Аляксандар Фрыдман. „Крыважэрны сцярвятнік каляровых рэвалюцый“: Бернар-Анры Леві, беларуская рэвалюцыя і антысемітызм

 

19 жніўня 2020 года французскі ліберальный філосаф і публіцыст Бернар-Анры Леві (Bernard-Henri Lévy) сустрэўся ў Вільні са Святаланай Ціханоўскай. Праз тры дні ў вядомым парыжскім штотыдневіку Journal du Dimanche выйшаў створаны Леві апалагетычны партрэт беларускай „музы рэвалюцыі“, якая кінула выклік „гратэскнай і крыважэрнай“ тыраніі Аляксандра Лукашэнкі. Не хаваючы свайго захаплення гераіняй артыкула, якая толькі (да і тое хутчэй вымушана) пачынае свой шлях у вялікай палітыцы і пад ціскам дыктатарскага рэжыма мусіла пакінуць Радзіму, французскі інтэлектуал параўнаў Ціханоўскую з Ангелай Меркель у маладосці і нават з легендарнай Жаннай Д‘Арк.i 25 жніўня ў нямецкім часопісе Sternii, на наступны дзень ва ўкраінскім выданні Новое времяiii, 28 жніўня на сайце заснаванага былым расійскім алігархам і палітвязнем Міхаілам Хадаркоўскім рускамоўнага рэсурса МБХ Медиаiv, а 4 верасня на старонках амерыканскага The Wall Street Journal Леві заклікаў Захад тэрмінова падтрымаць „неверагоднага“ (unlikely) лідара беларускай апазіцыі Ціханоўскую і беларусаў у іх памкненні дэмакратызаваць краіну.v

Хто такі Бернар-Анры Леві, якога беларускія дзяржаўныя прапагандысты з падачы сваіх маскоўскіх калегаў абвесцілі „крыважэрным сцярвятнікам каляровых рэвалюцыій“ ? Які наратыў Леві распаўсюджаны на постсавецкай прасторы і ў чым яго асаблівасці? Ці мае гэты наратыў акрэслены антысеміцкі характар? І якую ролю ў гэтым кантэксце адыгрываюць расійскій філосаф Аляксандр Дугін (*1962) і крамлеўскі прапагандыст Уладзімір Салаўеў (*1963)?

Бернар-Анры Леві: філосаф, пісьменнік, публічны інтэлектуал

Жнівеньская сустрэча ў Вільні і артыкулы знакамітага філосафа ў Journal du Dimanche і The Wall Street Journal паспрыялі стварэнню сентыментальна-станоўчага вобраза Святланы Ціханоўскай на Захадзе, а таксама прыцягнулі ўвагу еўрапейскай і амерыканскай грамадскасці да пратэстаў у Беларусі. У самой краіне незалежныя СМІ, наадварот, фактычна не заўважылі публікацыі Леві, а дзяржаўная прапаганда адрэагавала на іх толькі па падказцы „вопытных расійскіх сяброў“ . Асаблівую актыўнасць праявіў палітычны аглядальнік міжнароднага інфармацыйнага агенцтва Россия сегодня Уладзімір Карнілаў (*1968), у мінулым украінскі публіцыст і прарасійскі актывіст на Данбасе, які пасля Рэвалюцыі Годнасці ва Ўкраіне ўдарна працуе над фармаваннем антыўкраінскага дыскурса на расійскім тэлебачанні.vi У беларускай медыйнай прасторы публіцыст з‘явіўся ў жніўні 2020 года у рамках „братэрскай прапагандысцкай дапамогі“ з Масквы. Як апантаны змагар з заходнім лібералізмам Карнілаў уважліва адсочвае палітычную дзейнасць Бернара-Анры Леві і проста не мог не заўважыць „умяшальніцтва“ француза ў беларускія справы. Ствараючы вобраз „беларускага майдана“ у кантактах паміж Ціханоўскай і Леві, ен пабачыў прыкмету хуткай „украінізацыі“ беларускіх пратэстаў.vii

