Іван Новік. Wilson Andrew, Belarus: The Last European Dictatorship, Yale University Press, 2021, 384 pp.
by Novik Ivan · 12.07.2021
Ўілсан Эндру, Беларусь: апошняя еўрапейская дыктатура.
Пачну з папярэджання – гэта не агляд усёй кнігі, балазе ані сам Эндру Ўілсан, ані ягоная кніга ў асаблівых прэзентацыях для беларускага чытача патрэбы не маюць. Першае выданне «Беларусь: апошняя еўрапейская дыктатура» убачыла свет яшчэ ў 2011 годзе – што з пункту гледжання сённяшняга вірапеннага развіцця падзей падаецца ледзьве не сівой старасветчынай. За мінулае дзесяцігоддзе любы, хоць крыху цікаўны да англамоўнай беларусістыцы меў магчымасць пазнаёміцца з тэкстам, а пры нагодзе і зацытаваць ці скрытыкаваць «вядомага даследніка».
Звярнуцца да свежага, «толькі з варштату» выдання 2021 году мяне змусілі новы, дадзены па слядох апошніх падзей, раздзел «Неназваная рэвалюцыя» (THE REVOLUTION WITHOUT A NAME), а таксама скарэктаваныя і дапоўненыя па той жа прычыне высновы. Акурат гэтым і выключна гэтым новым устаўкам і будзе прысвечаны мой агляд.
Нават і гэты адцінак кнігі прааналізую селектыўна. Як той, хто піша для англамоўнага і вонкавага Беларусі чытача, Эндру Ўілсан досыць падрабязна спыняецца на фактаграфіі – паслядоўна ўзнаўляе ланцужок падзей мінулага году. Тут патрэбны погляд дапытлівага гісторыка сучаснасці, які б змог прафесійна скрытыкаваць тэкст з гэтага боку. Не быўшы такім гісторыкам, заўважу, што на мой аматарскі погляд апісанне досыць праўдападобнае і падрабязнае — як для такога сціслага тэксту. Сапраўды прыкрых фактаграфічных памылак я не заўважыў – хіба што вельмі недакладны пераклад назвы тэлеграм канала «Беларусь головного мозга» як «Belarus Main Brain».
Такім чынам: чытач знойдзе ў кнізе, апроч іншага, і апісанне асноўных падзей беларускай «неназванай рэвалюцыі» і я б без ваганняў параіў свайму зацікаўленаму, але не абазнанаму ў падзеях англамоўнаму сябру пачаць менавіта з яе.
Скінуўшы з сябе адказнасць за іншыя пытанні, перайду да сутнасці: у тэксце Эндру Ўілсана мяне цікавілі найперш інтэрпрэтатыўныя схемы і характэрныя аўтарскія акцэнты – усё тое, што можа выклікаць прадуктыўную нязгоду – уласна ім і будзе прысвечаны мой агляд.
Інтэрпрэтацыйная частка пачынаецца ўжо з назвы апошняга раздзелу: «Неназваная рэвалюцыя».
Як бачым, з аднаго боку, Эндру Ўілсан не вагаецца азначыць сукупнасць падзей беларускага 2020-га году як рэвалюцыю. Не кажучы пра спробы ўладаў прадставіць усё як «закалот», некаторыя сумневы ў слушнасці дастасавання менавіта гэтага паняцця заўважны сярод нават тых, хто да адбылага ставіцца цалкам дадатна.
«Неназваная», з другога боку, адкідае першыя нясмелыя спробы даць такое найменне паводле структурных крытэраў («феміністычная», «буржуазная», «телеграм-»…), і, у той жа час, падкрэслівае сімвалічную лакунарнасць падзей. Г. зн. такая характарыстыка, няхай і ў адмоўнай мадальнасці, акрэслівае некаторыя адметнасці беларускай рэвалюцыіі 2020 г.:
- Раптоўнасць і нечаканасць падзей. Дуэт, разыграны між шалам «легітымнага» гвалту і высакародствам пратэстоўцаў, відавочна, развінаўся без якога-кольвек загадзя падрыхтаванага плана і перасягнуў межы ўсіх прагнастычных магчымасцяў экспертаў. «Аналітыкі» былі пасаромленыя ў сваёй нікому нецікавай і ўдаванай усёведзе, знайшоўшы наўзамен большую і болей удзячную аўдыторыю, як асцярожныя, але і зацікаўленыя ўдзельнікі не прадугаданых імі падзей. Парадокс гуманітарнай веды: найбольш запатрабаванай яна аказваецца, акурат тады, калі яе прагнозы і тлумачэнні «працягу таго ж самага» зазнаюць паразу ад рэчаіснасці.
