Іван Новік. Ігнат Абдзіраловіч: тры парады для бягучага моманту.
by Novik Ivan · 04.10.2020
У патроны сайта і праекту абраны Ігнат Канчэўскі-Абдзіраловіч. Абраны ён у патроны і беларускай філасофіі. Той беларускай філасофіі, дзе «беларуская» пазначае нешта большае за выпадковую геаграфічную акалічнасць. Гэтаму міфу пра адзінага і самотнага пачынальніка мог бы, як гісторык філасофіі, лёгка запярэчыць. У той самы час былі і іншыя, хто пісаў і тварыў філасофію па-беларуску: Уладзімер Самойла-Суліма, Фабіян Абрантовіч, Адам Бабарэка, Аляксандр Цвікевіч… дый нават савецкія марксісты, якія партыйным загадам былі змушаны ў трыццатыя пісаць па-беларуску. Недзе далей, нязнаныя ў шырокіх грамадскім колах засталіся і Андрэй Волян, Казімір Нарбут, Анёл Доўгірд, Марʼян Масоніус дый іншыя – пісаўшыя ў іншых мовах, але без якіх гісторыя беларускай думкі ніколі не будзе поўнай. Мог бы аспрэчыць, але не буду – бо міфы не разбураюць, а знаходзяць у іх натхненне і ўсё новыя сюжэты для сучаснасці. Замест таго дазволю сабе гісторыка-філасофскае блюзнерства. Бо гісторык філасофіі ў адрозненне ад самога філосафа забараніў сабе пытанне: хто быў правы і за кім у мінулых спрэчках засталася ісціна…
Ісціна і рацыя за «Адвечным шляхам» Ігната Абдзіраловіча – цвердзіць сённяшняя Беларусь, штодзённа прапануючы ілюстрацыі да знакамітага эсэ. Ёсць сугуччы відавочныя. Нашы дэманстрацыі, якія кружляюць па вуліцах Менску, паспяхова абмінаючы кардоны і АМАПаўскія шыхты, несупынныя, як вясновы ручай і – «ліючаяся форма». Наш смех і наша творчасць, адбітая на муралах, плакатах, лозунгах, перформансах і ў музыцы, у палу якіх паволі, але неўнікнёна тае айсберг уладнай «вертыкалі» (няхай вонкавая, бачная частка і ўдае з сябе непахісны «маналіт», але ж мы ведаем, што асноўныя падзеі адбываюцца «унізе») і – «творачы зруйнуем». Гэта сугуччы навочныя, пра іх ужо сказана і напісана. Звярнуся да ідэй меней відавочных і наўпрост у «Адвечным шляху» не прамоўленых.
Мастацтва падзення ў будучыню.
У Беларусі адбываецца цуд. Як кожны сапраўдны цуд, беларускі вылучаецца сваёй асінхроннай гістарычнасцю. Кагосьці ён заспеў яшчэ да жніўня, нехта не зразумеў і не ўбачыў яго і пагэтуль. Не зразумеў ці адмаўляе, бо покуль беларускі цуд пазбаўлены свайго сапраўднага імя.
Кажуць пра «нараджэнне нацыі». Добрая назва для фільма стогадовай даўніны, ці азначэння «нашаніваўскага перыяду». Сёння казаць пра «нараджэнне нацыі» азначае ізноў упісаць нашую гісторыю і сучаснасць у аблудную парадыгму «даганяючага нацыяналізму». Ізноў беларусам кудысьці ў прыхапкі пнуцца, таўкацца, бегчы за зніклым за даляглядам цягніком. «Ніякага цуду і нічога дзівоснага, суседзі, вы гэта пражылі сто год таму, то дазвольце і нам» – кажа беларуская сціпласць у словах пра «нараджэнне нацыі». Не дамо ж падмануць сябе ўласнай сціпласці!
«Нараджэнне нацыі», апроч таго, гэта занадта абстрактна, адцягнута і пафасна. Гэтыя зацяганыя словы аніяк не супадаюць з тым канкрэтным, блізкім, амаль цялесным досведам, якім прычашчаемся штодня. Па метафары, таму, звярнуся да больш блізкай сферы інтымных і цялесных пачуццяў.