У той час, як беларускія і расійскія дзяржаўныя СМІ запалохвалі сваю аўдыторую жупелам „крывавага“ Леві, у сацыяльных сетках распаўсюдзіліся чуткі і канспіралагічныя тэорыі пра нібыта яўрэйскае паходжанне (ізраільскае грамадзянства) Святланы Ціханоўскай, а таксама былых кандыдатаў на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі і Валерыя Цэпкалы. Гэтым „яўрэям“ („ізраільцянам“ ) адводзілася роля марыяенетак сапраўдных „яўрэйскіх лялькаводаў каляровай рэвалюцыі“ у Беларусі – амерыканскага філантропа Джорджа Сораса і французскага філосафа Бернара-Анры Леві.viii

Вобраз ураджэнца Будапешта Сораса (*1930) выкарыстоўваецца яшчэ з канца 20 стагоддзя ў розных антысеміцкіх канспіралагічных тэорыях як у Еўропе (Венгрыя, Расія), так і ў ЗША. Пры гэтым філантроп, які паходзіць з асіміляванага яўрэйска-вянгерскага асяродка, звычайна не акцэнтуе ўвагі на сваім яўрэйскім паходжанні і нават падтрымлівае розныя недзяржаўныя і грамадскія арганізацыі, якія вельмі крытычна ставяцца да Дзяржавы Ізраіль і яе палітыкі.ix Зусім іншую ролю „яўрэйскі фактар“ адыгрывае ў жыцці Бернара-Анры Леві, які з‘явіўся на свет у 1948 годзе ў сям‘і буйнога лесапрамыслоўца ў алжырскім партовым горадзе Бені-Саф.x Як і шматлікія іншыя алжырскія яўрэі, сям‘я Леві ў 1950-я гады перабралася ў Францыю. Леві падтрымлівае Ізраіль, пры тым, што жорстка крытыкуе палітычны курс прэм‘ер-міністра Біньяміна Нетаньяху, а вырашэнне араба-ізраільскага канфлікта бачыць у імплементацыі прынцыпа „дзве дзяржавы для двух народаў“ .xi Паказальна, што сваю публіцыстычную і палітычную дзейнасць французскі філосаф, не ў апошнюю чаргу, тлумачыць сваей яўрэйскай ідэнтычнасцю. Леві лічыць сябе спадкаемцам традыцыі біблейскага прарока Іоны: выконваючы загад Усявышняга, Іона накіраваўся з пропаведдзю ў Ніневію. Леві, у сваю чаргу, паклаў значную частку свайго жыцця і шмат энергіі на распаўсюджванне ліберальных дэмакратычных каштоўнасцяў сярод неяўрэяў і нават антысемітаў у Лівіі, ва Украіне і іншых краінах.xii

Асаблівае значэнне „яўрэйскага фактара“ для Леві падкрэслівае і яго вышэйзгаданы артыкул пра Ціханоўскую ў Journal du Dimanche. Узгадваючы літоўскую сталіцу, дзе прайшла яго сустрэча з беларускім палітыкам, аўтар звярнуў увагу чытачоў на помнік славутаму рабіну 18 стагоддзя Віленскаму Гаону, а таксама родны дом французскага пісьменніка яўрэйскага паходжанная Рамэна Гары.xiii

Як уплывовы дарадца французскіх прэзідентаў з пачатку 1980-х гг., кантраверсійны публіцыст і кінематаграфіст, а таксама адзін са стваральнікаў антытаталітарнай і крытычнай да марксізму Новай Філасофіі (Nouvelle Philosophie) BHL – гэтая абрэвіятура ўжо даўно стала „таварнай адзнакай“ Леві – мае ў Францыі культавы статус і лічыцца адным з галоўных сучасных французскіх інтэлектуалаў. У Еўропе Леві набыў вядомасць як эксцэнтрычны мысляр, які з задавальненнем правакуе, палярызуе і мэтанакіравана шукае ўвагу прэсы.xiv