- Адсутнасць падрыхтаванай і прымеркаванай да падзей ad hoc сімволікі. Накшталт адзінага каляровага коду, ці тых жа «джынсаў» (нагадаю: менавіта ў гэтай крамніне ў 2006 г. шукалі назоў для беларускіх постэлектаральных пратэстаў). Белы колер, да якога некалькі разоў звярталіся як намінальныя лідары, так і жаночыя маршы, аказаўся, відаць, занадта ўніверсальным і нейтральным, каб быць падхопленым у якасці абʼяднаўчага. Лакуну досыць хутка і нязмушана запоўнілі традыцыйныя «пратэстныя» бел-чырвона-белы сцяг і Пагоня. Цэлы год мы былі сведкамі своеасаблівай інтэрферэнцыі, ці ўзаемнага кампрамісу: калі нацыянальная сімволіка паступова губляла сваю канататыўную глыбіню, сваю азначанаю канкрэтыку, дзеля пашырэння ахопу, у той час як пратэсты паступова звужалі сваю інтэгральную негатыўнасць, брыняючы нацыятворчымі сэнсамі. З’явіўся, апроч таго, цэлы россып сімвалаў – па сваёй прыродзе адзінкавых і рэкурсіўных да канкрэтыцы саміх падзей. Прывяду ў якасці прыкладу толькі адзін, але бадай што найбольш істотны ланцужок такіх рэкурсіўных сімвалаў: «Дыджэі перамен» – «Плошча перамен» – «Я выходжу». Агулам, сімвалізму і сімвалічнай творчасці зусім не бракавала – хутчэй наадварот: менавіта разняволенасць у гэтай творчасці і сталася галоўнай прычынай адсутнасці адзінага, абʼяднаўчага для ўсёй «рэвалюцыі» сімвала, які б і даў ёй назву.
- Дысперснасць падзей, адсутнасць іх адзінага гарадскога эпіцэнтру. Аблюбаваны ва Ўсходняй Еўропе апошніх гадоў спосаб шукаць псеўда-азначэнні ў прасторавай метаніміі (Майдан, Плошча, Балотная) тут не пасуе.
- Нястача адзіных і відавочных геапалітычных арыентыраў пратэставалых: яны заўзята і нібы назнарок супраціўляліся любым спробам як прыхільных аналітыкаў, так і варожа настроеных крытыкаў суаднесці іх маніфестацыі з чым-небудзь апроч унутранай беларускай павесткай.
Адным словам, калі даць веры Эндру Ўілсану, беларусы ізноў аказаліся прыхільнікамі апафатыцы: «мы не такія, і не гэткія, а рэвалюцыя наша забраная».
Расповед аб падзеях, у той характэрнай знешнепалітычнай і ўрадацэнтрычнай оптыцы, якая будзе прасочвацца і далей, Эндру Ўілсан пачынае з 2014 года – з украінскага Еўрамайдану. Даўгі беларускі 2020-ы, лічыць аўтар, пачаўся акурат тады – з палітычных падзей сямігадовай даўніны ў нашай паўдзённай суседцы.
Еўрамайдан слугуе для Эндру Ўілсан асноўнай меркай для параўнання: з аднаго боку, беларуская рэвалюцыя не адбывалася пад лозунгам «вяртання» у Еўропу. З другога, яна таксама стала праявай прагнення «нармальнага» жыцця, якое аўтар адносіць да інтэгральных частак «la vie européenne» – яе таксама можна назваць «рэвалюцыяй годнасці».
