Генрых Кіршбаўм. Рэвалюцыя цярпення. Урыўкі з кнігі “Беларускі брыкалаж”
by абдзіраловіч · 14.01.2021
Кожны дзень вырабляюцца новыя веды пра Беларусь, але яны занепадаюць хутчэй за сваю вытворчасць. Пішуцца пасты, эсэ, артыкулы – надзённыя, актуальныя – але ўжо пры падрыхтоўцы да друку альбо калі трэба націснуць на кнопку адпраўкі – даводзіцца спыняць сябе, адкідаць састарэлую палову тэксту, перарабляць сказы ў мінулы час, ператвараць першапачатковыя выказванні ў расповеды і пераказы.
Тое, што здарылася ў Беларусі ў 2020 годзе, яшчэ не скончылася. Усё трывае далей. Таму думаць пра гэта лепш у няскончаным трыванні. Акрамя таго, «замінае» ўцягнутасць. Ангажавана казаць можна толькі пра яшчэ нездзейсненае. Завершанасць або імкненне да яе, сама мэтанакіраванасць (будзе гэта рэтраактыўнасць настальгіі ці тэлеалогія навуковага пазнання) – імперская раскоша. Каб хоць неяк зразумець тое, што адбываецца ў Беларусі, хочацца адмовіцца ад каланіяльных эпістэмалагічных замашак, метадалагічных інэрцый, кампазіцыйных нарыхтовак. У любой аформленасці і дадуманасці будзе фальш ці непападанне, велягурыстая альбо сумленная коснаязыкасць. Пакуль цяжка разважаць пра тое, што адбываецца, ў каардынатных сістэмах і катэгорыях паліталогіі, сацыялогіі, культуралогіі. Яшчэ не час для рытарычных закругленняў, сцвярджальных сказаў і намінацый, не час для суцэльных гісторый і пазітыўных фактаграфій.
Так што лепш няхай будзе як ёсць: па ходу, па плыні, у руху. Хай застаецца хроніка хмурных крохкіх здагадак, напаў-дзённікавая, напаў-адрывачная, але без знарочыстай фрагментарнасці – летапіс-хуткапіс аналітычных і інтуітыўных хібаў і трапленняў, здзейсненых і няздзейсненых надзей і асцярог. Галоўнае – не архіваваць тое, што адбываецца ў Беларусі, не аб’ектываць нараджэнне суб’ектнасці, якое мы суперажываем і ў якім пасільна ўдзельнічаем: так будзе слушней.
* * *
Няма завершанасці, і імя таму, што адбылося і адбываецца, таксама няма. «Пратэст» (то ў адзіночным ліку, то ў множным – «пратэсты»), рэвалюцыя (імператыўная саманазва), вызваленчы рух (радзей і дакладней, асабліва датычна руху): гэта ўсё – заменнікі, латкі, мабілізуючыя правізорыі, якія ці адразу, ці трохі счакаўшы сыходзяць у медыйна-ментальны спам. Імя пакуль няма. Потым, заднім днём яно з’явіцца, ідыаматызуецца, прыжывецца ў падручніках. Але пакуль каштоўная менавіта гэтая безыменнасць. Імя задало б татальнасць. Паратэкставае таўро назвы ператварыла б усё ў тэкст, у гісторыю, у наратыў, зрабіла б заведама зразумелым і лёгка чытаным. А тое, што адбываецца ў Беларусі – чытво ня лёгкае. І цяжка перакладаемае, таму што само маўленне аб падзеях вынаходзіцца па плыні справы, у працэсе пісьма.
* * *
З гэтай безназоўнай незавершанасцю звязаная таксама і непрагназуемасць. Ніхто не мог прадбачыць, што здарыцца. Ні сацыёлагі, ні палітыкі, ні паэты. Ні Захад, ні Крэмль, ні самі беларусы. У таго, што здарылася, ёсць пачатак, але няма паходжання, няма перадгісторыі, няма памяці. Гэта беспамяцтва існавала і да 2020 году. Вядома, была і ёсць частка людзей, якая за час свайго ідэнтыфікацыйнага жыцця абзавялася рэпертуарам мнематопаў: ВКЛ, Паўстанне Каліноўскага, БНР, Курапаты, але яны ў ідэальнай меншасці. Гістарызмаў з іх настальгічным назапашваннем у актуальным дыскурсе няма; калі наогул можна гаварыць аб дыскурсе ў гэткіх умовах. Напрыканцы лістапада было стагоддзе Слуцкага паўстання, але пра гэта ўспомнілі адзінкі, тыя, хто выходзілі ў 2006 і 2010 годзе. Тады выходзіла меншасць, дзякуючы якой сёння выходзіць большасць. Большасць – колькасная, сутнасна (як прыгнечаныя і адціснутыя) яна застаецца мінарытэтам. Тут важна іншае: новыя, свежыя ўдзельнікі толкам так і не ведаюць аб сваіх папярэдніках. Гэта – беспамяцтва неафітаў. А тыя, хто ўсё добра памятае, падпарадкоўваюцца большасці. Адчуваюць і спадзяюцца, што ў гэтай слабой памяці ёсць свая сіла.
