Іван Новік. Пратэстадыцэя: мадальнасці беларускай палітыкі.

Мінулай суботай «беларускую народную кафку» – з якой, да ўласнага жаху, мы пакрысе пачалі нават зжывацца – папоўніў новы яскравы эпізод: фарс «круглага стала». Сурагат чаканага «грамадскага дыялогу» – варʼяцкі і агідны – прадʼявіла нам дзяржаўнае тэлебачанне, не забыўшыся, вядома, на пахвалы смеласці і спагадзе ягонага ініцыятара… У чэраве КДБ палітычныя зняволеныя, пазбаўленыя элементарных нават перадумоваў свабоды выказвання, усаджаны за адзін стол з дзеючым прэзідэнтам, каб абмеркаваць… што?! і як?!

Нядзеля прынесла некаторую яснасць. Праяснілася, калі не канкрэтыка размовы, то, прынамсі, альтэрнатыва перад якой іх паставілі: маўчаць і застацца ў няволі, ці – агучыць выгоднае ўладам і выйсці на волю, да недаверлівых і асуджальных поглядаў знаёмых…

Прабачце, але гэта нагадвае мне «просьбу» гвалтаўніка пацалаваць яго з каханнем узамен на спыненне згвалчання. Маюць рацыю, вядома, і эксперты, якія нават такі крок называюць беспрэцэдэнтным і бачаць у ім спадзеў для нас. Да праўды, «гвалтаўнік» знячэўку перастаў абʼектывізаваць сваю ахвяру, прызнаў яе існаванне і права на голас, і змусіла на тое яго зусім не раптоўнае абуджэнне сумлення. Але я хачу сказаць пра іншае.

Скажу, што не быў здзіўлены – вядома схлушу. Але – ці ж не пабачылі мы нешта вельмі знаёмае? Ці ж не быў нам прадэманстраваны «ідэальны тып» тых «дыялогу» і «сацыяльнага кантракту» з уладаю, паводле якіх жылі апошняе дзесяцігоддзе? Усе мы былі паняволеныя ўласным побытам, узяты ў закладнікі свайго дабрабыту, здароўя, сямʼі, прафесіі і працоўнага калектыву. Бясспрэчна – аналогія з вязнямі СІЗА сумнеўная, у тым ліку і з маральнага пункту гледжання, але ўсё такі насмелюся яе правесці. Беларуская «сацыяльная дамова» фармулявалася менавіта так: альбо – палітычная бязмоўнасць, як сплата за дазвол бестурботна займацца ўлюблёнай справай, здабываць «надзённы» і, нават, на ікру на ім, дбаць пра сямʼю, альбо – палітычныя выказванні і ўчынкі, але толькі ў абсягах і па правілах акрэсленых уладаю, дый яшчэ і з рэпутацыйнымі стратамі, з самой палітыкай амаль не сумяшчальнымі.

«Вертыкаль» – як той Ленін з лязом у руцэ з анекдоту – сілкавалася нашымі віртуальнымі страхамі, існавала за іх кошт. Калі будзеце праходзіць ля Адміністрацыі прэзідэнта, якая на Маркса – прыслухайцеся. Паветра рэжуць вусцішныя, спалоханыя галасы шматлікага птаства – гэта магнітафоны запіс уключаны па коле абараняе «установу» ад птушынага «непатрэбства». Ідучы побач заўжды думаю – ці ж не праменіць тая ж самая Адміністрацыя і іншыя, «антрапалагічныя» фантомныя крыкі жуды і адчаю: «не падыходзь, адсланіся, хіба ў цябе няма ўразлівага цела, якое так проста збіць, гаманца, які можна спустошыць, любімай і прыбытковай працы, з якой льга звольніць, волі, якую не цяжка забраць, дзяцей, за якіх варта непакоіцца, сваякоў і калегаў, каб з імі не сварыцца, нават – Беларусі – аб суверэнітэце якой мусіш дбаць?».

