Іван Новік. Massimo Airoldi, Machine Habitus. Toward a Sociology of Algorithms, Polity, 2022.

Масімо Айрольдзі. Машынны габітус. Да сацыялогіі алгарытмаў.

 

І месяца не мінула з моманту, як кніга з’явілася на паліцах (акурат у дадзеным выпадку недаравальна б было не зацеміць: у тым ліку і онлайн-крамаў). Здавалася б: любыя меркаванні аб яе далейшых лёсах зараз прагучаць безразважна. І ўсё ж, на такую безразважнасць наважуся. Гатовы пайсці ў заклад, рызыкуючы зняпраўдзіць любую вартасць сваіх акадэмічных густаў — перад вамі амаль неўнікнёны бестселер. «Машынны габітус» — кніга бадай што вырачаная на поспех. Кніга, якую, прынамсі ў бліжэйшае дзесяцігоддзе, будуць безліч разоў перачытваць, шматкроць цытаваць, на якую будуць пісаць натхнёныя водгукі, у якой будуць бясконца шукаць канцэптуальныя лакуны яе ўвішныя крытыкі. Перад намі, магчыма, пачатак новай суб-дысцыпліны сацыялогіі…

Надта ж бо модны (жаргоннае «хайпавы» таксама не завадзіць у ягонай сугучнасці тэме) абʼект аналізу абраў Айрольдзі. Асноўныя «пратаганісты» ягонай кнігі — саманавучальныя алгарытмы з петлямі зваротнай сувязі. Тыя самыя, якія сённяшні капіталізм паклікаў даць рады бясконца росламу масіву лічбавых слядоў чалавецтва. Алгарытмы, якім мы хоцькі-няхоцькі, але ж незваротна перадаручылі выбар: якую музыку слухаць, якія відэа глядзець, з якім партнёрам прабавіць ноч (дакладней, рашэнне покуль нібы за намі, але ж толькі ў межах альтэрнатываў прасеяных і ранжаваных адпаведнай платформай, а кожны наш новы выбар становіцца чарговай ітэрацыяй пагоні лічбавага Ахілеса за чарапахай нашай удаванай духоўнай свабоды). Алгарытмы, якіх мы абралі ў свае асноўныя, а падчас і адзіныя дарадцы — што і дзе набываць, чым насалоджвацца, праз якую ідэалагічную шчыліну ўзірацца на свет. Тыя самыя, усімі клятыя, але ўжо неадхільныя алгарытмы, якія вырашаюць — што зможам прачытаць і ўбачыць, сярод пісанага і пошчанага нашымі бясконцымі «сябрамі» з сацыяльных сетак (тут мусіў быць самаіранічны каментар, дзе аўтар заклінае бязлітасныя алгарытмы Facebookʼа і інтэрнэт-пашуковікаў ушанаваць ягоныя спадзевы трапіць гэтым тэкстам на вочы як мага большай колькасці патэнцыйных чытачоў і ўслаўляе вашыя пальцы на кнопках «лайкаў» і «перапостаў»). Чытач, згадаўшы свае штодзённыя перамогі і паразы ва ўжо звыклай барацьбе з сённяшнім інтэрнэтам, без праблем зможа працягнуць прыклады і далей, балазе, па такія не трэба ісці далей за кончыкі ўласных пальцаў на экране смартфона. Нагадаю толькі разам з Айрольдзі: гэта — толькі навочная вяршыня айсбергу. Далей распасціраюцца невядомыя большасці і куды болей небяспечныя тэрыторыі ўладарання алгарытмаў, здольных за мілісекунды ствараць і нішчыць дзевяцінулявыя багацці на фондавых рынках, дзе тым жа алгарытмам даручана абіраць цэлі баявых дронаў, вызначаць магчымых рэцыдывістаў сярод асуджаных, вылоўліваюць удзельнікаў «беспорядков» на менскіх вуліцах … і гэтак далей, і да таго падобнае, ажно да самай нязнанай, спадзяванай і страшнай адначасна нашай будучыні… Тое, наколькі глыбока «усёмагутныя» алгарытмы ўвайшлі ў міфалогію сённяшняга атэістычнага сакруму засведчаць чуткі пра апошнія (ці, прынамсі, перадапошнія) выйграныя імі амерыканскія выбары, пра іх вырашальную ролю ў Брэйксіце, дый бадай у любым з бедстваў сучаснага чалавецтва. Або гісторыі-апокрыфы шматкроць чутыя ад знаёмых аўтарам гэтых радкоў (як, думаю, і іх чытачамі): «варта было мне толькі было падумаць пра тое побач з тэлефонам, як Facebook ужо прапанаваў мне …». Як чалавек прамарнаваўшы ладную частку сваёй «біяграфіі» на кантэкстную рэкламу, г. зн. быў тым, хто змушаў Google і Яндэкс з першымі зазімкамі нашэптваць вам праз усе дасяжныя рэкламныя пляцоўкі: «Замёрзли? Поменяйте старые окна на окна ПВХ! Только сегодня со скидкой 20%. Замер и установка бесплатно» і далей у тым жа дусе, — стаўлюся да падобных аповедаў з ладнай доляй скепсісу. У інтэлектуальнае здавальненне ад кнігі Айрольдзі, таму, у маім выпадку ўпляліся і асабістыя ноткі. Аўтар «Машыннага габітуса» алгарытмы не дэманізуе і не абагаўляе. Асноўны пафас ягонага тэарэтычнага падыходу снаваны на тым, што нішто «чалавечае занадта чалавечае» ім не чужа. Сваіх багоў, прынамсі ў гэты раз, мы зляпілі паводле ўласнага «вобразу і падабенства». Нягледзячы на ўсю вонкавую загадкавасць іх паводзінаў і пры неадхільнасці для сучаснага свету праблемы іх зразумення, мы, па меркаванню Айрольдзі, ужо валодаем неабходнай канцэптуальнай зброяй для спасціжэння алгарытмаў. Гэта зброя — сацыялогія.