* * *
Беларусы настолькі бяспамятныя, што нават кажуць, быццам яны «мірныя людзі», цытуючы лухту з нова-савецкага гімна, і тут жа яе перакадзіруюць для сваіх рэвалюцыйных мэт, прычым несвядома і без амбіцый дэканструкцыі. У кагосьці амнэзія натуральная, у кагосьці – тактычная. Але гэта – умоўнасць, усе негалосна дамовіліся, што цяпер не трэба рэактыўных генеалагічных канструкцый. Такое адчуванне, што ўсе інтуітыўна здагадваюцца, што такія канструкцыі прыводзяць у лепшым выпадку да стварэння ідэнтычнасці. А ў Беларусі зараз гаворка ідзе не аб ідэнтычнасці, а аб больш важным: аб суб’ектывацыі. Менавіта так, не аб суб’ектнасьці, а аб суб’ектывацыі. Ўсе ходзяць і ходзяць, важны працэс, а не праект. Без рэзкіх і семантычна выразных мэтавых рухаў, без ўстаноўкі на маланкавую выніковасць, нутром разумеючы, што ідэнтычнасць з яе выніковасцю і ёсць шмат у чым сурагат, сымулякр суб’ектнасьці. Ідэнтычнасць працуе на аналогіях і постацях эквівалентнасці, на праектыўных метафарах і сымбалях. А ў Беларусі ніхто яшчэ не хоча ператварыцца ў тропы, не жадае ілюстраваць самім сабой рыторыку масавых і індывідуальных паводзінаў.
* * *
Беларускі а-фігуратыўны рух – гэта не рух пошуку. І ўжо дакладна не пошуку статычнага сябе. Блукаючы па сваім мікрараёне, яны нічога не шукаюць, акрамя самога гэтага руху, які – не пра славутую мабільнасць, не пра зацяганы намадызм, гэта – рух цярпення. Іншая назва пакуль не ляжыць на языку. Назва можа затармазіць.
* * *
У Беларусі няма вытока, няма ценю забытых продкаў, але няма і трагікі бязроднасці і сіроцтва. Некаторы час, яшчэ да 2020 года, здавалася, што гэта самасцвярджэнне – негатыўны перфарматыў. Галоўная кніга 2000-х – «Код адсутнасці». У ёй Валянцін Акудовіч намякаў на эфемернасць рэтраспектыўных аўтапраекцый з іх зручнай ахвярнасьцю і настойваў на ўзнікненні асабістага або калектыўнага «я» і «мы» з пастулявання «мяне няма», «Беларусі няма». Гэтая кніга шмат у чым састарэла. Думаю, Акудовіч гэтаму ўсцешаны, таму што ў думцы аб адсутнасці, аб самасцвярджальным прабеле ўсё роўна была трагічная безвыходнасьць. Цяпер яна дазваляецца.
* * *
Калектыўнай ідэнтычнасьці няма. Да 2020 года была больш-менш млявая ідэнтыфікацыя з краінай, але ідэнтыфікацыя – толькі звычка, навык, гэта яшчэ наогул не суб’ектывацыя. Парадаксальным чынам менавіта 26 гадоў кіравання Лукашэнкі ўмацоўвалі падспудна гэта атаясненне з абстрактнай геаграфічнай канкрэтыкай дзяржавы. Людзі прывыклі жыць у Беларусі. Колькасць часу, мусіць, перайшла ў якасць, звычка стала сутнасцю. Беларусь накапілася, агламеравалася, лакалізавалася, пачала праступаць на ментальнай карце.
* * *
У пратэстаў няма паходжання, у Беларусі наогул няма – не генетычна, а эвалюцыйна значнага і дзейнага – паходжання. У адрозненні ад той жа Украіны тут за гады незалежнасці не паддаліся спакусе вытока, генетычныя канструкты 1991–1994 гадоў не вытрымалі першых жа выпрабаванняў, не прыжыліся. Няма ідэнтычнасці, няма ідэалогіі, няма архіву. Нават цяпер, калі збіраюць архіў злачынстваў, гэта архіў злачынстваў супраць беларусаў, яны там – аб’екты. Ніхто не канстытуе сваю суб’ектнасць праз археалагічныя веды. Адмова ад генеалогіі, ад мінулага – гэта адмова ад лёгкіх ведаў, ад падзеі формы. І гэта дзіўна, таму што форма магла б даць ўяўнае ці рэальнае адчуванне суб’ектнасьці. Але людзі пазбягаюць гэтай супер-прапановы формы. Пратэст пастаянна агаляе сваю прынцыповую бясформеннасць, цяжка улоўную рэльефнасць, якая нагадвае саму Беларусь. Ёсць масавыя, групавыя, індывідуальныя рухі па больш-менш роўнай паверхні, без прэтэнзій на глыбіню, вышыню, выпукласць, пластыку, без саманакіраванай эстэтыкі і метафізікі.