Леві і постсавецкая прастора

Да СССР і да Расійскай Федэрацыі як пераемніцы камуністычнай супердзяржавы „еўрапеец французскага паходжання“ xv Леві заўседы ставіўся вельмі скептычна. Не апошнію ролю ў ягоным адмоўным успрыманні Савецкага Саюза відавочна адыграла антыізраільская і антысеміцкая палітыка Крамля да гарбачоўскай перабудовы. Сярод савецкіх філосафаў і гісторыкаў француз быў вядомы дарэчы яшчэ у першай палове 1980-х гг. як антырмарксіст.xvi У 1980-я гады Леві з сімпатыяй ставіўся да барацьбы афганскіх маджахедаў супраць камуністычнага рэжыма ў Кабуле і савецкай інтэрвенцыі. У наступным дзесяцігоддзі філосаф у канфліктах на тэрыторыі былой Югаславіі паслядоўна выступаў супраць прарасійскага аўтарытарнага рэжыма Слабадана Мілошавіча ў Сербіі,xvii а спробу чачэнскіх сепаратыстаў стварыць незалежную дзяржаву лічыў легітымным крокам.xviii У 2003 годзе Леві з вялікай надзеяй успрыняў „Рэвалюцыю руж“ у Грузіі, а таксама радыкальныя рэформы празаходняга прэзідэнта гэтай краіны Міхаіла Саакашвілі. Апошняга Леві падтрымаў у жніўні 2008 года, калі падчас расійска-грузінскай вайны абвінаваціў Маскву ў агрэсіі супраць Тбілісі.xix

У пачатку 2010-х гг. Бернар-Анры Леві быў у авангардзе заходніх інтэлектуалаў, якія, захапляючыся „Арабскай вясной“ , заклікалі да рашучых дзеянняў супраць даўніх хаўруснікаў Крамля Муамара аль-Кадафі ў Лівіі і Башара аль-Асада ў Сірыі.xx У 2013 годзе Леві ізноў скіраваў сваю ўвагу на Украіну: яшчэ ў 2004 годзе сімпатыі французскага філосафа былі на баку „Аранжавай рэвалюцыі“ . У сваім выступе перад прыхільнікамі Еўрамайдана ў Кіеве на пачатку лютага 2014 года Леві выказаў сваю салідарнасць з украінцамі, якія змагаюцца не толькі з аўтарытарным карумпаваным рэжымам Віктара Януковіча, але і з ягоным расійскім патронам – небяспечыным ворагам ліберальнай дэмакратыі. У пачатку 2014 года Леві быў упэўнены, што лес Еўропы вырашаецца менавіта у Кіеве.xxi У жніўні 2020 года месца Кіева заняў Мінск.

Цікава, што Леві яшчэ ў маі 2020 года звярнуўся да беларускай тэмы. У сваей, прысвечанай пандэміі каронавіруса кнізе „Вірус у эпоху вар’яцтва“ ен узгадаў „безадказнае глупства“ беларускага кіраўніцтва, якое, негледзячы на распаўсюджванне Ковід-19, нават не спыніла мясцовы футбольны чэмпіянат.xxii У жніўні і ў верасні гэтага года Леві тлумачыў заходняму грамадству, што ў Беларусі адбываюцца падзеі, лесавызначальныя не толькі для гэтай краіны, але і для ўсей Еўропы. Адначасова ен шкадаваў, што не можа ў гэты гістарычны момант патрапіць у Мінск.xxiii

Шлях у „саюзную дзяржаву“ Расіі і Беларусі французскаму філосафу зачыніў, аднак, не афіцыйны Мінск, а Масква. Дзейнасць на постсавецкай прасторы і радыкальная крытыка ўнутранай і знешняй палітыкі Крамля замацавалі за Леві ў РФ рэнамэ апантанага русафоба і ворага Расіі.xxiv Яшчэ ў 2015 годзе ен патрапіў у складзены расійскімі ўладамі „чорны спіс“ замежных грамадзянаў, якім забаронены ўезд у Расійскую Федэрацыю.xxv У 2010-я гады расійская дзяржаўная прапаганда стварыла адмоўны (нават агідны), але для эгацэнтрыка Леві ў пэўным сэнсе досыць прывабны вобраз „шэрага кардыналу ваяўнічага лібералізма“ , „радыкальнага глабаліста“ і „вераломнага арганізатара“ украінскага Еўрамайдана і іншых „каляровых рэвалюцый“: краінам, якія – як Беларусь у жніўні 2020 года – патрапілі ў поле зроку „крыважэрнага сцярвятніка“ Леві, пагражаюць хаос і знішчэнне. За фасадам ліберала і дэмакрата на самой справе хаваецца заможны карумпаваны парыжскі бонвіван і нахабны амаральны інтрыган, перад якім адчынены дзверы Елісейскага палаца і які умела маніпулюе французскай палітыкай.xxvi