Ёсць вядомы псіхалагічны тэст: каб спраўдзіць уласны давер да блізкіх, сяброў, калегаў ці, нават, проста людзей у пакоі, падаюць спінаю назад на падстаўленыя рукі. Пазбыцца на момант свайго нацятага кантролю і свайго страху, пазбыцца паняверкі ў людзей, каб упасці ў спагадлівыя і моцныя рукі, адчуць уласнай спінай чалавечую салідарнасць…
Вальтэр Бенʼямін казаў пра Анёла гісторыі – позірк ягоны абернуты назад, у мінулае. Не бачыць нічога, апроч нагрувашчання руінаў чалавечага, у той час як шквал прагрэсу імкне яго ў невядомую прышласць. Кожны з нас – такі анёл гісторыі, ці ў кожным з нас жыве такі анёл. Бачым мінулае і абрынаемся ў нязнаную будучыню. Ведаць ці пралічыць заўтрашні дзень не дадзена нікому, страшыцца надыходзячага – нармальна.
Хтосьці асцярожна і баязліва крадзецца, хтосьці спрабуе пралічыць свой кожны крок, хтосьці чапляецца за побыт, не жадае зрушыць ад знанага ні на цалю. Але ёсць і тыя, хто рашуча падае ў заўтрашні дзень, бо ведае – там яго падхопяць спагадлівыя і моцныя рукі.
Беларусы не «абуджаюцца», не пратэстуюць і, нават, не «дэманструюць» сябе. Яны вучацца давяраць. Давяраць адзін адному і сваёй будучыні.
Бегаць па дварах ад падазроных «бусаў», імкнуцца «да Стэлы», калі сумнеў шэпча: «разгоняць, людзі стаміліся, надворʼе не тое, пратэст здуваецца», каб убачыць людское мора; ці, наадварот, стаяць і не бегчы, ухапіць незнаёмых людзей побач пад локці, нягледзячы на відавочную пагрозу; сказаць тое, пра што ўсе так напружана маўчаць, не збаяўшыся звальнення і іншых рэпрэсіяў; засланіць уласнай спінай «несанкцыянаваны» малюнак, гледзячы ў вочы ўласным страхам… – усё гэта шматлікія формы «падзення спінай» на падстаўленыя рукі іншых.
Нашы страхі вядомыя і пералічаныя: «рука Масквы» і «нага Захаду», «неаліберальная разруха» і «непазбежныя шокавыя рэформы» ці «страта суверэнітэту», нарэшце: «звольняць», «пазбавяць прэміі», «прыйдуць па цябе». Але ўсё болей беларусаў, нягледзячы на агульныя страхі, адчапляюць пальцы ад штодзённасці, завядзёнкі, адмаўляюцца ад доўжання таго ж самага, каб упасці спінай у прышласць. Падаюць, бо пэўныя – ім не дадуць разбіцца: знойдуць новую, лепшую працу, сабяруць грошы на штраф, дапамогуць парадаю і клопатам. У гэтым даверы да людзей знікаюць, чэзнуць усе нашыя страхі за суверэнітэт, эканоміку і палітычную будучыню.
І раней былі мужныя адзінкі – якія прамаўлялі, тады, калі маўчаў літаральна кожны, змагаліся, калі астатнія жылі штодзённым клопатам. Яны таксама «падалі ў прышласць» – туды іх клікалі ідэалы і вера ў каштоўнасці. На жаль ані ў ідэалаў, ані ў каштоўнасцяў рук няма – простых і цёплых чалавечых рук. І таму яны падалі. Шмат каму з іх было наканавана разбіцца аб шарую беларускую будзённасць, аб зацятае беларускае маўчанне, упасці каб памножыць уласную і нашу паняверку. У гэтым годзе змянілася ўсё.
Нас спрабуюць раздрабніць, пераканаць у антаганізме, накінуць вобраз «грамадзянскай вайны», навязваюць штучныя, прапагандысцкія падзелы: «западэнцы» і «усходнікі», католікі і праваслаўныя, празаходнія і прарускія, «ябацькі» і «наркаманы, алкаголікі і прастытуткі» – «мы адзін народ!» адгукаемся ў адказ. «Адзін народ» сказана покуль авансам – бо падзел ёсць, адзіны, але сапраўдны. Падзел на тых, хто яшчэ баіцца і хто ўжо паверыў у нашу супольную будучыню. Тых, хто зарокся мроіць і тых, хто ўжо ўпэўніўся ў моцы рук беларусаў.