* * *
Вядома, напачатку былі прыгожыя і кранальныя, пякучыя карцінкі. І нейкі час Беларусь і ўвесь свет з болем любаваліся гэтымі вобразамі, выпрацоўвалі эмпатыю. Жаночыя маршы спараджалі іконы самі сабой, іконы разыходзіліся і тыражаваліся, але цяпер яны зніклі. Знешняй прычынай стала нарастальная небяспека. Але гэта толькі прычына. І яна падзяляе долю ўсіх прычын – быць падставай, матывіроўкай. Больш няма прыгожых пратэстаў. Былі карцінкі, спыненні кадра, амаль кітч, спакусы сэлфірэвалюцыі. Але сентыментальнасць, без якой рэвалюцыі не абыходзяцца, – гэта ізноў жа эстэтыка ідэнтычнасці, а не суб’ектнасьці. Гэтую фазу хутка прайшлі; «прайшлі» – не метафара. Замілоўвацца было яшчэ занадта рана, занадта аптымістычна, занадта неабачліва. Малюнкі змярцвяюць, заганяюць у мінулае, дзе нават самы моцны суб’ект – аб’ект часу, гісторыі, тленнасці.
* * *
Усе адчуваюць, што медыя толькі робяць выгляд, што хочуць перадаць і захаваць суб’ектнасьць, зрабіць яе артэфактам фатаграфічнай памяці, але ў выніку ператвараюць суб’ект ў аб’ект. Аб’ектыў аб’ектывуе.
Людзі з восені ходзяць і скандуюць: «Смотри в окно, а не в телевизор». Пад тэлевізарам маецца на ўвазе афіцыйная прапаганда. Але на самой справе, наогул – усё медыйнае мадэляванне вобразаў і падзей. Увесь свет глядзіць у мнеманічныя маніторы, Беларусь – у вокны. З таго і іншага боку вокнаў. Трэба выходзіць і далучацца. Еднасць ёсць і так, каштоўны – сам рух далучэння. Трэба рухацца, цярпліва не спыняцца.
* * *
Адступленне пра еднасць, усім зразумелую і адчувальную. Але, відаць, не ўсімі. Толькі рэцыдывам рыторыкі, наладжанай і накіраванай на расійскую прастору, можна растлумачыць тое, што Сьвятлана Алексіевіч у жніўні казала пра небяспеку грамадзянскай вайны. Гэта – не беларускі погляд і сцэнар, а старамодная руская пужалка, байка познесавецкай інтэлігенцыі. Падчас грамадзянскай вайны (амерыканскай, рускай, гішпанскай) грамадства расшчапляецца на ??часткі, аднак ў Беларусі – няма ніякага расколу. За Лукашэнку – толькі апарат і варта. І ўскосна – пакупныя або аморфныя ябацькі. Ніякіх «слаёў грамадства» няма. Ціхары – ня сацыяльная сіла.
* * *
Іншы дэфіцыт медыйных карцінак, ад якіх пратэст павольна, але слушна адмовіўся, гэта тое, што іх параўноўваюць з іншымі карцінкамі, ўпісваюць у знаёмы шэраг, то бок паралелізуюць і кантэкстуалізуюць, і такім чынам прымяншаюць патас непаўторнасці. Вядома, усе пратэсты цытуюць адзін аднаго, з сэнсафарміруючымі спасылкамі альбо без. І гэты пратэст – не выключэнне. Але яго лозунг (я бяру найбліжэйшы прыклад) – зусім іншы, чым «Слава Украіне, героям – слава!». Мы ведаем і шануем тое, што стаіць за гэтым украінскім хіязмам, нягледзячы на ўсе яго савецкія падтэксты. І мы ніколі не забудзем загінулых ў 2014 годзе і пасля, па сённяшні дзень, на Данбасе; тым больш што там наўпрост і ўскосна, паміраючы за Украіну, паміраюць і за свабоду Беларусі таксама. Але кліч – «Жыве Беларусь» – іншы: пра ўмоўную і пабуджальную сучаснасць і будучыню. Гэта – гасла не пра славу, не пра салют памяці, не пра плач, не пра мемарыял. Майдан не хаваў свайго імкнення быць чалавечай выставай, жывой інсталяцыяй годнасці, ён глядзеў на сябе з пункту гледжання будучага музэя або помніка. Але Беларусь – хоць бы і з забабонаў – пакуль не хоча забягаць наперад, няхай і з мэтай азірнуцца.