Наўмысна дэманізуючы Леві і значна перабольшваючы сапраўдны ўплыў філосафа на палітычнае жыцце Францыі, маскоўскія аўтары гэтага наратыву напэўна разлічвалі на распаўсюджаныя ў Расіі, Беларусі, Украіне і іншых постсавецкіх краінах антысеміцкія стэрэатыпы і канспіралагічныя тэорыі, а таксама абапіраліся ў тым ліку і на традыцыю савецкай антыізраільскай прапаганды. Апошняя прадстаўляла Францыяй „краінай Ротшыльдаў“ з моцным сіянісцкім (яўрэйскім) лобі.xxvii Калі ў сацыяльных сетках яўрэйскае паходжанне Леві амаль заўседы выходзіць на пярэдні план, дык дзяржаўная прапаганда (як расійская, так і беларуская) гэты факт звычайна не выпячвае, імкнучыся пазбегнуць абвінавачанняў у распаўсюджванні антысемітызму. І маскоўскія, і мінскія прапагандысты ўзялі на ўзбраенне стратэгію, апрабаваную ў Венгрыі Віктара Орбана падчас кампаніі супраць Джорджа Сораса ў другой палове 2010-х гг.: праўрадавыя СМІ актыўна карысталіся антысеміцкімі клішэ і стэрэатыпамі, пазбягаючы, аднак, адкрытых антыяўрэйскіх нападак на амерыканскага філантропа.xxviii У выпадку Леві можна меркаваць, што Уладзімір Карнілаў і яго „беларускія вучні“ кшталту Андрэя Крывашэева, Рыгора Азаронка альбо ананімных аўтараў тэлеграм-каналу „Желтые сливы“ сыходзяць з таго, што біблейскае – так бы мовіць тыпова яўрэйскае – прозвішча Леві з‘яўляецца агульназразумелым шыфрам, які павінен аўтаматычна выклікаць у чытачоў, слухачоў і гледачоў антысеміцкія асацыяцыі, а галоўнае пераканаць іх у тым, што за пратэстамі ў Беларусі хаваюцца замежныя (яўрэйскія) ворагі.

Леві, Салаўеў і Дугін

Асабліва цікавым падаецца той факт, што вышэйзгаданы вобраз ворага Леві з пэўным субтыльным антысеміцкім адценнем, быў створаны перш за ўсе прапагандыстамі з атачэння ўплывовага расійскага вядучага ТВ і радые Уладзіміра Салаўева. Да гэтага атачэння належыць і былы камсамольскі інструктар з Данецка Уладзімір Карнілаў. Актыўнае камсамольскае мінулае – адзін з малавядомых фактаў біяграфіі ўраджэнца Масквы Салаўева, які паспеў у сярэдзіне 1980-х гг. папрацаваць у Камітэце маладзежных арганізацый СССР і магчыма супрацоўнічаў з КДБ.xxix Сын яўрэйскага выкладчыка палітычнай эканоміі Салаўеў рэгулярна робіць акцэнт на сваім паходжанні і выкарыстоўвае тэму антысемітызма і Халакоста для ачарнення Украіны і Захаду. Фенамен савецкага антысемітызма для „гордага грамадзяніна СССР“ Салаўева наадварот не існуе. Уладзімір Салаўеў не цураецца супрацоўніцтва з пісьменнікамі Аляксандрам Праханавым ці Захарам Прылепіным альбо публіцыстам Мікалаем Старыкавам і іншымі адкрытымі антысемітамі. Разыгрываючы „яўрэйскую карту“ , Салаўеў падзяляе яўрэяў на „добрых“ (прыхільнікі Крамля ў Расіі і за яе межамі) і „дрэнных“ (ворагі і крытыкі Пуціна). Сярод апошніх расійскія ліберальныя палітыкі і публіцысты яўрэйскага паходжанная, апальны алігарх Міхаіл Хадаркоўскі („расійскі Сорас“), украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі і асабліва ягоныя „заходнія гаспадары“ Сорас і Леві. Як фанатычны (прынамсі ў публічнай прасторы) прыхільнік Уладзіміра Пуціна, Салаўеў імкнецца прадставіць расійскага кіраўніка вялікім сябрам яўрэяў і Ізраіля. На расійскі апазіцыянера Аляксей Навальнага, наадварот, наклейваецца апрабавны ў Беларусі ярлык фашыста, калабаранта (ідэйнага прыхільніка генерала Власава), а таксама ваяўнічага антысеміта.xxx