Але пачаць адлік з 2014 года Эндру Ўілсану змушаюць не столькі кампаратыўныя патрэбы, колькі ўласцівы для ягонага погляду і ўжо згаданы ўрадацэнтрызм.
Найперш і перад усім у падзеях 2020 году аўтар бачыць не столькі знак даспявання беларускага грамадства (хоць пра яго ён таксама скажа колькі словаў), як азнаку паразы ўлады. У фокусе ягонай увагі не змены ў беларускім грамадстве, якія спрычыніліся да таго, што 2020 г. стаў гэтак не падобным да 2010, 2006 …, але ж – адсутнасць патрэбных зменаў у характары беларускага рэжыму, што не дазволілі яму адказаць на выклікі з ранейшай паспяховасцю. Адным словам, у пераказе Эндру Ўілсана – а ён у такім сваім падыходзе зусім не самотны ў стане аналітыкаў – беларуская «неназваная рэвалюцыя» уяўляе сабой серыю фатальных памылак Лукашэнкі.
Калі б я быў не я, а перакананы талстовец, то тут, у якасці адказу Эндру Ўілсану, з’явілася буйная і вядомая цытата пра страшны замах рукі галоўнакамандуючага, які ў нязмозе падае перад сіламі гісторыі. Але ж я – не талстовец, і агулам досыць крытычна стаўлюся да гістарыясофіі «рускага класіка». Апроч таго, спрабую зацугляць уласныя тлумачальныя апетыты жанрам агляду – таму, без далейшых прамаруджанняў, да пераказу думак аўтара.
Як і аналізаваны колісь Мэцью Фрэар галоўную моц рэжыму Эндру Ўілсан бачыць у апартуністычным пратэізме: ён некалькі разоў паспяхова «перавынаходзіў сябе» адпаведна з выклікамі часу. Але новая, прыдуманая для сябе пасля 2014 г. роля Лукашэнкі — стаць галоўным абаронцам і сімвалам беларускага суверэнітэту — гэтым разам была разыгранаю неахвотна і не да канца.
Пераважнай, хоць і напаўголаса агучанай пагрозай дзяржаўнаму суверэнітэту, ад якой улады вызваліся бараніць беларускі народ была Расея. Аўтарытарны інтэрнацыянал «эры каляровых рэвалюцый» распаўся і ператварыўся ў гобсаву вайну ўсіх супраць усіх.
Новая роля прыдуманая для сябе Лукашэнкам пасля 2014 г. была ролю будаўніка новай нацыі – «бацькі» беларускага нацыяналізму ў межах і па правілах уласнага праекту. На месца «крэольскага нацыяналізму» і ідэалогіі-якой-не-было (ideology-that-wasn’t) мусіла заступіць палітыка «мяккай беларусізацыі».
Парадаксальным чынам Эндру Ўілсан – які паслядоўна практыкуе гістарычныя тлумачэнне ў гарызонце longue durée: пачынае адлік беларускай гісторыі з Крывіі і Полацкай Русі, шукае ў палітычнай сучаснасці слядоў колішняга міжваеннага падзелу і нават рэгіянальных адметнасцяў былой Віленскай губерні – сумяшчае гэты свой гістарызм з найрадыкальнейшым канструктывізмам. Нібы паўстанне беларускай нацыі гэта феномен вылучна 2020 году і нават – незнарочны эпіфеномен стратэгіі выжывання ўладаў. Нібы спачатку ініцыятыва сыходзіла толькі зверху і пазней толькі перарасла ва ўзыходныя і гарызантальныя імпульсы.
«Новая нацыя, званая «Беларусь» якая пачала ўзнікаць па сканчэнні СССР была, прынамсі першапачаткова, лукашэнкаўскай Беларуссю»1, але паступова «неа-савецкае патэрналісцкае грамадства суб’ектаў ператваралася ў самаўпэўненых грамадзянаў»2. «Неназваная рэвалюцыя» стала заканамерным вынікам зменаў грамадства ў папярэднія гады. Зменаў, якім Лукашэнка не мог і не хацеў супрацьстаяць і якія паспрабаваў увязаць з уласнай персонай. Незнарок і непамысна ў сваім амплуа абаронцы суверэнітэту, ён спрыяў сацыяльнай кааперацыі і згуртаванню, якія і сталіся пачаткам нараджэння новай грамадзянскай нацыі, якая засведчыла сябе падчас 2020 г.