* * *
Спачатку ў маршаў было шмат адрасатаў: паплечнікі, улады, свет. Перайшлі да шпацыраў па дварах, і засталіся толькі ўдзельнікі-паплечнікі, іншыя адрасаты адпалі. Дваровыя рухі не пакідаюць ні знакаў, ні паведамленняў вонкі, яны – толькі для эндагеннага, прысвечанага рэцыпіента. Гэтая маналагізацыя, звужэнне адрасата можа быць і зніжае экспрэсіўнасць пратэсту, але затое ўзмацняе яго інтэнсіўнасць, якая раней растрачвалася на прымерку погляду з боку ці на тое, як пасланне прачытаюць улады. Тым больш, што гэтыя ўлады могуць счытваць толькі лабавыя дэнататы, а сённяшнія рухі – пра іншы тып значэння. Сігналы пратэсту сігналяць і пра іншы тып сігніфікацыі. Людзі ходзяць па дварах як носьбіты і збіральнікі блукаючага сэнсу, як канспіратыўныя канататары.
* * *
Улады чытаць ня ўмеюць. Пасля чарговага выбуху гвалту ў лістападзе, калі забілі Рамана Бандарэнку, абодва бакі адышлі ад прамога сутыкнення, і бяруць адзін аднаго зморам. Лукашэнка хоча ўсіх давесці да стакгольмскага сіндрому. Улада і пратэсты і раней гаварылі на розных мовах, а цяпер наогул не размаўляюць адно з адным. З забойцамі не размаўляюць, іх ловяць, дапытваюць, судзяць, садзяць. Не кажучы пра тое, што паход Лукашэнкі ў турму ўсім паказаў, якую сітуацыю ён прапануе як дыялагічную.
* * *
Ад пратэсту не застаецца наўпрост адчувальных формаў, не застаецца знакавых асоб, ніякіх ікон. Доўгі час камусьці здавалася, што ў пратэста жаночы твар, нават у множным ліку: жаночыя твары. Радасныя, рашучыя, адчайныя. Якія маўчаць або спяваюць меланхалічную «Купалінку». Гэта сышло. Няма герояў і гераінь, няма легенд. Таму што героі і легенды – гэта пра архіў, пра музэй, але архіў – тая ж турма, а ўсім хапае лукашэнкаўскіх турмаў. Няма сховішча, няма постацяў захавальнікаў. Хай АМАП ахоўвае – таго, хто засеў, забарыкадаваўся. У Беларусі не трэба будаваць барыкады. Іх даўно выбудавалі ахоўнікі – захавальнікі улады.
* * *
Захоўваць, ахоўваць, берагчы – гэта сядзець на месцы. А людзям не сядзіцца. Ім трэба рухацца. Ужо ў жніўні ўсе ў адзін голас прызнаваліся, што ніколі ў жыцці столькі не хадзілі па Менску. Кінэтычнымі крэда станавіліся простыя апавядальныя сказы: спачатку лакутыўнае «Я гуляю», потым – перфарматыўнае «Я выхожу». Перабраўшы цэнтраімклівыя і цэнтрабежныя маршы, квэставыя паходы з мэтай дабрацца ці да кропкі апоры, да месца збору, ці да канчатковай кропкі маршу, пратэсты перайшлі ў гулянні па раёнах, без каардынацыі, без компаса, без бачных звонку – нават з Вільнюса і Варшавы – вектараў і телеалагічных траекторый. Гэта не харэаграфія хаосу, а хутчэй нейкая індуктыўная локаматорыка, сама-збіранне, архаічна-анархісцкая зборка. І гэтая зборка працягваецца ў вольны ад шпацыру час. Людзі стала штосьці збіраюць і выдумляюць, шыюць і цыруюць, майструюць прадметнае ці дыгітальнае. Без доўгатэрміновай мэты. Гэта ўжо не альбомныя карцінкі жнівеньскіх маршаў, а адрасныя паштоўкі, прывітанні, паролі. Майструюць з таго, што пад рукамі. Без рэсурсаў. Беларускі брыкалаж.
* * *
Шпацыруюць па дварах, каштоўны менавіты гэты самацёк і дзікарос суб’ектывацыі – сам працэс – без эфектных медыйных вобразаў: сябе і ворага. Беларусы хай і не хутка, але прайшлі фазу показу ворага ва ўсёй яго жорсткасці. За гэтым показам было тэрапеўтычнае пазбаўленне ад неадчувальнасці поспехаў. Рэзіньяцыі больш няма, замест рэсэнтыментаў – рызомы самаарганізацыі. Дрэва лёгка лакалізаваць і спілаваць, выкарчаваць, спаліць. Значна складаней прадказаць, дзе народзіцца і разрасцецца грыбніца.
* * *
Палітычнай дзейнасці няма, яе замяняе брыкалажная самадзейнасць, праграмна непрафесійны і вонкава халасты актывізм. Адзін з яго эфектаў – гарызантальная дэананімізацыя. Санкцыянаваная грамадзянская супольнасць пакуль немагчыма, дый годзе, тады хай на месцы грамадства будзе нешта яшчэ больш важнае, то бок менш палітычнае – паразуменне. Здаецца, слова ў сучасным свеце канчаткова дыскрэдытавалася, а беларусы ўсё роўна шукаюць і знаходзяць адзін для аднаго словы, забыўшыся пра іх зацёртасць і сапсаванасць, і ў іх не хапае часу баяцца, што са словамі прыйдуць дыскурсіўныя вірусы, траянскія коні, паразіты палітычнага мыслення. Так на жнівеньскіх і верасьнёўскіх маршах яны грэбавалі небяспекай падхапіць кавід і не надзявалі масак. Бачыць адзін аднаго ў твар, глядзець адзін аднаму ў вочы было важней, этыка пратэсту спачатку была эйдэтычная.