Яўрэй Салаўеў, які распаўсюджвае антысеміцкія канспіралагічныя тэорыі? На першы погляд парадаксальная з‘ява, якую, аднак, досыць легка растлумачыць. Як Салаўеў, так і ягоныя „яўрэйскія эксперты“ расіянін Яўген Сатаноўскі, ізраільцянін Якаў Кедмі і немец Аляксандр Сасноўскі, а таксама яшчэ адзін „барацьбіт з глабалізмам“ , вядомы сваімі антысеміцкімі выказваннямі расійскі паплечнік Юліана Асанджа Ісраэль Шамір (*1947)xxxi, знаходзяцца пад уплывам напэўна найбольш рыдкальнага расійскага крытыка Леві на постсавецкай прасторы – філосафа Аляксандра Дугіна. У адрозненні ад Салаўева і Карнілава, не гаворачы ўжо пра іх беларускіх калег, якія ў сваіх нападках на Леві ніколі не звяртаюцца да тэкстаў француза, а засяроджваюцца выключна на яго палітычнай дзейнасці, інтэлектуал і паліглот Дугін добра знаемы з творчасцю Бернара-Анры Леві. Дугін, які з пачатку 2000-х гадоў узначальвае міжнародны еўразійскі рух, цесна супрацоўнічае з „Новымі правымі“ у Еўропе і бачыць сябе ў авангардзе барацьбы з ліберальнай дэмакратыяй і глабалізцыяй, якую увасабляе сабой „апостал ліберальнай дэмакратыі“ Леві.xxxii У малодосці радыкальны антысеміт – напрыканцы 1980-х гадоў Аляксандр Дугін уваходзіў у цэнтральны савет маскоўскага чарнасоценнага аб‘яднання Память xxxiii – філосаф-еўразіец пазней трохі змяніў свой погляд на „яўрэйскае пытанне“ . З канца 1990-х гадоў у Дугіна прасочваецца тэндэнцыя адрозніваць паміж усходнімі (еўразійскімі) і заходнімі расійскімі яўрэямі.xxxiv Апошнія – ворагі Расіі, таксама як і „яўрэйскі касмапаліт“ Леві, з якім Дугін у верасні 2019 года правеў дэбаты ў Амстэрдамскай оперы і да якога ен ставіцца з непрыхаванай пагардай.xxxv

Сустрэча Ціханоўскай і Леві занепакоіла Аляксандра Дугіна не менш, а нават больш, чым Уладзіміра Карнілава. Прызнаючы напрыканцы жніўня 2020 года, што нязменнасць улады прывяла да глыбокага крызіса ў Беларусі і, мяркуючы, што рэжым „бліскучага палітыка“ Лукашэнкі хутчэй за ўсе не вытрымае гэты новы вельмі сур‘езны выклік, Дугін адзначаў, што „глабальная сусветная эліта“ у асобе Леві зрабіла стаўку на Ціханоўскую, а пасля перамогі ў Беларусі паспрабуе зрынуць і Уладзіміра Пуціна. xxxvi

Напрыканцы трэба адзначыць, што наратыў Леві ў 2020 годзе стаў часткай арсенала пуцінскіх і лукашэнкаўскіх прапагандыстаў, укараніўся сярод пэўнай часткі прыхільнікаў Лукашэнкі (у тым ліку і яўрэйскіх)xxxvii і працягвае выкарыстоўвацца ў 2021 годзе: Пасля штурма Капітолія ў Вашынгтоне на пачатку студзеня 2021 года Бернар-Анры Леві асудзіў падбухтораны Дональдам Трампам натоўп і назваў удзельнікаў гватоўнай акцыі „гратэскнымі фашыстамі“.xxxviii Рэакцыя з Усходу Еўропы не заставіла сябе чакаць. Уладзімір Карнілаў чакана раскрытыкаваў „крывадушнага“ Леві, які падтрымлівае „майданы“ ва Украіне і ў Беларусі, але не ў Францыі („жоўтыя жылеты“ ) і ЗША.xxxix Яшчэ далей пайшоў праўладны беларускі тэлеграм-канал Желтые сливы, які абвесціў яўрэйскага філосафа „Гебельсам сучаснасці“ .xl Антысеміцкі наратыў выйшаў, такім чынам, на новы якасны ўзровень, атрымаўшы яшчэ і нацыянал-сацыялістычную кампаненту.