Лукашэнка, такім чынам, у пераказе Эндру Ўілсана прадстае гэткім узлаваным на ўласнае параджэнне Тарасам Бульбай – які, ізноў жа ў згодзе з літаратурным правобразам, папікае ва ўсім падступную дапамогу «ляхаў».
Дазволю ненадоўга расцугляць сваё жаданне да ўласных інтэрпрэтацый. Можа я не аматар талстоўскай гістарыясофіі, але ж яшчэ большы скепсіс у мяне выклікае ідэалагема «бацькоў нацыі», безадносна і зусім непрыдатнай на гэтую ролю постаці Лукашэнкі. Дый, прабачце, якія «новыя» нацыі ў 2020 годзе, тым болей створаныя за пяць гадоў, калі не па волі, то пры непасрэдным удзеле аднога чалавека?!
Мне здаецца, апроч ігнаравання ўнутраных беларускіх сацыяльных працэсаў, артаганальных для якіх-кольвек дзеяў і задумаў улады, памылка Эндру Ўілсана ў тым, што ён прымае за чыстую манету вылучна рытарычныя тактыкі рэжыму. Нібы «мяккая беларусізацыя» і «абарона суверэнітэту» адбываліся не ў віртуальнай прасторы квазі-аналітычнага службовага дыскурсу, але ж насамрэч – у рэчаіснасці…
Апроч небяспечных і, галоўнае, недаведзеных да канца гульняў на поле нацыябудаўніцтва, Эндру Ўілсан знаходзіць у перадумовах сучаснага стану беларускага рэжыму і другую ягоную фатальную хібу – састарэласць. «Свет змяніўся» – філасафічна заўважае аўтар – і беларускі рэжым перастаў за ім паспяваць.
Колішні «прэвентыўны» аўтарытарызм не змог у гэты раз перадухіліць зʼяўленне сурʼёзных канкурэнтаў і быў змушаны рэагаваць выключна рэактыўна.
Сёння, павучае Эндру Ўілсан Лукашэнку, «малыя аўтарытарызмы» болей разлічваюць на разгалінаваную прапаганду і палітычныя маніпуляцыі, чымсьці на грубы прымус.
У той час як іншыя аўтарытарныя краіны, такія як Расея, актыўна эксперыментавалі з новымі, не нагэтуль відавочнымі і болей дасканалымі тэхналогіямі электаральнага махлярства беларускі рэжым не падбаў нешта змяніць з часоў першых «ашуканскіх перамог» (fraudulent wins) двухтысячных.
Постэлектаральныя падзеі 2020 г. Эндру Ўілсан інтэрпрэтуе праз умоўную рамку: адміністрацыя магла б агалосіць куды меншы, але бяспечны адсотак перамогі Лукашэнкі, прызнаўшы тым самым відавочную папулярнасць Ціханоўскай, але замест таго вырашыла пайсці на звыклы «элегантны» варыянт. Думку даследніка неабходна, відаць, разумець так, што ў адваротным выпадку пратэсты не адбыліся б, ці мелі б маштабы значна болей бяспечныя для ўладаў. Не кажучы пра ўласна сам тэзіс, я б запярэчыў найперш ягоным умоўным прадпасылкам – бо Эндру Ўілсан не падбаў прааналізаваць галоўныя пытанні: ці сапраўды агалошаны вынік залежаў вылучна ад прыхамаці ЦВК і ці не звязаны беларускі рэжым сутнасна з падобнымі ўдаванымі «ашаламляльнымі» перамогамі? А таму і меркаваныя 50 з нязначным плюсам адсоткаў застаюцца імавернымі толькі ва ўяўленні даследнікаў?