Улада ўвесь час гандлявалася нашым непакоем, віртуальнымі «а раптам?», спаганяючы нашыя маўчанне і «апалітычнасць» па векселю нашых жа страхаў.

Ілюзія адноснай прыстойнасці паводзінаў уладаў была набытая коштам нашага палітычнага маўчання.

Абарона здароўя, магчымасць адукацыі, празрыстыя эканамічныя правілы і вяршэнства права? Гэта толькі для «добрапрыстойных» (сцята маўклівых ці «патрыятычна» заўжды згодных) грамадзянаў яны былі функцыямі дзяржавы, для «так званых апазіцыянераў» – гэта даброты, якіх заўжды можна пазбавіць. Тваё цела – гэта віртуальны сіняк; кожная здабытая капейчына і рэч – віртуальная страта; сямʼя, сваякі, знаёмыя і калегі – віртуальныя сваркі і непаразуменні; любоў да радзімы – віртуальная роспач змушанай эміграцыі, твая краіна – гэта віртуальная «а раптам вайна»…

Хочаш «лезці» у палітыку? – тады падбай пра кожную дробязь. Свабода грамадзянскай пазіцыі нібы была не сумяшчальная з самім грамадзянствам. Калі цябе не собіла супасці з увесь час зменлівым апартуністычным дзяржаўным курсам, то – ты бязродны намад, які сам мусіць падумаць пра кожную магчымасць негатыўнай будучыні. Цябе не страшыць адлічэнне, звальненне, арышт, збіццё? То ў цябе ёсць сямʼя і калегі, аб бяспецы якіх ты мусіш паклапаціцца, якім не варта «ствараць праблем». Падумай аб лёсе людзей, якія табе павераць і пойдуць за табою. Згадай урэшце аб сваёй краіне, якая на зло табе здольная «адмарозіць вушы» свайго суверэнітэту і эканамічнай бяспекі.

«Прэвентыўны аўтарытарызм»: у варунках адсутнасці незалежных прафсаюзаў, самастойнага бізнесу, пагрому недзяржаўных установаў і СМІ, ты ў сваім палітычным «непаслушэнстве» мусіў астацца сам насам перад усімі сваімі страхамі, перад непаразуменнем і гневам калегаў, якіх ты «падставіў» перад начальствам і д.п.

Мы былі ў закладніках кожнага з сацыяльнага інстытутаў, да якіх прыналежалі.

Вонкавыя (і многія ўнутраныя) назіральнікі дзівяцца нечаканым паводзінам нашага «рэвалюцыйнага» студэнцтва – замест таго, каб, як на вядомых карцінках «68-га», захапіць універсітэты, барыкадаваць іх уваходы, тыя з дзіўным утрапеннем мкнуць на вуліцы. Гэтак жа сама, зусім не «па метадычках» згаслі першыя беларускія стачкі і спробы апанаваць прадпрыемствы. Мая гіпотэза: інтуітыўна і паводле «падказак» кіраўніцтва беларускія студэнты, працоўныя адчулі – універсітэт, завод, фабрыка не належаць ім, гэта інстытуты іх заняволення. «Ваша справа – вучыцца ці вучыць, лячыць людзей, настаўнічаць, збіраць машыны. Не падстаўляйце калег, не стварайце ім залішніх праблемаў!». Нам належыць толькі вуліца, куды і рушым з такім дзіўным імпэтам.

Беларуская большасць, нягледзячы на прыхаваную нязгоду, вярталася да заняволення палітычна нямкой штодзённасці, а палітызаваная меншасць была змушана публічна дэманстраваць сваю індукаваную немач і безразважнасць. Беларускія палітыкі заўжды выглядалі ў вачах грамадства бясплённымі летуценнікамі ці небяспечнымі агентамі хаосу: «дзе вашыя планы?», «што будзіце рабіць калі вас падмануць, зняволяць, забʼюць?», «навошта падстаўляеце народ пад арышты і рэпрэсіі?!».