i EXCLUSIF. BHL raconte sa rencontre avec l’opposante biélorusse Svetlana Tikhanovskaïa // Journal du Dimanche, 22.8.2020, https://www.lejdd.fr/International/exclusif-bhl-raconte-sa-rencontre-avec-lopposante-bielorusse-svetlana-tikhanovskaia-3987094 (1.2.2021).

ii Bernard-Henri Lévy, Swetlana Tichanowskaja gibt der Revolution in Belarus ein Gesicht // Stern, 25.8.2020, https://www.stern.de/p/plus/politik/das-gesicht-der-revolution—bernhard-henri-lévy-trifft-swetlana-tichanowskaja-9389182.html (1.2.2021).

iii Бернар-Анрі Леві, Жанна д’Арк з Мінська. Яка вона — Світлана Тіхановська // Новое время, 26.8.2020, https://nv.ua/ukr/opinion/bilorus-2020-hto-taka-svitlana-tihanovska-ostanni-novini-50108176.html (1.2.2021).

iv Бернар-АнриЛеви, Жанна д‘Арк поневоле: интервью со Светланой Тихановской // МБХ Медиа, 27.8.2020, https://mbk-news.appspot.com/sences/zhanna-dark-ponevole/ (1.2.2021).

v Bernard-Henri Lévy, Belarus’s Unlikely Opposition Leader // The Wall Street Journal, 4.9.2020, https://www.wsj.com/articles/belaruss-unlikely-opposition-leader-11599246962 (1.2.2021).

vi Корнилов Владимир // liga.net, 10.7.2020, https://file.liga.net/persons/vladimir-kornilov (1.2.2021).

vii Бернар-Анри Леви готовит репортаж о том, как „женщины сокрушают гротескную белорусскую диктатуру“ // tvr.by, 20.8.2020, https://www.tvr.by/news/obshchestvo/bernar_anri_levi_gotovit_reportazh_o_tom_kak_zhenshchiny_sokrushayut_grotesknuyu_belorusskuyu_diktat/ (1.2.2021); Киевский и белорусский майдан создают по одним технологиям. Владимир Корнилов о ситуации в Беларуси // tvr.by, 22.8.2020, https://www.tvr.by/news/obshchestvo/kievskiy_i_belorusskiy_maydan_sozdayut_po_odnim_tekhnologiyam_vladimir_kornilov_o_situatsii_v_belaru/ (1.2.2021)

viii Сколько Родин у претендентов на пост белорусского президента Появилась занимательная информация // mediabrest.by, 21.8.2020, https://mediabrest.by/news/politika/skolko-rodin-u-pretendentov-na-post-belorusskogo-prezidenta-poyavilas-novaya-informatsiya (1.2.2021); Сергей Ушаков, Архитектор геноцида Бернар-Анри Леви прилетел на помощь Тихановской // Журналистская правда, 20.8.2020, https://jpgazeta.ru/arhitektor-genoczida-bernar-anri-levi-priletel-na-pomoshh-tihonovskoj/ (1.2.2021).

ix Emily Tamkin, Five myths about George Soros // The Washington Post, 6.8.2020, https://www.washingtonpost.com/outlook/five-myths/five-myths-about-george-soros/2020/08/06/ad195582-d1e9-11ea-8d32-1ebf4e9d8e0d_story.html (1.2.2021).

x Гл. напрыклад Philippe Boggio, Bernard-Henri Lévy: Une vie, Paris 2005.

xi Tirdad Derakhshani, Bernard-Henri Lévy on Jewish moral responsibility // The Philadelphia Inquirer, 9.1.2017, https://www.inquirer.com/philly/entertainment/Bernard-Henri-Levy-on-Jewish-moral-responsibility.html (1.2.2021).

xii Bernard-Henri Lévy, The Genius of Judaism, New York 2017, p. 157.