Адным словам, Эндру Ўілсан ізноў спрабуе патлумачыць 2020 г. праз «недапрацоўкі» уладаў: крыху болей гнуткасці і адпаведнасці новаму палітычнаму часу, болей увішнасці ў нейтралізацыі магчымых апанентаў і больш сціпласці ў прыпісанай сабе перамозе – і ніякіх значных пратэстаў не было б: здаецца, менавіта да такой высновы штурхае аўтар свайго чытача.
Перайду да больш дробных інтэрпрэтатыўных хадоў Эндру Ўілсана.
Між пачатковай (2014 г) і завяршальнай (2020 г.) кропкамі ён уводзіць прамежкавую дату: 2017 год і пратэсты супраць спробаў ўвесці падатак на так званых «дармаедаў». Гэта была такая ж генеральная рэпетыцыя беларускай «неназванай рэвалюцыі» – піша Эндру Ўілсан – як «памаранчавая рэвалюцыя» для Еўрамайдана. Менавіта 2017 год стаў першым сурʼёзным ударам па прэстыжу рэжыму і ягонай легітымнасці, агаліўшы эрозію папярэдняй сістэмы сацыяльнага кантракту. Таму Эндру Ўілсан крытыкуе тых аўтараў, якія спрабуюць знайсці прычыны пратэстаў 2020 году толькі ў падзеях самога году, а менавіта – у адсутнасці ўцямнай рэакцыі на першую хвалю каронавіруса з боку рэжыму. Бестурботнасць Лукашэнкі падчас пачатку пандэміі, ягоныя зʼедлівыя каментары на адрас першых памерлых, толькі ўзмацнілі і ўзнавілі ў беларускім грамадстве незадаволенасць і пачуцце занядбанасці ўладаю, якія паступова раслі з 2017 года.
Галоўным палітычным вынікам каронавіруснага часу сталі змены ў патэрнах медыя-спажывання: на хвалі недаверу да афіцыйных крыніц людзі масава звярталіся па інфармацыю да незалежных медыя, у тым ліку і перад усім, да онлайн рэсурсаў і сацыяльных сетак.
Да гарызантальнай інтэграцыі, якую абудзілі ў беларускім грамадстве новыя медыя-паводзіны, незнарок штурхаў і сам рэжым: «рэпрэсіі па іроніі лёсу «прыватызавалі» грамадзянскую супольнасць» 3. Соцыум быў змушаны разгарнуць не-іерархічнае «падземнае сеціва» (subterranean networks), ніжэй за фармалізаваны і падударны НДА ўзровень. І той час як беларускае грамадства прырастала новымі крыніцамі інфармацыі, рэжым – наадварот – надалей інкапсуляваўся ва ўласным інфармацыйным пухіры. Эндру Ўілсан паўтарае пашыраную версію пра тое, што дбаннямі Н. Эйсмант і іншых набліжаных Лукашэнка ўсе далей аддаляцца ад рэчаіснасці.
Паводле «Беларусь…» выбары 2020 г. сталі першымі, на ўдзел у якіх насмеліліся высокапастаўлены «інсайдэры рэжыму», якія маглі б стаць у вачах выбарцы ўвасабленнем найбольш дынамічныя часткі эканомікі.
Прывяду характэрныя і вельмі спрэчныя водзывы Эндру Ўілсана пра «кандыдатаў у кандыдаты». Ціханоўскі агітаваў сярод тых, «хто застаўся пазадзе» новых эканамічных рэаліяў. Першы ўдар рэжыму прыйшоўся па ім, бо ў ягонай кампаніі ўбачылі спробу скрасці тактыкі самога Лукашэнкі часоў яго першай прэзідэнцкая кампаніі. Цапкала – рэпрэзентаваў ІТ-эканоміку; Бабарыка – бюракратыю і алігархію і агулам выступаў «з больш радыкальнай версіяй эканамічнай стратэгіі ўраду Румаса 2018-2020 гг.». Гэтыя занадта смелыя ў сваёй інтэрпрэтацыі характарыстыкі, не падмацаваныя належнымі спасылкамі, пераходзяць да наўпростых абвінавачанняў – хоць і ходкіх напярэдадні выбараў, але ж недаравальных з вуснаў даследніка, без адпаведнай навуковай аргументацыі – Бабарыка нібы праводзіў кампанію ў прамой згодзе з Масквой, а ягоная каманда, у якою ўваходзілі супрацоўнікі Белгазпрамбанку, карысталася сваімі службовымі паўнамоцтвамі, у тым ліку і «тэлефоннай сувяззю з Расеяй».