* * *
Пасля першай, «візуальнай фазы» неабходнасць зроку адпала. Усе ўбачылі адзін аднаго ў руху, усё пабачыліся. А у каго былі ілюзіі наконт лукашэнкаўскай варты, хто яшчэ спрабаваў дарыць кветкі касманаўтам, убачыў на свае вочы, што за скафандрамі няма чалавечых абліччаў, нават у рудыментарнай форме. Карыць сумленнем няма каго; беларускі пратэст параўнальна хутка адмовіўся ад маралізму на карысць этыкі.
Пасля таго як наглядзеліся, вочы спатрэбіліся для іншага. Каб плакаць. Плачуць ўжо месяцамі, без катарсісу. Ці ёсць наогул хоць адзін беларус, які са жніўня ні разу не плакаў? Плакаў, але так і не выплакаўся, таму што кашмар працягваецца і працягваецца, як страшны сон, у якім страх і неймавернае бяссілле, гора і горыч. І ў адрозненне ад сну, прачнуцца нельга. І тады ідзеш на вуліцу, у двор, і ходзіш, таму што, калі ідзеш ці танчыш – немагчыма плакаць.
* * *
Людзі ходзяць і размаўляюць, і кожныя пяць хвілін, а калі можна, то й часцей скандуюць замовы. Яшчэ не стала мярцвячым архіўным успамінам тое, што адбывалася ў жніўні і верасні. Калі апраметная цемра АМАПу патрэсвала даспехамі, папахвала здыхляцінай, гатовая выпырснуць з сябе карычневую сліну, чарвівы агонь і газ, тады па зазорах страху прамаўляліся мантры радасці і трывогі, слоганы і дэвізы, самыя простыя паролі, без усялякай абароны. Першы склад закліканы быць націскным, адразу на выдых – «верым», адразу за крэда – «можам», і запаветнае – «пераможам» з рэчытатыўнай рыфмай. Гэта ўсяго тры словы, усяго тры чарапахі, на якіх стаіць і дрыжыць беларуская плоскасць. У гэтых заклікаючых запэўненнях – замова зла, невядомы знак перамогі, свядомы знак бяды.
* * *
Штотыдзень, а часам штодня хадзілі па дварах, скандавалі і сьпявалі. Восень станавілася ўсё больш позняй, потым выпаў снег, на яго лёг галалёд. І працягвалі хадзіць не менш, гэтак жа рашуча, але без залішняй палкасці, без раз’юшанасці, міні-калонамі, гужам і ўрассыпную. На 20-е снежня вырашылі, што трэба было б, наогул-та, зноў схадзіць у цэнтр, нагадаць пра сябе, кансалідавацца ў канфрантацыі. Гэта вырашылі не тыя, хто ходзіць, а тыя, хто воляю лёсаў апынуўся за мяжой, у Вільні і ў Варшаве, тыя, хто робіць справу, мадэлюе і ўжо стварае будучыя структуры. Іх план, можа, быў і правільны, а можа і не. «З боку лепш відаць» – не болей, чым прымаўка, фразеалагічны фэйк. Не пайшлі. Напэўна, пайшлі б, калі б была нагода, як калісьці інаўгурацыя ці ўльтыматум, але яе не было, і, параіўшыся у дварах, вырашылі яшчэ раз пахадзіць па раёне. Не нагуляліся, і навошта. Ісці ў цэнтр – гэта вярнуцца да прагматыкі, да практыкі, да стратэгіі, зноў мерацца сіламі з тымі, для каго змест і выражэнне ўлады – голы гвалт. З імі і так усё зразумела. Хочацца нахадзіць суб’ектнасць не толькі ў прамым супрацьстаянні з праціўнікам, але і без. Супрацьстаяць – гэта ўсё роўна стаяць, а трэба рухацца, перасоўвацца.
* * *
Выракаюцца ведаў з іх прынцыпам архіўнага назапашвання альбо археалагічнага самакапання, няма картатэкі і рэгістратуры папярэдняга. Веды – пра глыбіню ці вышыню, гэта іхнія – ведаў – прасторавыя метафары, а тут блукаюць па паверхні, не адыходзячы далёка ад дома. Дакладней, гэты дом і ствараецца тым, што ты не адыходзіш далёка ад яго, не сыходзіш ва ўладу, якая не ведае дома, а ведае толькі палацы з залатымі батонамі замест хлеба. Дом нельга знайсці, дом нельга адбудаваць, дом (краіну, сваю тэрыторыю) можна толькі нахадзіць, наблукаць, нагуляць.
