапануе некалькі дзёрзкіх канцэптуальных хадоў, якія не могуць не выклікаць сімпатыю.
Па-першае, уласна паліцыя: як адзначае аўтарка, існуе два асноўныя падыходы да яе вызначэння – «дзяржава-цэнтрысцкі» і «грамадска-цэнтрысцкі» (6). Паводле першага, паліцыя – неадʼемная частка дзяржаўнага і бюракратычнага апарату, інстытут, чые асноўныя функцыі – прымус і вызыск (спагнанне дадатковых сродкаў). Паліцыя, згодна з такой інтэрпрэтацыяй – гэта прылічанае ўжыванне сілы ў абшарах, якія трэба зрабіць прадказальнымі, пранікальнымі і кіраванымі (6-7). Згодна з такім разуменнем, рэформа праваахоўных органаў – інтэгральная частка агульнага працэсу будаўніцтва дзяржавы.
Для грамадска-цэнтрэсцкіх падыходаў паліцыя, наадварот – элемент сацыяльнай структуры. Яна прыналежыць да шэрагу інстытутаў (куды ўлучаюць таксама сродкі масавай інфармацыі, адукацыю, сваяцтва і д.п.), пасродкам якіх ствараецца і ўзнаўляецца грамадскі лад (7). Адпаведна, у такім разуменні – паводзіны паліцыі фармуюцца праз паўсядзённае ўзаемадзеянне з людзьмі.
Стартаваўшы з супрацьлеглых бакоў, абедзве канцэптуальныя стратэгіі сыходзяцца ў сваім канчатковым выраку: паліцыя ёсць інструментам прымусовай стандартызацыі элементаў грамадства. Розніць іх толькі бачанне мэты такой стандартызацыі – эфектыўнасць бюракратыі ці моцнае грамадства, адпаведна (7).
Праблематычнасць існых падыходаў – «дзяржава-цэнтрысцкага» ці «грамадска-цэнтрысцкага» – Эрыка Марат бачыць акурат у іх аперацыяналізацыі ў рэформе праваахоўнай сістэмы і ў пастуляваных для такога рэфармавання мэтах.
Так ці інакш: ёсць паліцыя дзяржаўным інструментам, або сацыяльным інстытутам – прадугледжаны нейкі яе «ідэальны» стан, да якога мусяць імкнуць змены. Існуе, прынамсі гіпатэтычна, «узорная» паліцыя, калі «інструмент» – у «руках» ураду ці грамадства, абыякава – дарэшты супадае з пастаўленымі перад ім задачамі. Адным словам, рэформа паліцыі – ёсць выпраўленне, «рамонт». Калі ў раўнанне «дзяржава-паліцыя / грамадства-паліцыя» падставіць дызʼюнкцыю, то адказам непазбежна будзе «парадак» (дзяржава-паліцыя ⋁ грамадства-паліцыя = парадак).
Эрака Марат прапануе ўласны падыход, які на канцэптуальным узроўні злучае «дзяржава-цэнтрысцкія» і «грамадска-цэнтрысцкія» візіі. Злучае, бо на рэчыўным, рэальным узроўні памкненні і патрабаванні да паліцыі грамадства і дзяржавы акурат рознаскіраваныя. Не існуе «ідэальнай» паліцыі, ёсць толькі дзейсны стан праваахоўнай сістэмы – як адбітак і ўцялесненне грамадска-дзяржаўнага антаганізму.
Аўтарка «Палітыкі рэфармавання…» пачынае кнігу са змрочна-несуцяшальнага (прынамсі ў нашых варунках) рускага выслоўя: «Милиция – зеркало общества». Кожнае грамадства кантралюецца2 так, як таго «заслугоўвае» (1) – прымус з боку дзяржавы зваротна прапарцыйны здольнасці грамадзян да супраціву. У норме недзяржаўныя актары (пад апошнімі разумеюцца і грамадства як такое, і шматлікія НДА3) увесь час змушаюць да перагляду існых практык кантролю і актыўна аспрэчваюць легітымнасць паліцэйскага гвалту. Закладам гэтага безупыннага дужання ёсць перавызначэнне межаў: чым ёсць злачынства і якім можа быць адэкватнае ці нават справядлівае за яго пакаранне.
Паліцыя – гэта адзін са спосабаў «стаўлення» дзяржавы да грамадства (2). Стаўленне будзе безпаважным, гвалтоўным, калі соцыум уходзіць ад прамога адказу на выклік дзяржавы, калі грамадзяне кіруюцца «стратэгіяй выжывання» – мінімалізуюць свае магчымыя кантакты з праваахоўнымі органамі і, быў змушаны да ўзаемадзеяння, звяртаюцца да неправавых сродкаў, такіх як хабар. Гэта не адмяняе таго, што ў пэўных выпадках – заўважыць Эрыцы Марат яе магчымы беларускі чытач – «стратэгія выжывання» становіцца не проста фігурай маўлення, але ж змрочнай рэчаіснасцю, якая амаль не пакідае іншых альтэрнатываў. Але ж і тут, трэба прызнаць – сплачваем рахункі былога патурання, мінулага маўчання.
Фактычна, пазіцыю аўтаркі «Палітыкі рэфармавання…» можна назваць антыэтатысцкай. У яе інтэрпрэтацыі дзяржава будзе актыўна запаўняць усе пакінутыя грамадствам лакуны, нарошчваць дасяжныя ёй інструменты гвалту і прымусу датуль, пакуль не сустрэне адпор.
Паліцыя для Эрыкі Марат не інструмент, але – асяроддзе. Асяроддзе кансэнсусу, які дзяржава і грамадства дасягаюць па пытанню межаў легітымнасці гвалту. Прычым, гэты кансэнсус паводле аўтаркі мае не праўны, але маральны характар (3).
Паліцыя – не проста як сукупнасць індывідаў у мундзірах з асаблівымі правамі, і нават не проста як грамадскі інстытут, але ж як форма палітыкі, «працягванне вайны іншымі сродкамі» – ёсць уцялесненнем угоды між дзяржавай і яе «падданымі»: які ўзровень гвалту адносна грамадзян у імя захавання «грамадзянскага парадку» дапушчальны і мэтазгодны. Калі згадаць нашу псеўда-формулу, то грамадства, дзяржаву і паліцыю неабходна злучыць канʼюнкцыяй, а адказам на «раўнанне» мусіць быць не парадак, а «дапушчальны ўзровень гвалту» (грамадства ∧ дзяржава ∧ паліцыя = дапушчальны ўзровень гвалту).
Дасягнуты кансэнсус – гэта не кропка ў дыскусіі, а толькі паўза ў ёй, яе стан «на сёння». Інтарэсы кіроўнай эліты і грамадства адносна межаў дапушчальнага і легітымнага гвалту ўзаемна антаганістычныя і не могуць супасці ў нейкім ідэальным заспакаенні.
Адсюль Эрыка Марат высноўвае ўласнае разуменне рэформы паліцыі. Паспяховасць апошняй прапануе вымяраць не колькасцю набытай новай амуніцыі, і тым болей не зменай назову, не прагрэсіўнымі праграмамі падрыхтоўкі ці павелічэннем заробку, нават, не зменамі ў структуры і заканадаўстве, але ж – адкрыццём новых каналаў зваротнай сувязі з грамадствам (13).
Напоўніць «новым віном» «мяхі» праваахоўнай сістэмы можа толькі само грамадства. А дзеля гэтага мусяць быць адкрытыя магчымасці ўплыву соцыуму на вызначэнне шляхоў, формаў і крытэраў паспяховасці рэформы. Яе ж вынікам павінны быць такія змены ў паводзінах паліцыі, якія грамадства згодна прымаць. Фактычна – усталяванне новага кансэнсусу (13).
Прадэмакратычная рэформа паліцыі робіць апошнюю максімальна дакладным адлюстраваннем шырокіх грамадскіх паглядаў і перакананняў адносна межаў і мэтазгоднасці дзяржаўнага гвалту (4), таго, што дадзены соцыум прызнае справядлівым (10).
Не менш істотным маркёрам дэмакратычнасці зменаў мусіць быць трываласць адкрытых каналаў сувязі з грамадствам і іх захаванне ў парэформенны перыяд. У разуменні Эрыкі Марат рэформа паліцыі – гэта не разавая падзея, а адкрыты, ніколі не скончаны працэс (2). Прынамсі, такой яна мусіць быць у «ідэальным» варыянце, бо павінна закранаць не толькі вонкавы выгляд паліцэйскага ці структуру падрыхтоўкі праваахоўных органаў і спосабы ажыццяўлення імі сваёй улады, але ж – даваць грамадству болей інструментаў нагляду і магчымасцяў, як для ацэнкі мэтазгоднасці і справядлівасці гвалту ў канкрэтных выпадках, так і для выяўлення сваіх поглядаў на напрамкі далейшага рэфармавання.