Надта ж бо модную канцэптуальную стратэгію абраў Айрольдзі для сваёй кнігі. Перад намі працяг і заканамерны вынік адметнага трэнду, які прынамсі з 1960-ых і да сёння нязменна характарызуе дынаміку сацыялагічнай веды. Кажу пра нідзе і нічым покуль не спыненую, пераможную інтэрвенцыю яе тлумачальных прэтэнзіяў на ўсё новыя абшары. Нібы татара-манголы сучаснага эпістэмічнага свету, урываюцца сацыёлагі ва ўсё новыя анталагічныя тэрыторыі, захопліваюць у свае канцэптуальныя нераты ўсё новыя аб’ектныя ансамблі, не зважаючы на нямоглыя пратэсты аналізаваных і іх былых аналізатараў, кроячы наноў дысцыплінарныя межы і руйнуючы колісь непахісныя замкі аўтаномных навук…

Не паспела чалавецтва прызвычаіцца да словаспалучэнняў «сацыялогія культуры», «сацыялогія гісторыі», «сацыялогія тэхнікаў цела», як Дэвід Блур і ягоныя аднадумцы агаласілі т. зв. «сільную праграму», у якой спакусіліся на агульны і недатыкальны татэм «ісціны», узведзены на нічыйнай навуковай тэрыторыі… Адначасна прадстаўнікі STS уварваліся ў прыродазнаўчыя лабараторыі і з нахабствам этнографаў, якія назіраюць неразумныя рытуалы тубыльцаў, знайшлі ў адпаведных іерархіях і патэрнах паводзінаў «тлумачэнне» для вытворчасці сучаснай навукі… Недзе побач іх аднадумнікі вымяралі сацыялагічнымі лінейкамі мастацтва, літаратуру і Хараство як такое. Нарэшце, Бруна Латур і ANT-анталогія пайшлі на штурм апошняй і колісь святой па абодва яе бакі сцяны, якая дзяліла чалавека і прыроду, жывое і рэчыўны свет. Сацыялогія болей не хоча быць навукай аб грамадстве, як бы шырока не разумець апошняе, а толькі «уладаркай марской» — навукай аб любых рэляцыйных адносінах між «актантамі», пад якімі з аднолькавым поспехам разумее і людзей, і любыя не-чалавечыя існасці… Недзе на ўскрайку гэтага распярэзанага сацыялагічнага пагрому засталася малазаўважная параза гісторыкаў філасофіі: іх апошнія скарынкі «надзённага» пагражае адабраць трохгаловы цмок Блура, Бурдзьё і Колінза