xiii BHL raconte sa rencontre avec l’opposante biélorusse Svetlana Tikhanovskaïa.

xiv Arno Frank, Bernard-Henri Lévy: Minister für Eitelkeit // Der Spiegel, 5.4.2019, https://www.spiegel.de/kultur/bernard-henri-levy-minister-fuer-eitelkeit-a-00000000-0002-0001-0000-000163279570 (1.2.2021).

xv Lara Marlowe, A new battle for civilisation’: Bernard-Henri Lévy’s war on populism // The Irish Times, 13.4.2019, https://www.irishtimes.com/culture/a-new-battle-for-civilisation-bernard-henri-lévy-s-war-on-populism-1.3853116 (1.2.2021).

xvi Юрий Н. Афанасьев, Историзм против эклектики. Французская исrорическая

Школа „Анналов“ в современной буржуазной исrориоrрафии, Москва 1980, с. 226; Юрий М. Каграманов, Метаморфозы нигилизма : О „новых философах“ и „новых правых“, Москва 1986, с. 7.

xvii Marlowe, A new battle for civilisation’: Bernard-Henri Lévy’s war on populism.

xviii Alexander Cherkasov & Dmitry Grushkin, The Chechen Wars and the Struggle for the Human Rights // Richard Sakwa (ed.), Chechnya: From Past to Future, London 2005, p. 131–155, тут 133.

xix Bernard-Henri Lévy, Choses vues dans la Géorgie en guerre // Le Monde, 19.8.2008, https://www.lemonde.fr/europe/article/2008/08/19/choses-vues-dans-la-georgie-en-guerre-par-bernard-henri-levy_1085547_3214.html (1.2.2021).

xx Jill Lawless, Breeze of Arab Spring felt on Cannes red carpet // The Times of Israel, 26.5.2012, https://www.timesofisrael.com/breeze-of-arab-spring-felt-on-cannes-red-carpet/ (1.2.2021).

xxi На Майдані виступив французький письменник Бернар Анрі Леві // Espreso.TV, 9.2.2014, https://www.youtube.com/watch?v=FXk7MJ0Z4II (1.2.2021); Bernard-Henri Lévy, Maïdan et l’extrême droite : stop à la désinformation de M. Poutine // La Règle du jeu , 25.2.2014, https://laregledujeu.org/2014/02/25/16016/maidan-et-lextreme-droite-stop-a-la-desinformation-de-m-poutine/ (1.2.2021).

xxii Bernard Henri-Lévy, The Virus in the Age of Madness, New Haven Conn. 2020.

xxiii BHL raconte sa rencontre avec l’opposante biélorusse Svetlana Tikhanovskaïa.

xxiv Гл. напрыклад Bernard Henri-Lévy, The True Targets of Putin’s Travel Ban // The Wall Street Journal, 2.6.2015, https://www.wsj.com/articles/the-true-targets-of-putins-travel-ban-1433285206 (1.2.2021).

xxv  Eugénie Bastié, Bernard Henri-Lévy et Cohn-Bendit sur la liste noire du Kremlin // Le Figaro, 30.5.2015, https://www.lefigaro.fr/international/2015/05/30/01003-20150530ARTFIG00135-bhl-et-cohn-bendit-sur-la-liste-noire-du-kremlin.php (1.2.2021).

xxvi Гл. напрыклад Владимир Корнилов, Болезненное внимание. Скорее бы Бернар-Анри Леви разлюбил Украину // rian.com.ua, 4.2.2015, https://rian.com.ua/columnist/20150204/362991840.html (1.2.2021)

Андрей Сидорчик, Кровавый Леви. За Белоруссию взялся „серый кардинал мирового либерализма“ // Аргументы и факты, 20.8.2020, https://aif.ru/politics/world/krovavyy_levi_za_belorussiyu_vzyalsya_seryy_kardinal_mirovogo_liberalizma (1.2.2021); Антон Подковенко, Любитель крови и „режиссер Евромайдана“ Бернар-Анри Леви встретился с Тихановской // vesti.ru, 21.8.2020, https://www.vesti.ru/article/2447177 (1.2.2021)

xxvii Сярод савецкіх „антысіянісцкіх публіцыстаў“ , якія надавалі асаблівую ўвагу Францыі трэба адзначыць і старэйшага навуковага супрацоўніка Інстытута філасофіі і права Акадэміі Навук БССР Уладзіміра Я. Бегуна (1929–1989). Пра Бегуна гл. Alexander Friedman, Antizionismus und Anti-Masonismus in der Sowjetunion nach dem israelisch-arabischen Sechstagekrieg (1967). Der Verschwörungstheoretiker Vladimir Ja. Begun (1929–1989) // Claus Oberhauser (Hg.), Juden und Geheimnis. Interdisziplinäre Annährungen, Innsbruck 2015, S. 137–151.