Пры гэтым Эрыка Марат агаворвае сама: узгадненне паліцэйскай практыкі з грамадскімі поглядамі на дапушчальны гвалт, зусім не мусова азначае памяншэнне маштабаў апошняга (4). Калі ў соцыуме існуе запыт на больш агрэсіўны кантроль у стасунку, напрыклад, да этнічных меншасцяў, дэмакратычная рэформа паліцыі адабʼецца ў недэмакратычных агульных зменах у грамадстве. Паспяховая рэформа ёсць пераразмеркаваннем улады і ўплываў над паліцыяй між дзяржавай і недзяржаўнымі актарамі, і тут Эрыка Марат ізноў мае рашучасць прызнаць, што ва аўтарытарным кантэксце ў лік апошніх апроч асобных грамадзян і НДА, могуць уваходзіць крымінальныя сіндыкаты, групы сваяцтва, альбо нацыяналістычныя этнічныя групы (4).
Ізноў жа: «Милиция – зеркало общества». Нельга вырашыць праблемы хворага грамадства праз кропкавыя змены толькі ў праваахоўнай сістэме. Дзяржава і соцыум мусяць супольна даспець да найменш гвалтоўнай формы паліцэйскай практыкі, але зрабіць гэта яны здольныя толькі пры наяўнасці трывалай сістэмы каналаў зваротнай сувязі.
Прапануе Эрыка Марат і сваю візію, адносна іншай канцэптуальнай дыхатаміі: паліцыя – гэта інстытут або рэжым (8)?
Паліцыя як інстытут – ёсць часткай і адлюстраваннем дзяржаўнай манаполіі на гвалт. Надзейныя праваахоўныя органы, падпарадкаваныя цэнтральнаму ўраду – пры такім іх разуменні – ёсць умовай вяршэнства закона і вызначальнай асаблівасцю здольнасці дзяржавы да правядзення ўласнай палітыкі (8).
Інтэрпрэтацыя паліцыі як рэжыму4 стасуецца пераважна да аўтарытарных сітуацый. У кантэксце апошніх паліцыя становіцца негатыўна афарбаванымі «сілавікамі» – часткай рэпрэсіўнага апарату ў распараджэнні дзяржавы (8).
Ужо тут можна заўважыць наколькі небяспечным і драматычным можа быць, здавалася б, просты акт вызначэння паліцыі, і наколькі ўбачаная карцінка залежыць ад канцэптуальных акуляраў. Там, дзе адзін даследнік бачыць непрымальнае і жахлівае ўзмацненне рэпрэсіўнага апарату, для другога відно толькі кансалідацыю дзяржавы і ўзмацненне правапарадку.
Паводле Эрыкі Марат паліцыя не ёсць ані інстытутам, ані рэжымам – але ж «паслугай» (service) (9), якую дзяржава аказвае (няхай і ў дысфункцыянальнай мадальнасці) уласным грамадзянам. Ізноў жа: свае бачанне аўтарка кнігі аперацыяналізуе адносна ацэнкі рэформаў. Асноўнымі маркёрамі паспяховасці апошніх мусіць быць адказ на пытанне: наколькі поўна змены адлюстроўваюць падзяляныя ідэі, экспертныя меркаванні і ўяўленні адносна таго, як мусіць дзейнічаць паліцыя, каб задавальняць патрэбы грамадзян.
Узброеная гэтым канцэптуальным апаратам, Эрыка Марат бярэцца за аналіз рэформаў у «постсавецкіх краінах». Пад рубрыкай сабраны досвед пяці дзяржаваў: Украіны, Грузіі, Кыргызстана, Казахстана і Таджыкістана, на часовым адцінку 2003-2016 гг. Назоў «постсавецкія» тут узяты не за адсутнасцю лепшага. Эрыка Марат лічыць, што ўсе пяць пералічаных краінаў (як і іншыя былыя рэспублікі СССР) пачыналі з вельмі падобных зыходных сітуацый. «Постсавецкая» паліцыя азначае: аднолькавую структуру і інстытуцыйную культуру праваахоўных органаў, ідэнтычныя ланцужкі падпарадкавання (цэнтралізаванае кіраванне пры дэцэнтралізаваным і слабым кантакце з грамадствам) і аналагічную дынаміку адносінаў з кіроўнай элітай (4). Сувязі паліцыі з апошняй у постсавецкіх варунках варта характарызаваць як патранажныя (5).
У адрозненні ад так званых «посткамуністычных» краінаў (г. зн. усходнееўрапейскіх дзяржаваў, якія ўваходзілі ў «Варшаўскую дамову»), стартавыя ўмовы для былых савецкіх рэспублік характарызаваліся адсутнасцю ўласнай моцнай бюракратычнай і нацыянальнай эліты, эканамічнай і культурнай залежнасцю ад Масквы (5). У такіх варунках першым памкненнем прыйшоўшай да ўлады эліты, з характэрнымі для яе аўтарытарнымі тэндэнцыямі, было абаперціся на міліцэйскі апарат. Пры тым, што ў савецкі час міліцыя «па змоўчанні» мусіла абслугоўваць інтарэсы партыйнага кіраўніцтва, такое развіццё падзей было амаль прадвызначаным. Паліцыя застаецца адным з найменей рэфармаваных інстытутаў наўсцяж постсавецкай прасторы (4). Праваахоўныя органы ператвараюцца тут у своеасаблівую прэтарыянскую гвардыю на службе аўтарытарных рэжымаў (10) – што ніяк не спрыяе іх дэмакратызацыі.
Асноўныя пытанні, якія аўтарка спрабавала развязаць пры аналізе канкрэтыкі падзей ва Украіне, Грузіі, Кыргызстане, Казахстане і Таджыкістане былі: 1) што змусіла дзяржаву пайсці на супрацу з недзяржаўнымі інстытутамі, 2) якія з недзяржаўных інстытутаў уступілі ў супрацу з дзяржавай, 3) ці ўзнаўлялася ўзаемадзеянне грамадства і дзяржавы ад моманту першаснага яго ўсталявання (16). Асобна, апроч сістэматызацыі і канцэптуалізацыі матэрыялаў звязаных з рэформамі праваахоўных органаў, яна разглядала таксама і папярэднюю «інфраструктуру іншадумства» (dissent infrastructure) (17), якая паўплывала на напрамкі і вынікі такіх рэформаў.
У другім раздзеле: «Трасфармацыйны гвалт і мабілізацыя» беларускага чытача чакае яшчэ адна ідэя Эрыкі Марат, якую – я станоўка пэўны – знойдзе, нават у параўнанні з усімі папярэднімі канцэптуальнымі навінамі аўтаркі, яшчэ болей злабадзённай: уласна, вынесены ў назву «трасфармацыйны гвалт». Прынамсі я, мушу спаведацца, прачытаў раздзел з такім моцным пачуццем уведвання – што магу параўнаць яго з ἀναγνώρισις Арыстоцеля. Але ж па парадку…
Папярэдне Эрыка Марат апісвае, як постсавецкія краіны спадкуюць ад свайго савецкага «продка» аднолькавыя ці, прынамсі, вельмі падобныя міліцэйскія сілы – пераважна карныя, надзвычай мілітарызаваныя, з «упісанай у ДНК» функцыяй абароны дзейснага рэжыму. Для новай палітычнай эліты – пакуль яшчэ слабой, без досведу аўтаномнага кіравання і без уласна дэмакратычнага досведу – спакуса скарыстаць іх ва ўласных мэтах была занадта моцнай. Тым болей, што выгода была ўзаемнай – «сілавікі» мелі свой апартуністычны інтарэс у абслугоўванні інтарэсаў урадоўцаў. Не мяняючы сваю інстытуцыйную культуру, ані звыклыя патэрны паводзін яны атрымлівалі магчымасць хуткай карʼеры.
Эрыка Марат лічыць, што скасаваць гэты хаўрус і пайсці на рэформу паліцыі дзяржаву магла змусіць не ідэалістычная адданасць лозунгам дэмакратыі, але ж толькі прамая пагроза дзейснай уладзе, выклік кінуты грамадскай мабілізацыяй пасля відавочнага злоўжывання гвалтам.