Зрэшты, быўшы акурат гісторыкам філасофіі, з яе прынамсі трохтысячагадовай самарэфлексіяй, на такую гарэзлівасць новай, канчаткова парвалай з «маткай», дачкі філасофіі пазіраю з паблажлівасцю. Думаю ў «любові да мудрасці» хопіць акурат мудрасці і гістарычнага гарту дачакацца нават не трупа ворагу на хвалях, а непазбежнага адліву гэтага вірапеннага сацыялагічнага наступу, па якім, — перакананы як крыху ліцвін у душы — на беразе знойдзецца і бурштын навуковых ісцін…

Быў змушаны падаць у такім эскізным і літаратурна-іранічным ключы найноўшую гісторыю сацыялагічнай веды, бо для яе падрабязнага разгляду, а тым болей крытыкі, у гэтым тэксце не час і не месца. Але, думаю, собіў пераканаць у галоўным — новае словаспалучэнне і адпаведны новы канцэптуальны абшар «сацыялогіі алгарытмаў», на які прэтэндуе Айрольдзі, выглядае на тле апошніх трэндаў як іх цалкам заканамернае падоўжанне.

Тым болей, да гонару аўтара «Машыннага габітусу», варта зазначыць — у сваіх канцэптуальных прэтэнзіях і тэарэтычных пабудовах, не глядзячы на ўсё свае наватарства, выказвае ўхвальную сціпласць і нават традыцыйнасць.

Адносна цэнтральнага, сюжэтаўтваральнага канцэпту — машыннага габітусу — з вуснаў Айрольдзі прынамсі двойчы зрываецца прызнанне: яго трэба разглядаць як не болей чым метафару (29, 110). Кніга пярэсціць шматлікімі спасылкамі на Бруна Латура і ANT, але ж сам аўтар адмяжоўваецца ад іх інтэрпрэтатыўнай усяеднасці. Разглядае алгарытмы як абʼект сацыялагічных тлумачэнняў, не проста «таму, што можа», а дзеля больш паважных прычынаў — быў «узгадаванымі» на дадзеных з чалавечай культуры і створанымі для ўзаемадзеяння з людзьмі, у сваёй чыннасці і эфектах выяўляюць істотнае падабенства да чалавечых актараў. Айрольдзі, пры гэтым, зацемлівае: алгарытмы варта разглядаць не як паўнавартасных агентаў новай сацыяльнасці, але ж толькі прыпісаць ім пэўную ступень агентнасці (72) — у межах хутчэй метадалагічны прыёму, чымсьці як анталагічную ісціну. Канцэптуальна-метадалагічны рыштунак пазычае не ў навамодных нізвяргальнікаў, накшталт таго самага Латура, але ў амаль класіка сацыялагічнай тэорыі — П’ера Бурдзьё. Калі ж угледзіцца болей уважліва, то «габітус» і «палі» — гэта толькі адзін з імаверных (хоць, па меркаванню Айрольдзі, і найболей эўрыстычных) канцэптуальных інструментаў працы «сацыёлага алгарытмаў», сама ж дысцыпліна мусіць быць узведзена на апірышчы зусім «старасвецкіх» канцэптаў: «культура», «сацыялагізацыя», «структура грамадства».