Навучыцца падаць назад у будучыню не проста, навучыць – яшчэ цяжэй. Але трэба – бо тых, хто яшчэ не з намі, хто маўчыць і нават лае, не трэба ганіць і не трэба з імі ваяваць. Іх трэба навучыць даверу да нашай супольнай будучыні. Навучыць уласным прыкладам і прыкладам Ігната Канчэўскага-Абдзіраловіча.
Цуд 21-га году.
Вясною 1921 года малады (дваццаціпяцігадовы) чалавек, летуценны, але прагны да канкрэтыкі дзеяння, абуджаецца ў шпіталі Мішмэрэс-Хойлім. Абуджаецца пасля самай страшнай зімы ў сваім жыцці, пасля кашмару і ад «кашмару гісторыі».
Яго, хворага на сухоты – тагачаснага covidʼу – упэўненага ў смяротным выраку, ратавалі «талакою»: збіралі грошы сярод знаёмых і спагадлівых незнаёмцаў, лячылі ў шпіталі, прызначаным для габрэяў, нягледзячы на нацыянальнасць. Ён, як і кожны перакананы беларус, не мог успрымаць Рыжскі мір інакш, як нацыянальную катастрофу, але ўбачыў, як абуджаецца пасля гэтай страшэннай, здавалася б смяротнай, паразы Беларусь, бярэ ў свае ўладныя рукі кааператыўны рух, школьніцтва, гаспадарчае і культурнае жыццё.
Тая вясна, дзе вясновая квецень віленскіх вуліц суседзіла з росквітам беларушчыны, сталася для яго найлепшай прышчэпкай ад хваробы паняверкі. Болей Ігнат Канчэўскі, знаёмы нам як Ігнат Абдзіраловіч, ніколі не сумняваўся ў беларускай прышласці. А свае веснавое ўтрапенне выснаваў у эсэ «Адвечным шляхам». У ім, калі прыгледзіцца, можна знайсці тры асноўныя правілы падзення спінай у будучыню, якія я, крыху ўмоўна, азначыў так: а) імператыў лакальнасці, б) эканоміка любві і в) геаграфія часу.
Імператыў лакальнасці.
Кожны з нас жыве з асабістых ідэалаў, у кожнага ў галаве – свая палітычная праграма. Але надыходзіць час дзеяння і тады прачынаюцца шэпты сумневу. Для кагосьці замала бел-чырвона-белых сцягаў (прынамсі, было замала), для кагосьці наадварот – зашмат. Хтосьці не чуе беларускай мовы, а хтосьці – бачыць пагрозу для беларускай рускай культуры. Адзін чакае пралетарскай рэвалюцыі і адмаўляецца рабіць нешта, покуль не спраўдзяцца ягоныя спадзевы, другі – згодны ўдзельнічаць толькі ў нацыянальным руху ці дэмакратычных пераўтварэннях. А час сыходзіць і канкрэтныя ўчынкі аказваюцца нерэалізаванымі.
Тады – у Сярэдняй Літве дваццатых Канчэўскага, таксама было шмат палітычных праграмаў і ідэалогіяў. Ён азіраўся навокал і бачыў аднолькава аблудныя шляхі варажнечы, вайны да апошняга знішчанага апаненту і механічнага кампрамісу, адкладзенай на заўтра бойкі, і не згаджаўся абіраць ніводны. Але бачыў ён і іншае: як сацыялісты і камуністы, рэвалюцыянеры і лібералы, беларусы, габрэі, палякі, немцы, літоўцы і рускія Віленшчыны ядналіся ў кааператывах і пасольскіх Клубах, каб вырашыць бягучыя і надзённыя патрэбы Краю і сваіх народаў. Знаходзілі формы еднасці і салідарнасці, нягледзячы на розныя ідэалы і палітычныя праграмы, без здрады ім, але і без бясплённага рэзанёрства. Акурат такую салідарнасць і назваў «ліючайся формай». Формай палітыкі і формай сацыяльных інстытутаў, якая не парываючы з сваёй існасцю, не адрываючыся ад свайго ідэалагічнага карэння, здольныя падладжвацца пад канкрэтныя выклікі. Формай, якая не замінае дзеянню і чалавечай творчасці, а не зʼяўляецца апалогіяй нерашучасці.