Фактычна абвяшчаючы пачатак рэформы паліцыі, рэжым прызнае тым самым – ягоная манаполія на легітымны гвалт пахіснулася, сутыкнулася са значным грамадскім супрацівам, які гэтую легітымнасць адмаўляецца прызнаваць (22).
Трыгерам для такога грамадскага ўзрушэння, па думцы Эрыкі Марат, можа быць толькі відавочны разрыў у тыповых, звыклых паводзінах паліцыі – маштабнае злоўжыванне сілай, якое не можа ўспрымацца інакш як незаконнае (24). Уласна падобныя падзеі аўтарка «Палітыкі рэфармавання» і называе «трансфармацыйным гвалтам». Найперш, гэта – няздольнасць паліцыі даць рады масавым маніфестацыям у мірны спосаб, вынікам чаго – выкарыстанне празмернай сілы і непазбежныя ахвяры сярод «цывільных» (22).
Падобныя падзеі беспрэцэдэнтнага гвалту з боку дзяржавы прыцягвалі ўвагу даследнікаў і да Эрыкі Марат – у навуковай літаратуры, апроч прапанавага ёю тэрміна «трансфармацыйны гвалт» сустракаюцца і іншыя: «непаслядоўныя рэпрэсіі» (inconsistent repressions), «фінансаваны дзяржавай жорсткі гвалт» (severe state-sponsored violence), «жорсткія рэпрэсіі» (severe repressions), «трансфарматыўныя падзеі» (transformative events), «маральны шок» (moral shock) (24).
Асноўныя ўласцівасці «трансфармацыйнага гвалту» паводле аўтаркі гэта: шырокі грамадскі кансэнсус адносна значнасці падзей і публічнае асуджэнне гвалту як незаконнага, нелегітымнага – і звязаная з гэтым змена ў расстаноўцы сіл кіроўнай эліты і апазіцыі (24). У той час як палітычная прастора для «іншадумства» (dissidents) значна пашыраецца, калідор магчымасцяў для далейшых рэпрэсіўных актаў з боку дзяржавы звужаецца. «Кошт» масавай пратэстнай мабілізацыі пасля «трансфармацыйнага гвалту» меншы, а кошт далейшага гвалту з боку аўтарытарнага рэжыму, наадварот, вырастае за разумныя межы (25).
Каб злоўжыванні з боку паліцыі сталіся менавіта «трансфармацыйным гвалтам» ягоныя ахвяры павінны быць ідэнтыфікаваныя як частка шырокага насельніцтва, а вінаватыя ў гвалце лёгка атаясняцца з дзяржавай (26). Мабілізацыя абураных, ва аўтарытарным кантэксце, будзе слабой, калі шкода нанесена слаям грамадства без значных палітычных і эканамічных сувязяў – у якасці прыкладу Эрыка Марат прыводзіць жыхароў сельскай мясцовасці, гарадскую беднату, псіхічна хворых, прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці і секс-работнікаў (26). Перафразуючы думкі аўтаркі ў дусе Німёлера: грамадства можа спазніцца са сваім адказам, калі рэпрэсіі нарошчваюцца паступова і прэзентуюцца як гвалт у дачыненні адасобленых, стыгматызаваных груп насельніцтва: спачатку камуністы, потым сябры прафсаюзаў, пасля габрэі… Ці: учора наркаманы, анархісты і «змагары», і толькі сёння — ты…
Гвалт як адказ на палітычныя маніфестацыі, спрычыняе новую хвалю пратэстаў, на павестцы якіх ужо не столькі першасныя палітычныя патрабаванні, колькі абурэнне дзеяннямі самой паліцыі (25). Менавіта ацэнка дзеянняў паліцыі трапляе ў галоўны фокус супрацьстаяння між дзяржаўнымі і недзяржаўнымі субʼектамі (25).
Трасфармацыйны гвалт гэта яшчэ і медыйны феномен. Маштаб грамадскага абурэння залежыць не толькі ад беспрэцэдэнтнасці гвалту, але ж і ад наяўнасці папярэдняй «інфраструктуры іншадумства» – ад сродкаў масавай інфармацыі, прынамсі часткова вольных ад дзяржаўнага кантролю і здольных асвяціць падзеі, ад палітычных субʼектаў, якія змогуць матываваць грамадскую актыўнасць (25). Пры гэтым, заўважае Эрыка Марат, СМІ ў новай эпосе – гэта не толькі традыцыйныя інфармагенцтвы, але ж кожны чалавек са смартфонам. Тэлефонная камера становіцца зброяй пратэсту (40). Сёння важна не тое, як прадставіць падзеі рэпарцёр, але ж – як фіксуе, распаўсюджвае і рэдагуе выявы паліцэйскага гвалту ўзброены смартфонам грамадзянін-сведка (39).
Кіроўная эліта, якая пасля водападзельнага «трасфармацыйнага гвалту» імкнецца развеяць напружанасць і перадухіліць далейшую мабілізацыю, спрабуе стварыць уласную медыя павестку – праз цэнзуру СМІ, «афармленне (framing) рэпрэсаваных як ілгуноў і шарлатанаў» і «афармленне» (framing) уласных інтарэсаў, як грамадскіх (26). Іншымі словамі: попы пафарбавалі, ахвяраў няма, а калі і былі, то толькі каліва нейкіх адшчапенцаў, і агулам – дзяржава разблытаецца і пакарае вінаватых…
Але, прынамсі ў выпадках аналізаваных Эрыкай Марат, пасля «трасфармацыйнага гвалту» і масавай пратэстнай мабілізацыі кіроўная эліта была змушана пайсці на саступкі – прапанаваць магчымасці больш шырокага грамадскага нагляду за дзейнасцю паліцыі і ўлічваць грамадскія галасы пры вызначэнні новых спосабаў паліцэйскай дзейнасці (23).
Пачатак рэформаў ці, прынамсі, шырокае абмеркаванне іх магчымасці, ізноў падзяляе палітычныя эліты і грамадскіх актывістаў. Нават тады, калі бачанне мэтаў супадае, дзяржаўныя і недзяржаўныя актары разыходзяцца ў расстаноўцы прыярытэтаў (23). У той час як эліты акцэнтуюць увагу на пераўзбраенні і паляпшэнні прафесіяналізму праваахоўных органаў, грамадскія актывісты настойваюць: перад тым як даць паліцыі новыя экіпіроўку і рыштунак, неабходна вырашыць пытанне механізмаў нагляду за ейнай дзейнасцю (23). Рэформа так ці інакш будзе ўзгадненнем гэтых сыходнай і ўзыходнай візіі (23), яе ж канкрэтныя формы стануць адлюстраваннем структурнай расстаноўкі сіл між антаганістычнымі поглядамі.
Не менш істотнае пытанне: хто з былых апанентаў улады будзе кааптаваны ў працэс рэфармавання. Імаверных прэтэндэнтаў Эрыка Марат падзяляе паводле крытэру большай ці меншай адаптыўнасці і гнуткасці на два тыпа субʼектаў: групы, абʼяднаныя вакол агульнай справы і асобы, якія не прадстаўляюць ніякую канкрэтную установу, але аказваюцца запатрабаванымі дзеля сваіх навыкаў і ведаў, ці асабістага досведу. Да першай групы адносяцца НДА і палітычныя партыі. Да другой – былыя супрацоўнікі паліцыі ці ахвяры яе жорсткасці (33). Ва аўтарытарным кантэксце менавіта апошняя група вылучаецца больш гнуткай і адаптыўнай пазіцыяй. Спецыялізаваныя НДА, як правіла, пільнуюцца дагматычных і падчас ідэалістычных праграмаў, якія нярэдка прадыктаваныя знешнімі фундатарамі (33). Іх асноўныя матывацыя палягае ва ўласным выжыванні: падтрымцы сваёй звычайнай дзейнасці і пашырэнні ўплываў (34). У той жа час, індывідуальныя актары схільныя да болей гнуткай стратэгіі паводзінаў. Іх асноўны матыў – абараніць сябе і супольнасці, да якіх яны прыналежаць, ад паўтарэння гвалтоўных падзей (34). Менавіта індывідуальныя ахвяры і былыя супрацоўнікі паліцыі аказваюцца найболей здольнымі ўзяць на сябе адказнасць за маніторынг дзейнасці паліцыі на ключавых этапах працэсу рэформаў (38).