Адкрочыўшы назад, да ўмоўнай «мета-» пазіцыі, заўважу на рахунак тых са сваіх чытачоў, хто звязаў лёсы з пэўнай гуманітарнай дысцыплінай: зірніце яшчэ раз на звыклы для вас метадалагічны інструментар і карыстаныя канцэптуальныя схемы адносінаў між тэарэтызаванымі абʼектамі — магчыма і яны прададуцца ў нетрадыцыйных абшарах. Можа акурат у вашай асобе сучасная навука чакае свайго філолага гвалту? гісторыка ісціны ці археолага сучаснасці? палітолага кампʼютарных гульняў? … (хацелася б, вядома, прывесці не меней правакатыўнае словаспалучэнне з філасофіяй, але апошнюю ўжо даўно і нашмат раней за сённяшні сацыялагічны імпэт характарызуе свая ўласная ўсяеднасць — нават «філасофія баявых дронаў» наўрад ці шакуе каго-кольвек).

Гуманітарныя навукі, у адрозненне ад прыродазнаўчых, не пазычаюць свае адзінства і дысцыплінарную ўстойлівасць ад замкнёнага і акрэсленага абʼектнага абшару. Хутчэй іх трываласць зададзеная канкрэтным наборам эпістэмічных працэдур і правілаў. А гэтыя працэдуры і правілы выкройваюць з рэчаіснага толькі абстрактныя абʼекты. Да прыкладу: эканамічны чалавек як адасобленая і аўтаномная адзінка, якая ўвесь час падлічвае свае магчымыя прыбыткі і страты, ёсць нагэтулькі ж уяўна-існым, як і ягоны негатыў — чалавек сацыялагічны: заўжды залежны ад грамадства і падлеглы рэдукцыі да сацыяльных адносінаў. Таму метадалогія і эпістэмічная оптыка гуманітарных навук дапускаюць свой перанос на новыя абʼектныя ансамблі і анталагічныя гарызонты. Тут варта павучыцца ў князёўны гуманітарных навук — матэматыкі (матэматыка гэта гуманітарная навука — ізноў жа, дзеля адсутнасці месца і часу для давядзення тэзы, пакіну яе як чыстую правакацыю).

Буду шчырым: знаёмства з анатацыяй «Машыннага габітусу» і акурат уся акрэсленая вышэй «моднасць» канцэпцыі кнігі ледзьве не аднадзілі мяне ад далейшага яе чытання. Уяўленне малявала тэкст у стылістыцы ўжо не раз згаданага Латура, толькі яшчэ — прынамсі таму, што эпігонства — горш: нечытэльны, з бясконцымі метафарамі выдаванымі за анталагічныя ісціны, дзе за шатамі прыспешаных і неапраўданых абагульненняў прыхаваная звычайная канцэптуальная нішчымніца, дзе зблытаны і грувасткі сінтаксіс маскуе няўцямную ідэалагічнаю пазіцыю ў якой безаглядны тэхна-скептыцызм суседзіць з рамантычным і летуценным постгуманізмам. Назва выдавецтва пэўнасці мне не дадала. Не маю нічога супраць «Polity», але ад яго не сыходзіць таго, нярэдка зманлівага, адчування грунтоўнай, амаль зануднай навуковасці, як ад, да прыкладу, Oxford University Press. Але ж першыя ўражанні і чытацкія прадчуванні, на шчасце, гэтым разам былі аблуднымі. Айрольдзі паспяхова зняпраўдзіў усе мае падазрэнні.

У «Машынным габітусу» знаходзім, па-першае, яснае бачанне і адказ на галоўнае пытанне да любой навуковай кнігі: навошта яна напісаная? Гэта не тэарэтычная знічка, пракрэсленая сярод цемры нязнанага выпадковай эпістэмічнай прыхамаццю аўтара, але плён дакладна вызначанай канцэптуальнай стратэгіі.

Айрольдзі заспявае ў сённяшняй сацыяльнай тэорыі цэлы шэраг ужо існых «крытычных даследаванняў алгарытмаў» (сritical algorithm studies) — тых ці іншых канкрэтных інтэрпрэтатыўных практык і падыходаў, аналітычных рэакцый на выклікі сучаснага лічбавага свету — і крэсліць для іх агульную, «парасонавую» канцэптуальную рамку, суадносіць іх з адзіным анталагічным гарызонтам, паралельна праводзячы разметку тэрыторыі: пазначае незапоўненыя і незаўважаныя дагэтуль інтэрпрэтатыўныя лакуны і магчымая альтэрнатыўныя развілкі тэорыі.