xxviii Ivan Calmar, Islamophobia and anti-antisemitism: the case of Hungary and the ‘Soros plot’ // Patterns of Prejudice, Vol. 54, Issue 1-2 (2020), p. 182–198.

xxix Записки бывшего подполковника КГБ: Кичигин, Соловьев, Киселев и другие пропагандисты на службе Кремля // gordon.ua, 21.10.2020, https://gordonua.com/publications/zapiski-byvshego-podpolkovnika-kgb-kichigin-solovev-kiselev-i-drugie-propagandisty-na-sluzhbe-kremlya-1523569.html (1.2.2021).

xxx Соловьев: Навальный ненавидит меня, потому что я еврей // vz.ru, 19.1.2021, https://vz.ru/news/2021/1/19/1080817.html (1.2.2021); СОЛОВЬЕВ // Telegram, 23.1.2021, https://t.me/SolovievLive/46089 (1.2.2021).

xxxi Исраэль Шамир, Ассиметричный ответ Путина, Москва 2014.

xxxii Andreas Umland, Kulturhegemoniale Strategien der russischen extremen Rechten. Die Verbindung von faschistischer Ideologie und metapolitischer Taktik im „Neoeurasismus“ des Aleksandr Dugin // Österreichische Zeitschrift für Politikwissenschaft, Jahrgang 33, Heft 4 (2004) , S. 437–454; Mark Segdwick, Occult Dissident Culture: The Case of Aleksandr Dugin // Birgit Menzel, Michael Hagemeister & Bernice Glatzer Rosenthal (eds.), The New Age of Russia: Occult and Esoteric Dimensions, Munich 2011, p. 273–292.

xxxiii Stepehen E. Atkins (ed.), Encyclopedia of Modern Worldwide Extremists and Extremist Groups, Westport Conn. & London 2004, p. 81.

xxxiv Александр Дугин, Евреи и Евразия // Завтра, 25.11.1997, https://zavtra.ru/blogs/1997-11-2541jewsand (1.2.2021).

xxxv Александр Дугин, Леви // dugin.ru, http://dugin.ru/video/ekspertiza-dugina-no-78-imperiya-i-pyat-koroley-o-debatah-s-levi (1.2.2021); Александр Дугин, Бернар-Анри Леви — философ на службе у глобализации // Изборский клуб, 29.10.2020, https://izborsk-club.ru/20077б. Гл. таксама дэбаты паміж Дугіным і Леві: https://www.youtube.com/watch?v=x70z5QWC9qs (1.2.2021)

xxxvi Аля Самитова: Рядом с Тихановской появился „серый кардинал“: Белоруссии угрожает кровавый сценарий // Царьград ТВ, 21.8.2020, https://tsargrad.tv/articles/rjadom-s-tihanovskoj-pojavilsja-seryj-kardinal-belorussii-mozhet-ugrozhat-krovavyj-scenarij_275447 (1.2.2021); Александр Дугин: Россию ожидает то, что постучалось к Лукашенко уже сейчас // Радио Комсомольская правда, 26.8.2020, https://radiokp.ru/podcast/vecherniy-mardan/36081(1.2.2021)

xxxvii Alexander Friedman, Belarusian Revolution 2020: Jewish Perspectives // Ab Imperio 3/2020, p. 323–348, тут 329, 336.

xxxviii Bernard-Henri Lévy // Twitter, 6.1.2021, https://twitter.com/BHL/status/1346935535470710790 (1.2.2021).

xxxix КОРНИЛОВ // Telegram, 6.1.2021, https://t.me/kornilov1968/4388 (1.2.2021)

xl Желтые сливы // Telegram, 9.1.2021, https://t.me/zheltyeslivy/10817 (1.2.2021)

 

You may also like...