Як заўважае Эрыка Марат, новы грамадска-дзяржаўны кансэнсус, як канчатковую мэту рэфармавання, не варта блытаць з даверам паліцыі. Кансэнсус можа паўстаць на тле глыбокага публічнага скептыцызму ў адносінах да праваахоўнай сістэмы, шуканым жа і неабходным мусіць быць разуменне метадаў паліцыі як законных. Чым большы недавер насельніцтва да паліцэйскіх сілаў і ўжываных імі сродкаў папярэднічае рэформе, тым болей патрэбным будзе ўвядзенне новых сродкаў нагляду і тым болей рэфлексіўна, прадумана будуць усталяваны новыя межы легітымнага гвалту.
У трэцім раздзеле: «Складнікі рэформы паліцыі. Трансфармацыйны гвалт і папярэдняя інфраструктура іншадумства ў гарадскіх раёнах» Эрыка Марат працягвае развіваць тыя ж тэмы, дадаючы сюды элементы ўрбаністыкі і сацыялогіі паліцыі.
Яна аспрэчвае ходкую тэзу пра тое, што асноўнай прычынай масавых хваляванняў выступае эканамічная няроўнасць. Калі б гэта было так, заўважае аўтарка, мы бачылі б актыўныя палітычныя пратэсты найперш у сельскіх раёнах, якія болей за астатнія пацярпелі ад эканамічных стратаў у постсавецкіх краінах (53). У рэальнасці асноўныя падзеі разгортваюцца амаль выключна ў сталіцы, ці, прынамсі, – на вуліцах буйных гарадоў. Эрыка Марат высноўвае: вырашальную ролю ў масавых пратэстаў грае не толькі, і не столькі эканамічная няроўнасць, колькі шчыльнасць інфармацыйнага сеціва і адметны габітус жыхара буйнога гораду. Менавіта рост сталіц і буйных гарадоў на постсавецкай прасторы ў апошнія дзесяцігоддзі стаў рошчынай для новай хвалі пратэстаў.
Канцэнтрацыя капіталу і палітычнай актыўнасці, рост сярэдняй класы і грамадзянскай культуры, нарэшце, сама згуртаванасць актыўных і падобных у думках індывідаў надае насельніцтву буйных гарадоў патрэбнае пачуццё агентнасці (53). Менавіта гарадское асяроддзе злучае між сабой патрэбы эканамічна «абяздоленых» і палітычна «адлучаных» (55).
Нараджэнне і буйны рост новай гарадской сярэдняй класы з яе актыўнай і ангажаванай пазіцыяй адбываецца на кантрасце з нерэфармаванымі паліцэйскімі сіламі, якія датрымліваюцца састарэлых метадаў і поглядаў (45).
Асноўную праблему постсавецкіх праваахоўных органаў Эрыка Марат бачыць у асіметрыі іх сувязяў з кіроўнай элітай з аднаго боку, і грамадствам – з другога. З першай іх злучае цэнтралізаваная «вертыкаль», ад другога яны аддалены інфармацыйным бар’ерам. Паліцыі не стае разумення палітычнай дынамікі і тых ідэй, якія рушаць гарадскімі пратэстамі.
Асабліва драматычна гэты разрыў адчуваецца ў адносінах да ваенізаваных падраздзяленняў – якія і кідаюць на ўтаймаванне масавых пратэстаў (49). Размова, перад усім, пра АМАП (ці створаныя на ягонай падставе падраздзяленні).
АМАП зʼяўляецца напярэдадні распаду Савецкага саюзу, у адказ на рост палітычных пратэстаў (57). У параўнанні з іншымі паліцэйскімі падраздзяленні і нават прадстаўнікамі арміі, ягоных супрацоўнікаў адрознівае найбольшая лаяльнасць да кіроўнай эліты (45). Гэтую сервільнасць АМАПу Эрыка Марат тлумачыць ягонай мілітарызаванасцю і сацыяльнай ізаляцыяй. У адрозненні ад супрацоўнікаў іншых паліцэйскіх ведамстваў, байцы АМАПу бавяць час у адасобленых казармах, амаль не кантактуючы з «цывільным» насельніцтвам. Для іх характэрна вельмі вузкае, калі не цалкам адсутнае, разуменне грамадскіх настрояў і палітычных тэндэнцый. Замест спробаў сабраць вартыя даверу веды аб падзеях і зразумець пасыл пратэстоўцаў, яны, як правіла, арыентуецца вылучна на прыказы і дзяржаўную прапаганду (58).
Апроч АМАПу сярод «сілавой» спадчыны Савецкага саюзу, у распараджэнні кіроўнай эліты застаюцца: спецназ, КДБ, ГРУ і атрады Альфы (59). Да прыкладу, менавіта Альфа сыграла найбольш злавесную ролю падчас красавіцкіх падзей 2010 г. у Бішкеку, пачаўшы страляць у пратэстоўцаў.
Актыўнае выкарыстанне ваенізаваных падраздзяленняў супраць масавых дэманстрацыяў у Кіеве, Бішкеку і Тбілісі ў 2010-ых выявіла іх няздольнасць даць рады пратэстам мірным шляхам. Не спрабуючы разблытацца ў мэтах і прычынах маніфестацый, не баронячы іх ад урадавых правакатараў і не здольныя рассеяць дэманстрацыі негвалтоўным спосабам (45), яны звярталіся да «сілавых» сцэнарыяў супрацьстаяння апазіцыі. Да гвалтоўнага развіцця падзей штурхалі і адметныя тактыкі кіроўнай элітай: пра-ўрадавыя дэманстрацыі ў непасрэднай блізкасці ад апазіцыйных пратэстаў, арышт лідараў, выкарыстанне правакатараў (59).
Другая, пасля «каляровых рэвалюцый» 2000-ых, хваля масавых пратэстаў 2010-ых адрознівалася прамымі сутычкамі між грамадскасцю і паліцыяй, ахвярамі з абодвух бакоў. Гвалт, пры гэтым, не спыніў апазіцыйнай мабілізацыі, а толькі радыкалізаваў дэманстрантаў і змяніў іх павестку: замест пратэстаў супраць ураду, цяпер галоўным было змаганне супраць сродкаў ужытых паліцыяй (45).
Далей кніга разгортваецца вакол аналізу эмпірычнай канкрэтыкі і пэўных выпадкаў. Чацверты раздзел: «Грузія. Абнаўленне супраць рэформы», як сведчыць ужо сама назва, цалкам аддадзены Грузіі.
Думаю, чытач, які, падобна мне, не можа пахваліцца глыбокімі ведамі ў найноўшай грузінскай гісторыі, пачуўшы пра рэформы паліцыі ў гэтай краіне, падумае найперш пра змены праваахоўнай сістэмы пасля «Рэвалюцыі руж». Менавіта захады ўраду Саакашвілы прэзентуюцца ў па-за грузінскім кантэксце як найбольш радыкальная і паспяховая рэформа.
Але ж не яна трапляе ў фокус увагі Эрыкі Марат. Для аўтаркі «Палітыкі…» рэформы ўраду Саакашвілі – толькі перадгісторыя, не вынік, але ж прычына асноўных аналізаваных ёю падзей. Яе асноўны даследніцкі інтарэс засяроджаны на скандале вакол катаванняў у Глданскай турме і зменах у паліцыі, якія яму наступнічалі.
Эрыка Марат не адмаўляе маштабу і радыкальнасці зменаў, якія зазнала паліцыя пасля прыходу да ўраду Саакашвілі. Падкрэслівае яна таксама іх відавочныя дадатныя моманты.
У 2004 годзе амаль усе супрацоўнікі паліцыі былі звольненыя ў адначассі. На працягу месяца на вуліцах Грузіі наагул не было прадстаўнікоў праваахоўных органаў (67). Састаў наноў набраных сілаў паліцыі быў значна зменшаны: у суадносінах з астатнім насельніцтвам лічба скарацілася ад 1:21 да 1:89 (67). Адначасова са скарачэннем і дзякуючы яму былі заўважна падвышаны заробкі.
Змены зазнала і сістэмы падрыхтоўкі і адукацыі будучых паліцэйскіх. Замест савецкага стандартнага пяцігадовага плана ў Акадэміі МУС былі ўведзеныя чатыры месяцы інтэнсіўнай падрыхтоўкі, але ж прэтэндэнтамі маглі стаць толькі ўладары ступені бакалаўра ці магістра звычайных ВНУ (69). Дзеля далейшай дэмілітарызацыі ачольваюць абноўленую Акадэмію МУС дазвалялася толькі «цывільным» адмыслоўцам (70).
Як сімвал транспарэнтнасці парэформеннай паліцыі былі ўзведзены новыя шкляныя будынкі МУС (69).