Па-другое, сённяшняму ўздыму Айрольдзі ў канцэптуальнае надхмарʼе папярэднічаў уласны аўтарскі досвед карпатлівай працы з эмпірыкаю. Да кнігі быў цэлы шэраг артыкулаў і даследаванне ўзаема-ўздзеяння алгарытмаў парады YouTube і індывідуальных музычных густаў на італьянскім музычным рынку. Густ, пры гэтым, быў прачытаны ў дусе канцэпцыі «габітусу» Бурдзьё — як сукупнасць дыспазіцыяў, закладзеных у чалавека ягоным сацыяльным і эканамічных паходжаннем і надзённым статусам. Цэтлікі «прыгожага» і «брыдкага», «элегантнага» і «безгустоўнага», чапляныя намі на свет, характарызуюць і нас саміх, і тое месца ў грамадскай іерархіі, якое займаем. Розныя крытэры эстэтычнай ацэнкі ўласцівы розным класам, ці сацыяльным стратам. Характэрныя патэрны спажывання музычнай прадукцыі з аднаго боку адлюстроўваюць існыя ў грамадстве асіметрыі, няроўнасць у доступе да адукацыі, вольнага часу і д.п., а з другога — слугуюць псеўда-легітымацыяй іерархічнасці сацыяльнага свету (вышэйшыя станы нібы займаюць свае месца не дзеля палітычных і эканамічных прычын, а дзякуючы свайму больш выкшталцонаму густу, сваёй набліжанасці да сапраўднай культуры). У самым спрошчаным і прымітыўным тлумачэнні, схільнасць да якога, на жаль, выказвае Айрольдзі: у той час як італьянскі працоўны здаволіцца італьянскім жа рэпам, інтэлектуал хутчэй аддасць перавагу бібопу і імправізацыйнаму джазу.

Але сёння музыка слухаецца пераважна праз YouTube і ў гульню ўблытваюцца алгарытмы апошняга — тыя, якія радзяць нам «падобныя відэа», і адказваюць за індывідуальнае напаўненне галоўнай старонкі сэрвісу, а, значыць, накіроўваюць, штурхаюць у пэўным напрамку, абмяжоўваюць наш выбар. Пытанне, якім рупіўся Айрольдзі ў сваіх папярэдніх даследаваннях: ці мацуе YouTube з ягонымі алгарытмамі існую ў грамадстве класавасць музычных густаў, або, наадварот дзейнічае насуперак і артаганальна да іх, даючы магчымасць італьянскаму пралетарыю адкрыць для сябе хараство сусветнага джазу?

Па-трэцяе, знаходзім у кнізе акурат тое, што чакаем ад грунтоўнага даследавання — багатую і прапрацаваную бібліяграфію. Кожная рызыкоўная тэза, нечаканая заўвага ці спрэчнае меркаванне завяршаюцца спасылкамі на адпаведныя тэксты, адкуль яны былі пазычаныя і дзе яны знаходзяць свае падрабязнае тлумачэнне і абгрунтаванне. Не ўдае з сябе Айрольдзі і ўсяведнага бога новай «сацыялогіі алгарытмаў» — у кнізе нямала пытанняў пакінутых без адназначных адказаў, але ў кожным такім выпадку чытачу будзе прапанавы спіс прапанентаў альтэрнатыўных ці супрацьлеглых падыходаў да іх развязання.

Агулам: калі вам не лёсіла покуль знайсці сваю ўласную навуковую тэму, тым болей раджу прыгледзіцца да «Машыннага габітусу», адкуль можна пазычыць нямала надзённых праблем узроўню як некалькіх аналітычных артыкулаў, так і кандыдацкай ці доктарскай дысертацыі, або калектыўнай навуковай працы на некалькі год наперад. Прычым гэта рэкамендацыя не абмяжоўваецца аднымі сацыёлагамі — перакананы: любы гуманітарый можа знайсці тут тэму цікавую яму асабіста і пад свае дысцыплінарную сілы.