* * *
Гэта толькі падаецца, што багіня мінская – Ніна Багінская, шпацыруючая заўсёды і ўсюды, выбіваецца з парадыгмы. Яна таксама нагульвае дом, проста яе дом, як у слімака, пераносны – бчб; параўнанне з слімаком – не зусім дакладнае, у Багінскай – рашучая, бясстрашная, хуткасная пастава і хада, якая нагадвае незабыўную Наталлю Гарбанеўскую (што выйшла ў 1968-м на Чырвоную Плошчу).
Багінскай адзінай «дазволілі» хадзіць са сцягам. Свой дом-сцяг яна за 35 гадоў ужо нагуляла. І працягвае нагульваць. Тут галоўнае не спыняцца. А бчб, які патрабуе асобнай размовы, – увогуле не сымболіка; за сымболікай стаіць ідэалогія. Бчб – па той бок эмблематыкі і геральдыкі. З семіятычнага знака бчб за час маршаў і дваровых шэсцяў ператварыўся ў лакатар і навігатар руху.
* * *
«Я гуляю», «Я выхожу» – гэта былі аўтарскія выказванні, і аб іх аўтарстве настойліва памятаюць, але і не менш настойліва яго ня пэдалююць. Нібыта Багінская і Бандарэнка першапачаткова казалі гэтыя свае, асвоеныя дзеясловы не толькі за сябе, але і за іншых. У беларускіх рухаў няма аўтарства. Таму што аўтарства гэта пра самазванства ўлады, пра жэст сілы. Асаблівасць беларускай суб’ектывацыі не толькі ў адмове ад архіўных ведаў і самапазнання, але і ў адмове ад улады. Акудовіч казаў пра прысутнасць праз адсутнасць, сённяшні пратэст – пра адмову. Не з аскезы і не з гідлівасці; у аскезы ёсць гардыня, у гідлівасці – жэст (улады). Ні таго, ні іншага ў беларусаў няма. Тут хутчэй, нейкае ветлівае, разумнае, цнатлівае, без іроніі: «дзякуй, не трэба».
* * *
Намаршыраваўшы ў жніўні-кастрычніку сымбалічны капітал, замест таго, каб пусціць яго ў абыходак, усе блукаюць і скідаюць яго цяпер як лішнюю вагу. Беларускі рух, які ніколі не «прадпрыемства», – глыбока антыкапіталістычны, ці нават а-капіталістычны. І паказальна, што прамая падтрымка і ўзаемадапамога дзейсныя, а капіталістычная сістэма кампенсацый працуе са збоямі. Сістэмна пераведзеныя пацярпелым грошы Лукашэнка проста скраў для аплаты сваіх жывадзёраў. Спроба перакупіць (рабочых) – перабіць лукашэнкаўскую цану – не прыводзіць да жаданых вынікаў. Таму што гаворка не пра кошты. Не атрымліваецца дэградаваць людзей да сацыяльных істотаў з эканамічнымі запытамі і інтарэсамі.
* * *
Па вялікім рахунку, у Беларусі не працуе нават рэвалюцыйная салідарнасць. На яе – палітычнае – месца прыйшла – этычная – узаемная ўдзячнасць. А ўдзячнасць ужо рэч не стратэгічная. Памятаецца, спачатку, вялікім, шматлікім маршам цешыліся як дзеці, малым – як дарослыя. Выйдуць сотні тысяч – і ўсе натхнёныя і ўдзячныя, а выйдзе у правінцыі, дзе выходзіць страшней, пяць чалавек і паводзяць ў якім-небудзь Глыбокім ціхі карагод бяссілля, з якога і нараджаецца самая пранізлівая сіла – і ўдзячнасці не менш. Ніхто нікому нічога не вінны, няма прапорцый і разлікаў, няма даўгоў, няма пакутлівага пачуцця абавязку. Гэтая ўдзячнасць творыць цуды: звычайна ад бяссілля ў чалавеку прачынаецца паранены звер, у цяперашняй Беларусі – прачнуўся чалавек.
* * *
Ёсць удзячнасць, ёсць адказнасць – беларусы адказныя і надзейныя, на іх можна спадзявацца. У гэтай адказнасці – нават не клятва вернасці, а нешта інтуітыўна і прынцыпова не жорсткае, ледзь не рэлігійнае. Беларусы жывуць досьведам адказнасці як жывуць верай. Праблема (ці не праблема) у тым, што пры ўсёй гэтай неймавернай адказнасці ніхто не хоча браць ўладу, не хоча камандаваць і распараджацца. Святлана Ціханоўская адказна абяцае правесці свабодныя выбары, і зараз, пасля выгнання робіць неверагоднае, каб вакол прызналі і наблізілі будучую Беларусь, але сваёй улады ў гэтай будучай Беларусі яна не прагне, яна хоча яе перадаць.