Будзем шчырымі перад сабой: нават формы нашага пратэсту – такія модныя і сучасныя – таксама покуль яшчэ часткова змушаныя і індукаваныя палітычнымі акалічнасцямі. Гарызантальныя, не іерархічныя сувязі? – але ж колькі поклічаў было да зʼяўлення лідараў! Іншая справа, што кожнае выказванне нават прэтэнзіі на лідарства не засталося без пакарання. Нашы дэманстрацыі выключна мірныя, не толькі таму, што «мы неймаверныя», але яшчэ і таму, што ўсімі сіламі прагнем засцерагчыся ад гэтак відавочнай пагрозы разʼюшанага гвалту. Жаночы рух і феміністычная павестка? Але ж нашыя жанчыны выйшлі на вуліцу, каб абараніць перад усім сваіх сужэнцаў і каханых, якія нічога не здолелі супрацьпаставіць рэпрэсіўнай машыне.

Нават у замежнапалітычным контуры дагэтуль Беларусь існавала пераважна за кошт дывідэндаў з узаемных страхаў «Захаду» і «Усходу». Патрабавала інвестыцыяў, зніжак, прызнання, пагражаючы на зло «еўрапейскім каштоўнасцям» згубіць уласны суверэнітэт недзе ў еўразійскіх стэпах, згнаіць палітычных зняволеных, адмовіць уласным грамадзянам у іх жа свабодах. Застрашала «Крэмль» забыцца на «супольнае слаўнае мінулае», раскілзаць свае «нацыяналістычныя інстынкты» і прыгнеціць «правы рускамоўных». Мы не збіраліся сябраваць з усімі сваімі суседзямі, мы злаўчыліся баяцца разам з кожным з іх рэшту ўсіх астатніх.

«Вы не вольныя дзеля сваёй жа партыкулярнасці, вам наканавана палітычнае маўчанне. Хочаце палітыкі – гуляйце па нашых правілах: прадэманструйце сваю нямогласць і вам будзе дадзены дазвол на публічнасць» – такі «сацыяльна кантракт» мы расчулі ў беларускім паветры. І таму кажу: «круглы стол» у СІЗА нас не мусіў здзівіць.

З нагоды таго самага «круглага стала» убачыў у кагосьці з беларускіх аналітыкаў разважанні па матывах вядомага выслоўя «палітыка – гэта мастацтва магчымага». Але акурат магчымасці ў вязняў СІЗА і скрадзеныя! Гэтак жа сама як раней было пазбаўлена ўсялякіх станоўчых імавернасцяў беларускае грамадства. Каб не было «вайны», як «у Украіне», «у 90-ыя»… – пільнавых уладамі беларускіх неўрозаў – мы мусілі супакоіцца ў паслухмяным прыняцці рэальнасці. Ніякага праліку палітычных магчымасцяў – толькі голая асертарычнасць: пакорлівае «так», або нямкое і паняволенае «не», прызначанае выключна для «кухонных» вушэй. Плюс каліва няўрымслівых палітыкаў для закрасы «чыстых вуліц і мірнага неба», але, ізноў жа, пастаўленых перад простым асертарычным выбарам: ганарлівы байкот ці сама-дыскрэдытацыя заклікаў на Плошчу («не падумаў, не падбаў, падставіў…»). Ізноў жа – голая дыхатамія «так» ці «не». Рэжым грунтаваўся на поўнай асіметрыі падзелу палітычных мадальнасцяў і сілкаваўся ёю.