Для тых, хто звернецца да Айрольдзі за правадырствам у сучасных крытычных даследаваннях алгарытмаў, асаблівую ўвагу радзіў бы звярнуць на падраздзел «Critical algorithm studies» (15-18) і на табліцу на 151 старонцы. У першай чытач знойдзе агульную панараму напісанага па тэме на гэты момант. Наколькі поўная гэтая складзеная Айрольдзі бібліяграфія, я, як поўны прафан у тэме, судзіць не бяруся, але, прынамсі, знайшоў тут чаканыя «The Culture of Connectivity» Хасе ван Дэйка і «Popular Culture and New Media» Дэвіда Біра — кнігі нагэтулькі папулярныя, што «звон» аб іх дайшоў нават да такога невука ў праблеме, як я. На месцы і нашумелая «The Age of Surveillance Capitalism» Шошаны Зубоф — кніга, якую я нават планаваў агледзіць у мінулым годзе, але, на жаль, не паспеў. Згаданая ж табліца будзе яшчэ болей карыснай для такога прагматычнага прачытання — тут знаходзім не проста пераказ і пералік асноўных тэарэтычных падыходаў і здабыткаў сённяшніх крытычных даследаванняў алгарытмаў, але ж пабудаваную на агульнай канцэпцыі кнігі іх класіфікацыю. Айрольдзі вылучае чатыры магістральныя лініі далейшай аналізу, для кожнай прапісвае комплекс звязаных з ёю асноўных праблем і пытанняў (у тым ліку дагэтуль покуль не развязаных) і для кожнай падае спіс тэкстаў з якіх варта пачаць…

Адным словам, для тых, хто яшчэ не акрэсліўся ва ўласных навуковых інтарэсах, ці каму пашэнціла супасці ў апошніх з Айрольдзі, яго кніга будзе сапраўднай знаходкай. Аўтар «Машыннага габітусу» вельмі спагадліва паставіўся да сваіх меркаваных прадаўжальнікаў: склаў для іх адпаведную бібліяграфію, накрэсліў асноўныя шляхі далейшых даследаванняў, прапісаў канкрэтныя пытанні, пакінуў, нават, ім пэўную ступень свабоды — бо, як ужо заўважана вышэй, каб працягнуць праект «сацыялогіі алгарытмаў» зусім не абавязкова цалкам успадкоўваць адметную бурдзьёніянскую тэрміналогію і канцэптуальную оптыку аўтара, для гэтага цалкам дастаткова агульнага катэгарыяльнага апарату сацыялогіі культуры і тэорыі сацыялізацыі.

Па-чацвёртае, не магу не адзначыць і ўдалую працу аўтара на тэрміналагічнай ніве. У «Машынным габітусе» знаходзім шчыльны і кагерэнтны катэгарыяльны апарат, снаваны трапнымі, учэпістымі метафарамі з дакладна акрэсленай семантыкай.

Размова пра тэрміналогію дае магчымасць споўніць і неабходны рытуал крытыкі аўтара. Наколькі ўдалымі і навукова асцярожнымі зʼяўляюцца паняційныя знаходкі Айрольдзі ва ўласна сацыялагічным абшары, нагэтулькі ж дзіўную неахайнасць праяўляе ён да ўласна тэхнічнай лексікі. Карыстаецца «айцішнай» тэрміналогіяй у абсалютна барбарскі спосаб. Гэта бачна ўжо з назвы кнігі. Айрольдзі не можа вызначыцца — чым уласна займаецца: «машынамі» або «алгарытмамі» (калі мне дазволена вырашыць за аўтара, то скажу: алгарытмамі і толькі імі). Гэта блюзнерская для любога праграміста і «тэхнара» няўважлівасць да разрознення «харда» і «софта», як і іншыя болей дробныя памылкі, відаць і на жаль, аднадзяць ад кнігі большасць з іх, апроч зусім паблажлівых да гуманітарнага дыскурсу.

You may also like...