І ўсё ж: ані вялікая хуткасць, ані радыкальнасць зменаў і іх шырокая падтрымка сярод насельніцтва не здолелі пераканаць Эрыку Марат, што яны вартыя нават назову «рэформы» паліцыі – прынамсі, рэформы ў тым аўтарскім адмысловым сэнсе, які я паспрабаваў акрэсліць вышэй. Для аўтаркі кнігі ўся дзейнасць урада Саакашвілі ў галіне праваахоўнай сістэмы выглядае як яе простае «абнаўленне» (refurbishment).
Асноўная праблема рэформаў Саакашвілі была ў тым, што ў падваліны былі пакладзеныя меркаванні і інтарэсы уладатрымальнікаў (65). Мэтай было – разарваць сувязі між паліцыяй і крымінальнымі групоўкамі, узнавіць яе наўпростае падпарадкаванне ўраду (68). Г. зн. у аснове дынамікі рэфармавання ляжалі сыходныя працэсы, якія разгортваліся хутчэй па аўтакратычнаму сцэнарыю, чым як дэмакратычная рэформа (65). Ключавымі фігурамі былі сам Саакашвілі і тагачасны міністр МУС. Нават роля парламента ў правядзенні рэформы і парэформенным наглядзе за дзейнасцю паліцыі была толькі намінальная (70).
Характэрнай адметнасцю рэформы было і тое, што скіравана яна была найперш і перад усім на знешні выгляд новага паліцэйскага – на набыццё новай формы, рэштынку і на саму постаць супрацоўніка. Менавіта гэты вонкавы бок зменаў падкрэсліваўся ў медыйнай кампаніі, якая суправаджала рэформу. «Замест старых, тоўстых міліцыянтаў людзі ўбачылі маладых хлопцаў, добра апранутых і ўзброеных; замест жыгулёў – фольксвагены» – так апісаў вынікі Шота Уціашвілі, кіраўнік інфармацыйна-аналітычнага дэпартамента МУС (68). Адказам яму гучаць словы аднаго з лідараў тагачаснай апазіцыі Іраклія Аласанія: «Цяпер я не баюся, каб дачка-падлетак хадзіла ноччу па Тбілісі… але ж я баюся за сваіх палітычна актыўных сваякоў» (70).
Новы паліцэйскі быў цалкам удзячны за сваю карʼеру і новы, немалы заробак ураду, і толькі перад ім нёс адказнасць. Рэформа, апроч знешняга выгляду, закранула і сістэму патранажных сувязяў супрацоўнікаў МУС. Калі раней паліцыя залежала ад вонкавага «даходу»: хабару і супрацы з крымінальнымі сіндыкатамі, то ў падставе новай сістэмы ляжала лаяльнасць да палітычнай эліты (65-66).
Неўзабаве па рэформе гэтая закладзеная ёй новая асіметрыя пачала даваць адмоўны плён: шпігаванне і прыгляд за дзейнасцю апазіцыі, выкарыстанне ў палітычных мэтах абвінавачанняў у карупцыі і адпаведных пакаранняў, без дастатковых на тое падставаў (73-74). Любыя спробы апазіцыі абскардзіць новыя рэаліі сустракалі аднолькавы адказ: абвінавачанні ў спробах вярнуцца да старой сістэмы ці ў супрацоўніцы з Крамлём (74).
У траўні 2011 апазіцыйная дэманстрацыя была жорстка разагнаная. Загінула два чалавека. Апроч таго, удзельнікам пратэстаў паступалі тэлефонныя званкі з пагрозамі. «Новая» паліцыя была абвінавачана ў непрафесіяналізму і абслугоўванні інтарэсаў рэжыму. Адказам былі традыцыйныя сустрэчныя абвінавачанні ў супрацы з Крамлём (74-75).
Усе змянілася пасля апублічвання кадраў з Глданскай турмы.
У 2012 годзе, напярэдадні чарговых парламенцкіх выбараў, усплываюць кадры катаванняў і згвалтавання зняволеных, якія трапілі за краты па палітычных матывах. Сярод ахвяраў былі і падлеткі. Кадры распаўсюджваліся спачатку ў сацыяльных сетках і толькі пасля трапілі ў цэнтр увагі традыцыйных СМІ.
Менавіта скандал вакол Глданскай турмы пераламіў грамадскае меркаванне: цяпер замест нізкіх паказнікаў злачыннасці перавага была аддадзена найперш павазе правоў чалавека (76).
Пасля таго, як на хвалі скандалу да ўлады прыходзіць новая парламенцкая большасць, на пасаду дзяржаўнага амбудсмена прызначаецца вядомы праваабаронца Уча Нануашвілі, грамадскія актывісты і журналісты атрымоўваць лёгкі доступ да паведамленняў з турмаў (77), распускаюцца мілітарызаваныя падраздзяленні, створная на ўзор амерыканскіх SWAT, якія ўрад Саакашвілі выкарыстоўваў для разгону пратэстаў.
У той жа час, намаганні новага ўраду Гарыбашвілі зазналі і актыўную крытыку з боку звольненых супрацоўнікаў МУС. Яны разглядалі дэмілітарызацыю паліцыі як знак слабасці новага ўраду, апелюючы да новага росту злачыннасці па ўсёй Грузіі (79). Але ж сама Эрыка Марат разглядае падобную публічную і прафесійную крытыку паліцыі як дадатны момант.
Падагульняючы разгляд грузінскіх падзей аўтарка заўважае: пасля кароткага перыяду адкрытасці ў 2013 г. акно магчымасцяў для супрацы паміж дзяржавай і грамадствам адносна пытання паліцыі зноў зачынілася (80) і робіць агульную выснову: нават дэмакратычна абранае палітычнае кіраўніцтва можа спакусіцца спадзевам на лаяльнасць паліцыі, каб паспрабаваць абмінаючы закон застацца пры ўладзе (83).
Леташнія падзеі ў Беларусі супалі з чарговай рэвалюцыйнай хваляй у Кыргызстане. Адразу па сыходзе Жаэнбекава з ягонай пасады беларускія сацыяльныя сеткі і нават артыкулы некаторых «аналітыкаў» напоўніліся «глыбакадумнымі» параўнаннямі. Шкада, што нашыя «эксперты» не мелі магчымасці пазнаёміцца з пятым раздзелам кнігі Эрыкі Марат (як і, зрэшты, іншай даследчай літаратурай па тэме): «Кыргызстан. Палітычная прастора адкрываецца, потым зачыняецца». Аўтарка досыць адважна спрабуе разблытацца ў вязьме кыргызстанскай палітыкі, зусім непадобнай да тутэйшых рэаліяў.
Як вядома, рэвалюцыя 2020 года ў Кыргызстане далёка не першая. Папярэднія падзеі 2010 года, вынікам якіх сталася зрынанне ўзнесенага яшчэ ранейшай рэвалюцыяй Бакіева, развіваліся па гвалтоўнаму сцэнару. Супраць пратэстоўцаў былі выкарыстаны байцы Альфы і быў адкрыты агонь на паражэнне. Загінала 96 чалавек. Але ахвяры не спынілі пратэст і Бакіеў быў змушаны папоўніць шэрагі менчукоў.
На тле крывавых падзей 2010 году менавіта рэформа паліцэйскіх сіл сталася галоўным запытам да новага ўраду – у ёй бачылі «нарожны камень» новага сацыяльнага кантракту і першы крок да ўмацавання даверу грамадства да новага рэжыму (88).
У 2011 г. некаторыя чальцы НДА і асобныя актывісты змаглі патрапіць на пасады ў МУС. Апроч таго, была створана адмысловая Працоўная група для стварэння праекту будучай рэформы. Штурхала ўрад да супрацы з НДА і актывістамі не толькі ўнутраная сацыяльная актыўнасць, але ж вонкавыя міжнародныя донары – якія выказвалі большы давер да прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, а не дзяржаўных чыноўнікаў (94).
Здавалася б, зацікаўленымі ў рэформе былі і супрацоўнікі МУС. Пасля пяці гадоў праведзеных у паліцэйскай акадэміі, яны трапляюць у шэрагі найменей паважаных ў грамадстве спецыялістаў (90). У лепшых выпадку, паліцэйскі лічыцца няздатным забяспечыць грамадскі парадак, а ў горшым – акурат у ім і бачаць галоўную пагрозу (90). Павута нефармальных адносін усцяж ахапіла Кыргызскае МУС на ўсіх ягоных узроўнях. Кар’еры шлях у Міністэрствы наўпрост залежаў ад здольнасці даваць хабар, і ніяк не адлюстроўваў прафесійных якасцяў супрацоўнікаў.