Можна бясконца прыводзіць рацыі, чаму «я не з імі», адмаўляць усё існае і марна чакаць «сапраўднай» будучыні, дзе будзе дазвання разбурана ўсё і калі расчысціцца месца для «нашага, новага свету». Можна сысці ва ўтульнае гета, зачыніць вокны і дзверы, каб сказаць сваю партыкулярную ісціну для кола абраных, а сацыяльны свет уяўляць, як простую механічную, арыфметычную суму «нас» і «іх». А можна крочыць у напрамку свайго ідэалу і адчуць, як безліч такіх крокаў зліваецца ў інтэрферэнцыі нашага агульнага «адвечнага шляху».
Эканоміка любві.
Шмат хто ведае і чуў пра Ігната Абдзіраловіча – аўтара «Адвечным шляхам». Але Ігнат Канчэўскі, сапраўдны аўтар, мала кім знаны. Рэдка які чытач эсэ здагадваецца, што гэта не адзіны твор нашага нязнанага знаёмцы, а яшчэ меней тых, хто гэтыя іншыя творы прачытаў. Апроч «Адвечным шляхам» Канчэўскі паспеў надрукаваць дзесяць публіцыстычных твораў і чатыры вершы. Яшчэ адзін верш быў выдадзены пасмяротна, засталіся тры рукапісы, улучна з чарнавіком самога «Адвечнага шляху». Уся «проза» так ці інакш закранае тэму кааперацыі. Уласна інструктарам кааператыўнага руху і працаваў Канчэўскі на Віленшчыне. Зыходзячы з сённяшняга падзелу веды, можна сказаць, што ўся ягоная публіцыстыка адносіцца да эканамічнага абшару.
Але ў сваіх эканамічных артыкулаў Канчэўскі не менш паэтычны, чым у вершах. Нічога не кажа пра прыбытак, пра зараблянне грошай. Нават наадварот: як здраду першаснай ідэі кааперацыі, разглядае пераход віленскіх кааператываў на чыста эканамічныя рэйкі.
Канчэўскі пісаў у тыя часы, калі эканоміка яшчэ не канчаткова застыгла ў форме economics, не ператварылася ў халодны, арыфметычны разлік чалавечай сквапнасці і таму мог дазволіць сябе паэтычнасць і, нават, пэўную летуценнасць. Пісаў не пра эканоміку сквапнасці, але пра эканоміку любві.
У «доўгатэрміновай перспектыве» – падказвае нам Канчэўскі-кааператар – выйграе любоў. Любоў да сваёй справы: шалёнае ўтрапенне з якім робіш любую працу; любоў да людзей, якая ў форме сацыяльнага капіталу, шматлікіх гарызантальных повязяў даверу, непазбежна адабʼецца ў фінансавых дывідэндах; любоў да свайго краю…
Тады, гэта называлася «кааперацыя», сёння – краўдфандынг, валанцёрства, дабрачынныя фонды. Але існасць застаецца той жа: эканоміка чалавечай салідарнасці і спагады заўжды болей трывалая і прыбытковая, за любыя кабінетныя мадэлі.
Геаграфія часу.
І тады – у часы Канчэўскага-Абдзіраловіча – зрабіць слушны выбар, канкрэтны ўчынак беларусам замінала «геапалітычнае» мроіва. І тады ў кожным падазравалі «агентаў» Масквы ці «лялькаводаў» з Захаду.
Мы ўсяго толькі прагнем «нармальнасці» – дабрабыту, заробку, ад якога «не сорамна», функцыянальнай эканомікі, вяршэнства права, чэсных выбараў, незалежнага ўніверсітэту… Праблема толькі ў тым, што гэтую нармальнасць бачым выключна ў геаграфічных тэрмінах: «нармальна» у Еўропе, ці ў Расеі. Але сучасны свет, як і той – сто год таму, страсаецца ў нявызначанасці, ад падземных штуршкоў, якія гоняць «геапалітычныя літасферныя пліты» далей ад іх звыклых месцаў, ад уласных ідэалаў. Тагачасны Канчэўскі пісаў: Захад і Усход гэта не канкрэтнае іх цяпер і, нават, не іх гісторыя. Гэта тыя ідэалы і прагненні, якія яны пранеслі праз уласную гісторыю, але не здолелі ўцялесніць, ажыццявіць. Не на захад ці ўсход трэба азірацца, але ўглядацца ў іх будучыню. Беларусі наканаванае месца не «апошняга фарпосту» заходняй цывілізацыі, і не зацішнага і крыху гнілога падбрушша Еўразіі, і нават не мосту між той і другой, але ж – месца, дзе праўдзяцца «еўрапейскія каштоўнасці» і будучыня Расеі.