Шэранню віртуальных страхаў улада клалася на нашы целы, лёсы, заняткі і сімпатыі. Безальтэрнатыўны выбар між голымі «так» ці «не» для нас, і безліч віртуальнасцяў, якія клубіліся між траўматычным мінулым і бясконца адкладзенай прышласцю – для рэжыму. Рэжыму нявырашанасці, адтэрмінаванасці – у якіх, парадаксальным чынам, і месцілася ягоная моц і трываласць. Варта было толькі навіснуць над беларусам хмарай негатыўных імавернасцяў, каб адвучыць яго ад сузірання нябёсаў, змусіць утаропіць погляд у «рэальнае» пад нагамі…

9-11 жніўня і два наступных месяца змянілі ўсё. Усе віртуальнасці скалапсавалі ў крывавай рэчаіснасці. Імпліцытная пагрозы ператварыліся ў канкрэтныя рэпрэсіі, якія, у адрозненні ад былой віртуальнасці, аказаліся вельмі выдатковым і рэсурсным «пачынаннем». Амаль усе геапалітычная «вушы» ужо адмарожаныя на зло суседзям: суверэнітэт, такі панадны для «старэйшага брата», тае на вачах, адносная «прыстойнасць» паводзінаў, за якую можна было спаганяць са «старой Еўропы» таксама забытая… Болей няма тых альтэрнатываў, бясконца адкладзены выбар між якімі і быў асноўным рэсурсам улады. Цяпер яна пастаўлена перад голай асертарычнай дыхатаміяй: далей інкапсулявацца ад рэчаіснасці ў няможным «не» дыскурсу пра «лязгат гусеніц» і «чэшскіх лялькаводаў», ці нарэшце прызнаць новую рэчаіснасць; пачуць і прызнаць нашыя патрабаванні, ці і далей збіваць… Толькі «так», або палахлівае «не». А мы… мы вучымся не вінаваціць адно аднога за непралічаныя паразы, але салідаравацца з ахвярамі; мы вынаходзім усё новыя магчымасці пратэсту і абʼяднання; мы нарэшце пакрысе пачалі ствараць фарматы супольнасці, лаяльнасць да якіх не будзе формай нашага заняволення. Мы выкрочваем на нядзельных маршах, нітуем супольнымі дваравымі спевамі і абмяркоўваем у размаітых чатах нашу новую сацыяльную рэальнасць набрынялую магчымасцямі. Ніхто не кажа, што наша будучыня будзе бясспрэчна шчаснай, ніхто не адмаўляе імавернасць лакальных паразаў, і нават нашу агульную перамогу покуль точыць шашаль сумневу, але нашых супольных магчымасцяў ужо не адняць. Менавіта таму ўлады і ідуць на эскалацыю, правакуюць на гвалт – бо барыкада, захоп адміністратыўных будынкаў, бойка з сілавікамі… гэта дыхатамічная логіка вайны: параза або перамога, а іншага не дадзена. Гэткай асертарычнай чыннасці рэжым дасць рады – да яе ён рыхтаваўся ўвесь гэты час, на яе нацкоўваў свае «сілавыя ведамствы»: выхапіць завадатараў, нейтралізаваць найбольш ваяўнічых, астатніх – абрынуць у нямоглую роспач. Але што рабіць з нашай новай логікай імавернага – улада не ведае.

***

Пра што думаеш, Іване, почасту пытаюць у мяне знаёмыя і ўвесь час – першая старонка фэйсбука. А думаю я апошні час пра адное: што магу і мушу сказаць у святле апошніх падзей. Па-першае, даецца ў знакі абражаны гонар аматара «першай навукі»: покуль філосафы выглядаюць не найлепшым чынам на тле шалёных падзей 2020 году. Грамадскай увагаю апанавалі эксперты – уладальнікі лічбаў, прыгожых графікаў і «інсайдаў» з неабходных ведамстваў. Філасофскія адказы на сусветны выклік covidʼу і на беларускую палітычную сітуацыю покуль не ўражваюць. Па-другое, думаю таксама пра тое, як вывесці ўлюблёную філасофію з-пад удару таго «віртуальнага страху», пра які пісаў у першай частцы: як разарваць кругавую паруку ўзаемнага сцятага палітычнага маўчання, калі салідарнасць з калегамі была формай дабравольнага анямення («каб не было праблем у факультэта, інстытуту, самой беларускай філасофіі…»).