На працягу 2012 і 2013 гадоў адбываліся рэгулярныя сустрэчы з удзелам дзяржаўных чыноўнікаў, актывістаў НДА і прадстаўнікоў АБСЕ. Але ж падобныя сустрэчы рэдка сканчаліся канкрэтнымі рэкамендацыямі, у той час як супрацоўнікі МУС парады грамадзянскай супольнасці ігнаравалі (94).
Нягледзячы на перыядычныя сустрэчы, прадстаўнікі грамадства і чыноўнікі МУС аказаліся ўзаемна глухімі да патрэбаў адно адных. Прадстаўнікі Міністэрства казалі пра павелічэнне заробкаў, каб супрацьстаяць паўсюднай карупцыі, пра паляпшэнне матэрыяльнай базы, набыццё лепшага абсталявання. Грамадскія актывісты ж былі засяроджаны на павышэнні празрыстасці і адказнасці паліцыі (93).
Супрацоўнікі міністэрства таксама баяліся, што ціск з боку грамадзянскай супольнасці прывядзе да таго, што большая частка іх выгод будзе адабрана ўзамен на невялікае падвышэнне заробкаў. Засталыя па савецкім часе базы адпачынку, больніцы і іншыя фінансаваныя дзяржавай установы, давалі магчымасць да безлічы карупцыйных схемаў і былі своеасаблівай кампенсацыяй за мізэрны заробак кыргызскага паліцэйскага (95).
Працоўная група прапаноўвала ўсё болей амбітныя планы, а МУС усё меней жадала ісці на супрацу і паразуменне з ёй. У выніку, за пяць гадоў пасля змены рэжыму ажно пяць чалавек змянілася на пасадзе міністра унутраных справаў (96).
Большасць распрацаваных праектаў так ці інакш паўтаралі змест грузінскай рэформы ўраду Саакашвілі, і былі звязаныя з трыма «дэ-»: дэмакратызацыяй, дэмілітарызацыяй і дэпалітызацыяй паліцыі (96).
Да 2015 года ўсе спробы рэформы былі спыненыя адміністрацыяй прэзідэнта (89). Атамбаеў пачынае ўзмацняць падраздзяленні звязаныя з кантролем за натоўпам. Сувязі з грамадзянскай супольнасцю абрываюцца (97). Працоўная група, не дасягнуўшы ніводнай з сваіх амбітных мэтаў, развалілася (105).
У той жа час, як адзначае Эрыка Марат, казаць аб поўнай парэзе ўсіх грамадзянскіх намаганняў нельга. Грандыёзныя канцэпцыі рэформаў былі адрынуты і забытыя, але больш гнуткія і адаптыўныя стратэгіі знайшлі ажыццяўленне.
Ініцыятывы па наладжванню арганізаванага вонкавага маніторынгу дзейнасці паліцыі зазналі крах, але знешні кантроль, у тым ліку спантаны – з боку звычайных грамадзян з камерамі – перастаў разглядацца супрацоўнікамі як нешта звышардынарнае і ўсе болей успрымаўся як прымальны і звычайны (105).
У 2014 годзе быў прынята План па перадухіленні катаванняў, заснаваны на рэкамендацыях спецыяльнага дакладчыка ААН (105). У 2015 года прэмʼер-міністр Джоамарт Аторбаеў падпісаў новы закон, які паклаў у падваліны ацэнкі дзейнасці паліцыі не колькасць раскрытых злачынстваў, а абарону правоў чалавека (106).
Зацягнутыя і нявыкананыя з боку ўрада абяцанні рэформы спарадзілі ў грамадстве адметны адказ і сітуатыўныя формы супраціву. У тым ліку: выкарыстанне відэарэгістратараў для фіксацыі паліцэйскіх правапарушэнняў, адмысловыя сацыяльныя сеткі для іх агалоскі. Хоць падобныя асобныя акты грамадзянскага ўдзелу непасрэдна не спрыяюць рэформе паліцыі, тым не менш, яны змяняюць паўсядзённае ўзаемадзеянне паліцыі і грамадскасці і ствараюць новыя ўзоры паводзін (101).
Нярэдка падобныя нізавыя ініцыятывы адлюстроўваюць і праблемы, асіметрыя закладзеныя ў Кыргызскае грамадства. Эрыка Марат спыняецца асобна на такім адметным сярэднеазіяцкім феномене, як т. зв. «ОБОН» (расшыфроўваецца як «Отряд баб особого назначения») – калі арганізаваныя групы жанчын бяруць непасрэдны ўдзел у пратэстных акцыях, пры гэтым, іх паводзіны могуць быць падчас досыць агрэсіўнымі. Апроч таго, удзельніц ОБОНу не раз вінавацілі ў продажы сваіх паслуг палітычным контрагентам. Да такіх жа негатыўных наступстваў нястачы кансэнсусу дзяржавы і грамадства пасля трансфармацыйнага гвалту адносіць аўтарка і ўзнікненне парамілітарысцкіх нацыяналістычных груповак Калыс і Кырк Чоро, якія спрабавалі аспрэчыць дзяржаўную манаполію на гвалт (103-104).
Ад кыргызскай экзотыкі ў шостым раздзеле: «Рэфармісты Украіны і іх канкурэнты» Эрыка Марат пераходзіць да болей знаёмых беларускаму чытачу рэаліяў нашай паўдзённай суседкі. Маючы наўвеце гэтую (падчас вельмі сумнеўную) абазнанасць – яшчэ нядаўна кожны, нават «апалітычны», беларус лічыў сябе «экспертам» па ўкраінскаму пытанню – спынюся толькі на некаторых характэрных дэталях, пазычаных з дадзенага раздзелу.
У папярэднія Еўрамайдану гады для Украіны быў характэрны адзін з найбольш драматычных разрываў між развіццём грамадзянскай супольнасці і нерэфармаванасцю паліцыі (110).
Украінская паліцыя ўсцяж была ахоплена карупцыяй і кумаўством: прасоўванне па службе грунтавалася на гатоўнасці служыць палітычнаму кіраўніку, а не на ўзроўні прафесіяналізму (111). Праваахоўныя органы – насуперак уласнай назве – былі інтэгральнай часткай сеткі «бандыцкага капіталізму», якая (сетка) паспяхова перажыла ўсе папярэднія змены палітычнага кіраўніцтва. Паўсядзённае ўзаемадзеяння паліцэйскага з грамадзянамі было «драпежным» і фармавалася магчымасцямі здабычы хабару (111).
Асноўным паказнікам эфектыўнасці разглядалася колькасць завершаных крымінальных спраў, а катаванні сталі своеасаблівай часткай бюракратычнай працэдуры (111).
Сумнавядомы Беркут лічыўся да падзей Еўрамайдна адным з найлепш падрыхтаваных падраздзяленняў на ўсёй постсавецкай прасторы. Ягоныя байцы маглі пахваліцца не толькі вялікім досведам узаемадзеяння з пратэстнымі масамі – нярэдкай для ўкраінскага палітычнага ландшафту з’явай – але ж адмысловай падрыхтоўкай, якую яны прайшлі напярэдадні чэмпіянату Еўропы па футболе і перад «Еўрабачаннем» (112). Гістарычная іронія: менавіта Еўразвяз выдаткаваў грошы і веды на трэніроўку Беркута, каб пасля гэтыя навыкі былі выкарыстаны падчас спроб разгону Еўрамайдна… Чым не повад задумацца пра чэмпіянат свету па хакею, адабраны ў афіцыйнага Менску.
Апроч самога Беркута былі яшчэ два падраздзяленні з падобнымі ж функцыямі і лёсам: Грыфон і Сокал.
Падчас супрацьстаяння, апроч уласна сілавога сутыкнення і выкарыстання сумнавядомых «цітушак», урадам былі дастасаваныя і іншыя тактыкі – якія выклічуць у сённяшняга беларуса пачуцце déjà vu – рассылка смс з пагрозамі: «Вы зарэгістраваны як удзельнік масавых беспарадкаў» (117) і выкраданне параненых апазіцыйных актывістаў з больніц Кіева (118).
Актыўны ўдзел у акцыях пратэсту жанчын стаў адным з ключавых момантаў для далейшага развіцця фемінісцкага дыскурсу ва Украіне (121).
У раёнах кантраляваных пратэстоўцамі, дзе цалкам страціўшая грамадскі давер паліцыя папросту адсутнічала, былі створаны патрулі з мясцовых грамадзян (121).