Кампанія 2020 году, такім чынам, вынесла на паверхню кандыдатаў для «абедзвюх Беларуссяў» (г. зн. для болей нацыяналістычнага і/ці апазіцыйнага сегменту грамадства і для былога лукашэнкаўскага электарату, які Эндру Ўілсан традыцыйна характарызуе як вынік неа-савецкага і крэольскага праектаў). Сама ж улада не змагла супрацьпаставіць ім ніякай уцямнай сацыяльнай і эканамічнай праграмы. Адзінай мэтай рэжыму падчас выбараў стала простае самавыжыванне.
Нягледзячы на тое, што ўзгаданыя папулярныя кандыдаты не былі зарэгістраваны, Святлане Ціханоўскай у супрацоўніцы са штабамі Цапкалы і Бабарыкі ўдалося сабраць іх імаверны электарат заклікамі з адзіным найменшым агульным множнікам, дадаўшы сюды яшчэ і «фемінізацыю кампаніі».
У меркаваннях адносна магчымых сапраўдных вынікаў Эндру Ўілсан спасылаецца ў тым ліку і на дадзеныя платформы «Голас» і даследаванне Рыгора Астапені з The Chatham House, але найбольш цытаваныя ў кнізе – меркаванні Алега Манаева, у прыватнасці, ягонае выказванне, што «ніхто не выйграў 50 адсоткаў». Зазначу, што на рахунак гэтага даследніка, змушана аддаленага ад беларускага кантэксту, было выказана нямала заўвагаў.
Наконт саміх пратэстаў выказваецца меркаванне, што негвалтоўнасць была не проста тактычным прынцыпам, але ж закранала кожны аспект паводзінаў (у той жа час у якасці падмацавання тэзісу знаходзім толькі аргумент, што людзі прыбіралі пасля сябе).
Як ужо пісаў вышэй, у рэвалюцыі 2020 году Эндру Ўілсан бачыць праяву нараджэння новай грамадзянскай нацыі – і інкрустуе яе ў гістарыясофскі наратыў аб тысячагаддзе паразаў і фальстартаў Беларусі: яна шукала сябе пад рознымі імёнамі: Крывія, Полацк, Літва, Русь, Зямля ўніятаў, Заходняя Русь, Край, Савецкая Беларусь, каб нарэшце знайсці сябе толькі летась.
Здзівіла і празмерная, як на мой погляд, увага да ролі ў пратэстах праваслаўнай царквы. «Новы грамадзянскі нацыяналізм сягнуў найболей нечаканых месцаў: праваслаўнай царквы» – цвердзіць Эндру Ўілсан, пасля чаго падрабязна аналізуе і разбірае паводзіны метрапаліта Паўла. Тлумачэнні такой інтэрпрэтатыўнай аберацыі я знаходжу ў публікацыйнай актыўнасці беларускіх праваслаўных эмігрантаў – сярод цытаваных крыніц англамоўныя артыкулы з гэтага асяродку займаюць дыспрапарцыянальна вялікую ролю. Высновы ж аўтара і наагул бадай што скандальныя: цяпер, мяркуе ён, аўтакефалія стала надзённай магчымасцю і патрэбай для праваслаўнага грамадства…
Далейшыя лёсы беларускай рэвалюцыі і рэжыму Эндру Ўілсан тлумачыць амаль выключна дзеяннямі Расеі (падкрэслю – менавіта Расеі: замест больш асцярожнага «ураду РФ» паўсюль у тэксце фігуруе менавіта Russia). «Унутраныя магчымасці прымусу рэжыму былі абмежаваныя» – з прыкрым неразуменнем прычытае ў кнізе беларускі чытач – і таму Лукашэнка пачынае пастаянна тэлефанаваць Пуціну. «Расея» ж, якая па словах аўтара зазнала «экзістэнцыяльны жах» перад магчымасцю сапраўдных выбараў у блізкай краіне, як і перад пратэстамі, якія маглі б натхніць на аналагічныя паводзіны і яе грамадзянаў, не памарудзіла з дапамогай калезе па аўтарытарызму.