Падказку знайшоў у нечаканым месцы – у «Тэадыцэі» Лябніца, дзе ёсць такія радкі (7-мы тэзіс 1-ай часткі):

«Трэба шукаць прычыны існавання сусвету, які ёсць ансамблям выпадковых рэчаў <…>. Гэтая прычына мусіць быць разумнай: калі дадзены, існы сусвет – выпадковы і існаванне безлічы іншых сусветаў гэтак жа сама магчымае, і кожны з іх гэтак жа сама, так бы мовіць, прэтэндуе на існаванне поруч з наяўным, то прычына сусвету з неабходнасцю мусіць прымаць усе гэтыя магчымыя сусветы пад увагу і ўступаць з імі ў адносіны, каб абраць адзін з іх. Гэтае ўзяцце пад увагу ці суаднясенне існай субстанцыі з чыстымі магчымасцяў не можа быць нічым іншым як розумам…».

Ляйбніц уступае тут у завочную палеміку з Спінозай і ягонай формулай: «Deus sive natura» («Бог, альбо прырода», Бог як прырода), Богам зразуметым як сама неабходнасць натуральных законаў, Богам убачаным у натуральных законах. Сучаснікаў Спінозы, у тым ліку і самога Ляйбніца, у такой формуле абразіла такое разуменне боскага, бо яно не пакідае за Ўладаром сусвету нічога падобнага да розуму і волю, прынамсі, у іх чалавечым разуменні.

Фактычна, як контраргумент Спінозе і піша Ляйбніц вышэйпадзеныя радкі. Але, адклаўшы ў бок тэалагічныя спрэчкі і перакладаючы на сучасную філасофскую мову, чытаем: розум ёсць карэлятам магчымага, аператарам адносна імаверных сусветаў. Розум рэлятыўны, суадносны з магчымасцямі: чым большы абʼём імавернасцяў ён здольны ахапіць, чым большай сукупнасцю імавернасцяў аперуе – тым большая ягоная «разумнасць». Напярэдадні выбараў Бабарыка казаў пра «вывучаную бездапаможнасць». Я, аглядаючыся на Ляйбніца, сказаў бы пра «індукаваны нярозум». Беларуская палітыка была «нярозумам», бо аперавала пустым мноствам імавернасцяў. Мы шлі на выбары, «Плошчы» і пратэсты з настроем фаталістаў: «нічога не змяніць». Мы набывалі беларускую штодзённую кемлівасць коштам палітычнай неразумнасці. Віртуальная пагроза гвалту і рэпрэсіяў разлітая ў паветры рабілі адзіна рацыянальным выбарам «апалітычнасць». Любая ж спроба палітычнага выказвання адразу выглядала на іх тле як відавочны «нярозум».

Сёння на паранаідальны нярозум хварэе сама беларуская ўлада: усе віртуальнасці скалапсавалі, усе магчымасці скасаваныя ў цугцванге бягучай сітуацыі. Мы ж, абмінаючы прапанаваны нам эскалацыйны адказ барыкадаў і захопаў, папаўняем фонд нашых аперантных магчымасцяў і тым самым становімся разумней. Дагэтуль беларускі пратэст адбываецца як злічэнне магчымасцяў: арыштуюць гэтых лідараў, абярэм новых; перакрылі вуліцу – пойдзем па іншай; высылаюць з краіны – парвем пашпарт і г.д. Ужо тры месяцы паводзіны беларусаў выглядаюць надзіва рацыянальнымі і спланаванымі. Нядзіўна, што дзяржаўныя ідэолагі трызняць цэлымі штабамі і аддзеламі ў Амерыцы, Польшчы, Літве…, якія ўсё гэта загадзя прадбачылі і падступна пралічылі. Але розум, які «спланаваў» беларускі пратэст эмерджэнтны, размеркаваны і дарма яго шукаць у асобах канкрэтных «лялькаводаў». Ён узнік як неабходны карэлят нашых новых палітычных магчымасцяў…

You may also like...