Пасля падзей Еўрамайдана, некалі паважаны элітны атрад, Беркут быў афіцыйна падвергнуты астракізму, але створаны Часовы ўрад не сфармуляваў ніякай працэдуры, каб дапамагчы ягоным былым супрацоўнікам вярнуцца да грамадзянскага жыцця (119).
Пасля гэтага хуткага агляду даеўрамайданаўскіх рэаліяў і самога Еўрамайдана, звернемся да ўласна рэформы паліцыі, якая яму наступнічала.
Нягледзячы на тое, што сам запыт на карэнныя змены праваахоўнай сістэмы быў сфармуляваны падчас Еўрамайдана і быў перад усім нізавой ініцыятывай; не зважаючы на шырокае кола асобных актывістаў, прадстаўнікоў НДА, ахвяраў паліцэйскага гвалту, ахвочых да ўдзелу, рэй у рэформе хутка павяло само МУС і ягоны міністр, а рэформа аказалася скіравана пераважна на вонкавы бок дзейнасці паліцэйскіх – як у Грузіі часоў Саакашвілі. Зрэшты, ідзецца не пра простае супадзенне: па запрашэнні афіцыйнага Кіева ва Украіну прыязджае Эка (Кацярына) Згуладзэ, каб узнавіць ва ўкраінскіх варунках грузінскую мадэль (126). Планы Згуладзэ атрымалі ўхвалу ад міжнародных донараў, без фінансавай падтрымкі якіх рэформа была б немагчымай (127).
Вельмі сімптаматычна, паводле меркавання Эрыкі Марат, тое, што рэформа пачалася і закранула пераважна ДАІ і патрульную службу: менавіта дарожная і патрульная паліцыя найбольш заўважныя ў гарадскім ландшафце і менавіта з імі найчасцей змушаны кантактаваць грамадзяне. Асаблівая ўвага да гэтых падраздзяленняў сведчыць: рэфарматары рупяцца перад усім пра рэпутацыю паліцыі і шукаюць шляхоў хутка здабыць шырокую грамадскую падтрымку (128).
Старыя падраздзяленні былі цалкам распушчаныя. У адрозненні ад Грузіі, новыя супрацоўнікі набіраліся амаль выключна з людзей не звязаных раней з МУС (126). Не меней за 20 адсоткаў навабранцаў былі ўдзельнікамі Еўрамайдану (122). Апроч таго, каля чвэрці новых супрацоўнікаў – жанчыны, што зʼяўляецца адным з самых высокіх паказнікаў у свеце (126-127).
Усе навабранцы прайшлі праз тры месяцы інтэнсіўнага навучання. Трэнеры паходзілі пераважана з ЗША. Агулам, у новай украінскай паліцыі можна заўважыць вельмі шмат «амерыканскіх» рысаў, што, зрэшты, не мусіць дзівіць, бо менавіта ЗША сталіся асноўным фундатарам рэформы (127).
Ізноў, як у Грузіі, першасная ўвага была аддадзена фізічнай падрыхтоўцы, новай форме і рыштунку.
Нават нацельныя камеры, апранутыя на кожнага супрацоўнікі, па меркаванню Эрыкі Марат, выкарыстоўваліся для агрэсіўнай піяр кампаніі новай патрульнай службы. Штодня МУС змяшчала на YouTube запісы з гэтых камер, якія набіралі сотні тысяч праглядаў. Твары суразмоўцаў паліцыі пры гэтым не заціраліся. Скразной лініяй размешчаных МУС відэа было: новая паліцыя стала датрымліваецца закону, але змушана сутыкацца з агрэсіўным грамадствам (127).
У той самы час як разгортвалася шумная піяр акцыя новай патрульнай службы, невялікая група чыноўнікаў і замежных донараў абмяркоўвала магчымыя змены ваенізаваных падраздзяленнях, прызначаных для разгону масавых хваляванняў. Вынікі дэбатаў, пры гэтым, не былі абнародаваныя (129).
Да канца 2015 года працэс рэформаў стаў сінанімічных аднаму-двум чалавекам у МУС і прадстаўнікам замежных фінансавых донараў. Актывісты, якія доўга патрабавалі рэформы і спрабавалі выпрацаваць уласнае яе бачанне, былі адціснутыя ад працэсу (129-130). Адначасова з рэформай фармавалася новае патранажнае сеціва з сувязяў чыноўнік-донар (130).
Фактычна, у многіх адносінах Украіна проста паўтарыла грузінскі досвед увядзення змен зверху. Нягледзячы на новую самавітую патрульную службу і пераважную грамадскую ўхвалу зменаў, падыход МУС – вылучна збежны па сваёй скіраванасці, ігнаруючы меркаванні грамадзянскай супольнасці і актывістаў – знайшоў нямала актыўных апанентаў. Але ўсе галасы крытыкаў Міністэрства сцішвала, вінавацячы іх у пераследзе асабістых мэтаў і сабатажы (132).
На шостым раздзеле пераказ больш-менш пазітыўных выпадкаў у кнізе сканчаецца. І ўжо тут можна падзяліцца некаторымі высновамі. На першы погляд, мэта рэфармавання паліцыі ў напрамку акрэсленым Эрыкай Марат (усталяванне сталага грамадцка-дзяржаўнага дыялогу) можа падасца не надта адрознай ад знакамітай працы Сізіфу. Сувязі з недзяржаўнымі актарамі ізноў і ізноў абрываюцца і грамадства, нібы той самы Сізіфавы камень, ізноў коціцца ў напрамку аўтарытарных тэндэнцый. Але ж, апроч агульных пажаданняў, можна знайсці ў Эрыкі Марат і болей канкрэтныя патрабаванні і маркёры дэмакратызацыі паліцыі:
– замест колькасці зачыненых справаў, за галоўны паказнік эфектыўнасці мусіць быць узятая павага да захавання правоў чалавека;
– істотны не знешні выгляд паліцэйскага і, нават, не характэрныя для яго патэрны паводзінаў, але ж – магчымасць грамадскага кантролю ягонай дзейнасці;
– замест гучных вонкавых поспехаў рэформы, куды большае значэнне маюць яе шырокае абмеркаванне і пашырэнне дасведчанасці грамадзян адносна сваіх праў;
– найлепшая забяспека ад магчымасці злоўжывання «легітымным» гвалту – тая самая гарызантальная самаарганізацыя грамадства, аб якой так шмат было гаворана ў сённяшняй Беларусі.
Сёмы і восьмы раздзелы: «Гвалт у сельскіх раёнах і ўмацаванне дзяржаўнага кантролю ва Украіне і Кыргызстане» і «Гвалт у сельскай мясцовасці і пашырэнне паліцэйскага кантролю ў Казахстане і Таджыкістане» Эрыка Марат прысвячае адмоўнаму досведу: выпадкам, калі відавочны і празмерны гвалт, звязаны з паліцыяй, не стаўся «трасфармацыйным» і не прывёў да карэннай рэформы паліцэйскай сістэмы. Разбіраюцца:
a) Два жахлівыя згвалтаванні ва ўкраінскіх Мікалаеву і Урадзіеўцы, з удзелам у адным выпадку сыноў мясцовага ўплывовага чыноўніка і двух лейтэнантаў міліцыі – у другім. Абодва злачынства мясцовая міліцыя паспрабавала ўтоіць, што і спрычыніла выбух грамадскага абурэння.
b) Пратэсты кыргызскай апазіцыі ў Аксы ў 2002.
c) Напады на абшчыны этнічных узбекаў у Ошы і сутыкненні ў Таджыкістане паміж урадавымі войскамі і партызанскімі фарміраваннямі ў 2008-2009 гг.
d) Беспарадкі ў Жанаазене ў Казахстане ў 2011 г.
Ва ўсіх гэтых выпадках, нягледзячы на відавочны распад сістэмы «легітымнага» гвалту і значнае грамадскае абурэнне, цэнтральны ўрад здолеў прэзентаваць падзеі як праблемы на лакальным узроўні, не толькі не пайшоў на саступкі грамадству праз рэфармаванне паліцыі, а, наадварот, узмацніў свой кантроль над мясцовасцю.
Былі прызначаны новая супрацоўнікі мясцовай паліцыі, адбылося перафарматаванне лакальнага палітычнага поля – але ўсё гэта толькі на карысць узмацнення цэнтральнай кіроўнай эліты. Старыя патранажныя адносіны між цэнтральнымі органамі ўнутраных спраў і мясцовымі супрацоўнікамі засталіся і нават узмацніліся.