З 17-18 жніўня пачынаецца, паводле слоў аўтара, «гібрыдная інтэрвенцыя з Расеі». Праявы апошняй ён знаходзіць найперш у вядомым «дэсанце прапагандыстаў». У Беларусь прылятаюць рускія журналісты, сярод якіх было нямала «ветэранаў анты-лукашэнкаўскай кампаніі «Хросны бацька» 2010 году».
Наўпростая расейская «дапамога» паступае пераважна ў форме прапаганды і паліттэхналогіяў. Беларускі рэжым пачынае груба капіяваць рускія контррэвалюцыйныя тактыкі. У якасці прыкладу Эндру Ўілсан прыводзіць створаная на манер вядомых «пуцінгаў» контр-дэманстрацыі. Але ж на тым меркаваная аўтарам руская «дапамога» не скончылася – кажа ён і пра нібы прысланы сучасны рыштунак для беларускай міліцыі, пакінуўшы чытача без гэтак патрэбнай у гэтым месцы спасылкі на крыніцы інфармацыі.
Усё новыя групы палітычных, ваенных і медыя дарадцаў прыбылі ў Менск з Масквы, каб узяць сітуацыю ў свае рукі. Ад прамога паглынання Менск, па словах Эндру Ўілсана, абараніла толькі тое, што Масква і «сама не ведала чаго яна хоча». Намаляваная аўтарам «Расея» разважае чамусьці ў польскіх рэаліях засавецкага часу: яна бы хацела зрабіць з Лукашэнкі беларускага Гамулку, але для гэтага ў яго замала ўнутранай падтрымкі. На такую ролю, маўляў, лепей падышоў бы Бабарыка. Таму дзейснаму беларускаму прэзідэнту адведзена роля новага Ярузельскага. З аднаго боку, я са спачуваннем адношуся да спробаў аўтара ўпісаць Беларусь у гістарычныя рэаліі Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы. Сапраўды, даследніку, які прысвяціў нямала часу рэгіёну, цяжка ўстрымацца ад пэўных аналогіяў, тым больш апошнія могуць граць і сваю дадатную эўрыстычную ролю. Сімпатычныя для мяне і спробы Эндру Ўілсана зірнуць на Беларусь у больш шырокім кантэксце, чым адвечнае «мы і наша ўсходняя суседка». Але ж, прабачце – якія адносіны мае сучасная Расея да геапалітычных авантур СССР і адкуль такія далёкасяжныя гістарычныя аналогіі ў меркаваных рускіх паліттэхналогіяў?
Далей раздзел пярэсціць характэрнымі выразамі, кшталту «Расейскі і/ці Лукашэнкаўскі план» (Russia’s and/or Lukashenka’s plan).
У заключэнні і ў падрахунак падзей Эндру Ўілсан звязвае далейшы лёс беларускага рэжыму з абяцанай канстытуцыйнай рэформай – нібы ад яе рэальнай ці ўдаванай формы будзе наўпрост залежыць ягонае далейшае выжыванне. Асцярожна зазначу: на мой погляд, даследнік глядзіць «не туды» і, як бы не склаўся далейшы палітычны лёс Беларусі, згаданая рэформа (калі яна наагул адбудзіцца) стане найменшым фактарам у яго развінанні…
Замест высноваў напішу ад сябе пару пажаданняў аўтару: па-першае, большай спагады і ўважлівасці да беларускага грамадства – далёка не ўсё самае істотнае адбываецца ў прэзідэнцкіх пакоях, а тым болей – унутры сценаў Крамля. Другое і самае істотнае зычэнне і Эндру Ўілсану, і нам – ягоным чытачам: каб неўзабаве з’явілася пазітыўная нагода ізноў дапоўніць кнігу, і гэтым разам у бок радыкальнага зняпраўджання самой яе назвы.