На дэманстрацыях дыяспары, якая – Беларусь у мініяцюры, відаць, як арганізатарам – таленавітым і адказным – не хочацца раздаваць указанні. І ўсё атрымліваецца без указанняў. Беларусы любяць правілы, але не любяць, не жадаюць кіраваць. Ніхто не хоча нікому загадваць, як весці сваю асабістую партызанскую барацьбу. Няма каманд, няма камандвання. З’яўляюцца асобныя постаці як фігуры ў палітычным полі – вопытныя, кампетэнтныя, перспектыўныя, як напрыклад, Павел Латушка – з прыцэламі на будучыя пасады і адміністрацыйныя функцыі. Але калі людзі адчуваюць гэтую амбіцыю ўлады, хай і на карысць будучай Беларусі, ім пачынаюць давяраць менш. Дакладна, не болей, чым іншым. Як з тымі, хто за кратамі. Ёсць вязні вядомыя і невядомыя. І невядомых, незнакамітых, неславутых шануюць ня менш.
* * *
Паказальна, як пратэст адмовіўся ад тактыкі дэзінфармацыі на карысць карпатлівага, хлопотного збору дасье, або – спачатку – адхіліў афектыўна-эфектыўную падпольшчыну і заняўся смелай, але бяскрыўднай партызанкай. Прайшло нямала часу, перш чым сталі прымаць і па вартасці шанаваць маленькія і вялікія дыверсійныя акцыі анархістаў ці іншых адчайных галоў. А потым як цешыліся, калі на гарызонце з’явіўся агонь як сымбаль і стыхія, без якой рэвалюцыі звычайна не абыходзяцца.
Падаецца, першапачатковая насцярожанасць адносна «анархісцкіх» праяваў пратэсту пачувалася не толькі таму, што баяліся сапсаваць карцінку (у жніўні і верасьні) або справакаваць гвалт. Гэта – прамыя прычыны, то бок адгаворкі. Хутчэй таму, што лічылі (абгрунтавана ці не – іншае пытанне), што анархісцкая кропкавасць выбівалася б з – тады ключавой – паэтыкі паўтарэння. Бо быў час, калі маршы ператварыліся ў перманентныя, цярплівыя рэпетыцыі рэвалюцыі. Прэм’ера не менш цярпліва адкладалася і адкладаецца на потым, для падыходнага моманту, калі «усё само сабой абрынецца», або ўмяшаецца нейкая вонкавая – боская ці палітычная – сіла.
* * *
Марыя Калеснікава парвала пасведчанне асобы, ідэнтыфікацыйны дакумент. Інсцэнавала іранічны парадокс – парвала пашпарт краіны, каб застацца ў краіне. Гэта быў учынак. У Расеі, ва Украіне любяць ўчынкі, аўтарскія выказванні, афектныя, эфектныя, лідэрскія жэсты. У Беларусі ўчынак Калеснікавай ацанілі, але пераймальнікаў самога модусу ўчынку амаль не знайшлося. Ўчынкі ствараюць імпульсіўныя вехі драматычнага наратыву, гераічную кропкавую сюжэтнасць. Яна беларускаму пратэсту пакуль чужая або чужая наогул. Як чужая пратэсту і рамантыка рэвалюцыйнага выбуху з яго эйфарычным катастрафізмам.
За адмовай ад імклівых эпічных і тэатральных жэстаў – не стратэгічная разважлівасць, не тактычны разлік, нават не асцярожнасць, не валявая вытрымка. Хутчэй інстынктыўны недавер да фарсіравання падзей, да кульмінацыйных сполахаў, да гіпербал улада-выяўлення. Замест гэтага экспрэсіянізма з яго прэзумпцыяй вонкавага гледача і чытача, які і ствараецца ў момант экстэнсіўнага жэсту, беларусы аддаюць перавагу інтэнсіўна-імпрэсіянісцкай рэтардацыі і ітэрацыі, вонкава манатоннаму разрастанню і станаўленню, часам на мяжы з таўталогіяй, як у паўтаральных шэсцях па дварах і лясах, у якіх няма прамога, лёгка дасягальнага сэнсу. Ёсць сэнс мігатлівы. І ёсць перажыванне не-запазычанага, не-чужога сінтаксісу. І нікога не карабаціць, што гэты сінтаксіс не ўваходзіць у звыклыя параметры палітычнай стылістыкі. Беларусь-2020/21 – не пра стыльнасць калектыўнай самасці.
* * *
Што не спадабалася беларусам у падзейнасці? Яе схематычнасць (а падзея – схема) або яе, падзеі, абуральная семантычнасць, крыклівасць яе значэння і знакавасці? Ці тое, што падзея сінтагматычна ізалюецца ад не-падзей (і робіць іх тым самым не-падзеямі). Хто скажа, што ўчынак Калеснікавай больш падзейны чым чарговы сцяг на балконе на Баравой або дзясятая-дваццатая, рэфрэнная варыяцыя танцаў на снезе пад «Jerusalema»?