Чытача чакае шмат жахлівых і непрыемных падрабязнасцяў гэтых падзей. А вось у інтэрпрэтатыўнай частцы Эрыка Марат досыць сціплая. Тое, што ўсе гэтыя выпадкі не прывялі да рэформаў паліцыі, яна тлумачыць тым, што яны звязаныя з сельскімі раёнамі. Маўляў: калі ў гарадскім асяроддзі выпадкі паліцэйскай жорсткасці служаць узмацненню абурэння грамадства супраць ураду, дзякуючы ўжо існым каналам іншадумства, у сельскіх раёнах нестае арганізаванай грамадзянскай супольнасці і прысутнасці СМІ, каб раздзьмухаць полымя незадаволенасці і данесці яе да шырокіх колаў (137).
Апроч агучаных «правінаў» заўважае Эрыка Марат за постсавецкай вёскай яшчэ і:
– Эканамічную і сацыяльную стагнацыю – менавіта сялянская перыферыя на постсавецкай прасторы вылучаецца найбольшай эканамічная няроўнасцю і самымі высокімі паказнікамі карупцыі мясцовых элітаў (140). Адпаведна, выпадкі паліцэйскага гвалту тут не выглядаюць гэтак беспрэцэдэнтна як у гарадскім асяроддзі.
– Патэрналісцкія палітычныя чаканні: постсавецкае сельскае насельніцтва чакае ад дзяржавы захавання сістэмы дабрабыту і аддае перавагу больш прадказальным (калі не аўтакратычным) формам кіравання (141).
Мне такі аналіз падаўся занадта спрошчаным: занадта разнародныя выпадкі, непадобныя эканамічныя і палітычныя сітуацыі, вельмі розныя падзеі аб’яднаныя пад адной рубрыкай і ўплішчаны ў простую тлумачальную схему: тут горад, там – вёска, тут «інфраструктура іншадумства», там – яе адсутнасць…
Асобна спынюся на падзеях у казахстанскім Жанаазене, дзеля адметнай і небяспечнай тактыкі ўраду па перахопу інфармацыйнай павесткі. Пасля пачатку пратэстаў кіраўніцтва блакавала папулярныя сацыяльныя сеткі і доступ у рэгіён незалежным карэспандэнтам. У афіцыйных жа СМІ ўвага з саміх пратэстаў і паліцэйскай жорсткасці пры іх задушэнні была перанесена на праблему оралманаў – казахаў-рэпатрыянтаў з суседніх краінаў: нібы, менавіта оралманы гралі асноўную ролю ў падзеях. Оралманы, болей бедная ў параўнанні з астатнім казахскім грамадствам і нярэдка дрэнна валодаюць рускай і казахскай мовай, зʼяўляюцца мішэнню розных шавіністычных прымхаў з боку сваіх суайчыннікаў. І акурат гэтым і скарыстаўся ўрад.
У апошнім, дзевятым раздзеле «Параўнальная перспектыва. Трансфарматыўны гвалт у свеце» Эрыка Марат пакідае межы постсавецкай прасторы і дадае ў агульна малюнак досвед ЗША (пратэсты ў Фергюсане), Малдову і Манголію, Туніс і падзеі Арабская вясны ў цэлым.
Па законах жанру свой агляд падагульню некаторай крытыкай. Па-першае, я намагаўся прадставіць погляды Эрыкі Марат на постсавецкую прастору як функцыянальныя: шматлікія падобныя праблемы, з якімі сутыкнулася грамадства разгледжаных краін, тлумачыцца падабенствам зыходных умоваў, накладзеных на аднолькавыя аўтарытарныя тэндэнцыі. Але ж болей крытычны чытач можа закінуць аўтарцы спрошчаны транзіталагічны (калі не сказаць каланіяльны) погляд, для якога «постсавецкае» гэта сінонім адсталага, перыферыйнага і па азначэнню недэмакратычнага.
Пярэчанні ў мяне выклікала і выкарыстанне Эрыкай Марат катэгорыі «недзяржаўныя актывісты» – нібы «недзяржаўнасць» ёсць сінонімам грамадства як такога. Думаю, што за расплывістасцю гэтага тэрміна згубілася нямала істотных сацыяльных і палітычных падзелаў, уласцівых для разгледжаных краін.
Прыкра, пасля дыхтоўнай канцэптуальнай працы першых раздзелаў, бачыць некаторыя семантычныя памылкі ў далейшым: Эрыка Марат уводзіць паняцце «трасфармацыйны гвалт» – беспрэцэдэнтны гвалт з боку дзяржавы, абурэнне якім змушае ісці на рэформы, пасля ж яна некалькі разоў тлумачыць, што ўрад быў змушаны пачынаць рэформы з-за гэтага самага трасфарматыўнага гвалту (гл. напр. 49). Атрымліваецца кола ў тлумачэнні: «трасфармацыйны» гвалт – гэта гвалт, які папярэднічае рэформе, але ж рэформа тлумачыцца ізноў жа трасфармацыйным гвалтам…
«З вышыні» беларускага досведу можна заўважыць: трасфармацыйны гвалт найперш і перад усім скасоўвае разуменне дзеянняў паліцыі як легітымных – атрымліваецца сітуацыя прававога дэфолту, якую ў негатыўнай мадальнасці могуць вырашыць спаўзанне дзяржаўнай палітыкі ў бок усё болей таталітарных тэндэнцый ці ўзнікненне груповак, ахвотных аспрэчыць дзяржаўную манаполію на гвалт. Адзінае ж дзейснае развязанне палягае акурат у рэфармаванні праваахоўнай сістэмы.
Нарэшце, варта заўважыць, што аналізу Эрыкі Марат зацесна ў дзяржаўных межах – беручы за адзінку аналізу кожную краіну паасобна, яна не заўважае некаторыя інтэгральныя элементы агульнага постсавецкага досведу, якія ўсё адно пракідаюцца ў яе апісанні падзей. Па-першае, можна бачыць элементы трансферу досведу: рэформы Саакашвілі відавочна паўплывалі на ўсю постсавецкую прастору ў цэлым – недзе яны былі ўзятыя за ўзор, недзе, як ва Украіне, запрашаліся датычныя да яе спецыялісты. Па-другое, абмежаванасць дзяржаўнымі межамі не дае Эрыцы Марат заўважыць іншых актараў: тая ж самая Расейская Федэрацыя грала не толькі ролю рытарычнага ўяўнага ворага, у супрацы з якім было зручна звінаваціць палітычнага апанента, але ж і аказвала на постсавецкія краіны цалкам рэчыўны ўплыў. Шматлікія замежныя донары НДА, якія не раз неўпрыкмет усплываюць у гісторыі Эрыкі Марат, – з іх уласнымі поглядамі і зацікаўленасцямі…
Відавочна, што беларусу ёсць шмат чаго сказаць з нагоды думак аўтаркі – унесці свае карэктывы і паставіць пытанні сугучныя канкрэтыцы нашых падзей. Але ў гэтым дыялогу мая постаць будзе ўжо лішняй, таму пакіну частку разважанняў і высноваў суадносна сягонняшняй і заўтрашняй Беларусі на вашу долю.
- Пэўны час вагаўся з перакладам: як перадаць ангельскае «police»: паліцыя ці міліцыя. Прынамсі ва Украіне і Грузіі праваахоўныя органы цяпер завуцца «паліцыя». З іншага боку «міліцыя» — адсылае акурат да тых савецкіх рэаліяў «рэфармаванне», якіх патрабавалася, але ж вынікам рэформаў часта было і вяртанне да агульнаеўрапейскага слоўніка і, апроч таго, у «паліцыі» прынамсі часткова можна пачуць яе аднакарэннасць з палітыкай — таксама істотны момант для разумення думак аўтаркі. Адным словам, абодва развязанні маюць за сабой пэўныя аргументы, але мне падалося, што на карысць «паліцыя» яны пераважаюць. ↩︎
- На жаль, у беларускай мове няма дакладнага адпаведніка ангельскаму «policed», таму буду змушаны часам пісаць «кантралюецца» ці «кіруецца» там, дзе аўтарка звяртаецца да адназоўнікавага дзеяслова. ↩︎
- Недзяржаўныя арганізацыі ↩︎
- Нагадаю беларускаму чытачу, што размова ідзе пра ангельскае police, аднакарэннае да politics, г. зн. уласна «палітыкі», і «police» можа выкарыстоўвацца ў якасці дзеяслова са значэннем кантролю, рэгулявання і кіравання. ↩︎