У падзеі заўсёды ёсць прэтэнзія на вынік, прамая ці рытуальная здабыча, падзея – пра здабычу, а беларусы, па меншай меры, сённяшнія, ўзору 2020-2021 гадоў – не паляўнічыя са стрэльбай, а збіральнікі вегетарыянскага сэнсу, ім не трэба ні крыві, ні мяса. У іх няма паляўнічага нюху, няма нюху на беднага звера. Важней – збіральніцтва. Ім не патрэбная туша падзеі, якая вывешваецца на агляд, – вось паглядзіце – якая туша. Не, беларусы збіраюць нешта невылічнае, малое, кісла-салодкае, нейкія паў-ядомыя ягады суб’ектывацыі.
* * *
Усе ведаюць гэтыя карцінкі і клішэ: беларусы не пераходзяць на чырвонае святло, здымаюць абутак, становячыся на лаўкі, збіраюць смецце пасля жнівеньскіх маршаў. Гэта не таму, што яны такія правільныя і паслухмяныя. Не толькі таму. А таму што парушаць правілы – самы даступны спосаб стварыць шчасную ілюзію суб’ектнасьці. Беларусы адмаўляюцца ад гэтай магчымасці, нават не выпрабаваўшы яе.
Дзіўна, як мінаюцца або не заўважаюцца і іншыя прынады і пасткі. Усе народы вакол Беларусі ловяцца і купляюцца на містэрыю стварэння нацыі, а для беларусаў у Беларусі няма і не было ніякай таямніцы, ніякага сакрамэнту. Ім не трэба ні містэрыі, ні гістэрыі. І ўжо дакладна не трэба ніякай «ваеннай таямніцы». Я б сказаў, што Беларусь унікальная, але беларусаў і гэты, бальзамны дыскурс унікальнасці нічым не прыцягне. Выказванне Калеснікавай аб неверагоднасці беларусаў, якое акрыляла на світанку пратэстаў, стала ідыёмай і падзяляе долю ўсіх прымавак: пабыць на вуснах, а потым пачаць механізавацца альбо забывацца. Спачатку сатрэцца аўтарства, потым кантэкст гаварэння, хоць бы таму што той кантэкст – жнівеньскі, эйфарычны, натхняльны – незваротна змяніўся.
* * *
З 26 гадоў, якія кіруе Лукашэнка, беларусы выбралі для пратэсту самы, скажам так, дзіўны год. Год пандэміі: калі ўвесь свет зышоў у ізаляцыю, беларусы вырашылі выйсці з яе. І гэта ў іх атрымалася. Год медыйна-палітычных серыялаў: калі свет засяродзіўся на сваіх лакальна-глабальных праблемах і быў заняты клаунадамі Трампа і трагічным фарсам брэкзіту, беларусы змаглі заявіць пра сябе, падаць голас, прычым без крыку, не на павышаных танах. Год таму нешматлікія наогул ведалі, дзе ляжыць Беларусь. І што гэтая краіна называецца Беларуссю. Цяпер ведаюць. За мяжой, ды і ў самой Беларусі. Гэта – доўгатэрміновае дасягненне, ім можна ганарыцца. Гэтаму можна і ўсміхнуцца, няхай і сумна. Але неўсмешлівыя беларусы берагуць галоўную ўсмешку на імгненне перамогі.
* * *
Ўсміхнуцца можна і таму, што цярпенне і нецярпенне – сінонімы. Беларусы церпяць, таму што ім не церпіцца. Мы ўсе хочам, каб Лукашэнка згінуў, як мага хутчэй. Спадзяемся і робім усё магчымае і немагчымае, каб гэта адбылося. Ведаючы, чуючы, выцясняючы, што гэта толькі пачатак, што потым пачнецца зацяжная барацьба з сапраўдным супернікам, з Расеяй – грымучай аганальнай сумессю Левіяфана і перадонаўшчыны. Ды гэтая барацьба, на самой справе, ўжо ідзе з абодвух бакоў, толькі ў зберагалым метанімічным рэжыме. І змагаючыся з «усходнім суседам», паралельна давядзецца неяк спраўляцца і з дамарослымі тараканамі, левымі і, не ў апошнюю чаргу, правымі, кансерватыўнымі, з усялякімі захавальнікамі каштоўнасцяў: вечных, патрыятычных, сямейных і г.д. Адным словам, пачнецца нармальнае, працаёмкае палітычнае жыццё. З’явяцца новыя формы ведаў, новыя функцыі ўлады, прыйдуць часы балючых кампрамісаў і цвёрдых рашэнняў, бурных абмеркаванняў і дыпламатычных перамоў, суб’ект скамянее ў інстанцыю, грамадства – у інстытуцыю. Але сённяшні прамежак цярпліва-нецярплівага руху суб’ектывацыі ўжо будзе не адмяніць. Калі не мозг, то цела будзе памятаць яго як самыя патаемныя веды, якія не архіваваць і ня прыбраць да рук уладзе.
6 студзеня 2021 г.